Вы тут

«Ураджай» 100-бальнікаў і «Парад зорак»


Сёлета ў Лунінецкім раёне ажно 14 чалавек 100-бальнікаў і 32 медалісты (31 з якіх «залаты»), так што 2023-ы тут называюць ураджайным, хоць кажуць, што такія вынікі невыпадковыя. Цяпер настаўнікі і бацькі з нецярпеннем чакаюць паступлення сваіх выпускнікоў у ВНУ, а ў горадзе рэалізоўваецца праект па рэканструкцыі сярэдняй школы № 1.


Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Цікава, што ў будынку школы займаюцца толькі старэйшыя вучні, а пачаткоўцы вучацца ў іншым месцы. Харчавацца ж усе школьнікі ходзяць у мясцовы рэстаран. Плануецца, што пасля мадэрнізацыі ў школе будуць займацца ўсе класы і з’явіцца ўласны харчаблок.

— Хаця сёлета колькасць 100-бальнікаў у раёне рэкордная, на гэтым мы не спынімся. Нашы хлопцы і дзяўчаты дакажуць пры паступленні ў ВНУ і далейшым навучанні свае 100-бальныя вынікі, — упэўнены Мікалай Гарадкавец, начальнік аддзела па адукацыі Лунінецкага райвыканкама. — Яны ўжо паказалі свой узровень на цэнтралізаваным экзамене, таму што яго заданні практычна такія ж, як і заданні цэнтралізаванага тэсціравання, да якога мы прывыклі.

Раён мае добрыя дасягненні ў алімпіядным руху і каторы год трымае першынства сярод сельскіх раёнаў Брэсцкай вобласці. І гэта датычацца не нейкага асобнага прадмета, а школьнай праграмы ў цэлым, дадаў начальнік аддзела:

— Гэтаму садзейнічае стройная сістэма работы з адоранымі дзецьмі і падрыхтоўкі да ЦТ. Яшчэ не было прынятае заканадаўчае рашэнне аб новай форме атэстацыі, а нашы педагогі ўжо праходзілі навучанне і стажыроўку на ЦТ. Усё гэта прынесла дастойны вынік.

Для адораных дзяцей і настаўнікаў, якія іх рыхтуюць, у раёне заснаваны прэміі. Алімпіяднікі штогод традыцыйна адзначаюцца на «Парадзе зорак» і ім ладзяць сустрэчу з кіраўніком раёна. Прэміі, дарэчы, не маленькія, так што дзеці сапраўды зарабляюць сваім розумам, падкрэсліў Мікалай Гарадкавец:

— Сёлета на заахвочванне педагогаў і вучняў з мясцовага бюджэту выдзелена каля 20 тысяч рублёў. А на нефармальных сустрэчах са старшынёй школьнікі могуць задаваць яму любыя пытанні.

Сёлетніх 100-бальнікаў, ажно трое з якіх — аднакласнікі з вёскі Вялікія Чучавічы, таксама чакае сустрэча са старшынёй раёна. Але пазней, калі скончыцца ўступная кампанія. Пакуль жа выпускнікі не расслабляюцца, бо мэты пастаўлены высокія.

Кірыл Гаргун бачыць сябе праграмістам і збіраецца пакараць БДУ:

— Я яшчэ буду здаваць фізіку, а яе ведаю горш, чым беларускую мову, дык вось сумарны вынік будзе лепшы, дзякуючы 100 балам па мове.

Ангеліна Шчатко плануе паступаць на эканамічны факультэт і сціпла прызнаецца:

— Мне вельмі падабаецца беларуская мова, аднак я здзівілася, што атрымала такі вынік.

Мікіта Малыш з пятага класа ўдзельнічаў у алімпіядах па беларускай мове, а цяпер збіраецца на факультэт міжнародных адносін БДУ:

— Хачу падзякаваць усім, хто вучыўся са мной у профільным класе, — з вамі было вельмі весела пазнаваць мову.

