Вы тут

Студатрады, на старт! Што чакае байцоў сёлета і ў найбліжэйшай перспектыве?


Нягледзячы на магчымасць, прадстаўленую дзяржавай, — працаваць у студэнцкіх атрадах у вольны ад вучобы час цэлы год, — асноўным перыядам з'яўляецца так званы трэці працоўны семестр — самы доўгачаканы ў жыцці студэнтаў. Экзамен у гэтым семестры — адзін з самых складаных: іспыт на сталасць, адказнасць, працавітасць. Неабходна адзначыць, што масава студэнцкія атрады пачнуць работу з ліпеня, пасля здачы летняй экзаменацыйнай сесіі.

Штогод удзельнікі руху збіраюць ураджай, даглядаюць дзяцей у дзіцячых аздараўленчых лагерах, добраўпарадкоўваюць тэрыторыі помнікаў воінскай славы, месцаў масавых пахаванняў, тэрыторый населеных пунктаў, водаахоўных зон і прыбярэжных палос водных аб'ектаў, паркаў, аб'ектаў культурна-гістарычнай і духоўнай спадчыны.

Геаграфія працы Беларускіх студэнцкіх атрадаў пашыраецца з кожным годам. Яны даўно перасягнулі межы Беларусі, нашы студэнты працавалі ў студатрадах розных профіляў ад Венесуэлы да Крайняй Поўначы. А што чакае байцоў сёлета і ў найбліжэйшай перспектыве?


Новы напрамак — Узбекістан і Кітай

Студэнцкія атрады Беларусі плануюць сумесныя праекты з моладдзю Узбекістана і Кітая. Аб гэтым паведаміў першы сакратар ЦК БРСМ Аляксандр Лук'янаў у праекце БелТА «Па факце: рашэнні Першага».

Ён нагадаў, што ў савецкі час студатрадаўскі рух крочыў шырока па краіне, і хлопцы і дзяўчаты з розных рэгіёнаў вялікай краіны працавалі на такіх магутных праектах, як будоўля Байкала-Амурскай магістралі, шчыравалі ў Кузбасе, на Далёкім Усходзе, у Краснадарскім краі.

Цяпер рух студатрадаў грунтуецца на асновах, закладзеных у той час, але падаецца пад новымі, крэатыўнымі ідэямі. З Расіяй у гэтых адносінах выбудавана шчыльнае ўзаемадзеянне, там ёсць сістэмная работа, функцыянуюць расійскія студатрады, з якімі ў беларускага боку падпісаны адпаведныя пагадненні. На штогадовай сталай аснове ідуць абмены.

У цэлым развіццё міжнароднага напрамку ўяўляецца вельмі цікавым, упэўнены Аляксандр Лук'янаў. Напрыклад, досвед Беларусі вельмі цікавы Узбекістану. «Ужо не на бягучы год, хутчэй за ўсё, гэта будзе постюбілейны 61-ы год, мы будзем узаемадзейнічаць з Узбекістанам», — сказаў першы сакратар БРСМ.

Ёсць цікавасць і да такіх праектаў з Кітаем. Там ёсць кірунак, падобны на студатрадаўскі рух. «У гэтых адносінах мы гатовы прапрацаваць пытанне, каб у нас з'явіліся і такія сумесныя праекты», — дадаў Аляксандр Лук'янаў.

Атрымаць рабочую спецыяльнасць

Дзяржава праз Саюз моладзі дае студэнтам ВНУ ўнікальную магчымасць бясплатна атрымаць у вольны ад вучобы час дадатковую рабочую спецыяльнасць і прафесію, заявіў у прэс-цэнтры БелТА другі сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ Аляксандр Прохараў.

Паводле яго слоў, Саюз моладзі сумесна з міністэрствамі адукацыі, працы і сацыяльнай абароны, прамысловасці прапрацаваў праграму практыкаарыентаваных кароткатэрміновых курсаў на атрыманне рабочай спецыяльнасці. «І магу сёння заявіць, што каля 250 чалавек у нас ужо атрымалі пасведчанне аб рабочай спецыяльнасці. І, што яшчэ вельмі важна, гэтыя хлопцы і дзяўчаты будуць гарантавана працаўладкаваны ў складзе студэнцкіх атрадаў. Гэта праваднікі пасажырскага вагона, манцёры пуцей, слесары механазборачных работ і аператары станкоў з праграмным кіраваннем».

Другі сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ расказаў і аб заработнай плаце байцоў студатрадаў. «Яна дастойная. Памер залежыць ад профілю атрада, ад колькасці адпрацаваных дзён у атрадзе, ад узроставых асаблівасцяў. Таму заробак — розны. У цэлым я магу сказаць, што зарплата на рэспубліканскім працоўным праекце — ад 800 да 850 рублёў і даходзіць да дзвюх тысяч за месяц паўнацэннай работы». Але ніхто моладзі гэты заробак проста не дае. Яна яе зарабляе сваёй працай, уносіць рэальны ўклад у ВУП краіны, як бы гучна гэта ні гучала», — падкрэсліў Аляксандр Прохараў.

На «Атлант» прыязджаюць зараджанымі

Працоўны праект «Атлант» аб'яднае сёлета 12 студатрадаў з усёй краіны, расказала камандзір Маладзёжнага вытворчага працоўнага праекта «Атлант», экс-камісар Усебеларускай маладзёжнай будоўлі «Горад маладосці» Крысціна Хубулава.

«Чацвёрты год наш праект жыве і працягвае развівацца на заводзе, які мы вельмі любім. У нас будзе 12 атрадаў — 205 чалавек з усёй краіны. Гэта прадстаўнікі Мінска, Гродна, Магілёва, Наваполацка. І вельмі многія студатрады будуць ужо не ўпершыню. У нас праходзіць сур'ёзны адбор, паступае вельмі шмат заявак, і даводзіцца адбіраць самых дастойных, самых лепшых, каб мы паказалі ўсю моц нашых атрадаў, што яны могуць не толькі працаваць, але яшчэ і паказваць розныя творчыя навыкі», — расказала Крысціна Хубулава.

Паводле яе слоў, байцы прыязджаюць заўсёды вельмі зараджанымі. «У гэтым годзе ў нас яшчэ такая «фішка»: 100 чалавек будуць збіраць халадзільнікі, а яшчэ 100 чалавек — пральныя машыны. Байцы таксама атрымліваюць прафесію слесара-зборшчыка падчас таго, як працуюць. Гэта вельмі зручна і дазваляе потым студэнтам дадаткова падзарабляць на заводах у вольны ад вучобы час.

Сяргей РАСОЛЬКА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.

Здароўе

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Па статыстыцы на пяць хворых дзяўчынак прыходзіцца толькі адзін хлопчык.

Рэгіёны

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

Подзвіг ваенурачоў адлюстроўвае выстава Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі.