Вы тут

Карына Ерафеева: «Х-Фактар» даў мне сілу і веру ў сябе»


Можна не з першай спробы знайсці сябе, але набыць каштоўны вопыт. Можна сумнявацца, адчуваць зняверанасць, але рызыкнуць і зрабіць новы крок. І гэта я не філасофствую, а коратка апісваю артыстку тэлепраекта «Х-Фактар. Беларусь» Карыну Ерафееву. Сёння яна ўжо смела заяўляе, што верыць у свае сілы і сама сабе — найлепшы абярэг. Мы сустрэліся з маладой спявачкай, каб пагутарыць пра яе характар, мары і арыенціры на найбліжэйшую будучыню.


— Карына, скажыце, калі вы зразумелі, што быць артысткай для вас — правільны выбар у жыцці?

— Я з самага дзяцінства, колькі сябе памятаю, была ў музыцы. З трох гадоў пачала займацца народнай музыкай (у мяне быў садок з музычным ухілам), а ўжо ў пятым класе з'явілася эстрада. Пасля паступіла на акадэмічныя спевы. Па сутнасці, спявала ўвесь час. І ніколі не задумвалася, ці правільны гэта для мяне выбар. Проста ведаю: мне трэба рухацца ў гэтым напрамку. Думаю, што гэта добра. Таму што ў людзей бываюць моманты сумненняў, пошу-
каў сябе. А я заўсёды цвёрда ведала, што маё жыццё без сцэны не будзе мець сэнсу.

— Лічыце, што «Х-Фактар» стаў нейкай незваротнай кропкай у вашым развіцці ў музыцы?

— Так, паколькі да гэтага праекта ўсё было нібыта на ўзроўні самадзейнасці. Да паступлення ў музычны каледж я ўдзельнічала ў разнастайных конкурсах, але з тэлевізійных быў толькі «Талент краіны». А потым узнікла часовае зацішша з музыкай. Гэта сказалася на маёй самаацэнцы. У той перыяд я таксама ўсвядоміла, што будзе, калі сыду з абранага шляху. Магла проста ісці па вуліцы, пабачыць артыстаў на сцэне і расплакацца. Хаця я тады ўжо вучылася на рэжысёра. А калі мне патэлефанавалі перад кастынгамі «Х-Фактару», зразумела, што трэба вяртацца. Вядома, былі сумненні, ці варта зноў выходзіць на сцэну, але я паехала на праслухоўванні і там адчула, што жыву музыкай.

— Трапіць у каманду да Сяргея Саседава — удача для артыста-пачаткоўца?

— Проста трапіць на «Х-Фактар» — ужо вялікая ўдача для артыста. А што датычыцца педагогаў, то там усе яны — не выпадковыя людзі. Сярога, Вольга Бузава, Руслан Аляхно, Сяргей Саседаў — кожны з іх паважаны артыст. Мы маглі толькі марыць, што зможам кантактаваць з прафесіяналамі такога ўзроўню. Але, трапіўшы на праект, я гатова была пайсці да каго заўгодна, толькі не да Сяргея Васілевіча. Бо разумела, што той стыль, з якім прыйшла на праект, і тое, што падабаецца гэтаму настаўніку, — рэчы несумяшчальныя. А пазней на этапе крэслаў падумала: калі мяне не возьме Саседаў, то забярэ Бузава, якой я імпанавала як артыстка. Аднак у выніку аказалася ў Сяргея Васілевіча. І наша супрацоўніцтва паказала, што я ўмею знаходзіць агульную мову з іншымі людзьмі. Мы нават да сёння падтрымліваем сувязь.

— Глядзіце, некаторыя моманты, якія характарызуюць вас, паказалі ў эфіры, а іншыя засталіся за кадрам. Што даў вам «Х-Фактар», калі казаць пра вопыт чалавечых узаемазносін?

— Мне гэты праект даў сілу. На той момант я сустракалася з маладым чалавекам. І, паколькі спыніла сваё развіццё ў музыцы, вельмі паглыбілася ў нашы адносіны, усклала на яго свае надзеі на будучыню. У выніку стала вельмі залежнай ад чалавека і сваіх пачуццяў да яго. Таму ў пачатку праекта мне было складана. Я ж адна, і побач няма нікога. А ўжо на «Х-Фактары» стала ўсведамляць, што нашы адносіны — падманлівая гісторыя, і ў выніку мы разышліся. Калі б не праца на праекце і далейшае супрацоўніцтва з прадзюсарскай кампаніяй, то разрыў перажывала б балюча. А ў творчасці адшукала вялікую сілу ў сабе як у асобе і артыстцы.

