Вы тут

ССНУ Беларусі пачынаюць прыём дакументаў ад абітурыентаў


20 ліпеня ў краіне распачынаецца прыём дакументаў ад абітурыентаў, якія паступаюць на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Прыёмная кампанія ў ССНУ будзе доўжыцца месяц.


Трэба мець на ўвазе, што паводле новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі ўсе навучальныя ўстановы, якія рэалізоўваюць праграмы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, перайшлі на адзіны від установы адукацыі — цяпер гэта каледж. Сёння ў краіне іх налічваецца 229. Акрамя таго, быў уведзены новы класіфікатар спецыяльнасцяў і кваліфікацый. Гэта важны дакумент, у якім перагледжаны найменні спецыяльнасцяў, унесены новыя, а нейкія страцілі сваю актуальнасць і былі выключаны.

Што датычыцца правілаў прыёму, то ў сёлетнюю ўступную кампанію выпускнікі 9-х і 11-х класаў будуць залічвацца па конкурсе сярэдняга бала дакумента аб адукацыі. Раней, нагадаем, адзінаццацікласнікі здавалі ЦТ. Праўда, змены не закрануць творчыя спецыяльнасці, а таксама прафесіі, звязаныя з фізічнай культурай і спортам. У такіх выпадках (акрамя сярэдняга бала атэстата) абітурыенты па-ранейшаму будуць здаваць і ўступныя іспыты. Гэта спецыфіка адбору таленавітых дзяцей.

План прыёму на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі складае 39,6 тысячы чалавек, з іх 27,4 тысячы будуць навучацца за кошт бюджэтных сродкаў. На 12,5 працэнта быў павялічаны прыём на аснове агульнай базавай адукацыі.

Пералік спецыяльнасцяў у каледжах пераглядаецца штогод. Набор па нейкіх закрываюць ці, наадварот, аднаўляюць. Гэта звязана з бягучай патрэбай базавых прадпрыемстваў у рэгіёнах у канкрэтных кадрах. У цэлым па краіне 24 установы адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы сярэдняй спецыяльнай адукацыі, пашырылі пералік спецыяльнасцей, па якіх будуць ажыццяўляць падрыхтоўку. 

Адкрываюцца таксама і новыя спецыяльнасці. Так, у філіяле БДУІР «Мінскі радыётэхнічны каледж» упершыню ў краіне на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі адкрыецца спецыяльнасць «Тэхнічнае забеспячэнне інфармацыйнай бяспекі» з атрыманнем кваліфікацыі «Тэхнік па інфармацыйнай бяспецы».

Спецыяліст па інфармацыйнай бяспецы — адна з ключавых прафесій, запатрабаваных на рынку працы, бо амаль кожная арганізацыя сёння сутыкаецца з праблемай інфармацыйных пагроз і, як вынік, задачай гарантавання бяспекі даных. Пастаянна ўдасканальваюцца тэхналогіі абароны баз даных, але ўразлівасць абароны не толькі не памяншаецца, а ўвесь час расце. Выпускнікі гэтай спецыяльнасці будуць маніторыць сістэмы інфармацыйнай бяспекі, устанаўліваць неабходныя тэхнічныя і праграмныя сродкі абароны, ажыццяўляць пошук магчымых каналаў уцечак даных, устаноўку, настройку і абслугоўванне тэхнічных і праграмна-апаратных сродкаў абароны інфармацыі. Спектр прадпрыемстваў, якія выказалі зацікаўленасць у выпускніках гэтай спецыяльнасці, дастаткова шырокі — ад банкаў да кампаній-рэзідэнтаў ПВТ, бо сёння любая арганізацыя сутыкаецца з праблемай інфармацыйных пагроз, таму спецыяльнасць надзвычай запатрабаваная. Раней атрымаць яе можна было толькі на ўзроўні вышэйшай адукацыі, але ўзнікла патрэба адкрыць падрыхтоўку і на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

Таксама ў Мінскім радыётэхнічным каледжы будзе праводзіцца набор на базе адзінаццаці класаў на дыстанцыйную форму навучання па спецыяльнасці «Распрацоўка і суправаджэнне праграмнага забеспячэння інфармацыйных сістэм» (тэрмін навучання складзе 2 гады 10 месяцаў) . Нагадаем, што дыстанцыйная форма навучання была замацаваная ў новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі.

