Вы тут

Змяненні, якіх чакаюць ў краіне


Парламенцкі год члены Савета Рэспублікі завяршылі прыняццем амаль трох дзясяткаў законапраектаў. У цэлым, год для сенатараў быў няпросты. Згодна з абноўленай Канстытуцыяй, яны ўпершыню працавалі ў аднасесійным парадку. За мінулую сесію Саветам Рэспублікі, які з'яўляецца перадапошняй інстанцыяй перад прыняццем найважнейшых рашэнняў (у сілу закон або кодэкс уступае толькі пасля подпісу Прэзідэнта), парламентарыі разгледзелі і адобрылі праекты кодэкса і ста законапраектаў. 39 з іх датычацца выказвання згоды Беларусі на абавязковасць для яе міжнародных дагавораў.

Падчас дзясятай сесіі сенатары прынялі законапраекты, якія ўпершыню з'явіліся ў нашай краіне. Сярод іх — «Аб Усебеларускім народным сходзе» і «Аб народным апалчэнні». Вялікая работа была праведзена па прывядзенні законаў у адпаведнасць з абноўленай Канстытуцыяй: план выкананы больш як на 90 %. У гэтым, як падкрэсліла на закрыцці сесіі Старшыня Савета Рэспублікі Наталля КАЧАНАВА, асаблівая гістарычная місія сёмага склікання — парламентрыі мелі дачыненне да выпрацоўкі шляхоў развіцця беларускай дзяржаўнасці.


Новаўвядзенні, адобраныя сенатарамі падчас заключнага пасяджэння дзясятай сесіі, закрануць заканадаўства па пытаннях канстытуцыйнай судавытворчасці, судаводства і статусу суддзяў, Крымінальна-працэсуальны кодэкс, Кодэкс аб архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці, а таксама Лясны кодэкс. Змяненні адбудуцца ў шэрагу законаў, звязаных з аховай навакольнага асяроддзя і экалагічнай жыццядзейнасцю, выдавецкай справай, прымусовым лячэннем і медыка-сацыяльнай рэадаптацыяй, дзяржаўным прагназаваннем, праграмамі сацыяльна-эканамічнага развіцця і іншым. Акрамя таго, члены Савета Рэспублікі ратыфікавалі пагадненні паміж Беларуссю і Расіяй аб стварэнні і функцыянаванні вучэбна-баявых цэнтраў сумеснай падрыхтоўкі ваеннаслужачых узброеных сіл абедзвюх краін, паміж Беларуссю і Зімбабвэ аб заахвочванні і ўзаемнай абароне інвестыцый, зацвердзілі справаздачы аб выкананні рэспубліканскага бюджэту і бюджэту дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва за 2022 год.

Абарона — справа народная

Пасля падпісання кіраўніком дзяржавы ў вызначаны заканадаўствам час уступіць у сілу адзін з найбольш рэзанансных законапраектаў, які ўпершыню папоўніў заканадаўчую скарбніцу краіны. Праект Закона «Аб народным апалчэнні» ў Савеце Рэспублікі прадставіў начальнік Генеральнага штаба Узброеных Сіл — першы намеснік міністра абароны Віктар ГУЛЕВІЧ. Ён адзначыў, што падрыхтоўка гэтага законапраекта ажыццяўлялася з мэтай стварэння прававых асноў добраахвотнага ўдзелу грамадзян у забеспячэнні ваеннага становішча ў складзе атрадаў народнага апалчэння. «Пры распрацоўцы праекта закона за аснову быў узяты сучасны вопыт стварэння добраахвотніцкіх фарміраванняў тэрытарыяльных абшчын Украіны ў 2022 годзе, — удакладніў начальнік Генштаба. — Падраздзяленні, якія разглядаюцца, ствараліся з ліку грамадзян, пераважна добраахвотнікаў (як правіла тых, якія не падлягаюць прызыву на ваенную службу па мабілізацыі), для вырашэння другасных задач у месцах, якія не прадугледжваюць дзеянні войскаў пад кіраўніцтвам органаў унутраных спраў або мясцовага кіравання. Такі ж падыход закладзены і ў распрацаваным законапраекце».

