Вы тут

Гісторыя сабачкі Соні ў Беларускім дзяржаўным тэатры лялек


Гэта той выпадак, калі спектакль з вызначанай узроставай катэгорыяй «3+», бацькам падабаецца не менш, чым дзецям. Можа, таму, што дапамагае ўспомніць маленства — тыя моманты спасціжэння свету, калі ён адкрываўся з нечаканага боку, прымушаючы рабіць высновы пра тое, што можа быць прыемна, што карысна, а што небяспечна. Калі мы вучыліся лепш разумець вонкавыя абставіны, сябе і іншых, шукаць сяброў. Спектакль нагадвае пра вядомы з тых самых часоў мультфільм «Разумны сабачка Соня» — больш за 30 гадоў прайшло, калі ён выйшаў. Многія яго гледачы ўжо сталі бабулямі і дзядулямі. І калі ў іх узнікае пытанне, чым здзівіць унукаў, то часта ідуць у ход вядомыя ды «правераныя» на ўласным прыкладзе творы ды кнігі — прыдуманы дзіцячым пісьменнікам Андрэем Усачовым расповед пра сабачку Соню якраз дарэчы. А цяпер ёсць выдатная падказка і бацькам, і бабулям з дзядулямі, як бавіць час з дзецьмі, каб і для малых карысна, і для сябе прыемна: ідзіце у Беларускі дзяржаўны тэатр лялек, бо там дзякуючы рэжысёру Яўгену Карнягу пасяліўся маленькі разумны сабачка. 


Сапраўды, маленькі-маленькі — лялька больш падобная на мяккую цацку, якую хочацца прыціснуць да сябе і гладзіць ды люляць. Такі маленькі персанаж можа лёгка згубіцца на сцэне... Ды каб гэта не была Соня — яна цяпер сапраўдная зорка тэатра! І калі б не артысты, якія дапамаглі ёй ажыць. У спектаклі два саставы, але на сцэне мы бачым усяго трох выканаўцаў, якія выконваюць безліч задач адначасова. У адным саставе Наталля Кот-Кузьма, напрыклад, увасабляе Соню. Але гэты персанаж настолькі складаны і шматгранны (калі карыстацца сур’ёзнымі словамі дарослых), таму, каб агучыць яе думкі, далучалася Ганна Гаспадарык, а яшчэ і Уладзіслаў Соладаў, які  пераўвасабляўся ў Івана Іванавіча, які ходзіць на працу і пакідае час ад часу Соню дома адну. Вось тут і пачыналася самае цікавае, каб па вяртанні гаспадар мог кожны раз здзіўляцца кемлівасці Соні, якая не сумавала ў кватэры шматпавярховіка — усе суседзі ведалі пра маленькую гарэзу! Людзі абмяркоўвалі новыя здарэнні з удзелам Соні — як тыя сабачнікі, што напачатку спектаклю выходзяць на прагулянку са сваімі гадаванцамі, альбо тыя, хто аказвае паслугу па выгуле сабак. Гэта ж эпізоды, якія ўзялі з жыцця — і сабачак сапраўды можна пагладзіць, калі яны рухаюцца праз усю глядзельную залу! Малыя гледачы адразу пачынаюць усміхацца — далей, што б ні рабілася ў зале, яны ўключаны ў працэс. Сапраўды, спектакль уцягвае гледачоў інтэрактывамі і нават гульнямі з сабачкамі, якія перыядычна выбягаюць (вылятаюць, выкотваюцца) да глядацкіх шэрагаў. 

Сабак насамрэч акрамя Соні тут шмат. І ўсе такія розныя! Праз іх можна ацаніць абаяльнасць і разважлівасць маленькага дварнягу. У параўнанні з ім выхаваная такса падаецца жудаснай занудай — не выпадкова яна такая даўжэ-э-э-зная, што расцягваецца на ўвесь пад’езд, пакуль вучыць Соню правільнаму жыццю прыстойных сабак. У ім, напэўна, ёсць свае цікавасці, але гадаванец з 66-й кватэры хоча зразумець: што лепш — быць маленькім ці вялікім, каго баяцца іншыя сабакі, коткі і нават людзі? Пытанняў у яе шмат, і ўсе сур’ёзныя. Напрыклад: як вялікія сабакі ставяцца да таго, што на іх надзяваюць наморднік? Вялікі і злы бульдог Макс гэта нават тлумачыць не стаў, калі яго лапы цягнуцца ва ўсе ўваходы. То зразумела: маленькай істоце прасцей схавацца і стаць недасяжнай, а яшчэ з ёю лепш захочуць пагуляць. 