Яшчэ знаходжанне на такім праекце дае магчымасць навучыцца будаваць адносіны з людзьмі, якія працуюць побач з табой. Так я стала больш мяккай, навучылася слухаць іншых. І разумею, што за некалькі месяцаў на праекце пасталела больш, чым за ўсё папярэдняе жыццё. Цяпер ужо на многія рэчы гляджу абсалютна па-іншаму. Маю дакладную мару і мэту, да здзяйснення якіх іду. На «Х-Фактары» мне праклалі шлях для далейшага развіцця ў якасці артыста. Плюс там я знайшла Насцю Краўчанку, Віталя Дробава, якія сталі маімі сябрамі.

— А ці засталіся з вамі прыхільнікі, якія з'явіліся падчас праекта?

— Людзі, як і ў жыцці, так і ў сацыяльных сетках: адны прыходзяць і застаюцца, а іншыя з'яўляюцца, а потым сыходзяць. Такі пастаянны канвеер, дзе адзін падпісваецца, падтрымлівае, а іншы адпісваецца. Гэта абсалютна нармальная з'ява. Але я не заўважыла, што пасля заканчэння праекта колькасць маёй аўдыторыі зменшылася. Яна, наадварот, працягвае расці. Прычым там толькі невялічкі працэнт маіх сяброў-родзічаў. Таму разумею, што побач са мной застаюцца найперш тыя, каму я цікавая як чалавек і артыст.

— Чапляе той факт у вашай біяграфіі, што вы з 12 гадоў пачалі зарабляць. Чым тое было абумоўлена?

— Я заўжды, калі не мела кішэнных грошай, адчувала сябе дыскамфортна. І мне было сорамна прасіць іх у бацькоў у падлеткавым узросце. Ты ж разумееш, што мама з татам працуюць з ранку да ночы не для таго, каб даваць табе грошы на дробязі, накшталт купіць штосьці смачненькае, схадзіць на атракцыёны і гэтак далей. Такія думкі заўсёды мяне спынялі ў жаданні папрасіць грошай, але давалі стымул, каб самой імкнуцца зарабіць нейкую капейку. Вядома, у 12-гадовым узросце я магла падзарабіць невялікія грошы, але галоўнае, што свае ўласныя. Помню, трапіла на адно мерапрыемства ў горадзе, дзе праводзіўся конкурс на выкананне песні з прызам. Я паспрабавала і спадабалася вядучаму, а пасля даведалася, што ён выступае на карпаратывах і можа браць мяне з сабой. Калі ўдалося зарабіць нармальныя грошы, то я вельмі абрадавалася і накупіла пачастункаў матулі і брату. І немагчыма нават перадаць, што адчуваеш, калі ўсведамляеш, што купіў штосьці на ўласныя грошы. Заўсёды, калі мела магчымасць зрабіць прыемнае родным нейкімі падарункамі, вельмі радавалася.

А працаваць даводзілася ў самых розных месцах: на рынку, прыбіральшчыцай у дзіцячым лагеры... І я цудоўна ўсведамляю, што любая праца мае сваю каштоўнасць. Мама мне заўсёды казала фразу: «Калі заробіш, тады і купіш». І таму, чуючы, як нехта «пантуецца», што яму бацькі купілі, напрыклад, тэлефон, я не бачу ў тым прычыны для гонару ў яго ўладальніка. Вось сам заробіш, назбіраеш, купіш — іншая справа. Альбо згадваю яшчэ, як у дзяцінстве, як і многія дзеці, абяцала бацькам, што калі вырасту, то зараблю грошай і адвязу сям'ю на мора. Да сёння помню пра тыя словы, але цяпер яны ўжо сталі для мяне мэтай. Таксама захоўваю малюнак рэстарана, які ў дзяцінстве марыла пабудаваць для бацькоў. Спадзяюся, і гэта стане рэальнасцю.

— Чым сёння можа зарабляць малады артыст?

— Канцэртных выступленняў у нас пакуль што не вельмі многа, таму я працую выкладчыкам па вакале, вядучай, бэк-вакалісткай у некаторых установах. Я па сутнасці сваёй працаголік, таму гатовая працаваць суткамі. І калі ў маім раскладзе ўсё шчыльненька распісана, то адчуваю сябе надзвычай шчаслівай.

— Вы рэалізоўваеце сябе пад крылом прадзюсарскай кампаніі. Як працуецца па кантракце?

— Вядома, усюды ёсць нюансы, але сёння ўжо прызвычаілася да ўсяго. Я лёгка адаптуюся пад любыя сітуацыі. Калі мы толькі прыйшлі ў прадзюсарскі цэнтр і пачаўся тур, то было няпроста. Здаралася, я прачыналася ў чатыры гадзіны раніцы і ехала ў Мінск. А трэба яшчэ і вобраз давесці. Гэта і стала адной з прычын, чаму я пераехала з Гомеля. Цяпер многіх складанасцяў нават не заўважаю. Бо ў прадзюсарскім цэнтры мы як адна сям'я. Наш Сяргей Мінскі як тата для нас, артыстаў. Ён падтрымлівае, дапамагае з любым пытаннем. І таксама пастаянна матывуе развівацца. Я, напрыклад, ніколі не спявала па-беларуску, а цяпер раблю тое з задавальненнем. Мой брутальны вобраз — скура, пярсцёнкі, макіяж — аказваецца, добра спалучаецца з такім матэрыялам. У мяне свая стылістыка. Я з дзяцінства спявала фольк і люблю рок, а цяпер атрымліваецца ў маім выкананні спалучэнне двух гэтых кірункаў. Мне заўсёды хацелася рабіць тое, што не рабілі да мяне. Упэўнена штурмую сваю нішу.

— Пакуль што ў вас выйшла дзве песні на беларускай мове, таму спытаю, ці плануеце працягваць ствараць такі матэрыял?

— Мару запісаць беларускамоўны альбом. Мы працуем над гэтым. Працягваем шукаць новае гучанне і кампазіцыі, якія будуць аб'яднаны не проста тым, што яны на беларускай мове, а каб кожная гісторыя мела глыбіню і несла ў сабе важны пасыл. Не проста, як мы кахалі адно аднаго, а, напрыклад, адлюстраванне залежнасці ў адносінах і гэтак далей.

— Вы самі часта трапляеце пад уплыў кахання?

— Цяпер не паддаюся гэтаму пачуццю, а раней яно магло ў адно імгненне мяне накрыць. Пасля апошніх адносін пачала інакш ставіцца да гэтай тэмы. І цяпер сваю любоў аддаю родным, сябрам, творчасці. Каханне — вельмі важнае і дарагое для мяне пачуццё, таму не хочацца распыляцца. Думаю, калі ставіцца да яго легкадумна, то сапраўдных пачуццяў можна ўвогуле не дачакацца. Пра сябе разумею, што пакахаць хачу так, каб на ўсё жыццё, з жаданнем стварыць сям'ю і пастарэць разам. І калі чакаць, то цуд абавязкова здарыцца.

— А як тады прыгожая дзяўчына рэагуе на знакі ўвагі з боку прыхільнікаў?

— Пасля праекта стала складаней са знакамі ўвагі, бо ўжо не так моцна давяраеш людзям. Не разумееш, што падабаецца чалавеку: я рэальная ці мой вобраз як артысткі, які ён бачыць у сацыяльных сетках і па тэлевізары. Здараецца, што мне пакідаюць нейкія падарункі, але гэта хутчэй насцярожвае — адкуль людзі ведаюць, дзе я жыву? — чым радуе. І калі, напрыклад, мне дораць шакалад, то я пасля аджартоўваюся: лепш шаўрму! Я ж не ем салодкага. Стараюся да такіх сітуацый ставіцца з гумарам і пазітывам.

— Чым тады вас можна здзівіць?

— Мне падабаецца смачна есці, таму я абавязкова звярну ўвагу на хлопца, які ўмее гатаваць. Але галоўнае для мяне ў людзях — харызма, пачуццё гумару і стыль, калі чалавек не імкнецца некага капіраваць. У астатнім мне ўсё роўна: на ўзрост, вагу ці нейкія іншыя знешнія параметры ўвагу не звяртаю. І я дакладна не з тых дзяўчат, каму падорыш букет кветак, і ўсё, ты — герой. У мяне ўсё вельмі суб'ектыўна.

Алена ДРАПКО

Фота з архіва гераіні

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».