Фарміраванне народнага апалчэння будзе ажыццяўляцца на падставе ўказа Прэзідэнта Беларусі. Атрады народнага апалчэння могуць стварацца ў гарадах, пасёлках гарадскога тыпу і сельскіх Саветах адначасова з фарміраваннем у адміністрацыйным раёне тэрытарыяльных войскаў. Асноўнай задачай добраахвотнікаў, аб'яднаных у атрады народнага апалчэння, будзе з'яўляцца ў перыяд дзеяння ў краіне ваеннага становішча садзейнічанне органам унутраных спраў у абароне ўласнасці ад злачынных і супрацьпраўных замахаў на тэрыторыі, дзе яны жывуць. Таксама, па рашэнні мясцовых саветаў абароны, апошнія могуць прыцягвацца для вырашэння іншых задач па забеспячэнні ваеннага становішча. Падрыхтоўка атрадаў народнага апалчэння ў мірны час прадугледжана ў сістэме тэрытарыяльнай абароны пад кіраўніцтвам мясцовых органаў кіравання з прыцягненнем тэрытарыяльных органаў унутраных спраў і мясцовых органаў ваеннага кіравання.

Прыняцце Закона «Аб народным апалчэнні» дазволіць вырашыць дзве ключавыя задачы: даць магчымасць грамадзянам, якія па пэўных прычынах не падлягаюць мабілізацыі, са зброяй у руках добраахвотна ўдзельнічаць у абароне краіны, а таксама стварыць дадатковыя ўмовы па аказанні дапамогі праваахоўным органам у выкананні імі сваіх паўнамоцтваў пры забеспячэнні ваеннага становішча ў сельсаветах, сельскіх населеных пунктах, раёнах, асобных гарадах.

Як падкрэсліў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей РАЧКОЎ, законапраект падрыхтаваны з улікам сучасных рэалій і неабходны для ўмацавання нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь. Ён удакладніў, што праект Закона «Аб народным апалчэнні» некалькі разоў разглядаўся экспертным саветам пры Савеце Рэспублікі. Сярод экспертаў у тым ліку былі прадстаўнікі мясцовых органаў улады.

Пашырэнне паўнамоцтваў на месцах

Яшчэ адзін законапраект, які чакаюць на месцах, адобраны сенатарамі. Аб асноўных навацыях, якія закрануць заканадаўства па пытаннях мясцовага кіравання і самакіравання, расказаў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Міхаіл РУСЫ.

«Пашыраны правы мясцовых органаў улады, — звярнуў увагу сенатар. — У прыватнасці, дэпутаты будуць узгадняць прызначэнне кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў і філіялаў, якія размешчаны на іх тэрыторыі, прымаць удзел у закрыцці або рэарганізацыі такіх устаноў, як, напрыклад, школа і дзіцячы садок. Дэпутаты будуць мець на грамадскіх пачатках двух памочнікаў з адзіным узорам пасведчання. Асобны артыкул вызначае механізм рэалізацыі грамадзянскіх ініцыятыў мясцовых органаў улады, якія будуць накіраваны на паляпшэнне жыццезабеспячэння населеных пунктаў. Напрыклад, гэта ўладкаванне дзіцячых, спартыўных пляцовак».

Акрамя таго, замацоўваецца парадак рэалізацыі дэпутатамі мясцовых Саветаў дэпутатаў паўнамоцтваў на ажыццяўленне міжнароднага супрацоўніцтва за межамі Беларусі. Прадугледжваецца стварэнне акруговага савета тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання ў Мінску і вызначаецца парадак яго дзейнасці. Выканкамы пярвічнага і базавага ўзроўняў надзяляюцца правамі на вызначэнне выканаўцаў для выканання работ на аб'ектах знешняга добраўпарадкавання, размешчаных на землях агульнага карыстання населеных пунктаў. Мясцовым адміністрацыям раёнаў у гарадах даецца права на зацвярджэнне рэжыму работы арганізацый (іх аб'ектаў), маёмасць якіх знаходзіцца ў камунальнай уласнасці, а таксама на ўзгадненне рэжыму работы іншых арганізацый і індывідуальных прадпрымальнікаў, якія ажыццяўляюць дзейнасць на адпаведнай тэрыторыі, у выпадках, прадугледжаных заканадаўчымі актамі.

