Вы тут

Дар з берагоў Нявы на радзіму святога


Навіна аб важнай падзеі не толькі для праваслаўных беларусаў, але і для ўсіх людзей, якія шануюць гісторыю роднага краю, прыйшла днямі з Гомельскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы. Унікальная калекцыя кніг вярнулася на зямлю, дзе служыў беларускі праведнік. А адбылося гэта якраз у год святкавання 25-годдзя з дня яго праслаўлення ў ліку мясцовашанаваных святых.


З пакалення вясковых святароў

Мошчы Іаана Кармянскага — пры жыцці протаіерэя Іаана Гашкевіча — з 1997 года знаходзяцца ў Свята-Пакроўскім храме вёскі Карма Добрушскага раёна. Праз год — з блаславення Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта — адбылася кананізацыя Іаана Гашкевіча і яго праслаўленне ў ліку мясцовашанаваных святых. У 2017 годзе Архіерэйскі Сабор Рускай праваслаўнай царквы прыняў рашэнне аб агульнацаркоўным услаўленні Іаана Кармянскага. Варта нагадаць біяграфію святога, да мошчаў якога сёння няспынна едуць пакланіцца шматлікія паломнікі.

Кнігі асабістай бібліятэкі святога праведнага Іаана Кармянскага прыбылі ў Гомельскую Епархію Беларускай праваслаўнай царквы.

Іаан Гашкевіч нарадзіўся ў 1837 годзе ў беларускай вёсцы Стрэшын. З самага дзяцінства прыслужваў у алтары свайму бацьку — сельскаму святару. У 18 гадоў паступіў у Магілёўскую духоўную семінарыю, а з 1862 года прыняў сан і стаў служыць у вёсцы Шарсцін (цяпер Веткаўскі раён). У 1876 годзе пераведзены ў вёску Агародня Гомельскага павета. Доўгі час лічылася, што святар памёр у 1917 годзе. У 1950-м царква, у якой ён служыў, згарэла: замест храма ўладкавалі вясковы клуб. У пачатку 1990-х гадоў на гэтым жа месцы нечакана была знойдзена труна з нятленнымі мошчамі Іаана Гашкевіча, якую перавезлі ў Карму.

Вестка з мінулага

Сёлета, літаральна за некалькі дзён да святкавання дня памяці (31.05) праведнага, у Іаана-Кармянскі манастыр, які цяпер дзейнічае ў аграгарадку Карма Добрушскага раёна, прыйшоў электронны ліст ад Таццяны Байковай з Санкт-Пецярбурга. Карэнная пецярбуржанка паведаміла, што хоча перадаць на Гомельшчыну прыватную калекцыю кніг, якія захоўваліся ў яе сям'і. У жанчыны не было сумненняў, што яны менавіта з бібліятэкі праведнага Іаана Кармянскага — Іаана Гашкевіча. У паўночную сталіцу Расіі па калекцыю кніг з Гомеля накіраваўся старшыня Камісіі па кананізацыі святых Гомельскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы, протаіерэй Аляксандр Лапушанскі. А тым часам кнігі самі падказалі, як амаль век таму бібліятэка трапіла з Гомельшчыны ў Санкт-Пецярбург.

— Усяго было знойдзена 59 кніг, — расказвае протаіерэй Аляксандр Лапушанскі. — Практычна на ўсіх ёсць штамп з надпісам «Протаіерэй Іаан Іаанавіч Гашкевіч». Надпіс зроблены па правілах дарэвалюцыйнай арфаграфіі. На некаторых кнігах на штамп нанесены подпіс, зроблены пёравай ручкай, «З кніг свяшчэнніка Іаана Гашкевіча» з пастаўленай датай.

Без сумненняў, усе перададзеныя кнігі былі выдадзены яшчэ пры жыцці протаіерэя Іаана Гашкевіча і знаходзіліся ў яго сямейнай бібліятэцы. Пры гэтым па датах выданняў можна сцвярджаць, што бібліятэка фарміравалася не адным годам. Хутчэй за ўсё збор кніг папаўняўся дзякуючы малодшаму сыну протаіерэя — святару Іаану Гашкевічу-малодшаму. Ён быў поўны цёзка свайго бацькі. Надалей гэтая бібліятэка перайшла ў яго ўласнасць.

