Вы тут

Алесь Бельскі: У яго «кожнадзённая патрэба прачынацца раніцою і працаваць»


Як творчы чалавек, які і сам шмат друкуецца, з разуменнем стаўлюся да тых, хто ў публікацыях карыстаецца не толькі ўласным прозвішчам, а і псеўданімамі. Хоць, мяркую, няблага загадзя паклапаціцца, каб іх ведалі, а то можна апынуцца ў становішчы, у якое некалі трапіў Алесь Бель­скі. У аўтабіяграфіі «Вытокі і прасцягі майго жыцця» ён сведчыць: «Нехта лічыць, што Алесь Бельскі, Алесь Ветах і Алесь Андруковіч — гэта розныя людзі. Аднак я выступаю адзін у гэтых трох іпастасях. Мне не хацелася, каб часам ствараўся культ аднаго аўтара. Так атрымалася, што некалькі артыкулаў, надрукаваных пад псеўданімам, пазней увайшлі ў маю кнігу “Краса і смутак”, выдадзеную пад уласным прозвішчам. Пільныя студэнты выявілі адрознасць у аўтарстве і сказалі пра гэта майму калегу-прафесару. Ён пацікавіўся пра тое, хто аўтар гэтых прац. Так я быў вымушаны раскрыць свой псеўданім Алесь Андруковіч».


Чорнаўскі свет і яго свет

Гэта было, калі Алесь Іванавіч толькі ўваходзіў у літаратуру. Сёння ж усе, хто цікавіцца яго творчасцю, ведаюць, што Андруковіч — прозвішча яго бабулі Ганны. Яна ж падказала яму і псеўданім Алесь Ветах — так «называла акраец месяца на небе ласкава — “веташок”. Гэтае слова запала ў маю памяць і, як здаецца, найлепей адлюстроўвае драму юнацкіх гадоў, калі зніклі многія ружовыя мары, ілюзіі, надзвычай балюча ўспрымаецца “проза быцця”». А прозвішча Алесь Бельскі — сапраўднае.

Радзіма яго — колішняе мястэчка, а цяперашні аграгарадок Цімкавічы Капыльскага раёна. Зямля, здаўна багатая на таленты. Тут у маленстве ў сваякоў некаторы час жыў класік яўрэйскай літаратуры Мендэле Мойхер-Сфорым. Прапісаліся Цімкавічы і ў біяграфіі класіка беларускай літаратуры Кузьмы Чорнага, пра жыццё якога нагадвае музей. Ды і імёны іншых людзей творчай прафесіі выйшлі з гэтай жыццядайнай зямлі. Таму нараджэнне 23 ліпеня 1963 года Алеся Бельскага як бы самім Усявышнім было падказана. З тым, каб прадоўжыў справу папярэднікаў. На карысць гэтаму сведчыць і тое, што рана зацікавіўся літаратурай. Ды і ніколі не парывае сувязі са сваёй малой радзімай.

У гэтым яму, праўда, прасцей, чым іншым пісьменнікам. Па сённяшніх паняццях Цімкавічы ці не побач з Мінскам. Ды і ёсць куды прыехаць. У самым цэнтры захавалася бацькоўская хата. Людзі, якія жывуць, знаёмыя з маленства. Не­выпадкова родныя краявіды пазнаюцца ў асобных яго празаічных творах. Аднак «блізкасць» ці «не блізкасць» — паняцце ўмоўнае. Дакладней — тое, што звязана з адлегласцю. Больш важна іншае вымярэнне: душэўная патрэба пастаянна бачыць дарагое і блізкае з маленства ці, наадварот, забываць яго. Прыехаў ці не прыехаў — ніякай розніцы. Алесь Іванавіч не проста прыязджае. Ён нярэдка і падоўгу жыве. Таму што толькі там па-сапраўднаму добра пішацца, а добра пішацца, бо спачатку добра думаецца. Як і кожнага сапраўднага пісьменніка, яго хвалюе многае.

