Вы тут

Бацькі і дзеці: як адрозніць клопат ад маніпуляцыі?


У якіх выпадках нашчадкам, якія выраслі, трэба дапамагаць, а калі ад гэтага варта адмаўляцца? У якой падтрымцы з боку дачок і сыноў перш за ўсё маюць патрэбу састарэлыя таты і мамы? Гутарым пра гэта з псіхолагам Таццянай Шарандай.


Фота: pixabay.com

Падтрымаць, але не ўтрымліваць

— Закон абавязвае бацькоў утрымліваць дзяцей да 18 гадоў. Але сёння клопат тат і мам аб сваіх нашчадках, як правіла, не спыняецца пасля дасягнення імі паўналецця, а зацягваецца часам на гады, а то і на дзесяцігоддзі. Ці правільна гэта?

— Каштоўнасныя арыенціры ў сучасным свеце зрушыліся, і сёння бацькі імкнуцца да таго, каб дзеці атрымалі высокі ўзровень адукацыі. Юнакі і дзяўчаты доўга вучацца, пазней сталеюць і пазней становяцца самастойнымі. Раней 7—10-гадовыя дзяўчынкі і хлопчыкі ўжо дапамагалі бацьку і маці па гаспадарцы. Сёння праца іх аднагодкаў часта зводзіцца толькі да вучобы. Пасля заканчэння школы многія паступаюць у ВНУ. Дзеля шчаслівай будучыні дзяцей дарослыя згодны фінансаваць іх да той пары, пакуль яны не ўстануць на ногі. Добра, калі студэнт заматываваны сепарыравацца ад мамы і таты і жыць самастойна. Тады ён, напэўна, знойдзе магчымасць недзе падзарабіць, каб не сядзець на бацькоўскай шыі.

— У чым павінна заключацца бацькоўская дапамога паўналетнім дзецям? Бо адна справа — «падкідваць» грошай на смартфон і адзенне свайму студэнту, іншая — набыць жыллё, машыну?

— Усё залежыць, зразумела, ад дастатку сям’і, а таксама ад падрыхтаванасці падлеткаў да самастойнасці, ад сфарміраванай здольнасці браць на сябе адказнасць. Ёсць прыклады, калі бацькі не могуць дапамагаць, і выпускнікі школ вымушаны працаўладкоўвацца і клапаціцца пра сябе, ні на кога не разлічваючы. Часам набыццё заможнымі бацькамі асобнай кватэры ідзе на карысць паўналетнім нашчадкам: яны адчуваюць сябе дарослымі і пачынаюць будаваць уласнае жыццё. Ведаю прыклад, калі іншагароднія бацькі набылі дачцэ-студэнтцы кватэру ў Мінску, і дзяўчына, з першага ж курса на бюджэце стала падзарабляць рэпетытарствам. Яна была ўдзячная бацькам, старалася апраўдаць іх давер.
Але бывае і па-іншаму, калі дзіця ў сям’і — цэнтр Сусвету. Купіўшы яму жыллё, мама па-ранейшаму застаецца ў ролі прыслугі, апякаючы любімае дзіця. У такіх сітуацыях ўжо дарослыя дзеці могуць стаць нахабнымі, карыстацца ўсім без сораму. Таму гатоўнасць бацькоў вырашыць усе матэрыяльныя цяжкасці дзяцей не заўсёды ідзе на карысць.

— Дапусцім, маладая пара хоча пабудаваць асобнае жыллё, але сваіх грошай у іх на гэта не хапае. Лепш браць крэдыт у банку і разлічваць выключна на сябе ці цалкам дапушчальна звярнуцца па дапамогу да бацькоў, якія маюць сродкі?

— Прымальныя розныя варыянты ў залежнасці ад канкрэтнай сітуацыі. Думаю, пры нармальных адносінах з дзецьмі і наяўнасці зберажэнняў бацькі самі ахвотна прапануюць фінансавую дапамогу. Але падтрымліваць, дапамагаць — не значыць утрымліваць. Калі нашчадкі матываваныя на штосьці, то, вядома, нядрэнна паспрыяць іх дасягненню. Калі ж яны не праяўляюць ніякай ініцыятывы і намаганняў, то патураць іх утрыманству небяспечна. Часам бацькі дораць маладым кватэру, і тыя не ўсведамляюць каштоўнасці такога «прэзента». Пераадоленне цяжкасцяў на этапе сумеснага жыхарства, станаўлення новай сям’і — своеасаблівы індыкатар таго, ці правільна абраны партнёр. Калі пара паспяхова пераадольвае «паласу перашкод», гэта толькі змацоўвае шлюбны саюз. Таксама няма нічога дрэннага ў тым, каб дапамагчы з дамовай праз нейкі час вярнуць грошы.  Праўда, што ў падобных выпадках многія бацькі не рашаюцца нагадваць дзецям аб неабходнасці выконваць дамоўленасць. Хоць невяртанне пазыкі — гэта таксама своеасаблівае нахлебніцтва.

