Вы тут

Эксперты расказалі, у чым сакрэт запатрабаванасці беларускай кнігі на міжнароднай арэне


У пачатку чэрвеня ў Маскве ў рамках кніжнага фестывалю «Красная плошча» адбылося пасяджэнне журы XX Міжнароднага конкурсу «Мастацтва кнігі» краін — удзельніц СНД. Сярод 68 выданняў з 6 краін экспертамі былі выбраны найлепшыя. Абвяшчэнне лаўрэатаў адбудзецца ў верасні — на Маскоўскім міжнародным кніжным кірмашы. У чаканні развязкі мы пагутарылі з вядучымі айчыннымі спецыялістамі ў галіне кнігавыдання: свае месцы за круглым сталом занялі Уладзімір Андрыевіч, начальнік упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Бела­русь, член журы Міжнароднага конкурсу «Мастацтва кнігі» краін — удзельніц СНД; Міхаіл Баразна, рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, старшыня журы нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі»; Віктар Шніп, намеснік дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура», галоўны рэдактар часопіса «Полымя»; Валерый Славук, мастак-графік, выкладчык Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. На парадку дня — пытанні аб канкурэнтных перавагах айчыннага кнігадруку, асаблівасцях афармлення літаратуры нон-фікшн і дыялогу праз кнігу. Прапануем вашай увазе вынікі дыскусіі.


Уладзімір Андрыевіч.

— Беларусь на працягу 20 гадоў упэўнена лідзіруе па колькасці ўзнагарод і дыпломаў на Міжнародным конкурсе «Мастацтва кнігі» краін — удзельніц СНД. На вашу думку, у чым сакрэт такой запатрабаванасці беларускай кнігі на міжнароднай арэне?

Уладзімір Андрыевіч: Шукаць адказ на гэтае пытанне варта ў гісторыі. Беларуская кніга заўсёды прыкметна вылучалася на агульным фоне — яшчэ з часоў Францыска Скарыны. І айчынныя кнігавыдаўцы працягваюць традыцыі, закладзеныя першадрукаром, зразумела, улічваючы вопыт і дасягненні апошніх дзесяцігоддзяў. У наш кліпавы час, калі інфармацыя ўспрымаецца пераважна мазаічна, каб прыцягнуць увагу чытача, важна ўмець зрабіць змястоўную, грамадска карысную кнігу і з густам аздобіць яе. Усе намаганні беларускіх кнігавыдаўцоў сёння сканцэнтраваны на гэтым, таму поспех заканамерны.

Міхаіл Баразна: Адказ знаходзіцца на паверхні з’яў культурнага жыцця. Высокая культура кнігі Беларусі адлюстроўвае прагу грамадства да асветы. Цікавая і прыгожая кніга — вынік супольнай працы аўтараў тэкстаў, экспертаў, выдаўцоў, менеджараў, дызайнераў, мастакоў, фатографаў, паліграфістаў і інш. Дыхтоўнасць творчага выніку і забяспечвае поспех беларускай кнігі на працягу доўгага часу сярод дасведчаных спецыялістаў.

Віктар Шніп: Сакрэт, на маю думку, просты — у нас ілюстрацыі нярэдка робяцца мастакамі гэтак жа, як і ў ранейшыя часы. Мастакі малююць фарбамі на па­перы, а не праз камп’ютарныя праграмы. І калі мастак малюе на паперы, усё, што ў яго атрымліваецца, — жывое, сапраўднае, з беларускай душой. У камп’ютарных малюнках, хоць яны часта вельмі яркія, няма сапраўднай душы, няма таго жывога беларускага святла, якое падчас малявання мастак перамешвае з фарбамі. Вось гэтае жывое святло прыцягвае да сябе сэрцы чытачоў і прымушае высока ацэньваць нашы кнігі.

Валерый Славук: Думаю, сакрэт не ў апошнюю чаргу ў тым, што пра­дукцыі выпускаецца шмат. Напрыклад, апошнім часам свет пабачыла шмат цікавых, дыхтоўных альбомаў і кніг. Хіба што добрай мастацкай літаратуры заўважна паменшала. Памятаю, быў час — і «Мастацкая літаратура», і «Юнацтва», і іншыя выдавецтвы мэтанакіравана працавалі на гэтай ніве, дый пісьменнікі былі больш уцягнуты ў працэс ілюстравання сваіх твораў. Цяпер жа ў выдавецтвах нярэдка могуць і на камп’ютары выбіраць дызайн кнігі. Да таго ж, па маіх адчуваннях, сёння мала заказаў для маладых мастакоў.

— Айчынная школа кніжнай графікі і паліграфіі — сапраўдны феномен. Як вы лічыце, дзякуючы чаму ў нашай краіне ўдалося захаваць высокі ўзровень культуры кнігавыдання?

Віктар Шніп.

Віктар Шніп: У нас захавалася добрая традыцыя, калі старэйшыя мастакі-ілюстратары перадаюць вопыт маладым, не баючыся, што тыя зробяць лепш, чым настаўнікі. І самае галоўнае — у нас усё робіцца з любоўю да тых твораў, якія ілюструюцца. У выдавецтвах жа захаваліся высокія патрабаванні да мастакоў.

Міхаіл Баразна: Нацыянальная школа выяўленчага мастацтва — адметная з’ява мастацкай культуры. Яна фарміруе сучасны візуальны вобраз краіны праз станковыя і манументальныя творы мастакоў, шырокія магчымасці дызайну, мастацкай фатаграфіі і кніжнай графікі. Зразумела, што кніжная графіка сучаснай Беларусі стала не толькі прыгожай візіткай за межамі краіны, але і штодзённым эфектыўным інструментам інфармацыйнай працы, эстэтызацыі інтэлектуальнага асяроддзя. Высокі ўзровень кніжнай графікі забяспечаны дзяржаўнай падтрымкай мастацкай адукацыі, яе лепшых традыцый. Творчасць беларускіх мастакоў кнігі вядома далёка за межамі краіны. У сценах Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў навучаліся такія знакамітыя мастакі кнігі, як Арлен Кашкурэвіч, Георгій Паплаўскі, Васіль Шаранговіч, Уладзімір Савіч, Віктар Александровіч. Сёння перадае свае веды маладым графікам адзін з найлепшых мастакоў краіны Валерый Славук.

Валерый Славук: Калі ўсе будуць ставіцца да сваёй справы па прынцыпе «атрымаў заданне — выканай яго добра», то высокі ўзровень культуры кнігавыдання нам гарантаваны. Бо, на мой погляд, патрыятычная работа — гэта работа, зробленая якасна, прафесійна, па-майстэрску. Яна ўжо будзе па вызначэнні патрыятычная, таму што прадстаўляе Беларусь у добрым святле.

Калі ж казаць пра сябе, я стараюся дзеля таго, каб у Акадэміі мастацтваў захоўвалася больш-менш высокая планка кніжнай ілюстрацыі — хаця б на тым узроўні, на які ўзнялі яе папярэднікі. Спакон веку было так заведзена: пакаленні павінны браць найлепшае ад папярэднікаў, іншага шляху не існуе. Гэта актуальна для ўсіх сфер мастацтва, не толькі для кніжнай графікі.

Уладзімір Андрыевіч: Мяркую, важкі складнік тут — дзяржаўная падтрымка. Падумайце самі: за апошнія 15—20 гадоў выдаткі на паліграфію рэзка ўзраслі, і без дзяржаўных укладанняў выпускаць кнігі ў тых аб’ёмах, у якіх яны выходзяць сёння, было б амаль немагчыма. Аднак вышэй азначаныя з’явы адбіліся і на кошце кніг. Тут, зноў жа, нельга забываць пра скарынаўскі подзвіг. Наш папярэднік зрабіў добрую справу — пачаў выдаваць кнігі друкарскім спосабам! Гэта дазволіла павялічыць тыражы і даступнасць пісанага слова для простых людзей.

Гэтыя традыцыі трэба працягваць, таму дзяржава шмат увагі надае беларускаму кнігадруку. Напрыклад, падтрымлівае літаратараў: з дапамогай Міністэрства інфармацыі штогод выдаецца каля 20 кніг беларускіх пісьменнікаў для папаўнення публічных бібліятэк сістэмы Міністэрства культуры і 5—7 кніг — для папаўнення бібліятэк сістэмы Міністэрства адукацыі, школьных бібліятэк. За кошт дзяржаўнага бюджэту яны рыхтуюцца выдавецтвамі і накіроўваюцца наўпрост на бібліятэчныя палічкі.

