Вы тут

Новыя рваныя джынсы. Носім іх правільна


Пагадзіцеся, у кожнай краіне і нават у кожным рэгіёне і горадзе ёсць свае модныя перавагі, густы і свая, лакальная, мода. Між тым, што называюць модным дызайнеры ў кожным сезоне, і тым, што рэальна будуць насіць у масавым сегменце, заўсёды існуе значная розніца. І часам на густы і настрой людзей на вуліцах дызайнерская думка праламляецца дастаткова нечакана.


Ад чаго залежыць гэты масавы выбар? Ад традыцый і апошніх падзей, ад масмаркета і прапановы рэчавых рынкаў (а не дарагіх крам і дызайнерскіх прастор), ад пераважных настрояў, капрызаў надвор'я і бог ведае чаго яшчэ... Словам, якія трэнды будуць пераважаць у рэальным жыцці ў кожным пэўным горадзе, загадзя (на этапе агляду справаздач з модных паказаў) спрагназаваць цяжка, а вось назіраць, калі прыходзіць сезон, заўсёды цікава.

Нашым дзяўчатам чамусьці гэтым летам спадабалася толькі пункцірам пазначаная на подыумах, далёка не асноўная ў цёплым сезоне-2023 ідэя «рванай джынсы». Карункі, напаўпразрыстасць, разрэзы па баках калашын штаноў — не, не палюбіліся. Пэчворк не зачапіў. Нізкая пасадка спадніц і штаноў прыйшлася даспадобы нямногім. Спадніцы-балоны таксама не пайшлі ў народ, ды і штаны-палаца гэтым летам неяк не занадта папулярныя. Затое многія з прыходам цяпла апранулі джынсы розных фасонаў — ад скіні да mom і шырокага клёша — з канцэптуальнымі прарэхамі на каленях. Прычым загарэлымі (і не вельмі) каленямі, якія выглядваюць з разарваных штанін, цешаць позірк не толькі стройныя німфападобныя дзяўчаты, на якіх трэнд выглядае арганічна. Часам і жанчыны сталага веку і «гарачых» формаў выбіраюць такія джынсы — а чаму б і не? Каму не падабаецца — можаце не глядзець.

Зрэшты, стройныя і юныя таксама, бывае, з «ірванінай» перабольшваюць: трэнд не такі просты ва ўвасабленні ў жыццё, як здаецца на першы погляд. Вобраз, які складаецца са спадніцы з непадшытым краем або джынсаў з голымі каленямі, ірванай жа джынсавай куртачкі і грубага абутку на платформе або кедаў, дапоўнены заплечнікам у экатонах у спалучэнні з субтыльнай канстытуцыяй, занадта ўжо адсылае да нейкай сіроцкай, пасляваеннай дзетдомаўскай стылістыкі. Кожная рэч паасобку выглядае стыльна, але разам яны выклікаюць у памяці радок «С детства я по приютам скитался...» Асабліва калі патыліца модна паголена, а погляд паглыблены ў сябе (з прычыны навушнікаў у вушах).

Не хочацца, вядома, выглядаць занудай... І ўсё ж у жанчын, якія нарадзілі і выгадавалі ўласных дзяцей (хоць многія з гэтых жанчын і самі ў юнацтве фарсілі ў рваным дэніме), з узростам такі модны look апелюе да мацярынскага інстынкту. Выклікае падсвядомае жаданне спытаць, ці ўсё добра ў гэтага дзіцяці і ці не патрэбна яму дапамога дарослых...

А наогул, каму якая справа, калі душа просіць менавіта такога вобраза, скажаце вы — і будзеце, безумоўна, мець рацыю. Так што лепш давайце разбяромся, чаго менавіта просіць душа, калі ў краме рукі самі цягнуцца да вешалкі з ірваным дэнімам,
і адкуль увогуле узялася мода на канцэптуальна падраныя рэчы?

Каму якая справа

Сваё пераможнае шэсце па подыумах і вуліцах ірваныя джынсы пачалі ў 1970-х. Няцяжка здагадацца, што прыдумалі іх хіпі, прычым зусім не як модны трэнд. Проста «дзеці кветак» заношвалі свае джынсы ў прамым сэнсе да дзірак, часцяком не маючы сродкаў на набыццё новых. Пазней ідэю падхапілі рок-музыкі, а дакладней, прадстаўнікі кірунку «панк-рок». У 1970—1980-х ірваныя джынсы сімвалізавалі свабоду ад умоўнасцяў, навязаных грамадствам, і высакародную пагарду мастака і паэта да абывацельскага свету рэчаў. Паступова пасыл трансфармаваўся: ад першапачатковага «Мне пляваць на ваша меркаванне» да, напэўна, такога: «Для мяне духоўнае важнейшае, чым матэрыяльнае». У гэтым ключы можна перакласці «з мовы выяў на мову слоў» адну з ранніх фотасесій спявачкі Мадонны, якая і зрабіла «рваніну» атрыбутам паўсядзённага моднага вобраза. Згадзіцеся, сёння ж ніхто не бачыць «нічога такога» ў тым, каб прыйсці ў рваных джынсах па дзіця ў дзіцячы сад або ў краму ці банк, або нават на працу, асабліва калі яна творчая. Ды і з большасці офісаў у такім «прыкідзе» работніка, хутчэй за ўсё, не выганяць, ну хіба што паў- шчуваюць і папросяць надалей выглядаць больш афіцыйна.

