Вы тут

Паэзія Рыгора Барадуліна загучала на кітайскай мове


У Кітаі паўнамоцным прадстаўніком беларускай літаратуры па праву можна называць прафесара Гу Юя, які шмат намаганняў, высілкаў прыкладае для пераўвасаблення твораў беларускіх паэтаў на кітайскую мову. Дзякуючы яго творчай працы, па-кітайску загучалі вершы народных песняроў Беларусі Якуба Коласа, Янкі Купалы, класіка беларускай паэзіі Максіма Багдановіча, народнага паэта Беларусі Максіма Танка, Цёткі, а таксама бліжэйшых да нас па часе творцаў — Анатоля Сыса, Міколы Пракаповіча. Зусім нядаўна кітайскі перакладчык завершыў пераклады падборкі вершаў народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна. 


Фота: pixabay.com

Перакладаў я на аснове рускіх перакладаў, якія здзейсніў Ілля Фанякоў, — расказвае Гу Юй. — Наколькі я зразумеў, гэта, відаць, адны з апошніх твораў Рыгора Барадуліна. Ды і дакладна — апошнія пераклады яго вершаў на рускую мову. Зроблены напрыканцы жыцця паэта, каля дзесяці гадоў назад... Перасылаю зробленае ў Беларусь, са спадзяваннем, што творы будуць змешчаны ў кітайскамоўным раздзеле часопіса «Беларусь». А таксама надрукую пераклады вершаў Рыгора Барадуліна і ў Кітаі... 

Зараз Гу Юй працуе над пераўвасабленнем на сваю родную мову паэтычнай падборкі Яўгеніі Янішчыц. «Ведаю, што сёлета паэтэсе споўнілася б 75 гадоў, — дзеліцца развагамі Гу Юй. — З электронных медыя адкрыў для сябе і тое, як шануюць яе творчасць у Беларусі. Прызнаннем гэтага з’яўляецца і выданне чатырохтомнага Збору твораў Яўгеніі Янішчыц, якая пайшла з жыцця зусім у маладым узросце. Мяне ўразіла ў яе паэзіі лірычная плынь, захопленасць чалавечым жыццём... Вось і вырашыў зрабіць пераклады вершаў Я. Янішчыц на кітайскую мову ў знак яе юбілея, у знак памяці пра яе выключна высокі талент». 

Варта заўважыць, што Гу Юй ў савецкі час гасцяваў у Беларусі, сустракаўся з Максімам Танкам. І зараз кантактуе з беларускімі пісьменнікамі і перакладчыкамі, беларускімі літаратуразнаўцамі, даследчыкамі беларуска-кітайскіх літаратурных сувязяў. 

Кастусь ЛЕШНІЦА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Прычына — даступныя крэдыты і ажыятажны попыт.

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.