Нельга абмінуць увагай і нацыянальны конкурс «Мастацтва кнігі», пераможцы якога атрымліваюць прызы і дыпломы, а самае галоўнае — аўтарытэт. Звычайна на конкурс паступае больш за 70 выданняў. Лаўрэаты адзначаюцца на Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы.

Штогод вызначаюцца і лаўрэаты Нацыянальнай літаратурнай прэміі — яшчэ адна вялізная ініцыятыва па падтрымцы кнігавыдання. Прэмія немалая, і ўручаецца яна ў час правядзення Дня беларускага пісьменства.

Спрыяльным фактарам можна назваць і існуючую сістэму апрабацыі літаратуры — праз літаратурныя часопісы «Нёман», «Полымя» і «Маладосць». Спачатку твор публікуецца ў часопісе, атрымлівае чытацкі водгук. Потым аўтар можа выходзіць на выдавецтвы, але трэба, каб твор яго карыстаўся папулярнасцю, каб ён быў адзначаны не толькі пісьменніцкім асяроддзем, але і чытачамі, якія любяць кнігу, цікавяцца сучаснымі навінкамі.

Як член журы міжнароднага конкурсу, ведаючы крыху ўнутраную кухню іншых краін, хачу сказаць, што такога прэцэдэнту па дзяржаўнай падтрымцы, як у Беларусі, у суседзяў папросту няма. І гэта дае свой плён… Конкурс «Мастацтва кнігі» краін — удзельніц СНД праводзіцца ўжо 20 гадоў, і за ўвесь гэты час на разгляд міжнароднага журы было прадстаўлена каля 2,5 тысячы кніг. Уявіце, якая канкурэнцыя! І вось у такіх умовах Беларусь атрымала больш за ўсіх дыпломаў — 208, у тым ліку 11 Гран-пры!

— У спісах лаўрэатаў конкурсу «Мастацтва кнігі» краін СНД розных гадоў пераважаюць кнігі гісторыка-культурнай тэматыкі. Па-вашаму, з чым гэта звязана? У чым спецыфіка афармлення такога кшталту выданняў?

Міхаіл Баразна: Тэматыка вызначаецца попытам чытацкай аўдыторыі. Беларусы цікавяцца сваёй гісторыяй, культурай. Таксама хочацца расказаць пра сваю краіну, яе прыгажосць, мастацкую спадчыну ўсяму свету.

Віктар Шніп: Кнігі гісторыка-культурнай тэматыкі заўсёды адметныя, бо ў кожнай краіны свае гісторыя і культура. І за мяжой такія кнігі выклікалі, выкліка­юць і будуць выклікаць цікавасць. У афармленні такіх кніг павінна быць захавана гістарычная праўда, і нашы выдавецтвы стараюцца яе захоўваць.

Уладзімір Андрыевіч: Кожная кніга адразу ўспрымаецца зрокава. На мой погляд, яна павінна выклікаць эмоцыі, і не толькі на ўзроўні зместу. Эмоцыі штурхаюць чытача паглыбіцца ў тэму. Кнігі гісторыка-культурнай накіраванасці вымагаюць знаходзіць нетрывіяльныя мастацка-тэхнічныя рашэнні, якія чапляюць чытачоў, — з выкарыстаннем фатаграфій і іншага выяўленчага матэрыялу.

Сапраўды, нашы выдавецтвы выпускаюць шмат гістарычнай, краязнаўчай літаратуры. Гэта натуральна, бо мы ўсё ж такі маладая дзяржава: крышку больш за 30 гадоў суверэнітэту, да якога ішлі на працягу многіх стагоддзяў. І адна з нашых задач — паказаць сабе і ўсім астатнім, што мы сабой уяўляем. У рэшце рэшт, нішто так не захоўвае гістарычную памяць, як кніга, бо што напісана пяром, таго не вырубіш тапаром. Інфармацыю ў інтэрнэце мы, паўтаруся, успрымаем кліпава, «серфінгуем» па ёй. А з кнігай камунікуем сэрцам і душой.