Дар’я Леўшыц — двайная 100-бальніца, яна атрымала найвышэйшы вынік па беларускай мове і па хіміі і будзе паступаць у сталічны медуніверсітэт:

— Па беларускай мове было нескладана, нават не дапускала думкі, што недзе памылілася, бо я з класа шостага-сёмага ўдзельнічала ў алімпіядах і конкурсах, таму мела багаж ведаў. Апошнія два гады актыўна рыхтавалася да хіміі — штодня па чатыры гадзіны.

Мама Дар’і Святлана да слёз ганарыцца поспехамі дачкі, кажа, што Дар’я ўвесь час яе здзіўляе.

Выхавала сёлетнюю гронку 100-бальнікаў выкладчыца беларускай мовы і літаратуры Валянціна Гаргун, якая яшчэ і класны кіраўнік юных разумнікаў:

— Мы разам з імі з пятага класа. З таго часу і пачыналі падрыхтоўку. Праграмныя веды давала цалкам, у нас профільны беларускамоўны клас, таму і гадзін больш было, а раз на тыдзень — яшчэ і факультатыў. Дзеці матываваныя, здольныя, і я па іх вачах бачыла, што яны мелі мэту, аднак у адкрытую пра гэта не казалі. Важна было псіхалагічна падтрымаць іх, бо, здаецца, яны спакойныя, аднак я адчувала іх хваляванне. Я загадвала, што гэта магчыма, што яны могуць.

Эканамічны лакаматыў…

Сёлета фактычна ўсе паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця ў раёне выконваюцца згодна з планам. А папаўняецца бюджэт Лунінеччыны дзякуючы найперш горадаўтваральнаму прадпрыемству «Граніт», арганізацыям «Райспажыўсаюза», лясгасу і малочнаму заводу.

— Мікашэвіцкі «Граніт» — адзін з лакаматываў эканомікі раёна, дзе працуе амаль 2,5 тысячы чалавек, заробак якіх крыху больш за дзве тысячы рублёў. З такімі ўводнымі Лунінецкі раён можна лічыць даволі прыбытковым і багатым на заробак, — адзначыў Андрэй Гуляк, намеснік старшыні райвыканкама па эканоміцы.

Кар’ер прадпрыемства памерам два на тры кіламетры, які паглыбіўся ўжо амаль на 150 метраў і апусціўся ніжэй за ўзровень мора, гэта яшчэ і месца для прамысловага турызму. Тут можна палюбавацца на вадаспады, а з агляднай пляцоўкі адкрываецца незабыўны пейзаж, нібыта трапляеш у горы. У гэтых створаных працай лакацыях нават фільмы здымалі. Ахвотныя могуць таксама пакатацца на БелАЗе і наведаць мясцовы музей. Турысты, дарэчы, у сезон адчувальна дапамагаюць папаўняюць бюджэтную скарбонку краю.

...і смачны брэнд

Знакаміты на ўсю краіну фестываль «Лунінецкія клубніцы», які штогод праводзяць у раёне і які стаў брэндам Лунінеччыны, мае статус рэгіянальнага свята. Літаральна некалькі дзён таму ён адгрымеў юбілейны дзясяты раз і прыцягнуў у край яшчэ больш удзельнікаў і гасцей. Разнастайныя стравы з клубніц, выстаўка адмысловых падворкаў і, вядома, культурная праграма, ладзілі якую таксама тутэйшыя.

— У Лунінецкім раёне 24 калектывы, якія носяць званні народных і ўзорных, а адзін — нават заслужанага. Настрой стваралі вучні музычных школ, якія прэзентуюць Лунінеччыну на самых розных фестывалях любога ўзроўню. Штогод павялічваецца і колькасць дыпламантаў — цяпер іх ужо амаль 90, так што культурны патэнцыял раёна становіцца ўсё больш прывабным, — акрэсліў Анатоль Захаркевіч, намеснік старшыні райвыканкама.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.

Грамадства

Час рабіць запасы

Час рабіць запасы

Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя. 

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.