Вы тут

Маладзёжны кулінарны сэрвіс па-хатняму


У аздараўленчым лагеры «Магістраль» Віцебскага аддзялення Беларускай чыгункі, што знаходзіцца ў Віцебскім раёне, ужо на трэцюю змену заступіў студэнцкі атрад Віцебскага дзяржаўнага індустрыяльнага каледжа. Карэспандэнт «Чырвонкі. Чырвонай змены» пабывала на ўнутранай кухні лагера і даведалася, чаму лета — сапраўды маленькае жыццё.


«Добрай раніцы! Хутчэй на сняданак», — так пачынаецца дзень у лагеры «Магістраль», што размясціўся ў шыкоўным сасновым бары на беразе маляўнічага возера Шэвіна. І рабяты — паўнавартасныя жыхары гэтага горада дзяцінства на 18 дзён — спяшаюцца ў сталовую, бо ведаюць, што зараз будзе смачна і па-хатняму.

За «ядомы» распарадак дня пад кіраўніцтвам шэф-кухараў адказваюць члены студатрада Віцебскага дзяржаўнага індустрыяльнага каледжа «Магістраль».

Дзесяць навучэнцаў трэцяга курса яшчэ на першай змене, якая адкрылася 3 чэрвеня, размеркаваліся па пяць чалавек у дзве брыгады. І цяпер працуюць па графіку два дні праз два. Шэф-кухар лагера Уладзімір Дзямідзенка адзначае, што без дапамогі студатрадаўцаў не абысціся — паспрабуй пяць разоў на дзень накарміць больш за 300 маленькіх «чамучак»! А кормяць тут выдатна, на любы густ: і каўбаскі па-слуцку, і катлеты пад сырам, і свежая садавіна, і выпечка! Апошняе, дарэчы, з'яўляецца «разыначкай» лагера, бо чаго толькі тут не прапануюць адпачывальнікам: піцы па-хатняму, булачкі, цукровыя завітушкі. Ва ўсіх кулінарных працэсах пад наглядам вопытных кухараў бяруць непасрэдны ўдзел байцы студатрада.

Кірыл Качаеў змог паспрабаваць сябе і ў ролі кухара, і ў ролі афіцыянта. Кіраўніцтва аздараўленчай установы дазваляе моладзі абіраць спецыяльнасць даспадобы, дае мажлівасць праявіць сябе ў кулінарыі і сферы абслугоўвання. Станіслаў Сувораў працуе ў цэху. Прызнаецца, што больш падабаецца падрыхтоўваць гародніну, а яе, сказаць шчыра, за дзень набягаюць вельмі вялікія аб'ёмы! Так, напрыклад, сёння ў меню значылася пюрэ — для яго трэба пачысціць каля 80 кілаграмаў бульбы. Супы на розны густ таксама ўражваюць — на абед іх спатрэбіцца 120 літраў, а кампоту — літраў 80! Вядома, што зрабіць столькі загатовак аднаму складана, тады на дапамогу талакой прыходзяць кухонныя рабочыя.

Таня Краско любіць стаяць на раздачы, прыпраўляючы добрым настроем і вясёлай дзявочай усмешкай кожную талерку, якая адпраўляецца дзецям. А па-іншаму нельга, бо незалежна ад настрою і стомленасці «байцоў нябачнага фронту» лагер — месца дабрыні і пазітыўных эмоцый. Калега Тані Андрэй Міхаменка ўзяў на сябе абавязак рабіць смачныя салаты, што ў юнака атрымліваецца бліскуча. «За два месяцы тут ужо навучыўся рэзаць нажом роўна, амаль не гледзячы на дошку. Атрыманы вопыт выкарыстоўваю і дома, сям'я ў захапленні», — усміхаецца Андрэй.

Байцы гэтага студатрада ўжо праз год атрымаюць дыпломы тэхнікаў-тэхнолагаў і майстроў харчовай прамысловасці, а пакуль набіваюць руку на практыцы. Некаторыя з іх плануюць вярнуцца сюды і на размеркаванне пасля каледжа, аднак не ў лагер (бо ён працуе толькі ў летні перыяд), а ў санаторый «Лётцы», філіялам якога з'яўляецца «Магістраль».

«Работа ў студатрадзе — выдатная магчымасць у кароткі тэрмін зразумець на практыцы, ці зможаш ты і далей ісці па прафесіі. Вядома, гэта і запамінальны час новых знаёмстваў, магчымасць уліцца ў калектыў, адпачыць у сасновым бары на свежым паветры. Ды падзарабіць!» — дзеліцца ўражаннямі Таццяна Краско.

А падзарабіць і праўда можна нядрэнна: пры графіку два праз два за дзевяць працоўных дзён кухары атрымліваюць 340 рублёў, афіцыянты крыху менш — 280. Таксама кіраўніцтва лагера выдзяляе моладзі бясплатныя месцы ў лагеры для адпачынку і забяспечвае харчаваннем па зніжаным кошце — 15 працэнтаў ад поўнай цаны.

Па словах начальніка лагера Аляксея Краўчанкі, «Магістраль» даўно супрацоўнічае з БРСМ і накіроўвае заяўкі на студатрады. «Такая форма работы з моладдзю — гэта не толькі магчымасць укамплектаваць змену падчас аздараўленчага сезона неабходнымі кадрамі, але і карысны абмен вопытам, новымі ідэямі і ініцыятывамі. Шчыры дзякуй індустрыяльнаму каледжу за дапамогу і накіраванне ў нашу краіну дзяцінства адказных і натхнёных маладых людзей», — адзначыў Аляксей Краўчанка.

А тым часам у прасторнай сталовай чуюцца грукат лыжак і зацяжныя воклічы «Ой, як смачна!». Пасля дзеці разам падзякуюць кухарам за стравы і зноў разбягуцца па сваіх атрадах. А для шэф-кухара і яго маладых памочнікаў лепшай ацэнкі і не трэба.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

Што губляюць работнік і дзяржава?

Рэгіёны

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Вучэбны год завяршаецца для 1,1 мільёна беларускіх школьнікаў, з іх 107,8 тысячы заканчваюць 9-я класы і 57,5 тысячы — 11-я.

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.