Задача — поўная аддача

У народзе невыпадкова кажуць: жыццё пражыць — не поле перайсці. У кожнага бываюць розныя перыяды. Нешта ладзіцца лепш, штосьці — горш. Поспехі суседнічаюць з няўдачамі. Аднак аб усім мяркуюць па выніках. Нягледзячы ні на што, Алесь Бельскі шмат дасягнуў. Доктар філалагічных навук, прафесар. Выступаючы ў розных літаратурных жанрах, нязменна дасягае поспеху. Выдаў чатыры кнігі прозы: «Ружовая зніч­ка», «Хроніка смутку», за якую атрымаў Літаратурную прэмію імя Івана Мележа, «Сны пра дзяцінства», «Хрыстос між нас», адну паэтычную — «Між маладзіком і ветахам». А яшчэ зборнік прозы і паэзіі «Лібрэта лета».

Важкія яго дасягненні як крытыка і літаратуразнаўцы. Больш як 20 кніг і дапаможнікаў па беларускай літаратуры, звыш 700 артыкулаў і рэцэнзій. Паспяхова займаецца выкладчыцкай дзейнасцю. З’яўляецца галоўным рэдактарам часопіса «Беларуская мова і літаратура» і намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Роднае слова».

Яго даследчыцкія працы запатрабаваны чытачамі розных узростаў. З цікавасцю сустракаюць іх і выкладчыкі беларускай мовы і літаратуры, тым больш, што яны закранаюць важныя праблемы: «Жывая мова краявідаў. Пейзаж у беларускай паэзіі», «Пакуль баліць душа», «Сучасная беларуская літаратура. Станаўленне і развіццё творчых індывідуальнасцей (80—90-я гг.)», «Свет ад травы да зор. Беларуская паэзія. Сістэма вобразаў прыроды, паэтыка пейзажу», «Краса і смутак», «Сучасная літаратура Беларусі».

А якой аптымістычнай, жыццярадаснай атрымалася кніга ўспамінаў пра Алега Лойку «Чалавек з сонечнай усмешкай»! Згадкі пра выдатнага паэта, празаіка, літаратуразнаўцу і педагога напісалі тыя, хто добра яго ведаў, хто запомніў гэтага цудоўнага чалавека і пісьменніка. Пісалі па просьбе Алеся Бельскага, бо менавіта Алег Антонавіч прадвызначыў і яго даследчыцкі шлях. Ды ў чымсьці яны і падобныя: Алесь Іванавіч — таксама чалавек з сонечнай усмешкай. А трохтомнік «Скрыжалі памяці», складзены Алесем Бельскім, — гэта ў нечым і грамадзянскі подзвіг. Ніхто не склаў такое вычарпальнае выданне, дзе настолькі грунтоўна прадстаўлена творчасць пісьменнікаў, якія загінулі ў Другую сусветную вайну.

Знай свой край

Шмат зроблена і Бельскім-краязнаўцам, радзімазнаўцам. Найвышэйшае яго дасягненне ў гэтай галіне — кнігі «Тут іх карані і выток», «Тут наша радзіма», «Тут жыцця пачатак». Атрымалася свайго роду гісторыка-краязнаўчая трылогія пра вядомых у Беларусі і свеце людзей з Капыльшчыны. Кожная частка яе — кампактная, сціслая, затое пазнавальная, багатая на фактычны матэрыял.

Некаторых яго «герояў» тыя, хто цікавіцца згаданай праблематыкай Капыльшчыны, ведалі і дагэтуль. Але звесткі пра іх удакладнены, часам прыведзены новыя. Невыпадкова кніга прысвечана аўтарам «светлай памяці брата Анатоля — гісторыка, краязнаўца, педагога». Ён, хоць і рана пайшоў з жыцця, далучыў Алеся Іванавіча да капыльскага радзімазнаўства. Працуючы дырэктарам Руднянскай базавай школы, Анатоль Бельскі «пачаў сур’ёзна вывучаць гісторыю свайго роду, збіраць радаводныя звесткі». Іх прадзед «Сільвестр Бельскі вучыўся ў Віленскім універсітэце на літаратурным факультэце ў адзін час з Адамам Міцкевічам, Ігнатам Дамейкам, Янам Сабалеўскім і іншымі славутымі філаматамі і філарэтамі». Зацікавіўся Алесь Іванавіч і лёсам, спадчынай бацькавага брата — прафесара педагогікі Фамы Бельскага, які, дарэчы, стаў адным з герояў гэтай кнігі.