— Вядома, што, паддаўшыся ўсеагульнай эйфарыі розных дэмакратычных пераўтварэнняў пострэвалюцыйнай эпохі, сын Іаана Гашкевіча, як і многія свяшчэннаслужыцелі, захапіўся новым рухам у Царкве. Тым, што мы цяпер называем абнаўленцтвам, — тлумачыць старшыня Камісіі па кананізацыі святых Гомельскай епархіі. — Айцец Іаан малодшы дасягнуў у гэтым руху дастаткова вялікіх вышынь: ён стаў членам Сінода Беларускай праваслаўнай царквы і ўпаўнаважаным па Гомельскай акрузе. Фактычна гэта быў адзін з самых высокапастаўленых святароў таго часу ў нашым рэгіёне ў абнаўленчым асяроддзі. Іаана Гашкевіча-малодшага арыштавалі ў 1937 годзе разам з жонкай Еўдакіяй. На допытах следчыя патрабавалі ў мужа і жонкі ў тым ліку выдаць месца знаходжання сямейных архіваў. Але яны так і не прызналіся ў гэтым. Таксама свяшчэннік і яго матушка Еўдакія не раскрылі месца знаходжання іх адзінай дачкі — Еўдакіі (як і маці) Гашкевіч.

Фота протаіерэя Іаана Гашкевіча, якое захавалася

Яна ж ужо ў ваенныя гады выйшла замуж за жыхара Ленінграда Івана Фёдаравіча Кляшчэвіча і ўзяла прозвішча мужа.

— У 2000 годзе архіепіскап Гомельскі і Жлобінскі Арыстарх па просьбе гомельскіх краязнаўцаў зрабіў запыт у пашпартны стол Санкт-Пецярбурга, каб знайсці інфармацыю пра Еўдакію Гашкевіч, — дадае протаіерэй Аляксандр Лапушанскі. — З адказу стала вядома яе прозвішча па мужу. Вядома, што Еўдакія Кляшчэвіч працавала на Віцебскім вакзале ў Ленінградзе. Памерла яна ў 1949 годзе, ёй быў толькі 31 год.

Сямейную калекцыю збераглі ў «камуналцы»

Усё жыццё бярог памяць аб сваёй жонцы Іван Фёдаравіч Кляшчэвіч. Ён і захаваў бібліятэку сям'і Гашкевічаў. У канцы свайго жыцця ленінградзец перадаў кнігі свайму пляменніку — Уладзіміру. Яго дачка — Таццяна Уладзіміраўна Байкова — і стала апошняй уладальніцай калекцыі, і вось цяпер перадала яе на Гомельшчыну.

Таццяна Уладзіміраўна падзялілася, што ў дзяцінстве часта хадзіла ў госці да сям'і сваёй стрыечнай бабулі Алены Сяргееўны — другой жонкі Івана Фёдаравіча Кляшчэвіча. Жылі яны ў камунальнай кватэры, у вельмі маленькім пакойчыку. Іван Фёдаравіч, па яе ўспамінах, быў чалавек глыбокай веры. У савецкі час, нягледзячы на ўсе забароны, рэгулярна наведваў храм і нават рабіў аўдыязапісы на грампласцінкі са службы і потым уключаў іх сваім блізкім: каб паслухалі выдатныя царкоўныя спевы.

Пецярбуржанцы Таццяне Байковай з Гомельшчыны перадалі словы шчырай падзякі і падарунак — вобраз праведнага Іаана Кармянскага і прападобнай Манефы Гомельскай.

— Я не ведала аб тым, што ў бацькі знаходзіцца перададзеная бібліятэка. Калі ён памёр, я, разбіраючы ягоныя рэчы, знайшла гэтыя кнігі. Пачала шукаць у інтэрнэце: хто ж такі Іаан Іаанавіч Гашкевіч? Калі знайшла, то ў мяне адразу ўзнікла думка вярнуць кнігі ў месца іх першапачатковага знаходжання. Я спытала парады ў знаёмага свяшчэнніка, ён параіў аднесці кнігі ў адзін з пецярбургскіх храмаў, але мяне нешта спыніла. Падумала, што гэта будзе няправільна. Пазней напісала ліст у Кармянскі манастыр і хутка атрымала адказ. Цяпер магу перадаць са спакойнай душой, з глыбокай павагай гэтую бібліятэку. Упэўнена, што яна захаваецца на доўгія гады, можа, на стагоддзі і яшчэ больш людзей будуць ведаць пра кармянскага святога Іаана Іаанавіча і яго сям'ю, — распавяла Таццяна Уладзіміраўна Байкова.

