Вы тут

Новы фільм пра аперацыю «Баграціён» здымаюць у Беларусі


На кінастудыі «Беларусьфільм» працягваюць ствараць новыя фільмы. Зараз якраз ідзе праца над кінастужкай пра вайну пад працоўнай назвай «Казбек». Рэжысёр Іван Паўлаў (ён вядомы шырокаму колу гледачоў па такіх карцінах як, напрыклад, «Свежаніна з салютам», «Глыбокая плынь», «На спіне ў чорнага ката», «Ой, ма-мач-кі», нядаўніх — «Полымя пад попелам», «Падрыў») збіраецца распавесці новую гісторыю. «Звязда» завітала на адну з лакацый, дзе праходзяць здымкі, каб бліжэй пазнаёміцца з тымі, хто стварае вялікае кіно, і паназіраць за героямі яшчэ да іх з’яўлення на экранах.


Не згубіць сябе ў новых рэаліях

Паводле сюжэту, падзеі фільма адбываюцца ў чэрвені 1944 года ў ваколіцах Оршы. Там, дзе разгортваліся некаторыя з падзей маштабнай вызваленчай аперацыі, што ў гісторыю ўвайшла пад назвай «Баграціён». Сімвалічна і тое, што здымкі кінастужкі распачалі якраз 23 чэрвеня, калі пачыналася аперацыя. Што датычыцца жанру, то нам заяўляюць ваенна-гістарычную драму, таму найперш спыталі ў сцэнарыста Таццяны КОМАНАВАЙ, як будуць размеркаваны акцэнты. 

— Усе «Беларусьфільм» даўным-даўно ахрысцілі «Партызанфільмам», аднак, калі паглыбіцца ў гісторыю, то мала хто ўспомніць, калі мы здымалі па-сапраўднаму партызанскае кіно. Не пра салдат, не пра перамогі, а менавіта пра партызан. Гэта насамрэч спецыфічная тэма. І беларусы ці ў сілу сваёй прыроднай сціпласці, ці з-за таго, што не любяць падкрэсліваць свае справы, адсоўваюць сябе на другі план. Мы кажам, што вось савецкая армія перамагла фашызм. І гэта праўда. Але варта казаць і пра тое, які ўклад унеслі мы і што зрабілі для Перамогі. Таму нам была важная партызанская тэма. Не проста расповед пра тых, хто змагаецца ў партызанскім атрадзе. А пра людзей, якія некалькі гадоў жывуць у стане вайны, пад яе гнётам, але пры гэтым хочуць мірнага жыцця. І хочуць не забываць пра ўласнае мірнае прызначэнне. Што настаўніца павінна вучыць, урач лячыць, інжынер — будаваць масты. Як людзі, зарыентаваныя на грамадскае жыццё, знаходзяць сэнс свайго існавання ў ваенных рэаліях, стала для нас важнай тэмай, — дзеліцца Таццяна Команава. — І гістарычны складнік ёсць — дастаткова канкрэтны і просты, вядомы кожнаму беларусу, — аперацыя «Баграціён». Многія згадваюць знакавую ваенную падзею — парад палонных немцаў у Маскве, які праходзіў 17 ліпеня 1944 года. А гэта тыя, хто пацярпеў паражэнне ад Савецкай арміі акурат у ходзе аперацыі «Баграціён». У нас у фільме паказаны якраз пачатак вызвалення Беларусі, няхай і ў адным канкрэтным рэгіёне, — гэта тая кропка, да якой прыйдуць нашы героі. Мы ўсе ведаем, што за зіму 1943-1944 гадоў на гэтым участку фронту адбылося 11 наступленняў, якія не прынеслі жаданага выніку: абарону немцаў на Беларускім балконе ўсё ніяк не ўдавалася прабіць. І 12 наступленне — «Баграціён» прынесла якасна іншы вынік у многім і таму, што камандаванне Чырвонай арміі прыняло рашэнне ў поўную меру падключыць партызан. Магутны партызанскі рух паўнавартастна прыраўнялі да сіл, здольных дапамагчы знішчыць фашыстаў. Гэты двайны ўдар — з фронту і партызанскі з тылу — у многім вызначыў поспех аперацыі «Баграціён», таму наша гісторыя пра людзей, якія не ведалі, што будзе далей, але кожны раз аддавалі сябе, каб змагацца да канца і вызваліць сваю зямлю. У гэтым сэнсе гісторыя ў нас не ўпрыгожаная. Мы вельмі актыўна працавалі з гісторыкамі, з кансультантамі. У нас аповед пра тое, як людзі зрабілі ўсё, каб не жыць ва ўмовах вайны, а жыць у сітуацыі, калі вакол вайны няма...