На фоне бурнага развіцця ў краіне мікраэлектронікі ААТ «Інтэграл» — кіруючая кампанія холдынга выказала зацікаўленасць у заказе большай колькасці спецыялістаў для мікраэлектроннай прамысловасці, таму на спецыяльнасць «Вытворчасць вырабаў мікра- і нанаэлектронікі» ў бягучым годзе ў Мінскім радыётэхнічным каледжы будзе павялічаны набор — да 60 чалавек. Прычым на «Інтэграле» зацікаўлены ў мэтавай падрыхтоўцы па гэтай спецыяльнасці, каб гарантавана атрымаць праз некалькі гадоў патрэбных спецыялістаў.

У Індустрыяльна-педагагічным каледжы РІПА таксама адкрываецца новая спецыяльнасць «Будаўніцтва і эксплуатацыя энергаэфектыўных будынкаў». Набор будзе весціся на аснове базавай адукацыі, а тэрмін навучання складзе 3 гады 10 месяцаў.

У Мінскім дзяржаўным каледжы рамесніцтва і дызайну імя М. Кедышкі распачнецца падрыхтоўка фларыстаў. Набіраць на гэты кірунак будуць як на ўзровень прафесійна-тэхнічнай, так і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. «Фларыстычны дызайн» — абсалютна новая прафесія ў нашай краіне. На гэту прафесію зараз вялікі попыт, паўсюдна патрабуюцца кампетэнтныя спецыялісты. Сёння надзвычай запатрабаванае дэкаратыўнае кветкавае афармленне розных памяшканняў, сацыяльных і культурных мерапрыемстваў, прэзентацый, вяселляў, фармальных і нефармальных сустрэч. Асноўныя заказчыкі кадраў — Мінскі парнікова-цяплічны камбінат, Галоўнае гаспадарчае ўпраўленне Кіраўніцтва спраў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і «Ружа.Бел»

Спецыяліст чацвёртага разраду ўмее вырабляць круглыя, каскадныя, сіметрычныя букеты з жывых зрэзаных кветак і іншага расліннага матэрыялу ў спіральнай і паралельнай тэхніцы, кветкавыя кампазіцыі на фларыстычнай губцы. Фларыст пятага разраду будзе ствараць дэкаратыўныя структурныя букеты з жывых зрэзаных кветак, сухацветаў, штучных кветак і іншага расліннага матэрыялу нестандартных форм, з вялікай колькасцю зеляніны і дэкаратыўных элементаў са штучных і натуральных матэрыялаў, кветкавыя кампазіцыі нестандартных форм, аксесуары.

Абітурыентам, якія паступаюць на ўзровень прафесійна-тэхнічнай адукацыі, здаваць нічога не трэба. Да ўвагі бярэцца толькі сярэдні бал дакумента аб адукацыі. Калі малады чалавек першапачаткова жадае атрымаць больш высокую кваліфікацыю і мае намер падаваць дакументы на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі, то яму, акрамя прад’яўлення атэстата, трэба будзе вытрымаць яшчэ і творчы экзамен. 

Таксама Мінскі дзяржаўны каледж рамесніцтва і дызайну імя М. Кедышкі ўпершыню будзе ажыццяўляць набор па спецыяльнасці «Абслугоўваючая праца. Выяўленчая творчасць». Гэты кірунак навучання прыцягальны для дзяўчат — будучых настаўніц працы і малявання ў пачатковых класах.

Спецыяльнасць «Рэстаўрацыйна-аднаўленчыя работы» з прысваеннем кваліфкацыі «Рэстаўратар дэкаратыўна-мастацкіх афарбовак» адкрыецца ў Мінскім дзяржаўным каледжы тэхнікі і тэхналогій будаўніцтва, «Дызайн мультымедыя» — у Мінскім дзяржаўным мастацкім каледжы імя А. Глебава, «Выраб аптычных прыбораў» — у Мінскім дзяржаўным каледжы аўтамабілебудавання.

У рэгіёнах на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі таксама з’явяцца новыя для канкрэтных каледжаў спецыяльнасці і актуальныя для рынку працы. Установы адукацыі разам з заказчыкамі кадраў імкнуцца ўлічваць патрабаванні часу і запыты абітурыентаў, прапаноўваючы навінкі, якія адносяцца да самых розных сфер дзейнасці.

