Вы тут

Новае як следаванне добрым старым традыцыям. Выйшаў зборнік Алены Руцкай


Чытаць кнігі гродзенскіх літаратуразнаўцаў — асаблівая асалода. Высокая мастацкая культура выкладання матэрыяла, цікавая пастаноўка тэмы, вылучэнне праблемы, вартай разгляду — усе гэтыя і іншыя яркія адметнасці проста абавязваюць трымаць у полі зроку чалавека, цікаўнага да гісторыі беларускай літаратуры, уважлівага да сучаснага літаратурнага працэсу ў Беларусі, бачыць тое, што напісана гарадзенцамі. А сёння — як правіла, і выдадзенае ў Гродна. Кніга Алены Руцкай, добра вядомага літаратуразнаўца, метадыста, паэта, «Памятныя сустрэчы» — не выключэнне. 


Найлепшым чынам характар зборніка творчых партрэтаў, што сабраны разам, патлумачваюць словы з аўтарскай прадмовы да кнігі: «Сёння часта гаворыцца, што нам прыпала жыць у эпоху пятай „інфармацыйнай рэвалюцыі“, якая ў параўнанні з усімі папярэднімі (з’яўленне пісьменства, усталяванне кнігадрукавання, вынаходніцтва тэлеграфа і радыё, развіццё тэлебачання) самая імклівая эпоха Інтэрнэту. Цяпер яна падпарадкоўвае сабе развіццё каштоўнаснай свядомасці, што вызначае адносіны чалавека да акаляючага свету. Інакш кажучы, усведамленне дабра, прыгажосці, ісціны і ўсяго таго, што ўваходзіць у паняцце агульначалавечых каштоўнасцей. Але існуе небеспадстаўная трывога з-за дэструктыўнай „усёзамяшчальнасці“ Інтэрнэту. Таму становіцца актуальным выкарыстанне і развіццё тых напрамкаў зацікаўленасці, якія пакуль што ўтрымліваюць свае пазіцыі. Даследванні апошніх год паказваюць, што ў шэрагу гэтых напрамкаў як крыніц набыцця сэнсаў і поглядаў знаходзіцца турызм з яго інфармацыйным забеспячэннем, гісторыя і краязнаўства, літаратура, асабліва тая, што складае папулярны напрамак нон-фікшн і інш. Падмацоўвае статус пералічанага шырока распаўсюджанае сёння выказванне: „Кніга — гэта яшчэ адна вакцына ў наш няпросты час“. Гэты трапны і арыгінальна выказаны погляд, а яшчэ мудры афарызм: „Углядаючыся ў мінулае, мы выразней бачым сучаснае і будучае“, — надалі аўтару гэтых радкоў жаданне перагледзець свае рукапісы і матэрыялы з навуковых канферэнцый, у якіх прэзентуюцца творчыя партрэты выдатных асветнікаў, пісьменнікаў, вучоных...»

«Памятныя сустрэчы» — гэта партрэты Цёткі (Элаізы Пашкевіч) і Максіма Багдановіча, расповяды пра сустрэчы з дзеячамі Прынёманскага краю — пісьменнікамі Зоськай Верас (Людвікай Сівіцкай), Максімам Танкам, Алегам Лойкам, Аляксеем Карпюком, Уладзімірам Бутрамеевым, Анатолем Іверсам, навукоўцамі Іванам Лепешавым, Ігарам Жуком, Аляксеем Пяткевічам. 

Шмат гадоў жыцця Алены Руцкай звязаны са Слонімам. Тут сфарміравалася кола яе творчых, навуковых, педагагічных зацікаўленняў. Слонім з яго асветніцкімі, культурнымі, літаратурнымі адметнасцямі — канешне ж, прысутнічае і ў кнізе. З асаблівым піетэтам расказвае даследчыца пра заходнебеларускага паэта Анатоля Іверса («Такое шчасце — бачыць далячынь: урок паэзіі ад Анатоля Іверса»). «Неяк аднойчы да практычных заняткаў па рыторыцы я прапанавала студэнтам выбраць афарыстычныя радкі з вершаў і скласці па іх міні-разважанне, — расказвае Алена Руцкая. — Сярод яркіх і найбольш змястоўных выступленняў быў роздум пра „шчасце — бачыць далячынь“. Заінтрыгаваная, я папрасіла назваць верш і аўтара. „Назвы там не было, — паведаміла студэнтка, — а аўтар паэт Анатоль Іверс“. І ўбачыўшы маю зацікаўленасць, дадала, што хацела даведацца пра аўтара болей, але ў прадмове да калектыўнага зборніка, дзе выбірала радкі, нічога істотнага не знайшла, толькі зразумела, што ён з кагорты паэтаў Заходняй Беларусі. Тады я і расказала пра свайго літаратурнага настаўніка Івана Дарафеевіча Міско, пра яго пакручасты лёс, нязломны жыццёвы аптымізм, уменне, як пісаў яго сучаснік Валянцін Таўлай, „і верай сонечнаю жыць“. Дарэчы, гэтыя радкі я ўпершыню і пачула ад Івана Дарафеевіча, пры ім запісала сабе ў нататнік, а ўжо глянуўшы на запісанае, спытала: „А ці не з гэтых радкоў ваш псеўданім?“ Ён угледзеўся ў падкрэсленыя мною літары, уражаны дзіўным вензелем маёй логікі, усміхнуўся і сказаў: „І трэба ж так угледзець. Заманлівы варыянт. Але гэта не так“. Іван Дарафеевіч не прамінуў падкрэсліць (заўвагу гэту я чула шмат разоў), што тагачасныя рэдактары былі людзьмі вельмі прыстойнымі і ніколі не раскрывалі сапраўднае прозвішча аўтара. Вось і яго паліцыя расшыфравала толькі тады, калі выйшаў зборнік вершаў „Песні на загонах“. Павінна прызнацца, што я доўгі час лічыла псеўданім сапраўдным прозвішчам: неяк вельмі ён пасаваў аўтару...» Алена Руцкая падрабязна расказвае пра першы паход на «літаратурны ўрок» да Анатоля Іверса, пра тое, як рыхтаваліся яе вершы для публікацыі ў літаратурнай старонцы раённай газеты. Юнаму паэту пашчасціла: прыязны і ўважлівы да чужых творчых памкненняў Анатоль Іверс, ужо вопытны майстра, аказаўся разумным літаратурным педагогам. Увогуле і ў іншых нарысах, творчых партрэтах пісьменніца звяртае асаблівую ўвагу на характар, адносіны прызнаных майстроў да тэмы вучнёўства, падтрымкі літаратурнай моладзі. Пра гэта — і ў расповядзе пра Алега Антонавіча Лойку («Першая сустрэча. Алег Лойка — незабыўны настаўнік»)... Такіх настаўнікаў, як Лойка, Іверс сапраўды нельга забыць!.. І такая рыса Лойкі адзначана аўтарам: «...сабраць усіх сяброў аб’яднання на адзін прызначаны час было справай нерэальнай. Сёння я думаю, якой ахвярнай была гэта частка неахопнай працы Алега Антонавіча. Невымерная, неўнармаваная — суцэльны і нязводны клопат. Як кіраўнік ён не прымаў аднастайнасці, а таму ніколі не абмяжоўваўся звыклымі пасяджэннямі. Запрашаў пісьменнікаў...» Алег Лойка вучыў дыскутаваць, прыцягваў да крытычных разваг... Таму і запомніліся, відаць, яго словы: «...трэба ўглядацца ў мінулае, у жыццё, у час; шукаць, пісаць. І што толькі таленавітае — заўсёды актуальнае...» 

