Прамыя тэлефонныя лініі, асабістыя прыёмы грамадзян — фармат работы, які не толькі дазваляе вырашыць канкрэтную праблему асобнага чалавека, калектыву альбо жыхароў пэўнай мясцовасці. Нярэдка агучаныя пытанні — магчымасць удасканаліць заканадаўчую базу. Да таго ж такія кантакты паказваюць, чым жывуць людзі, што іх хвалюе.
Напрыклад, жыхары вёскі Пелішча Камянецкага раёна напісалі калектыўны зварот у Савет Рэспублікі, каб не дапусціць закрыцця аптэкі ў сваім населеным пункце.
— Наша аптэка нерэнтабельная, таму яе хацелі закрыць, маўляў, работнікі амбулаторыі самі будуць прадаваць лекі, — расказала жыхарка населенага пункта Людміла Алексіна. —Людзям тое не спадабалася, бо аптэка зручна размешчана ў будынку амбулаторыі, у ёй ёсць усё неабходнае, калі якія-небудзь лекі адсутнічаюць, работнік аптэкі заўсёды заказвае іх. Пасля калектыўнага звароту ў верхнюю палату парламента ў вёсцы быў прызначаны сход з удзелам прадстаўнікоў улады. Нас выслухалі, зразумелі, і аптэку пакінулі. Я вельмі рада, што ўлады палічыліся з меркаваннем жыхароў. Гэта вельмі важна — нас, простых людзей, пачулі.
Больш за два месяцы жыхары шматкватэрнага дома ў аграгарадку Белавежскі заставаліся без газу.
— Яшчэ ў канцы красавіка пачаўся капітальны рамонт нашага шматпавярховага дома, — падзялілася Іна Васілеўская. — Нам далі на рукі дагаворы, дзе было прапісана, у якія тэрміны павінен завяршыцца рамонт. Была абвестка, што на працягу месяца газ будзе адсутнічаць. Праходзіць месяц, потым пяты, шосты тыдзень, а газу ў доме ўсё няма. Звярталася ў «Брэстгаз», там сказалі, што ўсё гатова для падключэння, чакаем указанняў ЖКГ. Тады патэлефанавала ў Камянецкую ЖКГ, але там нічога толкам не сказалі. Я папярэдзіла, што мы, жыхары дома, будзем скардзіцца далей. Праходзіць сёмы тыдзень... Даведалася, што ў мясцовую школу прыязджае наш сенатар. Мы з суседкай паехалі да яго на прыём. Ён выслухаў і паабяцаў, што вырашыць праблему. Прайшло двое сутак пасля размовы — і газ з'явіўся!
Трэцяя гісторыя пачалася яшчэ ў 2020 годзе, калі на прамую тэлефонную лінію сенатара звярнуліся жыхары Паўднёва-Заходняга мікрараёна горада Каменца — людзі жадалі пазбавіцца ад вялікай лужыны на сваёй тэрыторыі.
— Сенатар разам з дырэктарам Камянецкай ЖКГ наведаў праблемны аб'ект, — згадвае жыхарка мікрараёна Лізавета Басалай. — Да таго часу мясцовымі гаспадарамі ўжо прымаліся меры па добраўпарадкаванні тэрыторыі. Западзіну засыпалі будаўнічым смеццем. Але эфект людзей не задавальняў. Мы напісалі калектыўны зварот і прапанавалі выканкаму пабудаваць на гэтым месцы спартыўную пляцоўку. Для мяне як маладзёжнага лідара было важна, што аб'ект накіраваны на прапаганду здаровага спосабу жыцця. Праект падрыхтавала ЖКГ. З адабрэння выканкама і пры ўдзеле ДРБУ-137 лужыну ператварылі ў сучасную варкаўт-пляцоўку. З моманту яе адкрыцця прайшло ўжо два гады, і не было ніводнага вечара, каб яна пуставала. Дзякуючы сенатару ў моладзі з'явіўся новы аб'ект прыцягнення.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Хораша там, дзе моладзь ёсць!
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.