Вы тут

Лукашэнка: Нас чакае сыход у нябыт аднапалярнай сістэмы. З’яўляецца шматпалярнасць. І гэты працэс ужо не спыніць


Інтарэс замежнай аўдыторыі да Беларусі і ўсіх інфармацыйных нагод, звязаных з нашай краінай, узрастае з кожным днём. Зразумела, што гэта параджае шмат фэйкаў і розных укідаў. Каб гэтага пазбегнуць, у графіку Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі часта значацца сустрэчы з беларускімі і замежнымі журналістамі. Чарговая сустрэча прайшла ў Палацы Незалежнасці. На яе былі запрошаны журналісты, якія прадстаўляюць СМІ з розных краін і рэгіёнаў свету. Гэта найперш тыя медыя, якія апошнім часам найбольш актыўна накіроўвалі заяўкі на інтэрв’ю з Прэзідэнтам Беларусі. Размова атрымалася шчырай, адкрытай і працяглай — Прэзідэнт адказваў на пытанні каля трох з паловай гадзін. Закрытых тэм не было і журналісты скарысталіся магчымасцю абмеркаваць з Аляксандрам Лукашэнкам самыя вострыя пытанні. 


Прэзідэнт адразу прапанаваў не будаваць размову ў фармаце прэс-канферэнцыі: «Давайце ў свабодным ключы правядзем гутарку і пагаворым аб пытаннях, якія хвалююць вас і, мяркую, усіх вашых гледачоў і народы нашых краін, у тым ліку і беларускі народ», — сказаў беларускі лідар. 

«Свет разбураны, светапарадак таксама»

Першае пытанне — і адразу глабальнае — свет змяняецца і да чаго прывядуць гэтыя перамены? «Я не стану сабе прыпісваць ролю нейкага гульца і прадказальніка, што чакае свет. Пажывём — убачым. Мусіць, самы дасведчаны, адукаваны палітык, чалавек ні ў адной кропцы свету сёння не скажа, што чакае свет у будучыні. Я часта канстатаваў, што свет проста ашалеў, звар’яцеў. Суб’екты, якія ўдзельнічаюць у гэтым, пакрысе вар’яцеюць таксама. Хто — вы выдатна ведаеце», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Па яго словах, светапарадку, які быў устаноўлены пасля Другой сусветнай вайны, у якой народы Савецкага Саюза адыгралі вырашальную ролю ў перамозе над нацызмам, ужо не існуе. Пра гэта беларускі лідар казаў і падчас нядаўнага саміта Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. «Мы ўжо не жывём па законах, міжнародных правілах. Мы сёння нават не жывём па паняццях. Правілаў ніякіх, паняццяў няма. Свет разбураны, светапарадак таксама. Дзякуючы тым гульням, якія задумалі буйныя краіны нашай планеты. Калі казаць вельмі мякка, што чакае свет: нас чакае, абсалютна ў гэтым перакананы, сыход у нябыт аднапалярнай сістэмы. З’яўляецца шматпалярнасць. І гэты працэс ужо не спыніць. Не спыніць ні мірным, ні ваенным чынам. Калі з’яўляецца сапраўдны парадак, заснаваны на шматпалярнасці, то гэта зусім іншая канфігурацыя, якая забяспечыць сур’ёзную ўстойлівасць нашай планеты, што будзе абапірацца на шмат пунктаў апоры», — адзначыў Алчксандр Лукашэнка. Па словах кіраўніка дзяржавы, такімі пунктамі апоры стануць ЗША, Еўрапейскі саюз, Кітай, Індыя. Таксама, паводле яго слоў, праявяць сябе краіны Афрыкі і Блізкага Усходу. «Мне хацелася б, каб постсавецкая прастора, наколькі гэта магчыма, кансалідавалася і таксама выступіла адным з пунктаў апоры», — дадаў беларускі лідар. 

«Мы ні на кога не нападалі. І нападаць не збіраемся»

Найбольш цікавілі журналістаў падрабязнасці вырашэння сітуацыі з няўдалым мецяжом ПВК «Вагнер» у Расіі ў цэлым і фігура кіраўніка ПВК Яўгена Прыгожына ў прыватнасці. Адказваючы на пытанне, дзе зараз знаходзяцца супрацоўнікі ПВК «Вагнер», Аляксандр Лукашэнка заявіў, што гэта пытанне не да яго. Але, наколькі вядома Прэзідэнту, байцы знаходзяцца ў сваі пастаянных лагерах, дзе знаходзіліся пасля вываду з фронту, хто на апдачынку, хто на лячэнні. «Што да Яўгена Прыгожына, ён знаходзіцца ў Піцеры. Дзе ён сёння раніцай? Можа быць, у Маскву паехаў, можа, яшчэ недзе, але на тэрыторыі Беларусі яго няма», — адказаў Аляксандр Лукашэнка. 

