Вы тут

«Беражы мяне, любімая» — незвычайны ваенна-патрыятычны спектакль


Вядома, аснову рэпертуара Беларускага музычнага тэатра складаюць аперэты і мюзіклы, але час ад часу на яго сцэне з’яўляюцца і творы грамадзянскага гучання, у тым ліку ваенна-патрыятычнай тэматыкі. Апошні такі спектакль — «Нябесны ціхаход», — створаны па матывах вядомага аднайменнага фільма, тут быў пастаўлены ў 2009 годзе. Як вядома, музыку да гэтага фільма напісаў Салаўёў-Сядой, а музыку да спектакля — яго вучань, санкт-пецярбургскі кампазітар Марк Самойлаў, які з’яўляўся пастаянным аранжыроўшчыкам твораў свайго настаўніка. З Санкт-Пецярбурга была і пастановачная група нашага спектакля, жанр якога вызначаўся як лірычная музычная камедыя.


Кацярына Дзегцярова ў ролі маці.

З таго часу ні аднаго айчыннага твора на ваенна-патрыятычную тэматыку ў нас не было, і Беларускі музычны тэатр зноў звярнуўся да расійскіх аўтараў — кампазітара Аляксандра Пантыкіна і драматурга Канстанціна Рубінскага. У выніку на нашай сцэне з’явіўся новы спектакль пад назвай «Беражы мяне, любімая», прэм’ера якога адбылася 5 ліпеня (аб яго жанравай прыналежнасці гаворка пойдзе ніжэй).

Перш чым разважаць аб нашай пастаноўцы, неабходна ў агульных рысах расказаць гісторыю стварэння гэтага твора. І тут трэба заўважыць, што і ў рэпертуары музычных тэатраў Расіі даўно існуе дэфіцыт на новыя спектаклі адзначанай тэматыкі. Прыкладна 20 гадоў назад галоўны рэжысёр Свярдлоўскага тэатра музычнай камедыі Кірыл Стрэжнеў звярнуўся да Аляксандра Пантыкіна з просьбай напісаць твор менавіта на ваенную тэматыку. Тады многіх здзівіла, што Стрэжнеў для сваёй будучай пастаноўкі выбраў дзядулю ўральскага рока — так ужо ў тыя гады называлі Пантыкіна. «Дзякуючы Кірылу Савельевічу я ўвайшоў ў жанр музычнага тэатра, бо да гэтага ў асноўным займаўся музыкай для кіно і драматычных спектакляў», — адзначае кампазітар. У выніку ў творчай садружнасці з Канстанцінам Рубінскім і пры цесным узаемадзеянні з рэжысёрам і загадчыцай літаратурнай часткі тэатра Аленай Абыдзёнавай і з’явіўся новы сцэнічны твор, жанр якога кампазітар вызначыў як музычная прытча. Прэм’ера спектакля адбылася ў 2005 годзе і была прымеркавана да 60-годдзя Вялікай Перамогі.

У час абменных гастроляў са Свярдлоўскім тэатрам летам 2012 года пастаноўку «Беражы мяне, любімая» пабачылі і мінскія гледачы. Гэта сапраўды быў спектакль-прытча, які вызначаўся шырынёй абагульнення і адначасова глабальнасцю ідэі — узаемадзеяння жыцця і смерці. У ім не было штампаў і стэрэатыпаў, уласцівых ваеннай тэматыцы, больш за тое, паказвалася не сама вайна, а жыццё на вайне і яе ўплыў на чалавечы лёс, які быў бы зусім іншы ў мірны час. Галоўныя героі паказваліся ў двух адрэзках часу — даваенным і ваенным; пры гэтым у кампазіцыі спектакля ўзнікалі карціны рэчаіснасці пачатку 2000-х гадоў, у прыватнасці адносіны грамадства да ветэранаў. Пасля таго, як спектакль быў зняты з пракату, настальгія гледачоў па ім заставалася. Таму ў 2020 годзе пастаноўка была адноўлена ў новай версіі і прысвячалася ўжо 75-годдзю Перамогі. Аўтары зазначаюць, што пры гэтым рабіўся ўпор на актуалізацыю сучаснага перыяду, бо тыя моманты, якія былі пазнавальныя са сцэны ў пачатку 2000-х, саступілі месца новым выклікам часу.

Браты-музыканты да вайны.

