Вы тут

Новая статуя мааі, сакрэт прыгажосці Неферціці і амазонкі на Урале


На востраве Пасхі знайшлі новую статую мааі

Як адзначыў тэлеканал ABC News, скульптура была знойдзена на дне высахлага возера. Па словах спецыялістаў, гэты выпадак знаходкі ўнікальны. Статуя можа сведчыць аб тым, што ў гэтай мясцовасці могуць знаходзіцца і іншыя мааі, аб існаванні якіх навукоўцы маглі не ведаць.


На дадзены момант на востраве Пасхі ў Палінэзіі налічваецца 887 такіх статуй. Як адзначыў археолаг Тэры Хант, яны адлюстроўваюць гісторыю народа Рапа-Нуі. Скульптуры былі абагаўлёнымі продкамі жыхароў вострава.

У мінулым кастрычніку паблізу вулкана Рана-Рараку Нацыянальнага парку Рапа-Нуі адбыўся пажар. У выніку каменныя ідалы мааі пацярпелі. Упершыню іх, зробленых абарыгенамі, апісаў брытанскі падарожнік Джэймс Кук.

Раней міжнародная група археолагаў з Новай Зеландыі, ЗША і Чылі рашыла загадку мааі. Згодна з высновамі вучоных, статуі павінны былі захоўваць урадлівасць зямель. Выяўленыя ў каменяломнях мааі не былі прызначаны для транспарціроўкі, яны павінны былі заставацца там, каб абараняць прыроду кар'ера і садзейнічаць сельскагаспадарчай вытворчасці. Там жыхары вострава вырошчвалі бананы, калаказію і батат.


Названы шакавальны сакрэт прыгажосці Неферціці

Гэта адна з самых вядомых егіпцянак. Пра яе прыгажосць да гэтага часу гавораць, даследуючы метады догляду сябе і адаптуючы іх да сучасных рэалій.

Вядомая егіпецкая кіраўніца Неферціці была вельмі прыгожай, калі верыць гістарычным дакументам. Аднак яе прыгажосць была адаптавана да тэндэнцый таго часу. Напрыклад, егіптолагі сцвярджаюць, што ў яе на целе былі цалкам паголены валасы.

На галаве яна насіла парык, а вочы выдзяляла цёмнай тынкоўкай, якая звалася «кохл».

Цікава, што кохл у Старажытным Егіпце рабілі з цёмнай свінцовай руды, што мае атрутнае ўздзеянне на арганізм. Гэта значыць, што Неферціці кожны раз «забівала сябе», наносіўшы макіяж.

Каб скура Неферціці заставалася пругкай і падцягнутай, яна рэгулярна прымала ванну з язмінавай вадой, пасля чаго націралася сандалавым і амбравым алеямі.

Галоўным сакрэтам прыгажосці Неферціці лічыцца правільна падабраны яркі і запамінальны вобраз. Так, у яе гардэробе заўсёды была напаўпразрыстая адзежа, парыкі з каляровымі пасмамі, масіўныя аксесуары. Каб дапоўніць свой выгляд, вядомая егіпцянка насіла ўпрыгожванні з серабра, бронзы, каштоўных камянёў, слановай косткі, керамікі.


Пік паглынання вуглякіслага газу — у 2100 годзе

Здольнасць акіянаў паглынаць лішак вуглякіслага газу з атмасферы можа значна зменшыцца пасля 2100 года. Да такой высновы прыйшлі навукоўцы Тэхаскага ўніверсітэта ў Осціне, іх даследаванне было апублікавана ў часопісе Geophysіcal Research Letters.

Прычынай гэтых змяненняў стане зніжэнне шчолачнасці вады на паверхні. З дапамогай мадэлявання навукоўцы высветлілі, што менавіта канцэнтрацыя шчолачы з'яўляецца асноўным рэгулятарам вуглякіслага газу ў вадзе ў векавым маштабе.

Зніжэнне шчолачнасці вады, у сваю чаргу, адбываецца з-за змянення клімату. Павелічэнне колькасці ападкаў і пацяпленне ўплываюць на акіянічныя цячэнні, якія адбіваюцца на хімічным складзе паверхні акіяна. З-за гэтага ўтворыцца пласт цёплай прэснай вады, які не будзе лёгка змешвацца з прахалоднай салёнай вадой пад ім.

Пры гэтым мадэляванне і раней паказвала, што з часам акіяны ўсё горш паглынаюць вуглякіслы газ, аднак толькі цяпер навукоўцы пачалі разглядаць шчолачнасць як ключавы фактар. Каб высветліць гэта, супрацоўнікі Тэхаскага ўніверсітэта правялі мадэляванне 450 гадоў.

Адзначаецца, што на сёння акіяны паглынаюць каля трэці выкідаў вуглякіслага газу, якія вырабляюцца людзьмі. Пры горшым сцэнарыі змяненняў клімату эфектыўнасць гэтага паглынання дасягне піка ў 2100 годзе, а ў 2300 годзе яна ўпадзе ўжо ўдвая.