Валерый Славук.

Валерый Славук: Мне самому, дарэчы, больш падабаецца афармляць мастацкую літаратуру. Зрэшты, у пэўным сэнсе нашумелы «Чароўны свет: з беларускіх міфаў, паданняў і казак» — гэта, канешне, гісторыка-культурнае выданне, свайго роду энцыклапедычны зборнік беларускіх паданняў у сучаснай апрацоўцы. Памятаю, мне проста прапанавалі рукапіс — апісанні казачных персанажаў. Тэксту было даволі шмат, але я ўзяў толькі частку персанажаў — тых, чые выяўленчыя рашэнні былі адразу зразумелыя. І гэтага хапіла на дыхтоўную кнігу. Прытым усё даволі хутка атрымалася. Вядома, я карыстаўся нейкімі дапаможнымі матэрыяламі. Давялося штосьці і ў адмысловых альбомах пашукаць, асабліва інфармацыю па традыцыйным беларускім побыце.

— Чаму нярэдка ў цені застаецца мастацкая літаратура?

Валерый Славук: Упэўнены, што раней было больш густоўна аформленай мастацкай літаратуры. Мяркую, гэта з-за таго, што афармляць немастацкую літаратуру прасцей. Вядома, многае залежыць ад таго, хто займаецца афармленнем, але цяпер, паколькі ў інтэрнэце маса інфармацыі і выяўленчага матэрыялу, зусім не абавязкова звяртацца да мастака. Акрамя таго, відаць, мала цікавай літаратуры, бо таленавітых мастакоў, якія маглі б займацца яе афармленнем, хапае. Толькі з Акадэміі мастацтваў штогод колькі прафесіяналаў выходзіць!

Віктар Шніп: Кнігі прозы і паэзіі амаль заўсёды выходзяць без ілюстрацый, таму яны нярэдка застаюцца ў цені. Але серыйныя кнігі таксама маюць сваіх прыхільнікаў.

Уладзімір Андрыевіч: Можа, мастацкай літаратуры на конкурсе «Мастацтва кнігі» краін СНД сапраўды менш, чым хацелася б, але кнігі такія ёсць, і яны выдатна ілюстраваны. Прывяду некалькі прыкладаў толькі апошняга часу… Дыпломы 1-й ступені ў розныя гады і ў розных намінацыях міжнароднага конкурсу атрымлівалі такія выданні, як «Чаму вожык не стрыжэцца?» Алеся Пісьмянкова («Мастацкая літаратура»), «Буранны паўстанак. І вякуе дзень даўжэй за век» Чынгіза Айтматава («Народная асвета»), «Пялёсткі лотаса і хрызантэмы. Сто паэтаў Кітая XX стагоддзя» («Мастацкая літаратура») і «Пан Тадэвуш» Адама Міцкевіча («Беларусь»). Дыплом 2-й ступені ёсць на рахунку «Новай зямлі» Якуба Коласа («Мастацкая літаратура»). Самае ж галоўнае — Гран-пры 2018 года атрымала кніга «Янка Купала “А хто там ідзе?”: на мовах свету». Разумееце, Гран-пры міжнароднага конкурсу за кніжнае прадстаўленне аднаго верша нашага слыннага класіка! Але ён так пададзены, так аздоблены маста­ком-дызайнерам, што выклікаў сапраўдны фурор у кнігазнаўцаў краін СНД.

Міхаіл Баразна.

Міхаіл Баразна: Гэтае пытанне патрабуе асобнай размовы, глыбокага папярэдняга аналізу. Хачу сказаць, што сённяшнія маста­коўскія сілы, дызайнеры сапраўды могуць выканаць задачы самага складанага ўзроўню па кніжным афармленні мастацкай літаратуры.

— Як падобныя конкурсы садзейнічаюць дыялогу культур? І чаму беларускім выдавецтвам можна павучыцца ў замежных калег?