Прэзідэнт заявіў, што ніякіх рызык ад размяшчэння ПВК «Вагнер» у Беларусі, калі гэта адбудзецца, ён не бачыць. Па словах Аляксандра Лукашэнкі, ён разумее, чаму заходнія СМІ так «топчуцца» на гэтай тэме — ўсе суседзі, і ў тым ліку кіраўніцтва, Злучаных Штатаў Амерыкі, разумеюць, што гэта вельмі магутная баявая адзінка і наўрад ці ёсць ў свеце падраздзяленні, як ПВК «Вагнер», якія прайшлі праз шматлікія баі, бітвы і ў дадзеным выпадку праз вайну. «А вопыт, які мае „Вагнер“, яго камандзіры з задавальненнем перададуць нашым Узброеным Сілам. Я маю на ўвазе ваенны вопыт, які яны атрымалі. Той, які нам неабходны. Гэта тактыка, баявыя дзеянні. Супакойвацца нам не даводзіцца. Вы бачыце заявы розных няўрымслівых, Дуды і Валодзі Зелянскага, пра тое, што яны ў спакоі Беларусь не пакінуць. Натуральна, я як Галоўнакамандуючы павінен рэагаваць на падобныя рэчы», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Па словах Прэзідэнта, калі расійскае кіраўніцтва і кіраўніцтва ПВК «Вагнер» палічаць неабходным размясціць пэўную колькасць байцоў у Беларусі для адпачынку і падрыхтоўкі, ён сваё абяцанне аб гатоўнасці прыняць іх стрымае. Але канчатковае рашэнне: будуць у Беларусі гэтыя байцы або не будуць і ў якой колькасці — пакуль не прынятае. «Мы хаваць гэту інфармацыю не будзем. Мы абавязкова праінфармуем аб нашых далейшых узаемаадносінах з гэтым падраздзяленнем», — запэўніў Аляксандр Лукашэнка. Ён расказаў, што калі ўзнікне патрэба ў размяшчэннеі вагнераўцаў у Беларусі, яны будуць размешчаныя пад пэўныя ўмовы: «Галоўная ўмова: калі нам трэба будзе задзейнічаць гэтае падраздзяленне для абароны дзяржавы (калі яны будуць тут), яна будзе задзейнічана імгненна на любым напрамку. І іх вопыт будзе ў Беларусі запатрабаваны. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў Беларусі не можа паўтарыцца сітуацыя, якая адбылася з ПВК «Вагнер» у Расіі.

Заходнія журналісты пацікавіліся, ці змагла сітуацыя з ПВК «Вагнер» паслабіць адносіны Аляксандра Лукашэнкі з Уладзімірам Пуціным. Яны таксама спыталі, ці праўда, што гэтая сітуацыя аслабіла расійскага лідара. «Нават не спадзявайцеся на гэта. Ніякага хістання не было. Ніякай аслабленасці не было. Пуцін займаўся сваімі пытаннямі. У такой сітуацыі і Пуцін, і любы прэзідэнт, наадварот, актывізуецца, збіраецца, а Пуцін — тым больш (я яго характар ведаю.) Гэта, наадварот, спрыяла яго не толькі сабранасці, але і яго ў добрым сэнсе слова агрэсіўнасці, каб абараніць краіну і адказаць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што адносіны Беларусі Расіі пасля сітуацыі з ПВК «Вагнер» будуць яшчэ больш моцнымі. «Мы разам вырашалі праблему. Вырашылі сур’ёзную праблему для Расіі. Калі Пуцін узняў „Марш справядлівасці“ да ўзроўню заявы Прэзідэнта, звароту да народа... Не дай бог смута ў Расіі, як ён гэта назваў, — горача было б усім.Але нам дакладна. Нам было б не адсядзецца, я гэта зразумеў адразу. Таму я і ўключыўся ў гэты працэс. І ў выніку мы, сыграўшы пэўную ролю, і ён і я, не дапусцілі гэтай смуты .Гэта ў плюс? Дык чаму ў нас павінны пагоршыцца адносіны? Так, я бачу, што ў некаторых людзей, якія фарміруюць меркаванне ў Расіі, узнікла нейкая рэўнасць, яшчэ, можа быць, нешта. Я гэта ўлічваю. Але што зробіш, так склалася сітуацыя», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што пры гэтым роля Беларусі ў гэтым канфлікце ні ў якім разе не нашкодзіла Расіі, пра гэта, дарэчы, казаў і Уладзімір Пуцін у сваім звароце. «Я спадзяюся, што, наадварот, нашы адносіны будуць больш моцнымі. Хаця куды ўжо больш Мы і так даўным-даўно маем добрыя адносіны, разам вырашаем сур’ёзныя пытанні, якія з’яўляюцца так ці інакш у дачыненні да нас і вакол нас. Калі і ўзнікнуць нейкія напружанні, у нас устаноўлены каналы сувязі, на працягу некалькіх хвілін мы можам перагаварыць, сустрэцца і абмеркаваць любую праблему», — сказаў Прэзідэнт. На яго думку, праблем, звязаных з дзейнасцю вагнераўцаў на карысць Расіі, узнікнуць не павінна. «Страціць такое падраздзяленне пры ўсіх нюансах нельга. А тым больш байцоў гэтага падраздзялення. Там прыкладна два дзясяткі Герояў Расіі. Гэтыя хлопцы, якія ваявалі, дай бог каб уся армія так ваявала. Але гэта праблемы Расійскай Федэрацыі і Прэзідэнта Пуціна». — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Ён расказаў, што ў бліжэйшы час сустрэнецца са сваім расійскім калегам і яны абмяркуюць у тым ліку і гэтую тэму. 

Таксама Прэзідэнт абверг паведамленні некаторых СМІ аб тым, што ў Беларусі нібыта будуюцца лагеры для вагнераўцаў. Па яго словах, байцам прапанавалі некалькі былых ваенных гарадкоў, якія выкарыстоўваліся яшчэ ў часы Савецкага Саюза. Але, яшчэ раз падкрэсліў Прэзідэнт, на сёння пытанне перадыслакацыі і размяшчэння вагнераўцаў не вырашана. Журналісты спыталі, калі ж іх усе-такі перадыслакуюць у краіну і ці не будуць яны выкарыстоўваць тэрыторыю Беларусі для нападу на суседзяў. «Мы ніколі ні на каго не нападалі. Я ўжо пра гэта заяўляў не адзін раз. І нападаць не збіраемся. І з нашай тэрыторыі ніхто ні на каго нападаць не будзе. Калі супраць нас будзе здзейснена агрэсія, мы адкажам. І калі тут будзе ПВК „Вагнер“, яны гэтаксама, як беларуская армія, будуць абараняць нашы інтарэсы», — адказаў Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым, ён звярнуў увагу, што калі ПВК будзе размяшчацца ў Беларусі, то з гэтай кампаніяй будзе заключаны юрыдычна абавязваючы кантракт, дзе ўсё будзе прапісана. «На ўзроўні закона або ўказа Прэзідэнта будуць вызначаны рамкі, у якіх будзе дзейнічаць гэта падраздзяленне», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што адна з праблем, якую узняў Яўген Прыгожын — гарантыі бяспекі. «Я яму сказаў: калі трэба дзеля спынення гэтага канфлікту, я гатовы прыняць у Беларусі і гарантаваць тваю бяспеку», — расказаў Прэзідэнт. Ён канстатаваў, што цяпер усе дамоўленасці выконваюцца. Беларускі лідар пры гэтым заўважыў, што не трэба сітуацыю з ПВК «Вагнер» зводзіць выключна да Яўгена Прыгожына. Бо ў кампаніі служыць шмат іншых байцоў — Герояў Расіі. Вялікая колькасць вайскоўцаў узнагароджана ордэнамі і медалямі. «І гэта не таму што яны былі „прыгожынцы“, а таму, што па-сапраўднаму ваявалі. А да гэтага, ды і зараз, ваююць па ўсім свеце, адстойваючы дэмакратыю ці незалежнасць тых ці іншых краін, дзе Францыя ці Злучаныя Штаты хацелі б паставіць кагосьці на калені. Таму загубіць такое падраздзяленне, я лічу, было б няправільна», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Беларускі лідар адзначыў, што небяспечную сітуацыю з ПВК «Вагнер» трэба было пагасіць у зародку. У адваротным выпадку яна б распаўсюдзілася на ўсю краіну і нават выйсці за межы Расіі.ён расказаў, што папярэдзіў аб гэтым і Яўгена Прыгожына: «Даслоўна: «Жэня, не крыўдуйце, не крыўдуй на мяне — наша беларуская армія пераведзена ў поўную баявую гатоўнасць. Вызначаны вайсковыя падраздзяленні, якія гатовы да перакідкі пад Маскву. Маскву мы будзем з Пуціным абараняць». Аляксандр Лукашэнка расказаў, што для перакідкі ў Маскву быў падрыхтаваны і беларускі спецназ. «Мы дамовіліся з расійскім бокам, калі трэба будзе — мы ўмомант у самалёт і туды», — заявіў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка развянчаў меркаванні аб тым, што падчас вырашэння сітуацыі з ПВК «Вагнер» кансультаваўся з кітайскім бокам. «Ніякіх кансультацый ні з кім наконт перагавораў з „Вагнерам“ у мяне не было. Я сам ведаў, што сказаць, без усялякіх кансультацый. З Кітаем у мяне не было ніякіх кантактаў. А калі б яны маглі быць, то толькі з адным чалавекам — Сі Цзіньпінам. Мы з ім не размаўлялі. І наўрад ці магчымая была б гэтая размова, калі б нават я захацеў. У сілу многіх прычын. Не, не і яшчэ раз не. Мы з Кітаем — ні з паслом, ні з пасольствам, ні з Сі Цзіньпінам, ні з ваеннымі — кантактаў не мелі. У гэтым не было ніякай неабходнасці», — падкрэсліў Прэзідэнт.

«Пакуль мы не ўраўнаважым планету, яны будуць дзівачыць»

Вялікая колькасць пытанняў тычылася спецыяльнай ваеннай аперацыі і варыянты яе заканчэння. У Прэзідэнта пацікавіліся, калі на яго погляд, Захад прызнае памылкі, якія прывялі да канфлікту ва Украіне. «Захад ніколі нічога не прызнаваў і не прызнае. Тым больш цяпер. Яны лічаць сябе вяршыцелямі ўсяго. Няма Еўрапейскага саюза, няма Еўропы — яна поўнасцю пад нагамі ЗША, і ўсё, што прынята ў Вашынгтоне, прымаецца еўрапейцамі, нават, што дзівіць, у шкоду сабе. Вазьміце Германію. Чацвёртая эканоміка свету была. Дзе яна цяпер? І навошта было руйнаваць такую высокатэхналагічную эканоміку са спалоху, са страху або ва ўгоду камусьці?», — адказаў на гэта Аляксандр Лукашэнка. Ён таксама прывёў прыклад з гісторыі — бамбрадзіроўкі ЗША Хірасімы і Нагасакі, у якіх не было ніякага ваеннага сэнсу. «І такіх шмат было выпадкаў: і вайна ў Карэі, у В’етнаме, потым бліжэй да нас — Афганістан, разбурылі ўвесь Блізкі Усход, Лівію, Сірыю. Прызналі яны сваю памылку? Не. Напляваць: „Аднапалярны свет, мы гегемон, у нас самая магутная армія, зброя, у нас долар самая магутная зброя“, — вось і ўсё», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт прызнаў, што ЗША — наймацнейшая краіна ў свеце, якая прымае многія рашэнні, што так ці інакш перакладаюцца на ўвесь свет. Таму, па яго словах, трэба несці хаця б малую адказнасць. «Яны ніякай адказнасці не нясуць. Іх рашэнні проста камедыйныя, проста смешныя», — сказаў кіраўнік дзяржавы, — «Пакуль мы не ўраўнаважым планету (а ўраўнаважыць можна, толькі стварыўшы пэўныя процівагі, як гэта было ў свой час, калі быў Савецкі Саюз), пакуль мы гэтага не зробім, да таго часу яны будуць дзівачыць. І гэта будзе ператварацца ў гібель тысяч і тысяч, мільёнаў людзей», — папярэдзіў беларускі лідар. 

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на нядаўні выпад Уладзіміра Зяленскага у бок удзельнікаў саміту НАТА ў Вільнюсе. «Ён ім ультыматум прад’явіў фактычна. Маўляў, я на саміт не паеду, калі вы там чагосьці не зробіце. Чаму ён так сябе паводзіць? Гэта вельмі важны момант, асабліва для нас з вамі, Расіі і Беларусі», — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. Па яго словах, Захад даўно рыхтаваў глебу для атакі перш за ўсё на Расію з тэрыторыі Украіны: «Пачалася вайна. І не трэба думаць, што Зяленскі і ўкраінскае грамадства, кіраўніцтва былі дурнямі і не разумелі, чым гэта можа скончыцца. Разумелі. Але ЗША, перш за ўсё пры падтрымцы іх бяздумных сатэлітаў, Зяленскаму жалезабетонна заявілі: „Мы цябе будзем падтрымліваць, узбройваць, будзем даваць грошы столькі, колькі трэба, ніколі не кінем“. І тады ў Зяленскага з’явіліся крылы, ён паляцеў. А што адбываецца зараз? Асабліва з 4-5 чэрвеня — контрнаступ так званы. Зяленскі канчаткова зразумеў, што не пераможа ў гэтай вайне. Што гэты контрнаступ нічым для яго не скончыцца, акрамя гібелі тысяч і тысяч людзей», — сказаў Прэзідэнт. Таму, па словах Аляксандра Лукашэнкі, прэзідэнт Украіны стаў прад’яўляць прэтэнзіі да тых, хто штурхаў Украіну да гэтай вайны. У першую чаргу прэтэнзіі ў выглядзе грошай і новай зброі. " Бачачы, што яго патрэбы не задавальняюцца і што ён прайграе, ён ужо робіць крокі, каб выйсці з гэтага становішча і перакласці на каго адказнасць. Падтэкстам гучыць: «Ну, вы ж мяне на вайну штурхнулі, вы ж мне абяцалі і вы мне гэта не зрабілі, таму я сёння, маючы ўсе гэтыя нашы дамоўленасці, маю права вам прад’явіць ультыматум: я на саміт не паеду, а калі ў вас ёсць нешта мужчынскае, то вы прымеце рашэнне», — расказаў беларускі лідар. Ён нагадаў, што яшчэ да спецыяльнай ваеннай аперацыі існавала дамоўленасць ваяваць да апошняга ўкраінца, і на гэта Захад павінен быў даць зброю і грошы. 

Гэта тэма, упэўнены Аляксандр Лукашэнка, будзе мець развіццё, асабліва ў выпадку няўдач украінскага войска пры контрнаступленні. Кіраўнік дзяржавы таксама лічыць, што сутычка ва Украіне будзе нарастаць і ўзмацняцца, бо ў Украіны ёсць яшчэ вялікія стратэгічныя рэзервы. Па яго словах, да саміта НАТА, што запланаваны на 11 ліпеня, яны павінны нешта прадэманстраваць. 

«Небяспека заключаецца ў тым, што калі яны кінуць зараз, перад 11 ліпеня, каб прадэманстраваць сваім заступнікам сваю моц, самыя лепшыя падраздзяленні ў бой, яны канчаткова пахаваюць ўкраінскую баяздольнасць. Яны перамелюць там усё. Тады з той кропкі, дзе яны атакуюць зараз, каб адрэзаць сухапутную дарогу на Крым, рассячы паўднёвую групоўку, як толькі яны перамелюць тут свае войскі, Расія нанясе контрудар, а абараняцца ўжо украінцам не будзе чым. Адсякуць Украіну цалкам і ад Чорнага мора, і ад самых добрых, выгадных, каштоўных для Украіны тэрыторый. Вось над гэтым трэба падумаць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Па яго словах, Расія вытрымае, а Украіну потым чакае вельмі небяспечны контрудар па поўдні Украіны да Прыднястроўя. І тады з дзяржаўнасцю Украіны пытанне будзе вырашана. «Вось аб гэтым трэба думаць, — сказаў Аляксандр Лукашэнка, — Зяленскі будзе настойваць на тым, каб Украіну прынялі ў НАТА, чытай — НАТА ўступіла ў вайну супраць Расійскай Федэрацыі. Вось у чым небяспека. А калі НАТА прыме такое рашэнне, зусім іншая будзе вайна. Баюся, што яна вельмі хутка можа скончыцца», — сказаў ён. 

У сувязі з гэтым, па словах Аляксандра Лукашэнкі, малаверагодна, што Захад вырашыць азмяніць Зяленскага на каго-небудь іншага. «Замяніць Зяленскага — гэта першы крок да прызнання свайго паражэння. Пакуль што. няма такіх перспектыў. Фактаў, якія сведчылі б пра гэта, у мяне няма. І навошта ім мяняць Зяленскага, калі ён робіць усё, што ім трэба», — сказаў беларускі лідар. 

