Вы тут

Вынікі работы ў першым паўгоддзі падвялі праваахоўнікі Гомельшчыны


Менш учыненых забойстваў, замахаў на забойства, крадзяжоў, рабаванняў і хуліганстваў. Якіх вынікаў у аператыўна-службовай дзейнасці ўдалося дабіцца праваахоўнікам Гомельшчыны, абмеркавалі на прэс-канферэнцыі начальніка УУС Гомельскага аблвыканкама Аляксандра Шастайлы.


Як адзначыў кіраўнік ведамства ў рэгіёне, на тэрыторыі вобласці па ўсіх напрамках работы праваахоўнікаў павялічыўся працэнт злачынстваў, па якіх устаноўлены падазроныя.

— На тэрыторыі вобласці адзначана зніжэнне агульнай колькасці як зарэгістраваных крымінальных дзеянняў, так і злачынстваў па лініі  крымінальнага вышуку, у тым ліку іх цяжкіх і асабліва цяжкіх форм, — звярнуў увагу начальнік УУС аблвыканкама. — Нягледзячы на агульную тэндэнцыю да зніжэння, у першым паўгоддзі ўзрасла колькасць учыненых махлярстваў.

Так, з пачатку года зарэгістравана 636 такіх злачынстваў, па 202 фактах  вінаватыя ўстаноўлены. Значная частка здзейсненых махлярстваў прыпадае на куплю і продаж тавараў у інтэрнэце — 43 факты з пачатку года. Акрамя таго 27 фактаў махлярства былі ўчынены з дапамогай званка нібыта ад імя работнікаў банкаў або праваахоўнікаў.

Праблема распаўсюджвання ашуканскіх схем абвастрыла ў тым ліку праблему ўцягвання ў такіх віды злачынстваў непаўналетніх. Як растлумачыў Аляксандр Шастайла, падлеткі рэагуюць на аб'явы ў інтэрнаце аб магчымасці дадаткова заробку. Непаўналетні афармляе на сваё імя банкаўскую пластыкавую карту, якую пазней, за ўзнагароджанне перадае злачынцу. Апошні такім чынам  імкнецца схаваць крыніцу паступлення незаконна атрыманых грошай. Характэрна, што факты перадачы ўласных пластыкавых карт непаўналетнімі высвятляліся ўжо падчас разглядаў здзейсненых  махлярстваў.

— На тэрыторыі вобласці ўстаноўлена група навучэнцаў, якая на сістэмнай аснове ўдзельнічала ў махлярскай схеме. Яны будуць прыцягнуты да  адказнасці, — адзначыў  кіраўнік ведамства ў рэгіёне.

Рост злачынстваў з удзелам непаўналетніх адзначаецца і па ўчыненні крадзяжоў, хуліганскіх дзеянняў. Кіраўніцтва УУС выступіла з ініцыятывай абмеркаваць сітуацыю на пасяджэнні абласнога выканаўчага камітэта.

— З боку праваахоўных органаў праводзіцца ўся неабходная прафілактычная работа сярод непаўналетніх. З пачатку года было праведзена больш за 1200 сустрэч супрацоўнікаў міліцыі са школьнікамі, — патлумачыў Аляксандр Шастайла.

Занепакоенасць у праваахоўнікаў выклікае і ўчыненне злачынстваў супраць палавой недатыкальнасці дзяцей.

— Адзначаем уплыў як у цэлым даступнасці інтэрнэт-крыніц і порнасайтаў, розных дэструктыўных інтэрнэт-каналаў. Гэтая інфармацыя ўплывае як на падлеткаў, так і на паўналетніх, якія і здзяйсняюць злачынствы. Выкарыстоўваецца і тое, што малалетнія дзеці лёгка падвяргаюцца ўплыву, уступаюць у кантакт, у тым ліку па перапісцы з незнаёмымі людзьмі ў інтэрнэце, — звярнуў увагу начальнік УУС.

Сёння праваахоўнікі вобласці працягваюць актыўную работу з педагогамі і медыцынскімі работнікамі: былі арганізаваны семінары, дзе супрацоўнікі міліцыі падзяліліся міжнародным вопытам выяўлення прыкмет учынення злачынстваў супраць палавой недатыкальнасці дзяцей.

Між тым па выніках аператыўна-службовай дзейнасці праваахоўнікаў Гомельшчыны адзначаецца зніжэнне колькасці злачынстваў, учыненых у грамадскіх месцах, у сельскай мясцовасці, у адносінах да пажылых грамадзян, раней судзімымі асобамі. Назіраецца зніжэнне колькасці ДТЗ, загінуўшых і параненых у іх людзей.

З пачатку года праваахоўнікам Гомельскай вобласці ўдалося раскрыць 120 злачынстваў дзякуючы матэрыялам камер вонкавага назірання.

— Пастановай Савета міністраў на тэрыторыі Гомельскай вобласці зацверджана аснашчэнне камерамі відэа-назірання больш як 700 аб'ектаў, якія ўключаны ў рэспубліканскую сістэму грамадскай бяспекі грамадзян. З гэтага пераліку больш як 200 аб'ектаў масавага знаходжання насельніцтва ўжо забяспечаны камерамі і ў першым паўгоддзі гэта работа ўжо дала станоўчыя вынікі, —  падзяліўся Аляксандр Шастайла.

Кіраўнік ведамства прапанаваў журналістам на свае вочы пабачыць, якім чынам і ў якіх умовах нясуць кругласутачную службу супрацоўнікі аператыўна-дзяжурнай часці ўпраўлення унутраных спраў. У сярэднім за суткі тут супрацоўнікі прымаюць да 500 зваротаў, рэгіструецца каля 70 матэрыялаў з прыкметамі крымінальна-каральных дзеянняў.

— Будынак УУС — 1978 года пабудовы, таму і належныя бытавыя умовы нясення службы на той момант не былі забяспечаны. Мы падышлі кардынальна: была праведзена перапланіроўка памяшканняў, — начальнік УУС звярнуў увагу на стварэнне максімальна тэхналагічнай і камфортнай прасторы для нясення кругласутачнай службы.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.

Здароўе

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Па статыстыцы на пяць хворых дзяўчынак прыходзіцца толькі адзін хлопчык.

Рэгіёны

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

Подзвіг ваенурачоў адлюстроўвае выстава Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі.