Вы тут

Канферэнцыя «Гісторыя Магілёва: мінулае і сучаснасць» робіць новыя адкрыцці


Гэтая канферэнцыя традыцыйна праходзіць у Магілёве раз у два гады. Сёлета яна праводзіцца ў рамках святкавання Дня горада. Яе ўдзельнікі — навуковыя і музейныя работнікі, гісторыкі, студэнты, усе тыя, каму цікава мінулае і сучаснае горада на Дняпры. У праграме сёлетняй канферэнцыі 76 дакладаў прадстаўнікоў з усіх рэгіёнаў Рэспублікі Беларусь, Расіі, Украіны, Польшчы, Туркменіі. На працягу двух дзён яны будуць выступаць на двух пляцоўках музея гісторыі Магілёва — у Ратушы і выставачнай зале па вуліцы Болдзіна. 


Фота аўтара

— Вынікам даследчай працы з’яўляецца зборнік дакладаў выступоўцаў, — паведаміў падчас адкрыцця дырэктар музея гісторыі Магілёва Сяргей Бяспанскі. — Гэты год не стаў выключэннем, пад выдавецтва зборніка 13 міжнароднай канферэнцыі выдаткаваны бюджэтныя сродкі. Як заўсёды ён выдадзены быў яшчэ да пачатку канферэнцыі.

Сяргей Бяспанскі адзначыў, якую вялікую ўвагу надаюць мерапрыемству гарадскія ўлады. Ён зачытаў прывітальны адрас удзельнікам канферэнцыі ад мэра горада Аляксандра Студнева. 

Дарэчы, традыцыю пісаць сучасную і даследаваць старажытную гісторыю Магілёва заклаў яшчэ ў 1997 годзе кандыдат гістарычных навук, дацэнт Беларускага дзяржуніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій Ігар Пушкін. На той момант ён узначальваў музей гісторыі Магілёва і стаяў ля вытокаў стварэння традыцыі.

— Магілёў — горад таямніц, які сфарміруе яшчэ не адну гіпотэзу, — не сумняваецца ён. — З мінулай канферэнцыі прайшло два гады, але кожны можа прасачыць як развіваецца наша гісторыя. Усіх ускалыхнула аднаўленне ў гістарычным Падміколлі Свята-Пакроўскай царквы, быў устаноўлены помнік Свяціцелю Георгію Каніскаму, які шмат чаго зрабіў для Магілёва. Дзякуй мясцовай уладзе за тое, што яна спрыяе існаванню канферэнцыі. І асабіста дырэктару музея Сяргею Іванавічу Бяспанскаму, які шмат чаго зрабіў для таго, каб мы тут сабраліся.

Адну з вострых тэм падняў загадчык цэнтра археалогіі Беларусі Інстытута гісторыі НАН Беларусі, дацэнт, кандыдат гістарычных навук Аляксей Аўласовіч, які займаецца даследаванням магільнікаў. Ён расказаў, які існаваў пахавальны абрад у канцы X стагоддзя. Сёння паўстае пытанне захавання гэтых аб’ектаў для нашчадкаў. Частка з іх знішчаецца тэхнагенным чынам з дапамогай цяжкай тэхнікі. Аляксей Аўласовіч заўважыў, што акрамя гэтага шмат курганаў «пакалечана» чорнымі капальнікамі. На канферэнцыі прагучалі прапановы хадайнічаць на дзяржаўным узроўні, каб найбольш цікавым з гістарычнага пункту гледжання курганам надавалі мемарыяльны статус, бо ёсць небяспека, што гэтыя аб’екты хутка знікнуць.

Не меншую цікавасць выклікала тэма асаблівасцяў фіксацыі ўрбанонімаў у дакументах Магілёўскіх магістрацкіх актавых кніг за 50-60-я гады XVII стагоддзя. Аўтар даклада пабудавала свой аповед на параўнанні мінскіх і магілёўскіх магістрацкіх кніг. Яна звярнула ўвагу на тое, якую карысную інфармацыю можна здабыць з гэтых кніг акрамя дзелавой. Вельмі часта факталагічны запіс у іх суправаджаўся апісаннем мясцовасці, што дае магчымасць стварыць больш поўнае ўяўленне аб тых ці іншых гістарычных куточках горада. 

Магілёўская фотамастачка, аматар-краязнаўца Ірына Савосіна падрыхтавала даклад пра жыццёвы шлях вядомага расійскага скульптара-анімаліста Арцемія Абера — аўтара таго знакамітага помніка «Рускі арол» ў аграгарадку Лясная Слаўгарадскага раёна, які быў устаноўлены ў гонар перамогі рускіх над шведамі ў Паўночнай вайне ў 1908 годзе.

— Мне было цікава знаёміцца з матэрыяламі пра гэтага чалавека і планую ў будучым іх дапоўніць, — кажа Ірына. — Літаральна летась, чытаючы пра Пятра I, я натыкнулася на гэта прозвішча. Арцемій Абер — прадстаўнік вядомага роду, прафесію скульптара спасцігаў у Францыі і Расіі. Ён вельмі любіў вырабляць жывёл, асабліва ільвоў і арлоў. Апошніх вельмі шмат на тэрыторыі былой Расійскай імперыі. У прыватнасці, адзін устаноўлены на Барадзінскім поле. У Беларусі ж такая скульптура адна — на Магілёўшчыне. Абер памёр ў 1917-м годзе і пахаваны ў Санкт-Пецярбурзе. На адкрыцці помніка ў 1908 годзе было шмат людзей, але невядома, быў на гэтых урачыстасцях аўтар. Гэта загадка, якую вельмі б хацелася разгадаць. На жаль, у тэкстах, якія падрыхтаваў Еўдакім Раманаў для памятнай кніжкі 1909 года, такой інфармацыі няма. 

На думку Ірыны Савосінай, такія канферэнцыі вельмі важныя для даследавання гісторыі і Магілёва, і Магілёўшчыны. Шмат падымаецца актуальных пытанняў, якія датычыцца захавання тых ці іншых знакавых рэчаў. Гэта дапамагае зберагчы нашу спадчыну больш поўнай і цікавай, а яшчэ, мабыць, на нешта паўплываць. Напрыклад, заўтра падчас круглага стала будзе закранутая тэма новай даты ўзнікнення Магілёва. Доктар гістарычных навук, прафесар, член-карэспандэнт Акадэміі навук РБ Ігар Марзалюк правядзе аналіз археалагічных і гістарычных крыніц, якія сведчаць, што Магілёў больш старажытны горад, чым прынята сёння лічыць. 

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Вучэбны год завяршаецца для 1,1 мільёна беларускіх школьнікаў, з іх 107,8 тысячы заканчваюць 9-я класы і 57,5 тысячы — 11-я.

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».