«Трэба весці перагаворы, пакуль гэта магчыма»

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што менавіта зараз трэба не ўпусціць той момант, калі яшчэ можна і трэба сесці за стол перагавораў. «Пакуль на стале пакет перагавораў, цэлы пакет пытанняў, па якіх можна дамовіцца. Заўтра гэта будзе немагчыма. Сёння з Украінай можна размаўляць і дасягаць нейкіх мірных пагадненняў. Пасля так званага контрнаступу сітуацыя зменіцца , і ці захочуць з кіраўніцтвам Украіны размаўляць? Шкада, што палітыкі ва Украіне гэтага не бачаць і не разумеюць», — адзанчыў ён.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што некаторы час таму ва Украіне пачаўся сур’ёзны канфлікт паміж прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім і вярхом ваенных, таму што ваенныя бачаць, што адбываецца на фронце. «А Зяленскі, пакуль падштурхоўваны гэтымі няўрымслівымі Дудай і Осцінам з Блінкенам (Прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудай, міністрам абароны ЗША Лойдам Осцінам і дзяржсакратаром ЗША Энтані Блінкенам. — Зв), лічыць: „Я герой, пра мяне ўсё гавораць у свеце, і я яшчэ буду і пераможцам“. Гэтага не будзе ніколі», — заявіў Прэзідэнт. Ён заклікаў зараз жа спыніцца. «Ужо шмат дрэннага зрабілі. Загінула шмат людзей. Але можа ж быць горш. Таму трэба спыніцца зараз, сесці за стол перагавораў. Без папярэдніх умоў. І там ужо вызначацца тэрыторыі, бяспека, будучыня Украіны, Беларусі і Расіі. Усё мы павінны вырашыць за сталом перагавораў. Гэта залежаць павінна ад Беларусі, Украіны і Расіі. Але менш за ўсё ад ЗША. Яны далёка. Яны разумеюць, што тут адбываецца, але гэта быццам не іх вайна. Таму мы павінны вырашаць тут гэтую праблему», — падкрэсліў беларускі лідар.

«Сітуацыя зменіцца, і падыходы будуць іншыя»

Падчас размовы Прэзідэнта з журналістамі тэма перагавораў для вырашэння канфлікта падымалася не раз. «Я спрабую растлумачыць, назваць прычыны, чаму зараз трэба ісці на перагаворы. Еўропа гатова да таго, каб весці зараз перамовы, у тым ліку Францыя. Можа быць, перш за ўсё Францыя. Гэта вайна ў нашым доме, таму трэба весці перагаворы, пакуль гэта магчыма. Зяленскі займае крайнюю пазіцыю — „ваяваць, пакуль не вызвалім тэрыторыі, калі нават да апошняга ўкраінца“. ЗША займаюць прамежкавую пазіцыю. Яны будуць гатовы да перагавораў пасля контрнаступлення», — растлумачыў Прэзідэнт. Па яго словах няўдалае контрнаступленне для Украіны — гэта таксама вынік: «Тады трэба ісці на перамовы. І Еўропа з гэтым пагадзілася. Усё сфакусавана на контрнаступленні». Прэзідэнт заявіў, што для Беларусі і Расіі абсалютна непрымальная магчымасць захопу заходніх тэрыторый Украіны з боку Польшчы ці іншых краін Захаду. " Гэта вельмі небяспечны шлях эскалацыі канфлікту ва Украіне — калі ў іх з’явіцца жаданне ўварвацца на тэрыторыю Украіны і адваяваць «гістарычныя» тэрыторыі. Для нас гэта непрымальна«, — падкрэсліў беларускі лідар. 

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь знаходзіцца ў перагаворным працэсе, хаця б таму што тры першыя раўнды прайшлі на беларускай тэрыторіыі. Але на гэты момант працэс перагавораў зайшоў у тупік. Прэзідэнт адзначыў, што многія краіны прапануюць сябе як пасярэдніка ва ўрэгуляванні канфлікту. Беларусь жа, звярнуў ён увагу, не з’яўляецца пасярэднікам, бо вайна ідзе ў агульным славянскім доме. «Я сябе пасярэднікам ніколі не лічыў. Я лічу, што гэта вайна ў нашым доме. Україна, і Беларусь, і Расія знаходзяцца, груба кажучы, у адной лодцы, або на адным караблі, і з гэтага трэба зыходзіць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён мяркуе, што да восені сітуацыя зменіцца і бакі нарэшце будуць размаўляць за сталом перагавораў. «Можа, не ў верасні, крыху пазней. Не хачу выдаваць нейкую інфармацыю, але пра гэта ўжо гавораць еўрапейцы. Францыя, Германія. Ад гэтай вайны матэрыяльна страчваюць больш за ўсё еўрапейцы. А выгаданатрымальнікам з’яўляецца фактычна адна краіна», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Па словах Аляксандра Лукашэнкі, не факт, што юакі сустрэнуцца ў Мінску ці ў Маскве. Але гэта не важна. Галоўнае, каб канфлікт спыніўся, упэўнены беларускі лідар. Па яго словах, вельмі важна не ўпусціць момант для правядзення перагавораў, бо сітуацыя вельмі дынамічна мяняецца. «Магутная моцная Расія, няхай нікога не здзіўляе, гатова да перагавораў з Украінай. Ну не хочацца, каб гінулі людзі. А калі заўтра расіяне перамелюць гэтыя ВСУ і ўбачаць магчымасць атакаваць па поўдні Прыднястроўя, што тады? Сядзе Расія за стол перагавораў? Наўрад ці. Сітуацыя зменіцца, і падыходы будуць іншымі», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Ён упэўенны, што трэба карыстацца момантам. Таму што дынаміка развіцця сітуацыі шалёная. 

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што цяпер змянілася сітуацыя адносна далучаных да Расіі ўкраінскіх тэрыторый. «Расія што, будзе абмяркоўваць Крым і Новаросію? Ніколі! Сітуацыя змянілася», — сказаў ён, заўважыўшы, што падчас першых перагавораў гэта яшчэ было магчыма. А заўтра гэтыя перагаворы могуць быць наогул нікому не патрэбнымі. «І калі там заходнікі з Зяленскім сядзяць і чэрцяць, нешта раскладваюць — гэта толькі для сябе. Таму што зменіцца сітуацыя. Таму тое, што было тады, думаю, працэнтаў на 50 зараз непрымальна», — выказаў меркаванне Аляксандр Лукашэнка. Аднак, па яго словах, расіяне настойваць не будуць. «Я ведаю пазіцыю Пуціна. Ён будзе ісці да таго, каб абмяркоўваць любыя пытанні. Але давайце сядзем за стол перагавораў. Без папярэдніх умоў», — дадаў кіраўнік дзяржавы. 