Растыражаваны музыкамі трэнд на рваны дэнім аказаўся, трэба адзначыць, неверагодна жывучым — ён быў актуальны і ў 1990-х, і ў 2000-х, і, напэўна, вернецца яшчэ не раз у будучыні. Мода, зрэшты, хітруе, як звычайна: нягледзячы на закладзены ў гэтым трэндзе пасыл аб перавазе духоўнага над матэрыяльным, каштуюць мадэлі з дзіркамі сёння даражэй за цэлыя штаны і спадніцы.

У 1980-х (і тым больш у 1970-х, на пачатку станаўлення трэнду) ірваныя джынсы ў крамах не прадаваліся. Года з 1985-га модныя часопісы (зразумела, не ў Савецкім Саюзе — тут за такі look можна было трапіць «на суткі») друкавалі інструкцыі, як правільна рабіць дзіркі на новых штанах. У 1990-х такія інструкцыі па «сарафанным радыё» распаўсюдзіліся і па постсавецкай тэрыторыі. Калі вы былі падлеткам у гады перабудовы, то, напэўна, і сёння памятаеце, як можна зрабіць «правільныя дзіркі» ці прыгожыя пацёртасці на джынсе (спойлер: з дапамогай ляза або напільніка) нараўне з тым, як «зварыць» джынсавыя рэчы, але гэта, як гаворыцца, ужо зусім іншая гісторыя.

«Сіроцкая» эстэтыка

Не трэба быць знаўцам у сферы моды і дызайну, каб упэўнена аднесці рваную джынсу да элементаў стылю гранж (даслоўны пераклад з англійскай — «неахайны», «непрыемны»). Стыль цалкам аформіўся ў 1990-х дзякуючы папулярнасці бунтарскіх рок-гуртоў, у першую чаргу Nіrvana. Курт Кабэйн менавіта ў такіх штанах і выходзіў на сцэну. Гранж адмаўляў адпаведнасць агульнапрынятым стандартам знешняга аблічча — ахайнасці, акуратнасці і вытанчанасці. Для яго характэрны шматслойнасць і прадуманая «неахайнасць» у вобразе, гэткі растрапаны выгляд. Трэба сказаць, дызайнерам гэты стыль доўга не падабаўся. Прыглядаўся да яго толькі Марк Джэйкабс: з 1997-га і аж да 2013-га ён «займаў адказную пасаду» мастацкага кіраўніка пафаснага Louіs Vuіtton, а ў 1993-м быў мастаком, якога не разумее грамадства. Менавіта тады ён выпусціў першую калекцыю стылю гранж і сустрэў хвалю кпінаў. «Сіроцкія» сарафаны, «замытыя» кашулі, ірваныя штаны, пакамечаныя трэнчы, расцягнутыя швэдры і грубыя чаравікі модная грамадскасць насіць не хацела, прыгажосці ў гэтым не бачыла і пераапранацца ў валацуг не лічыла патрэбным. Тады ніхто яшчэ не здагадваўся, што менавіта гэты стыль шмат у чым вызначыць развіццё моды на дзесяцігоддзі. Дарэчы, адносна нядаўна, у 2018-м, дызайнер перавыпусціў тую, першую, калекцыю — узнавіў усе 26 сваіх першых, гранжавых мадэляў. І рэакцыя на паказах была ўжо зусім іншая...

«Луівітоны» па кішэні далёка не кожнаму, і адважуся выказаць здагадку, што наўрад ці тым, хто падобнага ніколі не насіў, варта з гэтай нагоды нервавацца. Тым больш што сёння мадэляў з ірванага дэніму звышдастаткова ў любым цэнавым сегменце. Але ці трэба пераплачваць за дзіркі — вось у чым пытанне. Бо іх жа можна зрабіць сваімі рукамі! Калі вам цікава, вось простая інструкцыя, як ператварыць зусім цэлыя джынсы ў модныя рваныя.

Ачумелыя ручкі

Знаходзім джынсы, пасадка якіх на вашай постаці вам падабаецца. Лепш усё-ткі не новыя. Па-першае, раптам з першага разу зрабіць «правільныя дзіркі» не атрымаецца. А, па-другое, трэнд патрабуе ўсё ж пацёртага дэніму: на новым дзіркі будуць выглядаць неяк нерэалістычна. Зрэшты, калі жадаеце менавіта для гэтай мэты купіць зусім новыя штаны ці спадніцу (пацёртасці, дзіркі і махры з нітак у гэтым сезоне модна размяшчаць каля падола спадніц даўжыні міні або мідзі) — хто вас мае права адгаворваць?