Дзеля гістарычнай справядлівасці

Змяненні чакаюць і Крымінальна-працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь. Адпаведны законапраект падрыхтаваны Генеральнай пракуратурай у выкананне артыкула 3 Закона «Аб генацыдзе беларускага народа», згодна з якім Генеральнай пракуратуры даручана прыняць дадатковыя меры па ўсебаковым, поўным і аб'ектыўным даследаванні акалічнасцяў генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд, устанаўленні асоб, якія маюць дачыненне да яго здзяйснення, і іх крымінальнаму пераследу. Новаўвядзенні накіраваны на забеспячэнне непазбежнасці адказнасці за ўчыненне злачынстваў супраць міру, бяспекі чалавецтва і ваенныя злачынствы, рэгламентуюць парадак вытворчасці па крымінальных справах аб названых злачынствах у адносінах да памерлых асоб незалежна ад згоды іх блізкіх сваякоў.

Як расказаў, прадстаўляючы законапраект у Савеце Рэспублікі, генеральны пракурор Андрэй ШВЕД, у ходзе расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа Генеральнай пракуратурай устанаўліваюцца асобы, якія здзейснілі залачынствы супраць міру і бяспекі чалавецтва, якія з-за розных прычын не панеслі заслужанага пакарання. «Некаторыя з іх ужо памерлі, — заўважыў Андрэй Швед. — Згодна з дзеючым заканадаўствам, крымінальная справа не можа быць узбуджана, а па ўзбуджанай справаводства падлягае спыненню ў дачыненні да памерлага, за выключэннем выпадкаў, калі вытворчасць па крымінальных справах неабходная для яго рэабілітацыі. Крымінальна-працэсуальны закон не ўтрымлівае прававых механізмаў, якія дазваляюць расследаваць у поўным аб'ёме, а галоўнае, правесці судовы разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да памерлага, калі яго сваякамі не пададзена ва ўстаноўленым парадку адпаведная заява».

Пры гэтым генеральны пракурор падкрэсліў, што злачынствы супраць міру, бяспекі чалавецтва і ваенныя злачынствы, уключаючы генацыд, не маюць тэрмінаў даўнасці. Па яго словах, з мэтай забеспячэння прынцыпу непазбежнасці адказнасці, зыходзячы з дзяржаўных і грамадскіх інтарэсаў, Генпракуратурай распрацаваны законапраект, які прадугледжвае магчымасць вытворчасці па крымінальных справах гэтай катэгорыі ў дачыненні да памерлых асоб незалежна ад згоды іх блізкіх сваякоў. Вытворчасць па крымінальнай справе будзе ажыццяўляцца па агульных правілах судаводства з улікам асаблівасцяў, звязаных з немагчымасцю ўдзелу абвінавачанага ў працэсе. Ніякіх спрошчаных працэдур па даказванні вінаватасці абвінавачанага праект не прадугледжвае.

Як рэзюмаваў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Сяргей СІВЕЦ, у Беларусі ідзе паслядоўная работа па захаванні і памнажэнні гістарычнай памяці, па супрацьдзеянні любым праявам фальсіфікацыі падзей і вынікаў Другой сусветнай вайны. «Важным этапам у гэтай рабоце стала прыняцце 5 студзеня 2022 года Закона «Аб генацыдзе беларускага народа», якім афіцыйна прызнаны і асуджаны генацыд беларускага народа ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны час», — нагадаў парламентарый і дадаў, што прыняцце змяненняў у Крымінальна-працэсуальны кодэкс будзе садзейнічаць больш поўнай рэалізацыі прынцыпу непазбежнасці адказнасці.