«Не чапайце нас, і мы ніколі не прыменім смяротную зброю»

Аляксандр Лукашэнка пракаментаваў размовы аб тым, што вайну можна скончыць нанясеннем ядзернага ўдару па Украіне. Па яго словах, гэта цалкам магчыма, але не трэба. «Прэзідэнт Пуцін некалькі разоў заяўляў, што прымяняць ядзерную зброю, нават абмежаваных магчымасцяў — тактычную ядзерную зброю, — такое пытанне нават не стаіць. У Расіі дастаткова звычайных узбраенняў, няядзерных, для таго каб дабіцца сваіх мэт», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Па яго меркаванні, вайна ва Украіне і спецыяльная ваенная аперацыя не з’яўляюцца і не будуць з’яўляцца прычынай нанясення ядзернага ўдару з якога б там ні было боку. «Вось калі будзе агрэсія НАТА, да прыкладу, Злучаных Штатаў Амерыкі ці блока НАТА супраць Беларусі ці Расіі , а гэта значыць, уварвуцца на нашу тэрыторыю, тады рукі развязаныя — па Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі Расія, лічы і Беларусь, якая сёння валодае гэтай зброяй, адкажа. Таму я заўсёды па-народнаму гавару: вы нас не чапайце, і мы ніколі не прыменім гэту смяротную зброю. І ваяваць нават не будзем», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. 

У Аляксандра Лукашэнкі таксама запыталі, што ён лічыць наконт нядаўнага артыкула брытанскай газеты Financial Times, у якім сцвярджалася, што Старшыня КНР Сі Цзіньпін падчас сакавіцкага візіту ў Маскву перасцярог Уладзіміра Пуціна ад ужывання ядзернай зброі ва Украіне. «Стопрацэнтны фэйк. Я ведаю аднаго і другога. Я ведаю Кітай і ведаю Сі Цзіньпіна. Ён гэтага ніколі не зробіць. Можа, неяк нейкія каналы выкарыстоўвалі б і іншае, але тое, што ён папярэдзіў Пуціна аб непрымяненні ядзернай зброі, — гэта фэйк, гэта хлусня. Гэтага не было 100 працэнтаў», — адказаў ён. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што на сустрэчы з Уладзімірам Пуціным удакладніць гэты момант, хоць і перакананы, што гэтага не было. «Трэба яшчэ ацаніць, каму патрэбен гэты ўкід. Напэўна, Захаду, які хоча паказаць, што вось нават сябар Пуціна Сі Цзіньпін трос пальцам у яго пад носам і крычаў: „Не прымяняй ядзернай зброі“. Гэтага быць не можа, і гэтага не было, я перакананы. Пуцін і ўсё грамадства Расіі ведае, калі можна прымяніць ядзерную зброю, а калі не. Калі Расіі будзе пагражаць смяротная небяспека, будзе стаяць пытанне жыцця і смерці Расіі і супраць яе будзе ажыццёўлена грубая агрэсія, будзе прыменена ядзерная зброя. І я яе ў гэтым плане падтрымліваю». — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. Беларусь таксама не вяла і не вядзе з Кітаем якіх-небудзь перагавораў адносна ядзернай зброі.

Дзяцей з Данбаса запрашаем і будзем запрашаць

Журналісты звярнулі ўвагу на яшчэ адну «вострую тэму» — размовы пра тое, што беларускі бок нібыта сілай вывозіць дзяцей Данбаса да сябе, і на абвінавачванні ў гэтым асабіста Аляксандра Лукашэнкі. Прэзідэнт заўважыў, што з сучаснымі тэхналогіямі знішчыць чалавека або групу людзей, якія нават вельмі ахоўваюцца, не складае праблем. «Лепш за ўсё праставіць сусветнай грамадскасці Пуціна і Лукашэнку нейкімі варварамі, якія крадуць людзей, дзяцей і „ядуць“ іх. Пачалі вінаваціць спачатку Прэзідэнта Пуціна ў тым, што дзеці перамяшчаліся з Данбаса ў Расійскую Федэрацыю. Вы бачылі, што гэтыя дзеці перамяшчаліся з раёнаў баявых дзеянняў дзеля выратавання, некаторыя з бацькамі», — расказаў ён. 

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў Беларусі аздараўленнем і рэабілітацыяй дзяцей Данбаса займаецца грамадскі дзеяч Аляксей Талай, многія беларускія дзеячы пабывалі на Данбасе і ўразіліся бядой людзей, якія там жывуць. Таму на ўзровень кіраўніка дзяржавы была вынесена ініцыятыва арганізаваць для такіх дзяцей аздараўленне і адпачынак у Беларусі, на што Аляксандр Лукашэнка адрэагаваў станоўча і як Старшыня Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі даручыў выдзеліць сродкі з саюзнага бюджэту. «У Беларусь прыязджаюць вялікія групы дзяцей, адпачываюць тут, аздараўляюцца, а потым з’яхджаюць назад. Ніякага злачынства мы тут не ўчынялі і ўчыняць не збіраемся. І будзем запрашаць, калі на гэта будзе неабходнасць, калі іх бацькі ці той ці іншы дзіцячы дом звернуцца да нас з гэтай просьбай», — сказаў ён, — А казаць пра тое, што мы маем тут нейкую дрэнную мэту — гэта проста варварства, асабліва з боку Захаду. Яны заўсёды званілі: «Ах, дзеці-дзеці!» Дык чаго вы мяне папракаеце, што я клічу гэтых небаракаў сюды, каб яны пабылі тут без бамбёжак, падлячыліся, аднавіліся? — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Па зямлі мы ядзерныя боегалоўкі не перамяшчалі»