У ідэале выбіраем светлае джынсавае адценне, ну або сярэдняе: цёмныя джынсы з прарэзамі складаней упісаць у вобраз, і стыльна яны выглядаюць далёка не заўсёды.

Цяпер падбіраем інструмент. Для стварэння дзірак спатрэбіцца брытва (нажніцамі ў дадзеным выпадку працаваць больш складана), а лепш за ўсё — канцылярскі нож. Для стварэння пацёртасцяў — наждачная папера, напільнік ці пемза. У 1990-я, памятаю, мы выкарыстоўвалі кухонную тарку (той бок, які для сыру).

Малюем будучы разрэз — не алоўкам або фламастарам, а кавалачкам сухога мыла (так на тканіне не застанецца лішніх рысак). Лепш за ўсё для гэтых мэт падыдзе швейная крэйда, якую выкарыстоўваюць для раскройвання тканіны — яна таксама лёгка адціраецца і не пакідае непатрэбных слядоў. Роўна выкладваем джынсы на вялікім стале ці на падлозе, вызначаем крэйдай месцы разрэзаў. Можна на адной калашыне, можна — на абедзвюх, можна сіметрычна або асіметрычна — тут усё залежыць толькі ад палёту вашай фантазіі. Перфекцыяністы могуць скарыстацца лінейкай, каб сіметрычныя разрэзы былі зусім аднолькавыя.

На штанах часцей за ўсё разрэзы размяшчаюць на каленях. Хоць яны могуць быць і ніжэй каленяў, і на сцёгнах — у гэтым выпадку не рабіце дзіркі занадта высока, інакш падчас руху на ўсеагульны агляд можа трапіць ваша сподняя бялізна. З дзіркамі на каленях таксама ёсць нюанс: калі зрабіць іх менавіта на згібе нагі, яны непазбежна будуць павялічвацца з кожным «выхадам у свет» вашай ірванай рэчы. Таму ў ідэале разрэз павінен размяшчацца крыху вышэй за калена, дзе пры згінанні нагі тканіна не так нацягваецца. Цяпер устаўце ў кожную «калашыну» кухонную дошку, каб не пашкодзіць заднюю паверхню штанін. Калі плануеце стварыць пацёртасці, для паскарэння працэсу замест дошкі варта выкарыстоўваць што-небудзь больш цвёрдае і рабрыстае (напрыклад, цагліну).

З дапамогай наждачнай паперы, пемзы або напільніка «састарваем» дэнім. Тканіна стане танчэйшай, валокны яе аслабнуць, і прарэха будзе выглядаць больш натуральнай. Потым можна будзе проста пальцамі яшчэ больш аслабіць валокны тканіны, каб з'явіліся дзіркі. У гэтым выпадку падоўжныя ніткі асновы можна не пераразаць — атрымаецца і прыгожа, і больш трывала.

А можна пайсці кароткім шляхам і прарэзаць дзіркі з дапамогай ляза ці канцылярскага нажа. Для пачатку зрабіце разрэз невялікім — павялічыць яго заўсёды можна. Выцягваем вонкі светлыя ніткі асновы — і ву-а-ля: стыльныя джынсы з дзіркамі гатовыя!

Дададзім, што, зрабіўшы невялікі разрэз, далей тканіну можна асцярожна дарваць рукамі — так краі не будуць роўнымі, і, адпаведна, дзіркі будуць выглядаць так, нібы з'явіліся без вашай дапамогі.

Краі парываў варта замацаваць, акуратна абкідаўшы прарэху па перыметры, лепш за ўсё незаўважнымі «таемнымі» шыўкамі, рукамі ці на машынцы. Застаецца толькі памыць вынік нашай працы. Можна прапусціць гэты этап, але пасля мыцця і самі прарэзы, і выцягнутыя з іх ніткі набудуць больш натуральны выгляд.

На кантрасце

Ну, і напрыканцы пагаворым аб тым, з чым спалучаць ірваны дэнім у гэтым сезоне. Стылісты раяць: усё ж лепш не больш за адну «ірваную» рэч у вобразе, інакш непажаданых асацыяцый з «цяжкім падлеткам» не пазбегнуць. «Яршысты» характар гранжавых джынсаў выдатна згладзяць жаноцкі вытанчаны топ або рэчы з класічнага гардэроба.

Выбіраючы рваную джынсу, лепш гэтым летам спыніцца на белых мадэлях: ірваныя белыя джынсы — знаходка сезона, колер робіць летні вобраз лёгкім і бесклапотным. Ірваныя рэчы з дэніму таксама рэкамендуецца спалучаць з моднай цяпер камізэлькай у якасці топу і беласнежнымі кедамі або красоўкамі, а таксама з джынсавай курткай (але ўжо без пацёртасцяў).

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

З чым едзе Брэстчына на сёлетні Форум рэгіёнаў

З чым едзе Брэстчына на сёлетні Форум рэгіёнаў

Вобласць падрыхтавала ладны пакет прапаноў удзельнікам форуму.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.  

Грамадства

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

«Малако — паўнавартасны прадукт харчавання, а не напой, гэта важна ўлічваць».