Напрыклад, у Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным каледжы будзе весціся набор па спецыяльнасцях «Распрацоўка і суправаджэнне вэб-рэсурсаў» з прысваеннем кваліфікацыі «Тэхнік-праграміст» і «Тэхнічнае забеспячэнне інфармацыйнай бяспекі» (кваліфікацыя «Тэхнік па інфармацыйнай бяспецы»). У Віцебскім дзяржаўным індустрыяльна-тэхналагічным каледжы з’явіцца «Мадэляванне, канструяванне і тэхналогія швейных вырабаў», дзе стануць рыхтаваць мадэльераў-канструктараў. У Аршанскім дзяржаўным політэхнічным каледжы — «Будаўніцтва будынкаў і збудаванняў» (можна будзе стаць тэхнікам-будаўніком).

У Брэсцкім дзяржаўным каледжы сувязі рыхтуюць па сямі спецыяльнасцях. Сёлета, у сувязі з новым класіфікатарам спецыяльнасцяў і кваліфікацый, сур’ёзныя змены зведалі тры прафесіі: тэхніка-электроніка (спецыяльнасць змяніла назву на «Тэхнічную эксплуатацыю сродкаў вылічальнай тэхнікі»), сакратара-рэферэнта (павялічана колькасць гадзін на вывучэнне замежнай мовы) і спецыяліста па фінансавых паслугах (раней спецыяльнасць называлася «Страхавая справа»). Акрамя таго, у каледжы адкрываецца новая спецыяльнасць — «Інфармацыйныя кабельныя сеткі» з прысваеннем кваліфікацыі «Тэхнік па тэлекамунікацыях».

Абітурыенты, якія паступаюць пасля дзевятага класа ў сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы на дзённую форму атрымання адукацыі за кошт сродкаў бюджэту, падаюць дакументы з 20 ліпеня да 3 жніўня, на платную дзённую форму — з 20 ліпеня да 14 жніўня. Абітурыентам дзённай формы атрымання адукацыі, якія паступаюць на платную форму навучання на спецыяльнасці, дзе трэба здаваць уступны іспыт, дакументы трэба падаць да 3 жніўня.

Выпускнікам 11-х класаў і ўстаноў прафтэхадукацыі, якія паступаюць на вочную (дзённую, вячэрнюю), дыстанцыйную або завочную формы атрымання адукацыі за кошт сродкаў бюджэту, неабходна прадаставіць дакументы з 20 ліпеня да 12 жніўня, «платнікам» — з 20 ліпеня да 20 жніўня. Калі ж пры паступленні прадугледжаны ўступны іспыт, то і «платнікі» падаюць дакументы да 12 жніўня.

Уступныя іспыты ў ССНУ на дзённую форму атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі на аснове агульнай базавай адукацыі за кошт сродкаў бюджэту і на платнай аснове пройдуць з 4 да 8 жніўня, на вочную (дзённую, вячэрнюю), дыстанцыйную або завочную форму атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі на аснове агульнай сярэдняй або прафтэхадукацыі за кошт бюджэту і на платнай аснове — з 13 да 15 жніўня.

Залічаць абітурыентаў з агульнай базавай адукацыяй на дзённую форму атрымання адукацыі на бюджэт да 10 жніўня, «платнікаў» — да 16 жніўня. На аснове агульнай сярэдняй або прафтэхадукацыі залічэнне на дзённую бюджэтную форму навучання адбудзецца да 16 жніўня. На дзённай, дыстанцыйнай або завочнай форме атрымання адукацыі на платнай аснове на аснове агульнай сярэдняй і прафесійна-тэхнічнай адукацыі апошні дзень залічэння — 21 жніўня.

Аб дадатковым наборы на бюджэтныя месцы, што засталіся вакантнымі пасля залічэння, абітурыенты з агульнай базавай адукацыяй, якія паступаюць на дзённую форму атрымання адукацыі, павінны быць праінфармаваныя не пазней за 11 жніўня. Абітурыенты з агульнай сярэдняй або прафтэхадукацыяй даведаюцца аб вакантных месцах не пазней за 17 жніўня.

Для абітурыентаў, якія плануюць паступаць на спецыяльнасці напрамкаў «Сельская гаспадарка», «Ветэрынарыя» ў вочнай (вячэрняй) або завочнай форме атрымання адукацыі за кошт сродкаў бюджэту або на платнай аснове, тэрміны прыёму дакументаў — з 15 кастрычніка да 30 лістапада. Залічэнне — да 10 снежня.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота аўтара і з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Добраўпарадкаванне населеных пунктаў і навядзенне парадку на зямлі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.