Адказваючы на чарговыя пытанні журналістаў наконт ядзернай зброі, Прэзідэнт заўважыў, што гэта тэма, на якую непрыстойна разважаць любому палітыку. Аднак Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў перамяшяшчэнне ў Беларусь пэўнай колькасці ядзерных боегаловак. Па яго словах, яны знаходзяцца пад надзейнай аховай. Асобна ён адзначыў, што перамяшчэнне ядзернай зброі не змаглі адсачыць «беглыя» за мяжой і сталі на гэтым фоне будаваць здагадкі наконт выкарыстання чыгункі для дастаўкі такой зброі і нават увязалі гэта з раптоўнай смерцю міністра транспарту і камунікацый. «Забойны» факт вам прывяду: па зямлі мы ядзерныя боегалоўкі не перамяшчалі. Нікому не перашкаджалі. Перамясцілі так, што ні ў Штатах, ні Мі- 6, ні ў Германіі — нідзе гэтага не заўважылі. Такая была задума«, — расказаў кіраўнік дзяржавы. Ён таксама падкрэсліў, што кантроль за захоўваннем ядзернай зброі забяспечваецца сумеснымі намаганнямі беларусаў і расіян. Паколькі беларускія Узброеныя Сілы пакуль не маюць належнага вопыту ў гэтай адказнай справе, з сярэдзіны 90-х ядзернай зброі ў нас не было. 

Каментуючы размовы наконт таго, хто будзе прымаць рашэнне наконт прымянення гэтай зброі: Беларусь ці Расія, Аляксандр Лукашэнка расказаў, што нават пры прапрацоўцы менш важных аперацый лідары абедзвюх краін дзясяткі разоў стэлефаноўваюцца, сустракаюцца, абмяркоўваюць. «Прымяненне ядзернай зброі (нават калі б Расія вырашыла гэта зрабіць), я ўпэўнены, што са сваім найбліжэйшым саюзнікам яна параілася б. А тым больш — мы», — сказаў беларускі лідар. Аляксандр Лукашэнка ў чарговы раз падкрэсліў, што Беларусь не збіраецца нікога атакаваць з дапамогай ядзернай зброі. Яна прызначана выключна для абарончых мэт. 

Журналісты запыталіся пра тэрміны перамяшчэння ядзернай зброі ў Беларусь. Прэзідэнт адказаў, што да канца года дакладна. «Пункты размяшчэння ядзернай зброі былі поўнасцю гатовы месяц таму. Большая частка ядзернай зброі перамешчана і знаходзіцца ў Беларусі», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

У медыя існуе шмат меркаванняў аб тым, што размяшчэнне ў Беларусі расійскіх зброі і войск азначае страту беларускім бокам суверэнітэту. Адпаведнае пытанне задалі Аляксандру Лукашэнку. «Я мог бы ў вас спытаць: а які суверэнітэт я камусьці аддаў? Каму я аддаў частку суверэнітэту, каб застацца ва ўладзе? Я застаўся ва ўладзе дзякуючы свайму народу. У тым ліку дзякуючы беларускім журналістам, якія тут знаходзяцца. Яны — прапагандысты і агітатары ўсяго найлепшага, што ў нас ёсць у краіне. Толькі дзякуючы гэтаму я знаходжуся ва ўладзе, — сказаў Прэзідэнт. — Таму ніякага суверэнітэту мы нікому не аддавалі. Суверэнітэт — гэта ўлада ў межах граніц пэўнай дзяржавы. Хто, акрамя нашых уладных структур і ў тым ліку Прэзідэнта Беларусі, тут ажыццяўляе ўладу?» — задаў рытарычнае пытанне Аляксандр Лукашэнка.

Сістэма ўстойлівая, калі трымаецца на некалькіх апорах

Журналісты ўспомнілі прапанову Аляксандра Лукашэнкі наконт спалучэння інтэграцыйных фарматаў ЕАЭС, БРІКС і ШАС і запыталі, што трэба рабіць, каб і СНД стала адной з апор шматпалярнага свету. «Уся наша бяда ў тым, што мы калі ідзём, то вельмі нясмела. Я таксама аб гэтым гаварыў», — заўважыў кіраўнік дзяржавы. Ён нагадаў, што на нядаўняй канферэнцыі ў Маскве сказаў Уладзіміру Пуціну, што Расіі трэба больш актыўна дэманстраваць сябе. «Расія — гэта будучыня планеты. Усе рэсурсы тут», — падкрэсліў Прэзідэнт, дадаўшы, што ў гэтай краіне ёсць прарыўныя тэхналогіі ў розных сферах, па многіх напрамках кампетэнцыі ёсцб і ў Беларусі. Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што ўдзельнікам інтэграцыйных супольнасцяў трэба варушыцца ў плане аб’яднання. Тым больш, што ядро многіх інтэграцыйных структур аднолькавая — Кітай і Расія — краіны з вялізнымі рэсурсамі, таму неабходна трымацца разам. «Калі нас расцягнуць — паасобку разбяруцца. Беларусь і Расія гэта зразумелі», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Што тычыцца СНД. то Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што постсавецкая прастора хоць і розная, але яе можна кансалідаваць. 

