Вы тут

Культурны код згоды


У межах Дзён Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі на «Славянскім базары ў Віцебску» у Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.М. Машэрава адбыўся круглы стол «Саюзная дзяржава — агульная духоўнасць і прастора магчымасцяў».


У дыскусіі ўзялі ўдзел Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Дзмітрый Мезенцаў, першы намеснік старшыні аблвыканкама Анатоль Ліневіч, міністры культуры і інфармацыі Беларусі Анатоль Маркевіч і Уладзімір Пярцоў, кіраўнікі расійскіх і беларускіх ВНУ, бібліятэк, дыпламанты Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы «За творчае ўвасабленне ідэй дружбы народаў Беларусі і Расіі», акцёры і зоркі эстрады дзвюх краін.

Міжнародны фестываль «Славянскі базар у Віцебску» на працягу многіх гадоў з’яўляецца пляцоўкай для актыўнага і культурнага ўзаемадзеяння паміж майстрамі мастацтваў розных напрамкаў, праяўлення творчых талентаў. «Наш фестываль робіць неацэнны ўклад у мірнае існаванне нацый, выконвае місію культурнага яднання народаў. На працягу многіх стагоддзяў Беларусь і Расію звязвала гістарычная супольнасць, духоўная роднасць. Саюзная дзяржава стала вяршыняй супрацоўніцтва. Новы знакавы этап развіцця пацвярджае імкненне беларусаў і расіян жыць у міры і згодзе, развіваць саюзніцкія адносіны. Фестываль у Віцебску немагчыма ўявіць без удзелу расійскіх музыкантаў, мастакоў, рэжысёраў, журналістаў і іншых», — адзначыў намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Анатоль Ліневіч.

Аб выдатных выніках супрацоўніцтва з расійскімі калегамі ў фармаце круглага стала, які праходзіў у Віцебску ў трэці раз, расказаў міністр культуры Анатоль Маркевіч: «Лічым, што сфера культуры як ні адна іншая можа і павінна ўплываць на розумы, свядомасць нашых маладых людзей, акунаючы іх у нашае гістарычнае мінулае і, самае галоўнае, кажучы праўду. Сёння шмат ініцыятыў звонку, якія спрабуюць сказіць нашу гісторыю. Мы ні ў якім разе не павінны дазволіць гэтаму здарыцца. І праца з моладдзю выходзіць на галоўны ўзровень. У гэтым годзе ў нас прайшоў фестываль „Творчасць юных“. Калі хлопцы з Беларусі і Расіі сустракаюцца, праводзяць майстар-класы, фестывалі, абменьваюцца вопытам — гэта выдатна. Мы ўзаемаабагачаемся нашымі каштоўнасцямі. Таксама сёлета мы рэанімавалі працу Маладзёжнага беларуска-расійскага сімфанічнага аркестра: хлопцы з нашых краін пад кіраўніцтвам Юрыя Башмета будуць разам гастраляваць. Гастрольны тур пройдзе ў Маскве і Мінску».

«Мы сёння гаворым аб фарміраванні адзінай культурнай прасторы Саюзнай дзяржавы. Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка шматразова падкрэсліваў, што ў нас адзіная Айчына ад Брэста да Уладзівастока», — падкрэсліў дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Дзмітрый Мезенцаў . Адзінства пазіцый нацыянальных лідараў — Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна — той фундамент, на якім брацкія народы могуць развіваць дзясяткі, сотні, магчыма, тысячы сувязей паміж адукацыйнымі ўстановамі, калектывамі культуры, творчымі цэнтрамі. Дзмітрый Фёдаравіч падкрэсліў, што вельмі важна, каб сацыяльна-культурныя сувязі былі наладжаны не толькі на ўзроўні Масквы і Мінска. Каб гэта было на ўзроўні абласных, раённых цэнтраў, гарадоў-пабрацімаў. «Каб беларусы і расіяне ў тым ліку падтрымлівалі агульную духоўную і праваслаўную традыцыю, таму што мы зусім дакладна шмат разоў казалі, што павага да іншых рэлігій і канфесій у нашай крыві, у нашых сэрцах», — сказаў дзяржсакратар.

Сваімі думкамі наконт інфармацыйнай вайны падзяліўся міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў: «Тыя, хто рэгулярна сутыкаецца з заходнімі медыя, не толькі СМІ, але і новымі сродкамі масавай камунікацыі, сацыяльнымі сеткамі і месэнджарамі, разумеюць, як сціраецца, знішчаецца ўсё добрае і праўдзівае пра нашу цывілізацыю і як усё гэта замяшчаецца альтэрнатыўнымі публікацыямі. Што рабіць у такі перыяд трансфармацыі культуры? Мусіць, варта звярнуцца ў першую чаргу да сваіх вытокаў, сваёй гісторыі, да свайго культурнага гена. Да таго, што ў нас закладзена. Нам ёсць чым ганарыцца. Культура — гэта шлях да сэрца і душы гледача, слухача, чытача, і нам трэба намацаць гэты правільны шлях».

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.