Галоўнымі дзеючымі персанажамі з’яўляюцца чатыры сябры-партызаны. У іх у кожнага свая біяграфія, свой лёс і сюжэтныя лініі, але стваральнікі ставяць перад сабой важную задачу — паказаць, што адзін маленькі чалавек, калі ён поўнасцю аддае сябе справе тут і цяпер, можа стаць вяршыцелем гісторыі. І таму ў цэнтры ўвагі кінематаграфістаў не атрад, армія ці нацыя, а тое, што кожны чалавек важны і кожны можа ўнесці сваю ролю і стаць тым, хто паверне гісторыю ў той альбо іншы бок. Будзе ўсё: і барацьба, і каханне, і сяброўства, і здрада, героі і ўчынкі, якія нікога не пакінуць абыякавым.

Вось адзін з прыкладаў — нямецкі ўрач Гельмут. Ён добраахвотнікам пайшоў на фронт, каб служыць сваёй радзіме. Аднак пабачыўшы рэальную вайну, а не тую, пра якую яму распавядалі, прымае сваё рашэнне адносна далейшых дзеянняў. Цікава назіраць, што адбываецца з чалавекам у момант такога выбару, што становіцца для яго прыярытэтным.

— Роля такога антыфашысцкага плану ў мяне сапраўды ўпершыню. Хаця неаднаразова я іграў нямецкіх афіцэраў часоў Другой сусветнай вайны. Такая роля — гэта падарунак. Наконт ужывання ў ролю ў мяне ўсё проста: чытаеш сцэнарый, супастаўляеш факты і складаеш уласнае бачанне таго, што адбываецца. І пасля спрабуеш паставіць сябе ў гэтую сітуацыю, — дзеліцца акцёр Дзмітрый ФРЫД. — Персанажа свайго, безумоўна, палюбіў, таму што ён сапраўды герой, здольны на ўчынкі. У любы час перайсці на бок святла і дабра — гэта ўчынак, але ва ўмовах вайны гэта гераізм.

У момант нашага назірання за персанажам на рэжысёрскім маніторы той перажывае адзін з ключавых момантаў свайго кіналёсу.

— У майго героя ўсё яшчэ наперадзе. Персанажу давядзецца прымаць рашэнні, дзейнічаць. Ён пяройдзе ў партызанскі лагер. Яго чакае сустрэча з новымі героямі, выбудоўванне цікавых узаемаадносін з імі, — кажа Дзмітрый Міхайлавіч. Таксама акцёр распавядзе, што з Іванам Паўлавым ён ужо меў задавальненне працаваць гадоў 10-12 назад.

— Прыемна зноў з ім сустрэцца і працаваць на такім маштабным праекце. Іван сам акцёр, таму разумее прафесію. І заўсёды можна яму нешта запрапанаваць, альбо мне ён можа штосьці падказаць. Таму я ў гэтай камандзе працую з задавальненнем, — дзеліцца ўражаннямі Дзмітрый Фрыд.

Ведаючы, што ў біяграфіі акцёра былі раней фільмы, дзе ён іграў нямецкіх салдат, цікаўлюся, ці дапамагае ранейшы вопыт чымсьці сёння?

— Я сыграў не аднаго нямецкага персанажа часоў Другой сусветнай вайны. Прычым усё яны абсалютна розныя. У карціне «Неба ў агні» быў лётчыкам, які ў час вайны выконвае сваю задачу, не губляючы чалавечнасці. У «Начных ластаўках» сыграў эсэсаўца, мой персанаж — бязлітасны фанатык нацыяналістычнай ідэі. Так, у пэўнай меры папярэдні прафесійны вопыт дапамагае, як і кнігі, нейкія дакументальныя рэчы. Я працяглы час жыў у Германіі. І, вядома, немцы адрозніваюцца ад славян. Але агульначалавечыя рысы ўсіх аб’ядноўваюць, і насамрэч ніхто не хоча вайны. Таму роля ўрача, які пераходзіць на бок партызан, мне больш кладзецца на душу, мне гэты герой блізкі, — дадае акцёр.

Свой сярод чужых

Для нагляднасці можна папярэдне пазнаёміць вас і з камандзірам паліцаяў Місюрай (Аляксей Кірмуць). Як зазначае сцэнарыст, не варта гэты вобраз наўпрост суадносіць з асобай чалавека, які ўдзельнічаў у спальванні Хатыні, здрадніка і ката Грыгорыя Васюры. Тут вобраз хутчэй зборны, і ў персанажа зусім іншы псіхатып. Разбірацца і аналізаваць больш дэтальна глядач зможа ўжо падчас прагляду фільма.