— Калі базавыя пытанні вырашаны, ці варта бацькам матэрыяльна дапамагаць дарослым дзецям?

— На мой погляд, толькі ў крызісных сітуацыях: пры хваробе, траўме, ДТЗ, страце працы.

— Ці правільна, на Ваш погляд, дзейнічаюць тыя таты і мамы, якія бяруцца прыстроіць дзяцей на працу да сябе ці да каго-небудзь са сваякоў?

— Калі падлетак сам не знайшоў працу, то ў любым выпадку лепш, каб ён працаўладкаваўся хоць куды-небудзь і нечаму вучыўся, набываў нейкія карысныя навыкі. Вядома, ёсць небяспека, што сваяцкія сувязі будуць перашкодай у прафесійных справах. Але, калі правільна выбудаваць адносіны на працоўным месцы, падзяліўшы сямейныя і вытворчыя пытанні, гэтага можна пазбегнуць.

— Многія бацькі з юных гадоў далучаюць нашчадкаў да сямейнага бізнесу. Яны робяць правільна, дальнабачна?

— Лічу, так. Гэта ж выдатна, калі сыны і дочкі з юнацтва даведаюцца, як працуе сямейны бізнес, унікаюць у тое, на чым будуецца поспех, якія падводныя камяні. Калі заматываваць спадчыннікаў уключыцца ў бізнес, то яны абавязкова захочуць развіваць яго. На мой погляд, калі побач працуюць некалькі пакаленняў, сямейныя прадпрыемствы непазбежна выйграюць. Старэйшыя члены сям’і дзеляцца сваім посведам, малодшыя — генерыруюць новыя ідэі.

— На якую дапамогу з боку бацькоў дзеці маюць права разлічваць, калі казаць пра выхаванне ўнукаў?

— На пасільную. Бабулі і дзядулі павінны дапамагаць з унукамі па меры магчымасці, у залежнасці ад таго, ці ёсць у іх на гэта час і сілы. Нельга патрабаваць, каб пажылыя людзі, ахвяруючы сваім здароўем, інтарэсамі, няньчылі ўнукаў. Гэта правакуе канфлікты.

Выхаванне самастойнасці

— Зразумела, што самастойныя і матываваныя дзеці — мара ўсіх бацькоў. Як яе ўвасобіць у жыццё?

— Нельга разлічваць, што падлетак аўтаматычна стане самастойным, атрымаўшы атэстат сталасці пасля заканчэння школы. Пачынаць трэба з ранніх гадоў. Навошта сядзець побач з сынам ці дачкой над хатнімі заданнямі, пісаць за іх сачыненні і рашаць складаныя задачы? Няхай дзіця атрымае за сваю работу не 10, а 5, але гэта будзе яго адзнака. Калі ён незадаволены, то прыкладзе намаганні, каб палепшыць вынік.

— Але ўсё ж такі дзеці розныя. Ёсць ад нараджэння ўпартыя і актыўныя, ім прасцей даецца самастойнасць. А ёсць не вельмі сацыяльна прыстасаваныя, якія маюць патрэбу ў падтрымцы, дапамозе, адабрэнні.

— Псіхатып чалавека памяняць нельга. Але навучыць адаптавацца да соцыуму і выжываць — можна і трэба. І паклапаціцца аб гэтым абавязаны найперш бацькі. А калі за такіх дзяцей увесь час усё рабіць, засцерагаючы іх ад праблем, цяжкасцяў, ад знешняга свету з яго недасканаласцю, то гэта прывядзе толькі да поўнай няздольнасці выжываць у соцыуме.

— Як Вы ставіцеся да таго, што некаторыя бацькі часам фінансава матывуюць дзяцей да працы, даючы грошы за прыборку ў кватэры, за добрыя адзнакі, за прынесеныя з крамы прадукты?

— Звычайна гэта дае дрэнны вынік. Дзіця прывыкае да таго, што любое яго дзеянне павінна матэрыяльна заахвочвацца. Дарослыя такім чынам гадуюць эгаізм, спажывецкае стаўленне да навакольных. У будучыні такім бацькам напэўна давядзецца плаціць сваім дзецям за прынесеную падчас хваробы шклянку вады.

