Вы тут

Германавічы гучалі, гучаць і будуць гучаць. Жыхары адсвяткавалі юбілей аграгарадка


Жыхары адсвяткавалі юбілей свайго аграгарадка, што на працягу 460 гадоў узвышаецца на маляўнічых берагах ракі Дзісны.


Сімвалічна, што юбілейную дату прымеркавалі да Дня вызвалення мястэчка ад фашысцкіх захопнікаў (1 ліпеня 1944 года). Мерапрыемства пачалося мітынгам каля помніка-зеніткі, усталяванага ў гонар воінаў 1406 зенітна-артылерыйскага палка. Затым было ўрачыстае шэсце ў нацыянальных касцюмах са снапкамі збажыны і валошкамі — удзельнікі свята ішлі калонай да галоўнай пляцоўкі, дзе праходзяць усе знакавыя мерапрыемствы ў Германавічах. Па дарозе спыніліся і ўсклалі кветкі каля помніка воінам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, ушанавалі іх хвілінай маўчання. Дарэчы, раней на помніку быў агульны надпіс, а летась з'явілася шыльда, дзе пералічаны ўсе землякі, якія загінулі ў ваенных падзеях, пайменна, каб кожнае імя засталося ў памяці нашчадкаў назаўжды.

Які ж юбілей без цёплых слоў і падарункаў?! І іх у той дзень было багата. У прыватнасці, некалькі жыхароў Германавічаў былі адзначаны ганаровымі граматамі раённага Савета дэпутатаў і райвыканкама. Сярод узнагароджаных — старшыня Германавіцкага сельскага Савета Мая Якімовіч.

— Германавічам сёлета спаўняецца 460, а самай старэйшай жыхарцы Тамары Адамаўне Рабізе 27 снежня будзе сто гадоў. Паедзем віншаваць яе са святам дадому, павязём падарункі, — распавядае Мая Якімовіч. — Адзначылі таксама Іосіфа Адольфавіча і Аляксандру Сцяпанаўну Хаданёнкаў, якія сёлета святкуюць залатое вяселле, самую шматдзетную сям’ю, у якой выхоўваецца пяцёра дзяцей, самых маленькіх жыхароў аграгарадка — Ілью Бучынскага і Цімафея Катовіча і іх бацькоў. Выклікалі на сцэну кіраўнікоў прадпрыемстваў, якія шчыруюць у аграгарадку. Дзякавалі ім за актыўны ўдзел у розных мерапрыемствах, што падтрымліваюць парадак на сваіх тэрыторыях, шмат робяць для росквіту Германавічаў. Акрамя таго, адзначылі школьнікаў, якія скончылі навучальны год на выдатна. Адна з іх, Ульяна Сташкевіч, выпускніца 11 класа, стала студэнткай медуніверсітэта. Спадзяёмся, што яна адвучыцца і вернецца на сваю малую радзіму, як гэта калісьці зрабіў Вадзім Радкевіч, які працуе цяпер у мясцовай гаспадарцы інжынерам і якому мы таксама ўручылі падарунак.

Падчас святкавання юбілею таксама падвялі вынікі конкурсу на найлепшы падворак. «Іх шмат — узорных, цяжка было вызначаць найлепшы з найлепшых, бо наогул дэвіз нашага аграгарадка — утульнасць, прыгажосць і парадак. На гэты раз адзначылася сям'я Навіцкіх».

Пасля ўрачыстай часткі быў святочны канцэрт. Шчыра, кранальна, ад душы віншавалі рознымі нумарамі жыхароў аграгарадка мясцовыя таленты, а таксама госці з Шаркаўшчынскай дзіцячай школы мастацтваў. Касцюмы, музычныя нумары — усё было настолькі прадумана, змястоўна. Падчас іх згадваліся розныя перыяды гісторыі Германавічаў. Ад моманту нанясення мястэчка на карту да сучаснасці. На пляцоўцы побач са сцэнай была зладжана выстаўка «Германавічы ў творах беларускіх мастакоў». «Карціны са сваёй прыватнай калекцыі прадставіла мясцовая жыхарка, настаўніца і малалетні вязень у мінулым Ада Райчонак, — распавядае Мая Якімовіч. — А мясцовы мастак падарыў мне карціну, на якой паказаны Германавічы ў зімні перыяд. Гэта было вельмі нечакана і вельмі прыемна.

— Многія адзначалі, што ўсё прайшло, як звычайна, вельмі душэўна, цёпла, па-дамашняму. Ганаруся, што так склаўся лёс, і я цяпер працую ў гэтым знакавым месцы, — гаворыць старшыня сельсавета. — Заўсёды кажу, што Германавічы гучалі, гучаць і будуць гучаць у гісторыі нашай краіны. Тут вельмі шмат цікавага. Толькі касцёл Перамянення Пана XVІІІ стагоддзя чаго варты, а таксама былы палац Шырынаў, у якім сёння знаходзіцца музей мастацтва і этнаграфіі імя Язэпа Драздовіча. Дарэчы, у тым палацы раней ладзіліся сапраўдныя балі. У нас ёсць мара адрадзіць гэтую прыгожую традыцыю. Візіткай аграгарадка з’яўляецца і Дом ганчара, дзе працуюць лаўрэаты міжнародных конкурсаў Сяргей Рымдзёнак і яго жонка Ганна. Асабіста для мяне Германавічы — сімвал духоўнасці, культуры. Пагадзіцеся, далёка не ў кожным мястэчку ёсць столькі храмаў (акрамя касцёла, тут дзейнічае Свята-Мікалаеўская ды стараверская цэрквы). Нехта заўважыў, што ў нас у Германавічах пастаянна нейкі рух: то талакой наводзім парадак на валах, то едзем у велапрабег. Не паспее адно свята скончыцца — ужо трэба рыхтавацца да іншага. У прыватнасці, традыцыйны «Бульбяны фэст» запланавалі сёлета на пачатак жніўня. Толькі б бульба ўрадзіла, а калоды, на якіх смажыць дранікі, знойдзем. Запрашаем, прыязджайце абавязкова!

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Шаркаўшчынскі раён

Фота klіch.by

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».