— Гісторыю самога Васюры я яшчэ вывучаю, бо час мне дазваляе паступова заглыбляцца ў матэрыял. Некаторыя гістарычныя факты пра яго спрабую рэалізаваць на здымачнай пляцоўцы. Самае складанае пакуль што — размаўляць па-нямецку, калі пры гэтым думаеш на іншай мове. Прычым важна, каб размова гучала натуральна і нязмушана, — распавядае Аляксей Кірмуць. — З маёй акцёрскай абаяльнасцю я сярод мужчын у ваеннай форме выглядаю нібы не з іх кола. Мяне арыентавалі, што персанаж павінен быць нязграбным, смешным. Пры гэтым ён памочнік галоўнага антаганіста, таму тут з маёй індывідуальнасцю акцёрскай мне зусім нескладана ўжывацца ў ролю. А калі б роля патрабавала пераўвасабляцца ў рэзка адмоўнага персанажа, то была б ужо праца на супраціўленне.

Запытала ў акцёра, ці варта, ці магчыма апраўдваць чалавека, які ў рэаліях ваеннага часу мяняе свае погляды, пераходзіць на бок ворага?

— Ты разумееш, што чалавек няправільна ўчыніў, хоць і ёсць верагоднасць, што яго згрызаюць сумневы, і ў любым выпадку ён сваімі прынцыпамі паступаецца, таму я яму не спачуваў бы. І мне як акцёру гэта дапамагае. Бо, калі б я спачуваў, то ён у мяне быў бы не тым, хто патрэбен на пляцоўцы. Ён змаладушнічаў. Мог выбраць іншую пазіцыю і сысці ў партызанскі атрад. Але ж мой персанаж не пайшоў і выбраў тое, як сёння модна казаць, што дазволіць не выходзіць з зоны камфорту, таму я не магу апраўдваць яго, бо сам бы, вядома, пайшоў у партызанскі атрад.

Зрэшты, і ў партызанскім атрадзе героі будуць не "плоска«пазітыўнымі, але ў кожнага з іх ёсць рэальныя прататыпы — члены партызанскай брыгады «Чэкіст». Рэальныя подзвігі людзей і ляглі ў аснову сцэнарыя фільма. Гераічную чацвёрку на экране ўвасобяць Андрэй Сенькін (Іван Райкоў), Аляксей Тахараў (Казбек), Цімур Бурын (Якаў) і Максім Філатаў (Вася).

— Зразумела, што кінематаграфічна мы іх крыху ўпрыгожылі. Але разам з гераізмам гэтых людзей мы імкнуліся паказаць і іншы бок чалавечага побыту ў тых рэаліях. Бо грамадзянскае насельніцтва, што апынулася пад акупацыяй, было вымушана бясплатна працаваць, плаціць падаткі. І гэтую гісторыю не ўсе сёння ведаюць. Напрыклад, што аўсвайс — гэта не пашпарт, а як у нас, умоўна, камандзіровачнае пасведчанне, якое дазваляе табе перамяшчэнне з кропкі А ў кропку Б. Таму ў нас кіно і пра тое, як жылі людзі пад акупацыяй, хаця часта ў ваенных фільмах гэта застаецца на другім плане, — дадае сцэнарыст.

Знайсці свае адгалоскі любові

«Цішыня! Матор! Увага! Пачалі!» — чуем, як аддае каманды рэжысёр Іван Паўлаў. І ў кадры пачынае гучаць нямецкая мова. Здымаюць тую самую сцэну, якая стане паваротнай кропкай для аднаго з цэнтральных персанажаў. Лакацыю выбралі на заводзе імя Кірава ў Мінску, а па сюжэце ўсё адбываецца ў Оршы. Наперадзе яшчэ здымкі ў Вілейцы, на натурпляцоўцы і ў іншых месцах. Але галоўнае не столькі, дзе разгортваецца дзеянне, а як раскрываюцца героі. Чые ідэалы яны падзяляюць, які бок абіраюць?