Уладзімір Андрыевіч: Сутнасць конкурсу «Мастацтва кнігі» краін СНД якраз у тым, каб садзейнічаць збліжэнню кнігавыдаўцоў суседніх краін. Таму што, па-першае, канкурэнцыя заўсёды стымулюе рабіць лепш, а па-другое, калі бачыш тыя кнігі, — а кожны год на разгляд прапануецца каля 100 выданняў — пачынаеш аналізаваць чужы вопыт. І гэта не праходзіць марна… Апошнія чатыры гады мы атрымлівалі лаўрэацтва ва ўсіх намінацыях. Да таго ж, сёлета кніга «Генацыд беларускага народа» выдавецтва «Беларусь» атрымала спецыяльны дыплом у намінацыі Гран-пры «За захаванне гістарычнай памяці і духоўных каштоўнасцей». У гэтым годзе ў 10 намінацыях 6 дыпломаў 1-й ступені і 4 дыпломы 2-й ступені — на рахунку Беларусі. Гэта пра многае кажа.

Міхаіл Баразна: Беларускае мастацтва кнігі ХХ і першых дзесяцігоддзяў ХХІ стагоддзя скіравана на дыялог. Гэта засведчана спецыялістамі. На кніжных паліцах можна бачыць выдадзеныя ў Беларусі кнігі аўтараў розных краін свету, літаратурную сусветную класіку. А творчыя конкурсы міжнароднага ўзроўню якраз адлюстроўваюць працэсы засваення перадавога вопыту. Мы праяўляем цікавасць да эксперыментаў замежных выдаўцоў, дызайнераў і мастакоў кнігі. Вучацца і ў нас.

Валерый Славук: Ёсць такое санкт-пецярбургскае выдавецтва «Віта Нова». Яно спецыялізуецца на прэміяльных выданнях, а яго супрацоўнікі працуюць па традыцыях яшчэ XIX стагоддзя, калі да выдавецкай дзейнасці падыходзілі вельмі адказна, а кнігі прызначаліся не толькі для чытання, а ў першую чаргу гэта былі рэчы, калекцыйныя альбо падарункавыя прадметы. Нядаўна ў гэтым выдавецтве ў серыі «Казкі народаў свету» з’явіўся зборнік «Беларускія народныя казкі» з маімі ўнікальнымі ілюстрацыямі. Хачу сказаць, што ў такога выдавецтва сапраўды ёсць чаму павучыцца. Людзі там не проста сядзяць, не чакаюць свайго заробку, а па-сапраўднаму зацікаўлены ў тым, што робяць. На жаль, не заўсёды ў нас на такім узроўні працуюць выдаўцы.

Апошнім часам знаходжу і купляю шмат замежнай дзіцячай літаратуры. Многае з таго варта нашым студэнтам паказваць. У нас у Акадэміі ёсць курс, прысвечаны мастацтву ілюстравання дзіцячых кніг, і сапраўды можна паказваць у яго рамках, што робяць за мяжой. Бо адна справа — расказваць, як павінна быць, а іншая справа — паказаць на прыкладзе. Дастойныя прыклады ёсць.

Віктар Шніп: Усе конкурсы, якія праходзяць у нас і за мяжой, заўсёды ажыўляюць не толькі супрацоўнікаў выдавецтваў і паліграфістаў, а ўсіх, для каго папяровая кніга была і застаецца каштоўнай. І на такіх міжнародных конкурсах адбываюцца знаёмствы, што з цягам часу перарастаюць не проста ў сяброўства, а ў творчае супрацоўніцтва, якое ўзаемаўзбагачае. Чаму можна павучыцца ў замежных калег? Цяпер ужо цяжка сказаць, бо ўсё лепшае мы даўным-даўно ў іх перанялі, і ўжо нярэдка нашы замежныя сябры сёе-тое бяруць у нас для сябе. І гэта добра. Сябры павінны быць ва ўсім сябрамі.

Каміла НАВІНКІНА

У матэрыяле выкарыстаны фотаздымкі Я. Пясецкага, К. Дробава, а таксама з сайта smartpress.by


Праект створаны пры фінансавай падтрымцы ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта № 131 ад 31 сакавіка 2022 года.

Друкуецца ў газеце «Літаратура і Мастацтва»

Выбар рэдакцыі

Культура

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Юная артыстка, якая арганічна падае сябе ў розных вобразах і жанрах. 

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.