На Капыльшчыне і карані аўтара знакамітага на ўвесь свет «Чорнага квадрата». Казімір Малевіч нарадзіўся каля Капыля, да трох гадоў выхоўваўся ў гэтым мястэчку. Алесь Бельскі сабраў звесткі пра польскую пісьменніцу Міхаліну Даманскую (Фядзюшку), якая родам з колішняга маёнтка Чыжэвічы; пра капыляніна Алеся Дземідовіча — татарскага і беларускага агранома-селекцыянера. У маладосці ён пісаў вершы, друкаваў іх у газеце «Дзянніца», уваходзіў у Аршанскую філію «Маладняка». А хіба не цікава даведацца, што ў вёсцы Вуглы нарадзілася яўрэйская пісьменніца Канады Эйда Мазэ? Напісала яна і аўтабіяграфічную кнігу «Дзіна», у якой расказвае пра сваё маленства.

Працяг годны, як і пачатак

Ставячы апошнюю кропку ў кнізе «Тут іх карані і вытокі», Алесь Іванавіч запэўніваў: «Аднак працяг абавязкова будзе! Планую падрыхтаваць выданне біяграфій вядомых землякоў, якія жывуць і працуюць тут, на беларускай зямлі. Яны вызначыліся сваім талентам і майстэрствам, творчай працай і прафесіянальнымі дасягненнямі, а значыць, іх выдатныя здзяйсненні і справы праславілі наш родны капыльскі край». Несумненна, і ўсю Беларусь.

Працягам стала кніга «Тут наша радзіма». Прамоўленае ў пачатку яе «Бацькам, родным Цімкавічам і Капылю прысвячаю» не ў меншай ступені, чым у першай, сведчыць на карысць таго, што гэта таксама споведзь. І перад самымі блізкімі людзьмі, і перад мясцінамі, якія ніхто і ніколі не выкрасліць з сэрца. Дый не трэба лічыць гэтае сцвярджэнне пафасным, узнёслым — перад усімі, хто некалі жыў тут ці па нейкай прычыне адарваўся ад зямлі маленства.

Калі гэтая кніга чым і розніцца ад папярэдняй, то кампазіцыйнай пабудовай, а таксама шырынёй ахопу прадстаўленых імёнаў. Іх ужо не тры з нечым дзясяткі, а за сотню. Пра многіх расказваецца падрабязней, пра асобных — у некалькіх радках, а калі звестак зусім мала, то называецца прозвішча, часам і год нараджэння альбо смерці. Бывае, што і тут пэўнасці няма. Значыць, пошук звестак будзе прадоўжаны. Як няма сумнення ў тым, што знойдуцца і прадаўжальнікі.

У заключнай кнізе трылогіі «Тут жыцця пачатак» (хочацца верыць, што з цягам часу з’явіцца мінімум яшчэ адна кніга), у прадмове «Вяртанне да вытокаў» Алесь Бельскі не прамінае магчымасці зноў прызнацца ў любові да Цімкавіч: «Тут ўсё дужа знаёмае, дарагое і блізкае сэрцу. […] Кліча памяць, кліча сэрца». Гэтай поклічнай памяццю напоўнены яго згадкі пра блізкіх яму людзей, каб, адштурхнуўшыся ад іх лёсаў, іх лістоў, што слаліся з далёкіх дарог на радзіму (ёсць сярод гэтых пасланняў і даваеннае, ёсць і ваенныя — трэба ж так ашчадна ставіцца да таго, што таксама свайго кшталту гісторыя ўласнага роду!), размотваць стужку часу, прыгадваць тое, што не толькі не забываецца, але і знікнуць назаўсёды не павінна.