Версія гэтага твора, паказаная на сцэне Беларускага музычнага тэатра, адрозніваецца ад першых дзвюх, з якімі знаёмы гледачы Свярдлоўскага тэатра. Адразу трэба адзначыць, што пастановачная група нашага спектакля цалкам беларуская. Рэжысёр-пастаноўшчык Валерыя Чыгілейчык сцвярджае, што асноўнае адрозненне заключаецца ў змесце і характарыстыцы сучаснага перыяду: з 2020-х гадоў ён пераносіцца канкрэтна ў 1993 год, калі ў незалежных ужо краінах адбываліся бурныя працэсы трансфармацыі грамад-
ства і ўвага да ветэранаў вайны часта насіла чыста сімвалічны, дзяжурны характар. Персанажы і іх асноўныя характарыстыкі засталіся без змен, але пры гэтым адбылася больш дэталёвая прапрацоўка вобразаў у пераходзе ад іх абагульнення да рыс жыццёвай праўдападобнасці.

Зразумела, для гэтага неабходна была перапрацоўка драматургічнага і музычнага матэрыялу. І аўтары пайшлі насустрач нашым пастаноўшчыкам: ствараліся новыя сцэны і дыялогі, адпаведна, — і новы музычны матэрыял. Рэжысёр ўзгадняла ўсе новаўвядзенні з драматургам, дырыжор-пастаноўшчык Мікалай Макарэвіч — з кампазітарам. Гэтым разам нашаму дырыжору не трэба было самому рабіць аркестроўку, таму што склад аркестра супадае, а новыя музычныя нумары кампазітар аркестраваў сам. Тыя карэкціроўкі, якія Мікалай Макарэвіч унёс у партытуру, у асноўным звязаны з акустыкай нашай глядзельнай залы. У цэлым аўтары адзначаюць, што атрымалася асобная версія іх твора менавіта для нашага тэатра, дзе практычна па-новаму была створана лінія, якая адлюстроўвае сучаснасць, дакладней — 1993 год. А лініі даваеннага і ваеннага часу ў асноўным засталіся без змяненняў, за выключэннем некаторых рэжысёрскіх правак. Пры гэтым кампазітар адзначыў, што наша пастаноўка ўжо выглядае не як музычная прытча, а як мюзікл.

Такім чынам, спектакль пачынаецца з 1993 года. На сцэну выходзяць два яшчэ не старыя ветэраны, з выгляду крыху збянтэжаныя, кожны трымае ў руках па некалькі чырвоных гваздзікоў… Гэта Венядзікт (Аляксандр Асіпец) і Іван (Антон Заянчкоўскі). З іх дыялогу глядач зразумее, што вяртаюцца яны з мерапрыемства, прысвечанага Дню Перамогі. Адзін з іх, найбольш уразлівы, пакрыўджаным голасам мармыча, што і віншаванне не такое, як было раней, і жыццё становіцца ўсё больш нестабільным і трывожным, а другі спрабуе супакоіць яго, маўляў: павіншавалі — і на тым дзякуй… А потым глядач убачыць, як яны на скрыпцы і гітары іграюць у падземным пераходзе, а два малыя абадранцы спрактыкаваным прыёмам змятаюць іх заробак. Па ходзе спектакля раскрыюцца і акалічнасці, пры якіх яны, дзеці вайны, пачалі вучыцца іграць на гэтых інструментах.

Алёша (Яўген Далідовіч) і Людміла (Наталля Чабёлка).

А сноўныя ж падзеі развіваюцца так, як і ў пастаноўках Свярдлоўскага тэатра. Перадваенны 1941 год. Пакой у звычайнай камуналцы, маці частуе сваіх чатырох сыноў-музыкантаў іх любімым сунічным пірагом, а яны спяшаюцца ў клуб, дзе іграюць на занятках танцавальнага гуртка. Квартэт іх даволі дзіўны: Алёша (Яўген Далідовіч) іграе на гітары, Паўлік (Дзмітрый Маціеўскі) — на гармоніку, Даня (Пётр Леўкавец) — на трубе, а Рома (Міхаіл Калбянёў) — на скрыпцы. Настаўнік танцаў Віктар Іванавіч (Уладзіслаў Даніловіч) вучыць гурткоўцаў стэпу. На занятках раптам з’яўляецца Гоша Шчарбакоў (Сяргей Спруць) —палітычна падкаваны і ідэалагічна правільны малады чалавек, сын стаханаўцаў, патрабуе навучыць яго вальсу, каб належна выглядаць на танцах. А стэп  ён жорстка крытыкуе як амерыканскі ўзор буржуазнай культуры, непрымальны для савецкай моладзі. Хутка ў Гошы ўзнікае пачуццё зайздрасці да гітарыста Алёшы, які так паспяхова праяўляе сябе і ў музыцы, і ў танцах. Гэты дух саперніцтва паміж двума антыподамі і параджае галоўны канфлікт спектакля.

З вобразам Віктара Іванавіча звязана развіццё асобнай драматычнай лініі. Аказваецца, раней ён быў паспяховым салістам балета, але пасля траўмы вымушаны пакінуць тэатр. А незадоўга да пачатку вайны ад яго сыходзіць жонка — шыкоўная прыгажуня Эльвіра (Маргарыта Александровіч), якая публічна прыніжае мужа за няздзейсненую кар’еру.

Сама вайна паказана ў спектаклі вельмі абагулена і з вялікай доляй тэатральнай умоўнасці. Маці выпраўляе сыноў на фронт, пры гэтым яе вобраз узбуйняецца і асацыіруецца з вобразам Радзімы-Маці (адпаведны ваенны плакат з’яўляецца элементам сцэнаграфіі, а персанаж маці прадстаўлены без уласнага імені). І так атрымліваецца, што ўсе браты-музыканты, а разам з імі і Гоша служаць у адным узводзе, а іх камандзірам з’яўляецца настаўнік танцаў Віктар Іванавіч. І вось тут канфлікт паміж Алёшам і яго зайздроснікам разгараецца на поўную сілу: Гоша стараецца прыцягнуць да сябе ўвагу юнай медсястры Людмілы (Наталля Чабёлка), а яна схіляецца да шчырага ў сваіх пачуццях Алёшы. На лясной паляне яны збіраюць суніцы, і гэтыя зіхоткія чырвоныя ягады ў Алёшавых снах ператвараюцца ў сунічны пацалунак Людмілы і адначасова нагадваюць пра мамін пірог і родны дом. «Беражы мяне, любімая», — звяртаецца сын да маці; «Беражы мяне, каханая», — шэпча ён той, якая павінна стаць маці яго дзяцей. Такім чынам сунічная тэма праходзіць лейтматывам праз увесь спектакль.

Сцэн баявых дзеянняў у спектаклі няма, але вобраз ворага прысутнічае, прытым у вельмі нечаканым выглядзе. Немцы выглядаюць як ажыўшыя карыкатуры часоў Вялікай Айчыннай і рухаюцца механістычна, нібы адладжаныя машыны смерці. Пры першым жа абстрэле загінуў Даня, а потым і Паўлік. Паміраючы, яны бачаць перад вачыма маму, а потым, ужо з іншага вымярэння, вяртаюцца да яе ў родны дом і частуюцца сунічным пірагом.

Алёша і Рома, пайшоўшы ў разведку, думалі, што ў цемры натрапілі на фрыца, і паспрабавалі ўзяць яго ў палон, але з узнятымі рукамі да іх выйшлі два перапалоханыя хлопчыкі гадоў васьмі-дзесяці — Веня і Ваня. Яны засталіся без бацькоў, без дома і здолелі выжыць, знаходзячыся сярод ворагаў. Браты прывялі іх у сваё размяшчэнне, і хлопчыкі сталі сынамі палка (іх ролі выконвалі юныя артысты Арцём Чарапенька і Марк Цімановіч). Алёша і Рома пачалі вучыць хлопчыкаў ігры на сваіх інструментах, а праз дзесяцігоддзі гэтыя сыны палка сталі ветэранамі і ў сваю чаргу пачалі вучыць музыцы абадранцаў з 1990-х.

А ў размяшчэнні ўзвода адбылася яшчэ адна неспадзяваная падзея: да Віктара Іванавіча нейкім чынам змагла дабрацца яго жонка, якая нарэшце зразумела, што трэба любіць мужа такім, які ён ёсць. І Людміла, гледзячы на сцэну іх сустрэчы, здзіўлена ўскліквае: «Няўжо вайна павінна была адбыцца, каб чалавек зразумеў сваё шчасце?»

У час наступнай атакі загінуў Рома — ён не мог пакінуць ворагам сваю скрыпку, але адарвацца ад іх таксама не змог. Найбольш разгорнутай аказалася сцэна гібелі Алёшы, калі ён і Гоша засталіся ўдваіх у акружэнні немцаў. І тут Алёша пачуў ад свайго саперніка самае нечаканае: «Мы тут смерць сустракаем, давай памірымся!..» Чаканне смерці аказалася для Гошы страшней за саму смерць, і ён у істэрыцы выскачыў з акопа: «Без пакут здохнуць дай!» Алёша паспрабаваў зацягнуць яго назад у акоп, але сам трапіў пад варожыя кулі…

І глядач бачыць, як маці сустракае свайго чацвёртага сына і ўсаджвае яго за стол побач з братамі. Мацярынская любоў даравала ім жыццё вечнае.

Зоя МАТУСЕВІЧ

Фота Сяргея ЧЫГІРА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.