Вы тут

У Берштах Шчучынскага раёна вельмі сардэчна ставяцца да бацькоўскіх сядзіб


Час ад часу мне даводзіцца наведвацца ў гэтую вёску па сямейных абставінах. Таму добра памятаю, як мянялася яе аблічча. Быў перыяд, калі тут віравала жыццё, працавала школа на 200 вучняў, была бальніца, даволі багаты калгас. Потым неяк усё заціхла, не стала калгаса, закрылі школу і бальніцу, народ падаўся ў гарады, на вуліцах і падворках стала пуста. Назіраць за гэтым было балюча. Але апошнім часам сітуацыя змянілася. Бершты нібы займелі другое жыццё. У чым справа? Аказалася, многія вяртаюцца ў бацькоўскія дамы, даглядаюць іх, добраўпарадкоўваюць. Месцічы з радасцю прымаюць і тых, хто купляе безгаспадарныя сядзібы альбо будуе новы дом.


«Шкада, што сталых людзей мала»

Стараста вёскі Аляксандр Васілевіч ветліва сустракае карэспандэнта «Звязды». Прызнаецца, што здароўе вось пачало падводзіць, але пагаджаецца правесці да суседзяў. Як і большасць жыхароў, Аляксандр Аляксандравіч родам з гэтых мясцін, шмат гадоў працаваў настаўнікам музыкі ў школе, удзельнік ансамбля «Бершты». Кажа, што і сёння клуб не пустуе, і святы, і канцэрты ладзяцца. Асабліва цёпла праводзяцца віншавальныя сустрэчы старэйшых юбіляраў, ім рыхтуецца спецыяльная праграма. Такой увагай ахоплены жыхары не толькі Берштаў, але і навакольных вёсак.

Праўда, прадстаўнікоў старэйшага пакалення не так шмат. Мясцовая жыхарка Наталля Павайба назвала такую сітуацыю адным з мінусаў сваёй вёскі.

— Не хапае старых — так хочацца, каб па вёсцы хадзілі бабулі і дзядулі, але іх амаль няма, няма такога, як раней, калі з кійком нехта ідзе. Цяпер да пажылых ходзяць сацыяльныя работнікі, таму яны практычна не выходзяць на вуліцу. А раней у краму прыйдзеш, так цікава іх паслухаць, — з ноткай горычы кажа жанчына.

Наталля з мужам пераехалі сюды гадоў 30 таму, абодва таксама тутэйшыя. Пабудавалі дом. На падворку — плантацыя буякоў, свая пасека, хатнія птушкі. Работы хапае, кажа гаспадыня, але ў параўнанні з тым, як жылі бацькі, цяпер жыццё выдатнае. І бульбы столькі садзіць не трэба, і буракі ў калгасе палоць...

«Грошы разыдуцца, а хаты не будзе»

Разам са старастам ідзём да яго суседзяў якраз цераз дарогу. Тут раней жыла аднакласніца Аляксандра Васілевіча з дзецьмі. Потым дачка Таццяна забрала маці ў горад. Паўстала пытанне, што рабіць з домам.

— Спачатку хацелі прадаваць, — расказвае Таццяна. — Я зайшла да мамы ў пакой, яна ў той час хварэла. Завялі гаворку пра дом. Яна кажа: рабіце, дзеці, што хочаце. Але ўсё ж чакала, што я вырашу. Мне сваякі параілі: Таня, не прадавай хату, грошы разыдуцца, а хаты ў цябе не будзе. Я прыйшла да маці і кажу: мы хату прадаваць не будзем, пакіну яе сабе. Яна сказала: гэта правільнае рашэнне, і хоць мама ўжо не хадзіла, мне здалося, што яна ўстане і пойдзе, столькі ў яе было радасці.

Стараста вёскі Аляксандр Васілевіч.

Сёння, гледзячы на гэты дагледжаны дом, і не скажаш, што хата старая. А будавалі яе яшчэ продкі Таццяны. Нашчадкі перарабілі печ, зрабілі рамонт. Сродкаў на аднаўленне трэба нямала, але гаспадары іх знаходзяць.

— Нашы мясціны багатыя на лясныя дары, з гэтага можна мець дадатковы даход, многія так жывуць. Таксама заробкі ўкладваем у падняцце сядзібы, — паясняе Таццяна.

Яна заўважае, што з працоўнымі месцамі тут складана. У асноўным месцічы працуюць у лясніцтве, ёсць магчымасць ездзіць у сезон на збор буякоў і клубніц у суседні калгас. Сельгаспрадпрыемства забяспечвае транспартам.