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што казаў пра шматпалярнасць яшчэ ў пачатку сваёй прэзідэнцкай кар’еры. І тлумачыў гэта тым, што сістэма ўстойлівая, калі трымаецца на некалькіх апорах. І сёння неабходнасць у шматпалярнасці ўзрастае ў разы. 

«Я буду рабіць усё, каб у Беларусі быў свой лёс»

Па традыцыі на сустрэчах Аляксандра Лукашэнкі з заходнімі журналістамі ў яго пытаюць як ён стаівіцца да таго, што яго лічаць апошнім дыктатарам Еўропы. На гэты раз спыталі, якім ён бачыць лёс Беларусі «пасля Лукашэнкі». «Я спадзяюся ўбачыць, якім будзе лёс Беларусі. Я буду рабіць усё, каб у Беларусі быў свой лёс. Што тычыцца апошняга дыктатара, то я ніякі не дыктатар, а калі і дыктатар, то не апошні, — іранічна заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Калі вы думаеце, што, знаходзячыся ў гэтай уладзе, я нешта празмернае атрымаў, і атрымаў наогул, вы памыляецеся. Нічога падобнага. Я працую на вялікай, высокай пасадзе, якую мне даверыў народ. Працую. А не ўладару», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсліў, што не сам вырашве быць ва ўладзе ці не, а народ. 

«Я задумваюся аб тым, што будзе далей, што будзе пасля мяне. Але калі я буду жывы пасля прэзідэнцкага тэрміну, я буду ісці гэтым шляхам і змагацца за суверэнную і незалежную Беларусь», — запэўніў Аляксандр Лукашэнка. Адказваючы на пытанне, ці плануе ён удзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах у 2025 годзе, Аляксандр Лукашэнка адказаў, што пакуль аб тых выбарах нават не задумваўся. «І не планаваў. Толькі ў плане разваг: а што будзе пасля мяне? Толькі ў гэтым ключы. А так я абсалютна нічога не планаваў», — сказаў Прэзідэнт. Што датычыцца прэзідэнцкіх выбараў у Расіі, якія павінны адбыцца ў 2024 годзе, кіраўнік дзяржавы расказаў, што не абмяркоўваў гэта пытанне са сваім расійскім калегам Уладзімірам Пуціным. «Ды мяне гэта і не цікавіць. Чаго я буду чалавеку ў душу лезці. Калі ён прыме рашэнне, ён мне скажа аб гэтым. Пакуль не гаварыў», — адзначыў ён. Пры гэтым беларускі лідар звярнуў увагу, што цяпер, паводле сацыялагічных даследаванняў, Уладзімір Пуцін мае высокую падтрымку сярод насельніцтва.

«Я не хацеў бы, каб у Еўропе была грамадзянская вайна»

Кропкі напружання сёння існуюць і ў рэлігійных пытаннях. Адна з іх знаходзіцца ва Украіне, а дакладней ў Кіева-Пячэрскай лаўры. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што не разумее, за што ўкраінскія ўлады прыгнятаюць манахаў. «Гэтыя людзі ні ў чым не вінаватыя, за што іх яшчэ крыўдзіць? Мы ўсё зробім для таго, каб манахі з гэтай лаўры знайшлі свой прытулак у Беларусі, калі на тое будзе воля Госпада і жаданне гэтых людзей», — запэўніў ён. Паводле яго слоў, прыгнёт манахаў — гэта мэтанакіраванае нагнятанне абстаноўкі. " А калі б гэта з мусульманамі было? Ужо б, напэўна, канфлікт разгарэўся яшчэ больш моцны, чым спецыяльная ваенная аперацыя. Гэта сведчыць аб тым, што ніякага міру яны не хочуць. Яны ўвесь час — у дробязях, у вялікім, ідэалагічна, фінансава, на полі бою — ідуць на канфрантацыю. І гэта дрэнна. Гэта жудаснае непаразуменне, мякка кажучы. Навошта гэта трэба ўкраінскім уладам, я да гэтага часу не магу зразумець. Куча праблем, навошта яшчэ тут нагнятаць і канфрантацыю ладзіць? А мы не можам кінуць у бядзе гэтых людзей. Мы знойдзем ім месца ў Беларусі«, — запэўніў кіраўнік дзяржавы. 

Таксама журналісты спыталі, што думае Аляксандр Лукашэнка наконт наступстваў супрацьстання карэнных еўрапейцаў і выхадцаў з іншых краін, у тым ліку мусульманскіх, — спаленне Карана ў Швецыі, беспарадкі ў Францыі, узрастанне негатыву ў Германіі. «Я не хацеў бы, каб грамадзянская вайна была ў Еўропе. Для нас гэта небяспечна не настолькі, вядома, як супрацьстаянне ў Расіі, калі б яно разгарнулася. Але, тым не менш, небяспечна. Мы — цэнтр Еўропы. Таму не дай бог за плотам недзе нешта ўспыхне. Ну вось як ва Украіне. І што, нам добра ад гэтага? Нам вельмі дрэнна. Таму я не хацеў бы». — сказаў кіраўнік дзяржавы. Выпады ў адносінах да мусульман ён назваў бязмозглымі і дурнымі. «Навошта гэта рабіць? І тым больш пры заступніцтве ўладаў. Што, шведскія ўлады не маглі гэта спыніць? Маглі. Але яны сказалі, што гэта законна... Не трэба на роўным месцы ствараць праблемы, якія могуць стаць прычынай будучай грамадзянскай вайны», — сказаў ён.

Адказваючы на пытанне, ці збіраецца Аляксандр Лукашэнка ў верасні на саміт ААН, ён сказаў, што пакуль не адмяняў гэтае мерапрыемства. «Параімся са старэйшым братам. Калі ён не паедзе, ну, чаго мне без яго туды ехаць», — сказаў кіраўнік дзяржавы. 

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.