Эмоцыі, атмасфера ў кадры — усё пераносіць у мінулае... «Асцярожна вельмі, а то дрыжыць камера!» — звяртаецца рэжысёр да прысутных на здымачнай пляцоўцы. А там камендант учыніў «разбор палётаў» для нашага ўжо знаёмага доктара Гельмута... У перапынках паміж сцэнамі ўдаецца паразмаўляць і з самім рэжысёрам. Іван ПАЎЛАЎ распавядае, што падрыхтоўчы перыяд (з падборам акцёраў, выбарам лакацый) заняў усяго каля двух месяцаў. Больш увагі надалі сюжэтнай гісторыі і самім персанажам:

— Асноўны пасыл фільма — малады хлопец Іван Райкоў, можна сказаць пясчынка ў вайне, дапамог пачаць аперацыю «Баграціён» з дванаццатай спробы. Партызан загналі ў балота, і там яны знаходзяць устойлівае месца, дзе і прымаюць рашэнне пабудаваць ляжнёўку (праход, па якім пойдзе потым Чырвоная армія). У рэальнасці такое наўрад ці было — каб гэткае гістарычнае рашэнне ініцыяваў і прыняў адзін чалавек. Але мы сцвярджаем: чаму і не? І прапануем гледачам сваю версію падзей. Ідэю прыдумаў хлопец, інжынер, які любіць будаваць масты. І тым самым гэта наблізіла нашу Перамогу, — тлумачыць Іван Міхайлавіч. — Тое ж і з лакацыямі. У нас ёсць адзін эпізод з уцёкамі з лагера ваеннапалонных. Па дакументах, якія мы прачыталі, гэта адбывалася на Бярэзіне. У нас гэта Днепр, хаця здымаем спачатку на абрыве на натурпляцоўцы (хлопцы скачуць за камеру), а пасля на Вілейскім вадасховішчы мы паказваем момант, як яны заскокваюць у ваду, і ў трэцюю ноч на іншым беразе здымаем, калі нашы героі ўжо пераплылі раку. Атрымліваецца, адзін эпізод здымаем у трох месцах. Такая «магія кіно», а глядач у выніку мае эмацыянальна напоўненыя кадры.

Зараз здымкі фільма — «на экватары», а значыць палова гісторыі адзнятая. Улічваючы, што над ёю працуе зладжаная каманда прафесіяналаў, неўзабаве мы дачакаемся сваё кіно. Дарэчы, і гэтым разам у камандзе стваральнікаў кінааператар-пастаноўшчык Вячаслаў Дунаеў, мастак-пастаноўшчык Уладзімір Царыковіч, мастак па касцюмах Алена Ігруша. Прыемна адзначыць і той факт, што да стварэння фільма рэжысёр праекта далучае маладых, будучых стваральнікаў кіно: акцёры, памочнік рэжысёра, будучыя аператары маюць магчымасць спасцігаць прафесію «ўжывую». У завяршэнне цікаўлюся ў Івана Паўлава, як загучыць у новым фільме запавет яго настаўніка Віктара Турава «Здымайце пра любоў».

— Нягледзячы на тое, што першапачаткова не прадугледжвалася якой-кольвек лініі ўзаемаадносін паміж мужчынай і жанчынай, мы паспрабавалі з акцёрамі знайсці яе. Але ж любоў мае вельмі розныя формы: любоў да стварэння, а не да разбурэння, любоў да людзей, якія побач. Не буду казаць, што гэта па-хрысціянску, але без гэтага не можа адбыцца чалавек, асоба. Вось наш герой Райкоў любіць будаваць масты, а цяпер павінен падрываць іх. На такой супярэчнасці некаторыя эпізоды будуюцца. Безумоўна, любоў да роднага краю, дзе жывеш і які аберагаеш. Я перакананы, што і ў дыялогах, і ў паваротах сюжэту гледачы змогуць адшукаць свае адгалоскі любові. Кожны мой фільм — нібы белы аркуш, на ім я пішу штораз новую гісторыю. І, думаю, тая, што здымаецца зараз, будзе гледачам цікавай.

Алена ДРАПКО

Фота прадастаўлена кінастудыяй «Беларусьфільм»

Выбар рэдакцыі

Фінансы

Як банкі абараняюць ад махляроў грашовыя пераводы

Як банкі абараняюць ад махляроў грашовыя пераводы

За чатыры месяцы 2024 года раскрывальнасць цяжкіх кіберзлачынстваў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года павысілася на 19%. 

Спорт

Настасся Касцючкова: Чалавек у калясцы не павінен быць зачынены ў чатырох сценах

Настасся Касцючкова: Чалавек у калясцы не павінен быць зачынены ў чатырох сценах

Фехтаваць наша гераіня ўмее трыма відамі зброі: шабляй, шпагай і рапірай. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.