Недахоп працоўных месцаў хоць і звужае магчымасці Берштаў, але не фатальны для вёскі. Выгляд населенага пункта сведчыць аб тым, што ён жыве. Многія хаты, кажа Таццяна, дасталіся ў спадчыну дзецям, і яны даглядаюць іх. Нават тыя, што далёка жывуць, напрыклад, у Мінску ці нават у Маскве, прыязджаюць кожны год на цэлае лета. Пустых дамоў амаль няма.

«Ніколі не стаяла пытанне прадаць бацькоўскі дом»

У летнія дні на вуліцах Берштаў даволі ажыўлена. Многія сем'і з дзецьмі ідуць на мясцовае возера, якое, дарэчы, здаўна славіцца сваёй рыбалкай і папулярнае ў турыстаў. Мясцовыя прадпрымальнікі нават выкупілі за адну базавую велічыню былую школу і бальніцу для арганізацыі тут базы адпачынку. Але будынкі, відаць па ўсім, патрабуюць значных фінансавых укладанняў, таму справа пакуль ідзе марудна.

Затое месцічы стараюцца прывесці свае дамы ў парадак. І хоць Бершты знаходзяцца ў баку ад магістраляў, многія сем'і прыязджаюць сюды кожныя выхадныя, а некаторыя жывуць і па паўгода, садзяць агарод, робяць рамонт, нарыхтоўваюць дровы.

Ала і Іван Навіцкія — якраз з ліку апошніх. Яны жывуць у Гродне, але шмат часу праводзяць у бацькоўскім доме.

— У нас ніколі не стаяла пытанне прадаваць бацькоўскі дом, — кажа Ала. — Бацькі як пажаніліся, гэты дом пабудавалі, цяпер мы яго даглядаем, прыязджаюць дзеці з унукамі. наогул дамы тут нядрэнна цэняцца. Насупраць нас гаспадыню сталую забралі ў інтэрнат, а хату прадалі амаль за восем тысяч долараў. Шмат новых людзей прыехала сюды, атрымалі ўчасткі, будуюцца. Гродзенцы купляюць і жыхары Шчучына, нашага райцэнтра.

Ураджэнка Берштаў Лілія Дарашкевіч расказала, што ў іх з мужам у вёсцы дзве бацькоўскія хаты, таму адну прадалі ў добрыя рукі, а другую цяпер аднаўляюць для сябе.

— Мы прыязджаем вельмі часта, хоць яшчэ працуем у Гродне на заводзе. У выхадныя заўсёды тут, нават зімой. Абнавілі амаль увесь дом, гаспадарчыя пабудовы, засталося толькі веранду адрамантаваць. Ёсць летняя кухня і лазня. Былі аварыйныя дрэвы, мы іх прыбралі, пасадзілі туі, кветкі. Каб пастаянна тут жыць, трэба зрабіць некаторыя даробкі, бо патрэбны камфорт, — расказвае жанчына.

Разам з тым яна паспявае і ў лес у грыбы-ягады схадзіць. Каторы раз упэўнілася, што тут жывуць сапраўдныя аматары гэтай справы, а, значыць, людзі дбайныя, якія імкнуцца зарабіць і ўкласці сродкі ў свае сядзібы.

— Наша вёска — гэта найбольш месца для летняга адпачынку. Тутэйшых не так шмат, затое ў сезон амаль усе вокны свецяцца. Вельмі шмат дзяцей. І дамы тут нядрэнна купляюць, але вёска магла б быць больш ажыўленая, калі б дарога была лепшая. Ёсць участкі па 3-4 кіламетры, якія нагадваюць пранік. Таму некаторыя адмаўляюцца купляць тут дамы. Трэба вельмі любіць гэтую вёску, каб сюды ездзіць, — рэзюміруе суразмоўніца.

Бярозавы край

Менавіта такое паходжанне назвы вёскі, якая ўпершыню згадваецца ў ХV стагоддзі. Гэта даволі знакаміты населены пункт, тут праходзіў сейм ВКЛ, ладзіліся каралеўскія паляванні. У гушчарах Берштаўскай пушчы падчас вайны дзейнічалі партызанскія атрады.

Любоў Русілка, былая дырэктарка школы, можа доўга расказваць пра малую радзіму. Кажа, што вельмі любіць гэтыя мясціны.

— Я вельмі рада, што тут жыву, мне некалькі разоў прапаноўвалі застацца ў Гродне, там працаваць у інстытуце развіцця адукацыі, але я не пагадзілася і ніколі не шкадавала аб тым. Не хачу з тутэйшых мясцін з'язджаць. І цяпер бачу, як тут аднаўляюць дамы, гэта мяне вельмі радуе. Раней на быт не так звярталі ўвагу, можа, таму, што гаспадаркі былі вялікія, шмат працавалі ў калгасе. Цяпер гэтага амаль няма. Затое ўвага аддаецца камфорту, — выказвае сваё меркаванне Любоў Мікалаеўна.

