Вы тут

Жыццё без адходаў, або спажываць толькі тое, што сапраўды патрэбна


У дзяцінстве яна хацела стаць урачом і лічыла, што такі занятак павінен прыносіць задавальненне і карысць для свету і грамадства. Праз гады дзяўчына думае, што з яе сапраўды мог бы атрымацца цудоўны ўрач. Аднак перамагла прафесія эколага: на момант паступлення ва ўніверсітэт спецыяльнасць была адносна новай і здавалася цікавай. Цяпер наша гераіня нават у дэкрэтным водпуску не кідае чытаць лекцыі па экалогіі на прадпрыемствах, ва ўніверсітэцкіх аўдыторыях, актыўна вядзе ўласны блог у «Інстаграме», пастаянна павышае сваю кваліфікацыю. «Чырвонка. Чырвоная змена» завітала да Ірыны Саковіч — эксперта ў галіне экалогіі, кансультанта па ахове навакольнага асяроддзя, каб спытаць, што трэба рабіць, каб паменшыць колькасць непатрэбных рэчаў ва ўласным жыцці, чаму рух zero waste («нуль адходаў») сёння такі папулярны і як можна павысіць сваю экакультуру.


Сучасны маладзёжны трэнд

— Несумненна, сёння экалагічны трэнд распаўсюджаны, асабліва сярод маладых людзей. Менавіта яны ствараюць такі запыт. Апошнім часам востра запатрабаваныя лекцыі практычнага характару, якія датычацца ўкаранення ў сваім жыцці пэўных экалагічных звычак. Са студэнтамі ва ўніверсітэтах мы распрацоўваем ідэі ўвасаблення экасацыяльных ініцыятыў. Сярод дзяўчат, напрыклад, карыстаецца папулярнасцю тэма экалагізацыі побыту: як выбраць больш экалагічную бытавую хімію, натуральную касметыку, хвалююць пытанні экамацярынства. Маладых людзей турбуе раздзельны збор смецця, «разумнае спажыванне» і тэма мінімалізму.

Эколаг занепакоена тым, наколькі шмат у нашым побыце рэчаў, якія засмечваюць прастору: аднаразовыя пакеты, прадметы гігіены — ватныя дыскі, палачкі, памперсы і іншае. Самы яркі прыклад — поліэтыленавы пакет. Замест яго, раіць Ірына, можна выкарыстоўваць шматразовы шопер з тканіны альбо авоську. Ірына неаднаразова пісала звароты ў дастаўку адной буйной гандлёвай сеткі аб змяненні колькасці пластыкавай упакоўкі і поліэтыленавых пакетаў.

— На ўсё гэта цяпер існуе мода, і моладзь з'яўляецца рухавіком прынцыпу «разумнага спажывання», — расказвае эксперт. — Маладыя людзі актыўна выкарыстоўваюць шматразовыя рэчы ў сваім жыцці, я гэта заўважаю і на вуліцы, і ў краме, і па відэа на YouTube, дзе ўсё часцей дзеляцца парадамі, як абыходзіцца толькі самым неабходным, пазбаўляючы сваю ўласную прастору ад усяго лішняга.

У краме трэба аддаваць перавагу таварам з экалагічнымі сертыфікатамі. А міжнароднае мабільны дадатак Ecolabel Guіde з функцыяй распазнавання экамаркіровак на ўпакоўках, які быў распрацаваны Расійскім экалагічным саюзам, дазволіць выбіраць экатавары і не памыляцца. Такім чынам можна ўбачыць, што вялікая іх колькасць мае так званыя несапраўдныя сертыфікаты, напрыклад, проста адмаляваныя дызайнерамі эказначкі. Самымі распаўсюджанымі экалагічнымі сертыфікатамі з'яўляюцца «Лісток жыцця», «EU Ecolabel», «Ecocert», «ІCEA», «Cradle to Cradle» і іншыя.

Што датычыцца руху zero waste, то ён пачаў развівацца з падачы нашых некамерцыйных арганізацый, якія вядуць інфармацыйную работу з грамадствам. На працягу апошніх гадоў я сапраўды бачу, што пачаў з'яўляцца запыт з боку апошняга і, адпаведна, інфраструктура. Адкрываюцца крамы з падыходам «нуль адходаў». Там укаранілі экалагічныя прынцыпы ў сваю работу, паралельна гандлююць экалагічнымі таварамі і дапамагаюць змяняць нашы ўстаноўкі.

Экалагічны — паняцце не абсалютнае

— Усё адносна, у сваім вобразе жыцця я таксама бачу, што можна яшчэ палепшыць, але на 100 працэнтаў экалагічным ніхто сябе назваць не можа. Не ўсе тавары, якія пазіцыянуюць як «зялёныя», насамрэч з'яўляюцца экалагічнымі — часам вытворцы абмяжоўваюцца толькі гучнымі заявамі. Такая з'ява атрымала назву «грынвошынг» («зялёны камуфляж») — гэта ўвод пакупніка ў зман. Маркетолагі зразумелі, што прыйшоў час экатрэнду, экалагічныя тавары прадаюцца лепш, таму сталі пэўным чынам маркіраваць альбо рэкламаваць іх «экалагічныя» ўласцівасці.

Якія праявы «грынвошынгу» можна ўбачыць у нашых крамах? Гэта вось такія гучныя надпісы, як «эка-», «бія-», «арганік», «100 працэнтаў натуральны», «чысты»... Чалавек бачыць іх і думае, што, набываючы такі тавар, наблізіцца да экалагічнага спажывання. Маніпуляцыі з зялёным колерам цяпер праводзяцца паўсюдна. Фарміруецца вобраз — раз такі колер, значыць, экалагічны.

Вельмі часта на ўпакоўцы ці поліэтыленавым пакеце чытаем: біяраскладальны альбо зроблены з біяпалімераў. Тут таксама трэба разбірацца. Справа ў тым, тлумачыць Ірына, што сам па сабе пластык нікуды не знікае, ён разбураецца, але гэта, наадварот, садзейнічае яго больш хуткай міграцыі ў паветра, глебу, ён трапляе такім чынам да нас у арганізм. Часта пішуць, што ўпакоўка з крухмалу, цукровага трыснягу, але часта туды ўсё роўна дадаюць палімеры, бо ў абсалютна чыстым выглядзе складана стварыць упакоўку з біяпалімераў, тады і аб экалагічнасці гаварыць няма чаго.

Што хаваецца пад закруткай

— У нас у краіне існуе шмат розных экапраектаў, дзе любы ахвотны можа сябе праявіць. Такія арганізацыі займаюцца не толькі праблемамі экалогіі навакольнага асяроддзя, а яшчэ і сацыяльнымі пытаннямі. Напрыклад, у праекце KalіLaska, які вядзе збор рэчаў, будуць рады валанцёрам на сартаванне, для кіравання лагістыкай, разбору заявак. Ёсць экасацыяльны праект Krysharіkі, думаю, усе бачылі яркія кантэйнеры, куды збіраюць пластмасавыя закруткі. Справа ў тым, што пластыкавыя бутэлька і закрутка — з рознага пластыку. Той, з якога зроблена апошняя, вельмі цэніцца перапрацоўшчыкамі, і калі здаваць іх асобна, можна атрымаць больш грашовых сродкаў. Усе яны накіроўваюцца на дапамогу дзеткам з асаблівасцямі развіцця. У асноўным на атрыманыя грошы набываюць прадметы быту для дзяцей, інвалідныя каляскі і г. д. Цяпер праекту асабліва патрабуюцца валанцёры, якія змогуць дапамагаць з дастаўкай закрутак з розных гарадоў.

Яшчэ адзін сацыяльны праект, пра які расказала Ірына, называецца «Кнізе — другое жыццё». Яго стварылі супрацоўнікі прадпрыемства «Белгіпс-эка», што займаецца зборам і перапрацоўкай макулатуры. Дзякуючы праекту нераўнадушныя грамадзяне прывозяць непатрэбныя кнігі, а іншы раз — і цэлыя хатнія бібліятэкі. Усе яны перадаюцца ў рэгіянальныя бібліятэкі, у дамы ветэранаў, інтэрнаты і г. д. Ірына гаворыць, што яе як эколага гэта радуе.

Надзея ЗУЕВА

Фота дадзены гераіняй

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.