Будаўніцтва — па новых правілах

Упершыню ў гісторыі нашай краіны разрознены масіў нарматыўных прававых актаў у галіне архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці будзе сістэматызаваны ў адзіным комплексным дакуменце — Кодэксе аб архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці. Спрашчаюцца патрабаванні да архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці. Прадугледжваецца магчымасць зацвярджэння перадпраектнай (перадінвестыцыйнай) дакументацыі ў скарочаным аб'ёме — у форме задання на распрацоўку праектнай дакументацыі: у выпадку прадухілення, ліквідацыі наступстваў будаўнічай аварыі, а таксама на капітальны рамонт, мадэрнізацыю, тэхнічную мадэрнізацыю, знос аб'ектаў першага—чацвёртага класаў складанасці і інш. Вызначаны выпадкі, калі распрацоўка перадпраектнай (перадінвестыцыйнай) дакументацыі не з'яўляецца абавязковай. Гэта будзе адносіцца да ўзвядзення, рамонту аднакватэрных жылых дамоў, нежылых капітальных пабудоў на выдзеленым зямельным участку, садовых домікаў, дач, гаражоў.

Акрамя таго, спрошчаны парадак узвядзення і рэканструкцыі аднакватэрных жылых дамоў і нежылых капітальных пабудоў пятага класа складанасці (на падставе пашпарта забудоўшчыка або дакумента, які сведчыць права на зямельны ўчастак), патрабаванні пры выкананні работ па бягучым рамонце. Уведзены паведамляльны прынцып у адносінах да вытворчасці будаўніча-мантажных работ замест раней дзеючага дазвольнага. Прадугледжана фарміраванне адзінага інфармацыйнага асяроддзя ў будаўнічай галіне, уключаючы вядзенне горадабудаўнічага кадастра, дзяржаўнай інфармацыйнай сістэмы «Дзяржбудпартал», рэспубліканскага фонду праектнай дакументацыі і рэспубліканскага банка даных аб'ектаў-аналагаў на будаўніцтва аб'ектаў.

«Удасканаленне нарматыўна-прававой базы ў будаўніцтве з'яўляецца важным фактарам у паляпшэнні інвестыцыйнага клімату ў краіне: у тэхналагічнай структуры інвестыцый звыш 50 % займаюць будаўніча-мантажныя работы, — адзначыла старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Таццяна РУНЕЦ. — Ключавой ідэяй праекта кодэкса, работа над якім вялася з 2017 года, з'яўляецца спрашчэнне норм і правіл у будаўнічай сферы, аптымізацыя адміністрацыйных працэдур і залішняга ўмяшальніцтва дзяржаўных органаў у будаўнічую дзейнасць без шкоды для бяспекі аб'екта. Прыняцце законапраекта забяспечыць фарміраванне неабходных прававых паслуг для нарошчвання аб'ёмаў будаўніцтва, далейшага развіцця і павышэння эфектыўнасці будаўнічай галіны».

Дапамога залежным грамадзянам

Новаўвядзенні закрануць і заканадаўства па пытаннях прымусовага лячэння і медыка-сацыяльнай рэадаптацыі. Як расказаў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей РАЧКОЎ, праект закона распрацаваны з мэтай удасканалення заканадаўства аб прымусовым лячэнні і медыка-сацыяльнай рэадаптацыі грамадзян, хворых на хранічны алкагалізм, наркаманію або таксікаманію. «Дакументам прадугледжваецца карэкціроўка Закона «Аб парадку і ўмовах накіравання грамадзян у лячэбна-працоўныя прафілакторыі і ўмовах знаходжання ў іх» у частцы спрашчэння працэдуры накіравання грамадзян у лячэбна-працоўны прафілакторый з улікам правапрымяняльнай практыкі, а таксама Закона «Аб аказанні псіхіятрычнай дапамогі», — дадаў сенатар. — Вызначаюцца дзве катэгорыі грамадзян, якія належаць ізаляцыі ў ЛПП, удакладняецца парадак папярэджання грамадзян аб магчымасці накіравання ў ЛПП, спрашчаецца працэдура медыцынскага агляду грамадзян, неабходнага для вырашэння пытання аб накіраванні іх у ЛПП».

Прадстаўляючы сенатарам законапраект, міністр унутраных спраў Іван КУБРАКОЎ звярнуў увагу на тое, што асноўныя змяненні, якія ўносяцца законапраектам, датычацца ўстанаўлення максімальна зразумелага і практычнага парадку ізаляцыі ў ЛПП. «Дзеючы закон прадугледжвае тры варыянты накіравання ў ЛПП: агульны, а таксама два спецыяльныя — для працаздольных непрацоўных грамадзян, якія вядуць асацыяльны лад жыцця, і абавязаных асоб, — паведаміў кіраўнік міліцэйскага ведамства. — Аднак практычна 80 % грамадзян накіроўваюцца ў ЛПП на агульных падставах — гэта значыць, пры ўчыненні не менш як чатырох адміністрацыйных правапарушэнняў, з правядзеннем двух медыцынскіх аглядаў».

Цяпер прапаноўваецца выносіць папярэджанне аб магчымасці накіравання ў ЛПП пасля здзяйснення двух правапарушэнняў у стане алкагольнага або наркатычнага ап'янення, а ў выпадку прыцягнення асобы да адміністрацыйнай адказнасці пасля аб'яўлення ёй папярэджання — праводзіць адзін медыцынскі агляд на прадмет устанаўлення наяўнасці або адсутнасці ў яго захворвання на хранічны алкагалізм, наркаманію або таксікаманію і наяўнасці або адсутнасці ў яго захворванняў, якія перашкаджаюць знаходжанню ў ЛПП. Па меркаванні Івана Кубракова, такія падыходы дазволяць пачынаць работу з правапарушальнікамі на больш ранняй стадыі, а таксама мінімізаваць затраты сіл і сродкаў органаў унутраных спраў і арганізацый аховы здароўя.

Акрамя таго, у законапраекце рэалізаваны парадак ізаляцыі ў ЛПП грамадзян, якія звярталіся або паступалі ў арганізацыі аховы здароўя ў сувязі з атручэннем наркотыкамі. «Прапануецца па аднаразовым факце аб'яўляць такім асобам папярэджанне аб магчымасці накіравання іх у ЛПП, — заўважыў міністр унутраных спраў. — Пры паўторным звароце або паступленні ў арганізацыю аховы здароўя з атручэннем будзе праводзіцца медыцынскі агляд такога грамадзяніна, матэрыялы — накіроўвацца ў суд. У законапраекце прапануецца выключыць этап прыняцця пастаянна дзейнымі камісіямі па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва рашэнняў аб неабходнасці ізаляцыі грамадзян у ЛПП, паколькі яны фактычна носяць дэкларатыўны характар».

Устанаўліваецца абавязак грамадзян выконваць патрабаванні супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і службовых асоб арганізацый аховы здароўя пры правядзенні медыцынскага агляду. За невыкананне гэтых законных патрабаванняў асобы будуць прыцягвацца да адміністрацыйнай адказнасці. Гэта, па словах кіраўніка ведамства, дазволіць аказаць дзейснае ўздзеянне на тых, хто ўхіляецца ад абследавання.

Навацыі адукацыйнага характару

Прадметам прававога рэгулявання праекта Закона «Аб змяненні законаў» з'яўляюцца грамадскія адносіны па пытаннях прававога рэгулявання адносін у сферы адукацыі. «Для стварэння адзінага, цэласнага механізму прававога рэгулявання адукацыйных адносін уносяцца змяненні ў 16 законаў і два кодэксы, — удакладніла старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Ірына СТАРАВОЙТАВА. — Законы карэкціруюцца ў сувязі са змяненнем структуры вышэйшай адукацыі, узбуйненнем адзінак класіфікацыі адукацыі (выключаюцца паняцці «кірунак спецыяльнасцяў» і «спецыялізацыя»), перайменаваннем паслявузаўскай адукацыі ў навукова-арыентаваную, уключэннем у Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі паняццяў «установы, якія рэалізоўваюць адукацыйныя праграмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі» і «спецыяльная школа-інтэрнат». У шэраг артыкулаў уносяцца змены для забеспячэння ўзгаднення іх з іншымі заканадаўчымі актамі, палажэннямі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Выбарчага кодэкса, Закона «Аб змяненні кодэксаў па пытаннях крымінальнай адказнасці» і іншымі. У законапраекце прадугледжаны нормы, якія накіраваны на ўдасканаленне механізмаў прававога рэгулявання з улікам практыкі іх прымянення».