Летам у сталай жанчыны — поўны дом сямейнікаў. Тры гады назад яна з сынам Сяргеем вярнулася сюды з Гродна пасля пандэміі. Сын працуе кіроўцам і разам з сям'ёй займаецца перабудовай дома. Сёння тут ёсць і санвузел, і гарачая вада, у планах — павялічыць кухню. У сезон у доме збіраецца больш за дзесяць чалавек дзяцей і ўнукаў. Часта прыязджае дачка Вольга Русілка, вядомая ў Берштах асоба, дацэнт кафедры літаратуры Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Машэрава. І яна, і Любоў Мікалаеўна — вядомыя паэткі.

Здаецца, што Бершты — не толькі бярозавы, але і надзвычай паэтычны край. Адзін з вершаў, які напісала мясцовая жыхарка Марыя Саковіч вельмі дакладна адлюстроўвае настрой сённяшніх яго жыхароў. У вершаваных радках — пажаданне нашчадкам захоўваць сядзібы бацькоў і дзядоў, а значыць, не даць згінуць вёсцы. А прачытаў мне гэты верш на развітанне стараста Аляксандр Васілевіч: «Не прадавайце дом бацькоў, я заклінаю ўсіх сыноў, хай будуць цяжкасці любыя, вас не ўратуюць грошы тыя. / Яны дабра не прыдадуць, ніколі не дадуць спакою, агнём вам рукі апякуць, нібы праказаю якою. / Не прадавайце родны дом, бо ён не крама пры дарозе, бацькоў успомніце дабром, іх след не сцёрся на парозе...»

«Вяскоўцы шкадуюць, калі зносяць дамы»

Сапраўды, у Берштах не так шмат пустых дамоў, пагаджаецца старшыня Астрынскага сельвыканкама Наталля Лебядзевіч. Хоць большасць выкарыстоўваецца ў асноўным як дачы, дамы дагледжаныя і адрамантаваныя. Вядома, не абыходзіцца без зносу, але гэта крайняя мера. Напрыклад, па Сельскім Савеце, які налічвае больш за 70 вёсак, у год зносілі да 20 дамоў. Гэта нямала, лічыць старшыня сельвыканкама. Але з прыняццем Указа № 116 аб продажы безгаспадарных дамоў за адну базавую велічыню, сітуацыя змянілася. Цяпер мясцовыя ўлады бачаць сваю задачу ў тым, каб захаваць такія дамы. На сённяшні дзень з 20 пустых дамоў палова будзе мець новых гаспадароў. Продаж адбудзецца як за адну базавую велічыню пры адным заяўніку, так і праз аўкцыён, калі два і больш прэтэндэнтаў.

— Дзякуючы Указу мы можам прадаць дом за адну базавую велічыню, што дае магчымасць захаваць дом, а для мясцовых жыхароў гэта вельмі важна — яны шкадуюць такія дамы, — кажа Наталля Іванаўна. — Калі мы прыязджаем зносіць, яны вельмі перажываюць. Іншы раз нават зарослы дом для іх дарагі як памяць аб тых, хто там жыў.

У тым, каб захаваць дамы, і для дзяржавы ёсць пэўная выгада, лічыць старшыня сельвыканкама. І хоць іх продаж мала што дае мясцоваму бюджэту, але і страт такіх, як пры зносе дома, няма.

— Сёння даволі нявыгадна знесці дом, асабліва калі там ёсць гаспадарчыя пабудовы, калодзеж, падвал, гараж і іншае, а падворак зарос хмызняком. Каб яго расчысціць, патрэбныя значныя сродкі. Напрыклад, надоечы мы падалі заяўку на тэндар па закупцы падрадных паслуг па зносе сямі дамоў на суму 10,5 тысячы рублёў, гэта 1,5 тысячы за дом. І пакуль не аб'явіўся ніводны падрадчык на электроннай пляцоўцы. Арганізацыі лічаць, што гэта вельмі танна — ачысціць і прывесці ў парадак як мінімум 20 «сотак». А калі дом прадаецца нават за базавую велічыню, сродкі на знос эканомяцца, — акцэнтуе ўвагу Наталля Іванаўна.

Такім чынам, пры наяўнасці гаспадара эканомяцца бюджэтныя сродкі. Па-другое, кажа суразмоўніца, дагледжаныя дамы дазваляюць захаваць структуру вёскі, а не рабіць з яе хутар. Участак акультурваецца, чалавек афармляе дом і праводзіць там рэканструкцыю альбо вядзе новае будаўніцтва.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Культура

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Юная артыстка, якая арганічна падае сябе ў розных вобразах і жанрах. 

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.