Пры гэтым навукоўцы лічаць, што такі сцэнарый малаверагодны дзякуючы глабальным намаганням па абмежаванні выкідаў парніковых газаў. Тым не менш вынікі даследавання паказалі кропку незвароту, пасля якой можа пачацца сур'ёзнае паскарэнне глабальнага пацяплення.


Супраць раку дапаможа баршчэўнік

Навукоўцы з Мардоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Агарова распрацавалі медыцынскі прэпарат на аснове баршчэўніку Сасноўскага для лячэння раку. Пра гэта расказалі ў прэс-службе ВНУ.

У ходзе даследаванняў былі выдзелены фуранакумарыны з гэтай расліны, якія рэагуюць на ўльтрафіялетавае выпраменьванне.

«Фуранакумарыны — біялагічна актыўныя злучэнні баршчэўніку Сасноўскага, здольныя выклікаць павышэнне адчувальнасці да ўздзеяння сонечных прамянёў, якія пад уплывам ультрафіялетавага святла незваротна звязваюцца з ДНК пухлінных клетак. У выніку апошнія губляюць магчымасць дзяліцца і, як вынік, гінуць шляхам самазнішчэння», — сказана ў публікацыі.

Прэпарат поўнасцю бяспечны і не мае пабочных эфектаў. Ён арыентаваны на лячэнне раку скуры, кішэчніка, мачавога пузыра, меланом.


Навукоўцы даказалі існаванне старажытных амазонак на Урале

Археолагі Паўднёва-Уральскага дзяржаўнага ўніверсітэта вывучылі жаночыя пахаванні качэўнікаў-сарматаў, датаваныя раннім жалезным векам (з V да ІІІ стагоддзя да н. э.), у якіх была знойдзена зброя, паведамілі «Известия». Навукоўцы прыйшлі да высновы, што, хутчэй за ўсё, пахаваныя жанчыны ўмелі з ёй абыходзіцца, выкарыстоўвалі ў баі і цалкам маглі быць прататыпамі тых ваяўніц-амазонак, пра якія пісаў старажытнагрэчаскі гісторык Герадот. Аднак яны не складалі нейкае асобнае ваеннае фарміраванне або адмысловы пласт грамадства.

«Жаночыя пахаванні з прадметамі ўзбраення выяўлены ў курганах усіх статутных узроўняў — ад сціплых насыпаў да «царскіх» магільных склепаў. Гэта збольшага адказвае на пытанне, якое часта задаецца даследчыкам: ці складалі амазонкі пэўны сацыяльны пласт або ўзброеныя фарміраванні
на сталай аснове. Відавочна, што жанчыны ранніх качэўнікаў Паўднёвага Урала, пахаваныя са зброяй, ні таго, ні іншага сабой не ўяўлялі і мелі розны сацыяльны статус, належалі да розных слаёў грамадства: ад эліты да радавых качэўнікаў», — сказала старшы навуковы супрацоўнік Навукова-адукацыйнага цэнтра еўразійскіх даследаванняў Паўднёва-Уральскага дзяржаўнага ўніверсітэта Наталля Бярсенева.

З больш чым 500 вядомых пахаванняў дадзенага перыяду навукоўцы абралі 24, якія адпавядаюць крытэрыям даследавання. Некаторыя з іх былі індывідуальнымі, іншыя — парнымі, трэція — калектыўнымі. Ва ўсіх гэтых пахаваннях была знойдзена зброя. Галоўным чынам гэта былі калчаны са стрэламі, але сустракалася і клінковая зброя. Большасць гэтых жанчын памерлі ва ўзросце 25—35 гадоў. Некаторых пахавалі з дзецьмі. Зброю знайшлі як побач са шляхетнымі памерлымі, так і ў магілах простых качэўніц.

Толькі адзін калчан, знойдзены ў пахаванні амазонак з высокім сацыяльным статусам, магчыма, быў часткай пахавальных дароў і выконваў рытуальныя функцыі. Аднак астатняя зброя па сваіх характарыстыках не адрознівалася ад тых прадметаў, якія былі знойдзены ў мужчынскіх пахаваннях. І размяшчаліся рэчы сапраўды гэтак жа, як у магілах мужчын. Калчаны часцей за ўсё клалі з левага боку ад цела, радзей — з правага, на грудзях, пад галавой ці паміж ног памерлай. Побач са зброяй звычайна ляжалі прадметы жаночага ўжытку: каралі, люстэркі, посуд.

Прадметы, знойдзеныя ў магілах, даюць падставу меркаваць, што многія жанчыны ўмелі абыходзіцца са зброяй дыстанцыйнага бою, а некаторыя — і з халоднай. Ва ўмовах качавога жыцця таго часу падобныя навыкі павышалі шанцы жанчын і іх нашчадкаў на выжыванне.

Сяргей СТАРЫНАЎ

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.