Ёсць тыя, хто шчыра захапляецца Соняй і тым, як яна выходзіць з найскладанейшых сітуацый, у якія трапляе праз сваю цікаўнасць. Дык а што? Хто супраць быць выхаваным? Толькі, каб рабіць нешта правільна, Соні трэба гэта асэнсаваць. Зразумець сутнасць, вывесці лагічную сувязь паміж прычынай і следствам, каб дзейнічаць выключна рацыянальна. Каб стаць самым лепшым сабакам у свеце, Соня вучыцца думаць, а калі пачынаеш думаць, то становішся больш разумным. Тады можаш на ўласным прыкладзе вучыць дзетак, якія глядзяць збоку. Яны нават удзельнічаюць у навучанні, калі разам гучна чытаюць словы. Альбо як у выпадку з электрычнай разеткай — калі зразумеў небяспеку, то не палезеш туды, дзе жыве злы ток. І прыручыць электрычнасць не атрымліваецца ні смачнымі костачкамі, ні цукеркамі. Альбо на роўным месцы можна ўчыніць для сябе неспадзяванку, пакаштаваўшы вострую гарчыцу, што нават вонкавае аблічча можа змяніцца. Дзеці адчуваюць небяспеку, і шчыра за Соню перажываюць: гамоняць, даюць парады і нават крычаць з месцаў. Усё гэта зусім не забаронена маленькім гледачам у гэтым тэатры! 

У Соні насамрэч шмат цікавых прыгод, як і шмат адметных персанажаў — лялечных і не толькі. Яны ўвасоблены на сцэне, якая з’яўляецца то кватэрай, то дваром, то бюро знаходак, то наогул бязмежнай прасторай, дзе малеча застаецца сам-насам з Месяцам і дазваляе сабе смелыя мары... Сачыць за выхаваннем Соні не складана яшчэ і таму, што павучальнасць тут без нудотнага маралізатарства, а два акты, на якія падзелена дзея, перабіваюцца музычнымі нумарамі ў розных стылях — ад рамантычнага блюзу да хіп-хопу, з якімі спраўляюцца тыя ж тры артысты. Гэта дадае руху пастаноўцы і стымулюе ўвагу. 

Розныя эпізоды спектаклю лёгка трансфармуюцца адзін у другі, за гэтым таксама цікава назіраць і захапляцца вынаходлівасцю стваральнікаў і яркасцю вобразаў. Дасягнуць пастаўленых задач рэжысёру дапамагае праца мастака-пастаноўшчыка Таццяны Нерсісян: Соня — вясёлы персанаж, хоць і разважлівы. Часам здаецца, нават схільны да філасафічнасці, бо працэс сталення гэтага вымагае так ці інакш, калі хочаш выхаваць добрага, прыстойнага і разумнага гадаванца і чалавека (дзеля гэтага ўсё задумана). Аўтарам інсцэніроўкі выступіў сам Яўген Карняг: рэжысёр складаных стыльных спектакляў для дарослых ужо другі раз (пасля «Прададзенага смеху») паказвае, што яго працы для дзяцей абсалютна адрозныя, але такія ж таленавітыя і разумныя, што насамрэч ацэняць гледачы розных узроставых катэгорый. Малыя ж у тэатр без дарослых не ходзяць, а ім так ці інакш прыйдзецца тлумачыць сваім нашчадкам, што добра, а што кепска ў гэтым свеце, дзе кожнага чакаюць свае выпрабаванні і прыгоды. Жыццё ідзе, дзеці растуць, іх трэба выхоўваць прыстойнымі людзьмі. Але справа яшчэ і ў тым, каб адчуваць прыгожае і таленавітае, развіваць чуллівасць і фантазію, вобразнае мысленне з самага маленства. Добрае мастацтва (і тэатр у прыватнасці) — бацькам у дапамогу. Яны ацанілі: першыя паказы прайшлі пры аншлагу. Таму пра квіткі на паказы ў новым сезоне варта паклапаціцца загадзя. 

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота Ганны ШАРКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

 Для чаго Аляксей Хомчык стаў урачом?

Для чаго Аляксей Хомчык стаў урачом?

«Дзядзька Васіль загінуў, ты павінен працягнуць яго справу. Ты добра вучышся, павінен стаць доктарам».

Грамадства

Буякі, суніцы і лісічкі — прыцэньваемся да падарункаў чэрвеня

Буякі, суніцы і лісічкі — прыцэньваемся да падарункаў чэрвеня

«Ёсць і імпартныя, іспанскія — яны па-ранейшаму ў раёне 70 рублёў за кіло, 30 рублёў — кантэйнер».

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.