Дапамагаць, але пра сябе не забывацца

— У нашай культуры лічыцца, што дзеці абавязаны даглядаць пажылых бацькоў. Раней у патрыярхальных сем’ях, калі некалькі пакаленняў жылі разам, гэта было нескладана. Але свет змяніўся. Якія тэндэнцыі Вы назіраеце ў стасунках дарослых дзяцей і пажылых бацькоў?

— Усё залежыць ад выхавання, атрыманага ў бацькоўскай сям’і, ад прывітых каштоўнасцяў. Дочкі, як правіла, па сваёй жаночай прыродзе больш схільныя да клопату аб бацьках. Для сыноў з-за асаблівасцяў мужчынскай псіхікі больш распаўсюджаная пазіцыя: «Я працую, пералічваю вам грошы, аплачваю выдаткі».

— Але ж у такой пазіцыі ёсць свая праўда. У дарослых дзяцей — часта напружаная праца, свае сем’і. Часам яны фізічна не могуць самі даглядаць бацькоў, але аплачваюць лячэнне, сядзелак, утрыманне ў дамах састарэлых, прытулках. Няўжо гэта не праява ўдзелу і клопату?

— Зразумела, гэта не горшы варыянт, калі дзеці фінансава дапамагаюць бацькам вырашаць іх праблемы. Скажу больш: лепш, калі дарослыя дочкі і сыны працуюць і матэрыяльна падтрымліваюць бацькоў, чым калі кідаюць працу, цалкам прысвячаючы сябе клопату аб пажылых татах і мамах. Пры добрым фінансавым становішчы дзеці могуць размясціць іх у дамах санаторнага тыпу, дзе пажылыя звычайна адчуваюць сябе камфортна, знаходзячыся пад наглядам прафесійнага персаналу, у асяроддзі людзей свайго ўзросту.

Але ўсё ж бацькам патрэбны не толькі фінансавы ўдзел дзяцей, але і іх увага. Яны маюць патрэбу ў званках, цікавасці да іх самаадчування. Ім важна ведаць, што на зямлі ёсць хоць адзін чалавек, які памятае і думае пра іх.

— Некаторыя пажылыя пакутуюць ад недахопу клопату, а некаторыя, наадварот, — ад празмернай апекі, ад таго, што дзеці дыктуюць ім свае правілы жыцця, навязваюць свой сцэнарый і ўяўленне аб шчаслівай старасці.

— Безумоўна, дапамагаць бацькам трэба з улікам іх запытаў. Калі маме купляюць пуцёўку ў Егіпет, не спытаўшы яе — гэта не лепшы прыклад клопату. Можа, мама хоча не да Чырвонага мора, а на дачу, правесці там час з унукамі. Даўно заўважыла: калі дарослыя дочкі і сыны празмерна апякаюць бацькоў, ставяцца да іх як да някемлівых, то яны хутчэй старэюць. Бацькі ў такіх выпадках перастаюць «варушыцца», праяўляць ініцыятыву, планаваць сваё жыццё: у іх знікае матывацыя.

— Часам бацькі праяўляюць празмерны эгаізм, патрабуюць да сябе пастаяннай увагі, «атручваюць» сваім немаладым ужо дзецям жыццё. Як паводзіць сябе ў такіх выпадках?

— Ведаю рэальныя прыклады таго, як бацькі «дастаюць» сыноў і дачок бясконцымі скаргамі і просьбамі. Пры гэтым большасць іх праблем — вынік ляноты, эгаізму. Дзеці ні ў чым не адмаўляюць татам і мамам, але апошнія ўвесь час чымсьці незадаволеныя. Часам канфлікты паміж мужам і жонкай узнікаюць якраз з-за таго, што адзін з іх палову заробку аддае сваім бацькам.

— Такім чынам, найбольш гарманічныя адносіны паміж пажылымі бацькамі і дарослымі дзецьмі ўстанаўліваюцца ў тых сем’ях, дзе імкнуцца дапамагаць адно аднаму, але пры гэтым захоўваюць асабістыя межы, паважаюць інтарэсы адно аднаго?

— Вядома! Калі бацька і маці правільна выхавалі дзяцей, навучылі іх самастойнасці, адказнасці, самі былі прыкладам таго, як ставіцца да бацькоў, то канфліктаў паміж імі будзе менш. Што мы сеем у сваіх нашчадках, тое і пажынаем.

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.