Вы тут

Сергеенка: Цікавасць да гісторыі не толькі ў моладзі, але і ва ўсяго нашага насельніцтва дастаткова высокая


Цікавасць да гісторыі не толькі ў моладзі, але і ва ўсяго насельніцтва Беларусі дастаткова высокая. Пра гэта заявіў журналістам кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Ігар Сергеенка перад пасяджэннем Рэспубліканскага савета па гістарычнай палітыцы, перадае БелТА.


Фота: БелТА.

«Калі летась мы разгортвалі гэтую працу, то пачыналі з удасканалення навучальнага працэсу ў школах, вышэйшых навучальных установах. Гэта і падрыхтоўка падручнікаў, удасканаленне праграм, увядзенне курса „Гісторыя беларускай дзяржаўнасці“ ў вышэйшых навучальных установах. Гэта значыць, каб выхоўваць, трэба ў першую чаргу даць веды. Другі напрамак у захаванні нашай гісторыі — выкарыстанне таго патэнцыялу, які ў нас ёсць (нашы мемарыялы, помнікі), удасканаленне экскурсійнай дзейнасці, — адзначыў Ігар Сергеенка. — Мы бачым сёння, што цікавасць да гісторыі не толькі ў моладзі, але і ва ўсяго нашага насельніцтва досыць высокая».

Тэмамі цяперашняга пасяджэння сталі пытанні, якія разглядаюць гістарычную палітыку ў самых розных аспектах. Члены савета абмеркавалі падрыхтоўку абноўленага Нацыянальнага атласа Беларусі — выдання, якое адлюстроўвае не толькі гісторыю, але і геаграфію, культуру і іншыя сферы дзейнасці дзяржавы. Папярэдні атлас быў выпушчаны больш за 20 гадоў таму, і даўно прыйшла пара абнавіць яго. Перавыдаць атлас плануюць да сярэдзіны 2024 года.

Удзельнікі пасяджэння таксама разгледзелі падыходы да ваенна-патрыятычнага выхавання ва ўстановах адукацыі і папулярызацыі ваеннай гісторыі, перспектывы развіцця навукова-метадычных часопісаў па гісторыі, найбольш прыярытэтныя напрамкі для дысертацыйных даследаванняў, Адлюстраванне найбольш важных старонак гісторыі ў сучасным жыцці грамадства.

Памочнік міністра абароны па ідэалагічнай рабоце ва Узброеных Сілах-начальнік Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны Леанід Касінскі таксама адзначыў, што беларуская моладзь сёння цікавіцца гісторыяй, у тым ліку ваеннымі аспектамі. «Мы шмат працуем з моладдзю (падчас правядзення ваенна-патрыятычных гульняў, у спартыўных лагерах) і бачым, што яна цікавіцца пытаннямі ваеннай гісторыі. Кантрольныя зрэзы, якія мы робім падчас розных гістарычных эстафет, паказваюць, што, на шчасце, нашы хлопцы ведаюць асноўныя вехі ваеннай гісторыі», — сказаў Леанід Касінскі.

Ён падкрэсліў, што апаненты Беларусі спрабуюць фальсіфікаваць многія даты і гістарычныя моманты, падносячы іх пад іншым соусам, а значыць, неабходна эфектыўна супрацьстаяць такім спробам. «Ваенная гісторыя — гэта частка гісторыі нашай краіны, і веданне яе асноўных напрамкаў сёння вельмі важна. Вельмі важна расказаць падрастаючаму пакаленню праўду, у першую чаргу пра гісторыю Вялікай Айчыннай вайны», — дадаў галоўны ідэолаг Міністэрства абароны.

Леанід Касінскі адзначыў, што гаворка ідзе не толькі пра падзеі часоў ВАВ. «Мы разглядаем розныя этапы нашай ваеннай гісторыі, пачынаючы з сярэдніх стагоддзяў і заканчваючы сучаснасцю. Бо ідзе фальсіфікацыя падзей, бітваў, ваенна-гістарычных момантаў, пачынаючы з сярэдніх стагоддзяў», — растлумачыў ён.

Перыядычна ў грамадстве падымаецца яшчэ адно пытанне: ад якога гістарычнага пункту ўсё ж такі адлічваць фарміраванне беларускай дзяржаўнасці? Рэктар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Беларусі кандыдат гістарычных навук Вячаслаў Даніловіч адказвае адназначна: «першая дзяржава на нашай тэрыторыі — гэта Полацкае княства. Але мы ж гаворым і пра тое, што дзяржаўнасць — гэта і ўнутраны патэнцыял людзей. У нашых продкаў гэты патэнцыял — здольнасць ствараць дзяржаву, падтрымліваць яе функцыянаванне — фарміраваўся тысячагоддзямі».

Дарэчы, вясной гэтага года Інстытут сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук вывучыў грамадскую думку аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны і гістарычнай памяці. 98,5% апытаных лічаць, што сучаснаму беларусу важна ведаць гісторыю сваёй краіны. Практычна кожны другі беларус ведае ключавыя падзеі ваенных гадоў. Больш за 60% беларусаў лічаць, што быць патрыётам значыць быць адданым беларускай зямлі і народу.

Рэспубліканскі савет па гістарычнай палітыцы пры Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі створаны распараджэннем Кіраўніка дзяржавы 4 лютага 2022 года — ў Год гістарычнай памяці. У састаў савета на грамадскіх пачатках увайшлі навукоўцы-гуманітарыі, грамадскія дзеячы, прадстаўнікі палітычных партый, грамадскіх аб’яднанняў, экспертнай супольнасці, дзяржорганаў і арганізацый. Ключавую ролю ў рабоце савета выконвае Нацыянальная акадэмія навук, на якую ўскладзена арганізацыйнае, экспертна-аналітычнае і навукова-метадычнае забеспячэнне яго дзейнасці.

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.