Вы тут

Выяўлены новы экзэмпляр «Вянка» ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа


Супрацоўнікі Літаратурнага музея М. Багдановіча імкнуцца трымаць на кантролі ўсе экзэмпляры «Вянка» (Вільня, 1913), адзінага прыжыццёвага зборніка паэта, якія захаваліся. Да нядаўняга часу ў полі даследчыцкага бачання былі 42 асобнікі, што знаходзяцца ў дзяржаўных і прыватных зборах Беларусі і замежных краін. Сёлетняя акцыя «Вянок “Вянкоў”», зладжаная ў мінскім музеі песняра чыстай красы, падахвоціла больш уважліва перагледзець некаторыя айчынныя кнігасховішчы.


Будынак Пітэрскай беларускай пачатковай школы (Латвія, Лудзанскі павет). 1920-я гг. З кнігі «Альбом Лудзанскай павятовай школы» (1937).

І недарэмна. 43-ці экзэмпляр выяўлены ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі. Пра дзве кнігі, якія захоўваюцца ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў, было добра вядома раней, але даследчыкі чамусьці абыходзілі ўвагай іншыя структурныя падраздзяленні гэтай сталічнай установы.

Чарговы, раней не апісаны багдановічазнаўцамі «Вянок», — з ліку найлепш захаваных, прафесійна пераплеценых. Нягледзячы на адсутнасць інскрыптаў і якіх-небудзь памет, кніга мае сваю гісторыю, зафіксаваную найперш праз інфармацыю аб адным з ранейшых уладальнікаў. Расшыфроўка гэтай гісторыі толькі пачынае свой шлях.

Акрамя штампа «Библиотека АН БССР», на першай і чацвёртай старонках вокладкі, уклейцы аб друкарскіх памылках, а таксама старонках №№ 5, 37, 69, 97, 117 стаіць круглая пячатка з тэкстам на латгальскай мове, які сведчыць, што зборнік належаў беларускай пачатковай школе ў Люцынскім (Лудзанскім) павеце: «Piteru boltkivu pāmatškola. Ludzas apriņķa». А вось пра які канкрэтна населены пункт (Piteru) Латгаліі, усходняга гісторыкакультурнага рэгіёна Латвіі, ідзе гаворка — на гэтае пытанне сходу не адкажаш. Асабліва калі ўлічыць існаванне назваў у дзвюх памежных культурных традыцыях, беларускай і латышскай, — Дзвінск/ Даўгаўпілс; перайменаванне вёсак на розных гістарычных этапах, іх знікненне ў сувязі з працэсамі ўрбанізацыі. У 1920-х гг. была праведзена латышызацыя: мянялі прозвішчы людзей, назвы населеных пунктаў: Бальбінова → Індра; Пустыня → Робежнік; Бароўка → Скайстай...

Максім Багдановіч «Вянок» (Вільня, 1913). З фондаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі.

Першасны этап узнаўлення летапісу адукацыйнай установы ў Латвіі дазволілі з пэўнасцю ўстанавіць, што гаворка ідзе пра вёску Пітэры (лат. Pītera) і, адпаведна, — Пітэрскую беларускую пачатковую школу, заснаваную ў 1921 годзе. Для яе патрэб здымаўся прыватны будынак. У 1929-м, праз год пасля пераезду ў сядзібу Усціна Пікарэўскага, школа была перайменавана ў рускую. За дзесяцігоддзе колькасць навучэнцаў істотна не змянілася: калі ў 1921-м яе наведвалі 54 вучні, то ў 1931-м — 62. У ліку першых кіраўнікоў пачатковай школы былі Браніслаў Сухарэўскі і Канстанцін Нікіфароўскі.

Існаванне беларускіх адукацыйных устаноў у прыбалтыйскай краіне 1920-х гг. гісторыкі назваюць фенаменальным, бо яны ўзніклі без аніякай папярэдняй базы, што называецца, на пустым месцы. Фарміраванне іх бібліятэчных збораў, акрамя ўсіх іншых праблем, ішло з вялікімі цяжкасцямі, не хапала падручнікаў. У гэтай сувязі ацалелы экзэмпляр «Вянка» сёння бачыцца ў сваёй сімвалічнай місіі пераемнасці беларускай нацыянальнай ідэі, мастацкай творчасці і падзвіжніцкай дзейнасці.

Педагагічны штомесячнік «Беларуская школа ў Латвіі» (1927, № 4) змясціў матэрыял да 5-годдзя Люцынскай беларускай пачатковай школы. Сціслы агляд сведчыў яе надзвычай важную ролю для нацыянальнай меншасці ў горадзе: «Беларусы ў Люцыне складаюць самую незаможную частку насельніцтва: у боль­шасці гэта беззямельнае сялянства, пайшоўшае ў горад на заробкі, ёсць мясцовае люцынскае мяшчанства і рамеснікі, якія ніяк не могуць аправіцца пасля вайсковае завірухі і розных эвакуацыяў і акупацыяў, ды не мала ёсць і былога “служылага” люду, які цяперака сядзіць без пасадаў, бо ня ведаюць латышскае мовы».

Не аптымістычная карціна паўстае перад намі ў дачыненні да навучэнцаў школы: «Не было ў іх ні вопраткі, ні абутку, ні грошы на сшыткі і кніжкі, а шмат хто з дня ў дзень рэгулярна галадаваў. Беларуская школа, пачынаючы з лютага 1922 года, ішла ўсім гэтым дзецям чым толькі магла на спатканне. Вечарынамі, латарэямі, працэнтнымі адлічэннямі ад пенсіі настаўнікаў збіраліся грошы на сшыткі, кніжкі і гарбату для вучняў; шмат каму давалася вопратка і абутак».

Пячатка на выяўленым 43-м экзэмпляры «Вянка».

У сістэме пачатковай і сярэдняй адукацыі нацыянальных меншасцей у Латвіі 1920-х гг. найбольш вядомая Люцынская дзяржаўная беларуская гімназія (г. Люцын/ Лудза, 1922 — 1925), чатырохкласная ўстанова, у якую набіраліся вучні з навакольных пачатковых школ. Вялікая ўвага тут надавалася эстэтычнаму, творчаму навучанню. Пры гімназіі існаваў драматычны гурток. Пастаноўкі 1923 — 1924 гг., сярод якіх і неўміручая «Паўлінка» Янкі Купалы, ладзіліся не толькі ў горадзе, але і ў розных вёсках Люцынскага краю. Навучэнцы збіралі і запісвалі беларускі фальклор, выдавалі літаратурны часопіс «Ластаўка».

Пасля закрыцця ўладамі Латвіі гімназіі ў Люцыне частка навучэнцаў перабралася ў Дзвінскую дзяржаўную беларускую гімназіі. Адной з яе выпускніц была Людміла Краскоўская (1904—1999), у далейшым выбітны археолаг і спецыяліст музейнай справы ў сацыялістычнай Чэхаславакіі; першая жанчына ў гэтай краіне — кандыдат гістарычных навук. «Вянок» з яе кнігазбору захоўваецца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі. Сёлетнім чэрвенем ён прыняў эстафету чарговага ключавога экспаната на выстаўцы «Вянок “Вянкоў”».

Выяўлены 43-ці аўтэнтычны зборнік М. Багдановіча не толькі колькасна павялічвае захаваную кніжную спадчыну класіка літаратуру, але і сведчыць гісторыю беларускай культурнай чыннасці ў розных еўрапейскіх краінах, адкрывае перспектыву для далейшых росшукаў і даследаванняў.

Мікола ТРУС, кандыдат філалагічных навук

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.