Літаральна ўся кніга Алены Руцкай — працяг тых разумных парад, якія яна атрымала ў розныя гады ад Анатоля Іверса, Алега Лойкі, іншых пісьменнікаў, навукоўцаў, якія сустрэлія ёй па жыцці. Вельмі адметным падаецца расповяд пра літаратуразнаўцу Аляксея Міхайлавіча Пяткевіча, з якім ў аўтара кнігі была незлічона колькасць сустрэч. Масштаб асобы, якой прысвечаны творчы партрэт «Адданы нязменным каштоўнасцям...» уражвае. У тэксце — і пра творчую, і пра навуковую, літаратуразнаўчую, вучобу... Аляксей Пяткевіч вылучаўся сваёй захопленасцю беларускай літаратурай і беларускай культурай увогуле. Ён па свайму прызначэнню быў Асветнікам з вялікай літары, быў сапраўдным прапагандыстам беларускага прыгожага пісьменства. Выступаў перад настаўніцтвам рэгіёна, вёў на Гродзенскім тэлебачанні праграму «Кнігарня», ездзіў на сустрэчы з чытачамі, пісаў пра кніжныя навінкі ў друку, займаўся краязнаўчымі вышукамі, падарожнічаў па Гародзеншчыне, выдаваў кнігі, вёў літаральна за руку таленавітую моладзь у літаратуру і ў навуку. Алена Руцкая адзначае наватарства ў многіх памкненнях Аляксея Міхайлавіча... «Настаўнікі цанілі аналітычны талент Аляксея Міхайлавіча, улюбёнасць у літаратуру, усіх уражвала яго эрудыцыя, глыбіня назіранняў, імпанавала тактоўнасць, элегантнасць, падабалася манера чытання лекцый, — піша А. Руцкая. — Яны заўсёды былі зместава насычаныя, прадуманыя, але інфарматыўнасць спалучалася з яснай, лагічнай і ад гэтага , так падавалася, лёгкай формай выкладання. Ён не выкарыстоўваў пустых жартаў, цікавостак, але ўмеў захапіць глыбокімі назіраннямі, яркімі прыкладамі, навізной фактаў і поглядаў. Вельмі мала звяртаўся да агульнавядомага, хіба толькі калі меў намер падаць яго ў новым прачытанні, абвергнуць ці, як на падмурку, прымацаваць вянцы новай інфармацыі...» 

«Памятныя сустрэчы» маюць зусім мізэрны наклад — 50 асобнікаў. Кніга стала пераможцам IV абласнога літаратурнага конкурсу рукапісаў імя Цёткі (А. Пашкевіч) у намінацыі «Краязнаўства і публіцыстыка». Дарэчы, цікавая і надзвычай патрэбная навацыя ад Гродзенскага аблвыканкама і Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. І кніга «Памятныя сустрэчы» — надзённае і вельмі важкае, грунтоўнае выданне. Хацелася б, каб яго ўбачылі, разгледзелі, каб у яго старонкі ўважліва, нераўнадушна ўчыталіся не толькі на Гродзеншчыне, але і па ўсёй Беларусі. 

Раман СЭРВАЧ

Выбар рэдакцыі

Адукацыя

Наталля Карчэўская: Культуры патрэбны прыток новых людзей

Наталля Карчэўская: Культуры патрэбны прыток новых людзей

Рэктар БДУКМ — пра падрыхтоўку прафесійных кадраў для ўстаноў культуры.

Грамадства

Батанічны сад — месца, напоўненае спакоем і прыгажосцю

Батанічны сад — месца, напоўненае спакоем і прыгажосцю

Прагуляліся па квітнеючым Цэнтральным батанічным садзе: расказваем аб уражаннях

Грамадства

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Пра гэта даведаліся карэспандэнты «Звязды».

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.