Найстарэйшаму выданню — больш за 160 гадоў

У перададзенай бібліятэцы — пераважна кнігі багаслоўскага характару. Іх змест адпавядае тагачаснай вучэбнай праграме Магілёўскай духоўнай семінарыі. Гады выдання кніг супадаюць з часам навучання сыноў айца Іаана ў гэтай навучальнай установе. Не выключана, што айцец Іаан мог набываць гэтую літаратуру менавіта для іх.

Штамп на кнігах Іаана Іаанавіча Гашкевіча і рукапісны надпіс з дарэвалюцыйнай арфаграфіяй.

— Пералік кніг сведчыць аб коле інтарэсаў іх уладальнікаў і іх культуры. Літаратура пераважна сур'ёзнага багаслоўскага характару і, нягледзячы на тое, што на кнігах не было цвёрдай вокладкі (рабілася гэта для зніжэння цаны), захаваліся ў вельмі добрым стане. Большасць кніг была раскладзена ў кардонныя папкі, згодна з тэматыкай іх зместу: аўтар да аўтара, том да тома, — звяртае ўвагу протаіерэй Аляксандр Лапушанскі. — Асобнае месца займаюць кнігі, якія выкарыстоўваліся для навучання дзяцей у царкоўнапрыходскай школе. Гэта «Навучальны Псалтыр», выдадзены ў 1913 годзе і «Жыцці святых» за шэсць месяцаў, датаваныя 1884 годам з грыфам «навучальны дапаможнік для народных вучылішчаў». На часопісе «Праваслаўны агляд» за 1861 год ёсць рукапісны надпіс «вучнёўская бібліятэка». Верагодней за ўсё, гэта кнігі, па якіх свяшчэннікі вучылі дзяцей Закону Божаму ў Агародненскай царкоўнапрыходскай школе. Як мы ведаем, сам праведны Іаан быў законанастаўнікам у гэтай школе. Пасля бацькі на гэтае месца заступіў яго малодшы сын Іван.

Старэйшаму выданню знойдзенай бібліятэкі — звыш 160 гадоў.

Сёння рарытэтныя кнігі перададзены ў фонды епархіяльнага старажытнасховішча для рэстаўрацыі. Пасля гэтага на аснове бібліятэкі будзе створана экспазіцыя, прысвечаная святому праведнаму Іаану Кармян-
скаму.

— Яна стане важнай крыніцай інфармацыі для ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй і культурай Гомельшчыны, — перакананы старшыня Камісіі па кананізацыі святых Гомельскай епархіі протаіерэй Аляксандр Лапушанскі. — Гэтыя кнігі — вялікае для нас адкрыццё, якое дазволіць па-новаму паглядзець на жыццё і служэнне дзіўнай сям'і — сям'і Гашкевічаў. Бягучы год, час святкавання 25-годдзя з дня праслаўлення святога праведнага Іаана Кармянскага ў ліку мясцовашанаваных святых, стаў сапраўды багатым на адкрыцці і новыя факты, якія датычацца жыцця і служэння святога. Гэтыя факты праліваюць святло на прабелы ў яго біяграфіі. Адным з такіх унікальных дакументаў стаў знойдзены метрычны запіс аб дні і абставінах смерці айца Іаана. Зыходзячы з яго, стала вядома, што праведны Іаан Кармянскі памёр 27 красавіка (па новым стылі) 1919 года. Сярод наноў адкрытых матэрыялаў — богаслужэбныя дзённікі свяшчэнніка.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота і матэрыялы дадзены Гомельскай епархіяй Беларускай праваслаўнай царквы

Выбар рэдакцыі

Адукацыя

Ірына Старавойтава: За гады суверэнітэту ў Беларусі сфарміравалася свая школа стварэння падручнікаў

Ірына Старавойтава: За гады суверэнітэту ў Беларусі сфарміравалася свая школа стварэння падручнікаў

«Для таго, каб стаць падручнікам, матэрыялы, падрыхтаваныя аўтарамі, праходзяць шмат этапаў экспертызы, абмеркаванняў на дыялогавых пляцоўках з педагогамі, узгадненняў, апрабацыю ва ўстановах адукацыі». 

Рэгіёны

З чым едзе Брэстчына на сёлетні Форум рэгіёнаў

З чым едзе Брэстчына на сёлетні Форум рэгіёнаў

Вобласць падрыхтавала ладны пакет прапаноў удзельнікам форуму.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.