У прыватнасці, у Законе «Аб пенсіённым забеспячэнні» ўдакладняецца кола асоб, што навучаюцца, якія маюць права на пенсію ў сувязі са стратай карміцеля. У Законе «Аб гарантыях па сацыяльнай абароне дзяцей-сірот, дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама асоб з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў» прадугледжаны гарантыі на атрыманне ў дзяржаўных установах адукацыі бясплатнай дадатковай адукацыі адораных дзяцей і моладзі. Законам «Аб статусе ваеннаслужачых» даецца магчымасць атрымліваць ваеннаслужачым, якія праходзяць ваенную службу па кантракце, з дазволу камандзіра (начальніка) дадатковую адукацыю дарослых (у вочнай форме атрымання адукацыі).

Удасканаленне банкаўскіх адносін

З некаторымі змяненнямі ў найбліжэйшы час будзе функцыянаваць і банкаўская сфера. Праект Закона «Аб змяненні законаў па пытаннях банкаўскай дзейнасці» прадугледжвае стварэнне эфектыўнага прававога механізму забеспячэння фінансавай стабільнасці ў Беларусі. Карэкціруецца парадак распрацоўкі і зацвярджэння асноўных кірункаў грашова-крэдытнай палітыкі. Павышаецца ўзровень прававой абароны спажыўцоў банкаўскіх паслуг, выключаецца празмерная фінансавая нагрузка на крэдытаатрымальнікаў. Прымаюцца меры, накіраваныя на пераход банкаў да прымянення Міжнародных стандартаў фінансавай справаздачнасці ў якасці першачарговых і адзіных стандартаў пры арганізацыі вядзення бухгалтарскага ўліку і фарміраванні бухгалтарскай (фінансавай) справаздачнасці. Павышаецца эфектыўнасць ажыццяўлення банкаўскага нагляду і кантролю за выкананнем заканадаўства аб прадухіленні легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам, фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці і фінансавання распаўсюджвання зброі масавага паражэння.

Як адзначыў член Савета Рэспублікі Алег ЖЫНГЕЛЬ, змяненні, якія ўносяцца ў законапраект, з'яўляюцца вельмі актуальнымі і своечасовымі. «Канкрэтна замацоўваюцца функцыі Нацыянальнага банка, камерцыйных банкаў, вызначаны іх мэты, правы, абавязкі, — удакладніў сенатар. — Усе заканадаўчыя акты ў банкаўскай сферы прыводзяцца ў адпаведнасць з Канстытуцыяй. Зменены падыходы па зацвярджэнні грашова-крэдытнай палітыкі банкаў. Акрамя таго, у законапраект увайшоў такі важны момант, як пераход банкаўскай сістэмы на стандарты міжнароднай банкаўскай справаздачнасці. Гэта вызваляе банкі ад двайной сістэмы складання справаздачнасці. Удзяляецца вялікая ўвага абароне правоў спажыўца. У прыватнасці пытанняў, якія датычацца крэдытавання насельніцтва. Часта банкі, калі крэдытуюць насельніцтва, вылучаюць штрафныя санкцыі, якія ў некалькі разоў перавышаюць першапачаткова ўстаноўленую стаўку па крэдытах, акрамя таго, налічваюць пеню за несвоечасовае пагашэнне працэнтаў, і атрымліваецца, што кліент, які звярнуўся ў банк і не змог у тэрмін разлічыцца па крэдыце, трапляе ў кабалу. Цяпер вызначаны канкрэтны тэрмін, калі банкі могуць прад'яўляць кліентам спагнанні».

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

«Малако — паўнавартасны прадукт харчавання, а не напой, гэта важна ўлічваць».