У гэтай частцы Алесь Бельскі часцей ступае па цаліку, а па цаліку, вядома, заўсёды ісці цяжка. Найперш тады, калі звестак у архівах амаль не захавалася. Нярэдка даводзілася вышукваць пэўныя факты ў шматлікіх выданнях, карыстацца многімі электроннымі рэсурсамі. Калі-нікалі да гэтага падштурхоўвала тое, што захавала яго ўласная памяць.

Здзіўляцца не трэба. Цімкаўцы — такія людзі, якія здаўна паважна ставяцца да свайго мінулага. Са сваёй памяці не выкрэсліваюць, сведкам чаго былі, здавалася б, выпадкова. Пра гэта сведчыць і такая згадка Алеся Бельскага: «[…] я, хлапчук-падлетак, часта па нядзелях раніцою бачыў на нашай Слуцкай вуліцы самавітых мужчын з георгіеўскімі крыжамі на пінжаках, і гэтыя ўзнагароды выклікалі маю цікаўнасць. Тыя мужчыны з суседніх вёсак пры поўным парадзе кіраваліся на цімкавіцкі базар, але больш за ўсё мяне ўражваў калека, чалавек без ног, які з узнагародамі на грудзях на так званай “самаходцы” рухаўся-перамяшчаўся, адштурхоўваючыся драўлянкамі ад зямлі». Калі Алесь пацікавіўся ў бацькі, хто яны такія, у адказ пачуў: «Гэта Георгіі, іх давалі за царскім часам». Пасля ўдакладніў: «За мужнасць і геройства».

Праз гады Алесю Бельскаму захацелася даведацца, а хто з яго землякоў быў удастоены такой высокай узнагароды. Высветліў, што пра «Вялікую Вайну», як у Расіі называюць Першую сусветную, надрукавана шмат кніг, гістарычных даследаванняў. Выйшаў на тэму «Першая сусветная вайна ў лёсе землякоў». Дзякуючы напружаным пошукам і адкрыў трох поўных георгіеўскіх кавалераў, якія былі родам з Капыльшчыны. Гэта Мікіта Сямёнавіч Ганчарык, Якаў Іосіфавіч Варвашэня і Навум Сямёнавіч Вярчук.

Алесь Іванавіч — з тых даследчыкаў, якія не толькі актыўна займаюцца пошукамі, а і дасягаюць значных поспехаў. Гэта відаць па яго кнізе «Цімкавіцкая сярэдняя школа імя Кузьмы Чорнага». Наўрад ці знойдзеш яшчэ столькі звестак пра адну з самых старэйшых навучальных устаноў Беларусі. Гісторыя яе пачынаецца з народнага вучылішча, адкрытага ў 1863 ці ў 1864 годзе. Але гэта быў не першы крок мясцовых дзяцей да ведаў. Царкоўнапрыходская школа працавала ўжо ў 1815 годзе. Дагэтуль заняткі праводзілі хатнія настаўнікі. Былі і яўрэйскія пачатковыя школы — хедары. Нават існаваў ешыбот — школа рабінаў.


Алесь Бельскі ў тым узросце, калі толькі займацца любімай справай. Для чалавека, які прысвяціў свой лёс літаратуры, безумоўна, гэтая справа творчая. Балазе, ён актыўнасці, як і раней, не збаўляе. Інакш і нельга. Па яго прызнанні, працуе так, каб прытрымлівацца правіла незабыўнага Кузьмы Чорнага. У яго «кожнадзённая патрэба прачынацца раніцою і працаваць».

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

 Для чаго Аляксей Хомчык стаў урачом?

Для чаго Аляксей Хомчык стаў урачом?

«Дзядзька Васіль загінуў, ты павінен працягнуць яго справу. Ты добра вучышся, павінен стаць доктарам».

Грамадства

Буякі, суніцы і лісічкі — прыцэньваемся да падарункаў чэрвеня

Буякі, суніцы і лісічкі — прыцэньваемся да падарункаў чэрвеня

«Ёсць і імпартныя, іспанскія — яны па-ранейшаму ў раёне 70 рублёў за кіло, 30 рублёў — кантэйнер».

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.