Вы тут

Выстаўка жывапісу, графікі і скульптуры «У цішыні перад світаннем»


Як агеньчык у цемры: мастацтва 40-х і пачатку 50-х гадоў мінулага стагоддзя прадстаўлена на выстаўцы ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі


У самыя кароткія чэрвеньскія дні Нацыянальны мастацкі музей Беларусі нагадвае пра драму, якую перажывала наша краіна больш за 80 гадоў таму. Выстаўка жывапісу, графікі і скульптуры «У цішыні перад світаннем» вяртае ў тыя часы, калі людзі праходзілі праз жорсткія выпрабаванні ў ваенны час. У экспазіцыю ўвайшлі творы жывапісу, графікі і скульптуры, што захоўваюцца ў фондах музея, але не ваеннага часу, а больш шырокага перыяду — пачынаючы ад яшчэ мірнага 1940 года да першых гадоў пасля перамогі, калі наша зямля перажывала перыяд аднаўлення. І беларускія мастакі былі сведкамі гэтаму, адлюстроўвалі, што бачылі і адчувалі. І ў што верылі — таму творы нясуць надзею, якая жывіла і натхняла. Гэтыя і іншыя старонкі існавання мастацтва ў складаны для Беларусі час пастараліся падкрэсліць куратары выстаўкі — Кацярына Калянкевіч, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела беларускага мастацтва XX — пачатку XXI стагоддзяў, і Святлана Кот, загадчык аддзела беларускага мастацтва XX — пачатку XXI ст. ст. Нацыянальнага мастацкага музея. 

Нягледзячы на тое, які быў гэта час (паводле нашых цяперашніх ведаў і думак), праз выстаўку праходзіць думка, што Беларусь, як птушка Фенікс, здольная паўставаць з попелу, аднаўляцца і зноў напаўняцца жыццём. Таму тут няма цемры, а ёсць перамога духу і прыгажосці ад мастацтва. І гэта зразумела: выстаўка прымеркаваная да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

Уменне радавацца жыццю, нават у вайну, давала людзям сілы. Мастакі гэта бачылі, а некаторыя і адчувалі самі. Натавалі, рабілі накіды, імкнучыся не толькі перадаць дакладнасць часу і падзей, захаваць вобразы людзей, якія гатовыя былі ваяваць і ахвяраваць сабой дзеля перамогі ці натхняць яе (як артысты, якія выязджалі на канцэрты да франтавікоў). Мастакі ў той час былі не толькі сведкамі падзей, многія з беларускіх творцаў былі на фронце ці ў партызанскіх атрадах і асабіста набліжалі перамогу. 

Напрыклад, народны мастак Беларусі Павел Масленнікаў прайшоў усю вайну, ваяваў на Заходнім і Паўночна-заходнім франтах, удзельнічаў у бітве пад Масквой, а пасля вяртання нават ўзначальваў галоўную навучальную ўстанову Беларусі ў галіне мастацтва. Але не ўсе вярнуліся. Напрыклад, Леў Зевін, ураджэнец Віцебска і вучань Юдэля Пэна ды Марка Шагала, які вельмі актыўна ўдзельнічаў у маскоўскіх выстаўках перад вайной, праз пару тыдняў пасля пачатку вайны сышоў на фронт, а ў снежні 1941-га знік без вестак. Талент, які загубіла вайна... Былі асобы, якія свае творчыя здольнасці на тое, каб дакументаваць рэальнасці, альбо наогул вялі сваё змаганне — так мастацтва станавілася зброяй. Народны мастак БССР Іван Ахрэмчык, у прыватнасці, у Вялікую Айчынную вайну меў дачыненне да выдання «Раздавім фашысцкую гадзіну». Удзельнік Першай сусветнай Мікалай Дучыц да вайны лічыўся адным з заканадаўцаў пейзажнага жанру ў Беларускім мастацтве, а пасля Другой сусветнай адлюстроўваў разруху, якую пакінула вайна ў яго любімым Мінску і ў мястэчках паблізу. У акупаваным Мінску жыў і Валянцін Волкаў, аўтар ці не самай знакамітай пасляваеннай карціны «Мінск 3 ліпеня 1944 года», адлюстраваўшы настрой, з якім жыхары беларускай сталіцы выходзілі на вуліцу, вітаючы вызваліцеляў. Праца над гэтай вялікай карцінай заняла некалькі гадоў. А ў гэты час Беларусь вярталася да мірнага жыцця і паступова мянялася. У мастакоў з’яўляецца лірызм і экспрэсія, здольная выклікаць моцныя эмоцыі. Напрыклад, народны мастак БССР Віталь Цвірка, які вайну перажыў у эвакуацыі, нібыта ўклаў усе свае роздумы пра лёс радзімы ў свае жывапісныя работы, якія проста дыхаюць жыццём. І Май Данцыг, вярнуўшыся з эвакуацыі ў 1944-м на свае вочы мог разумець ступень разбурэння — тым большым было яго жаданне паказаць горад ва ўсёй яго магутнай адбудове, якую мы ведаем па яго творы «Мой горад старажытны, малады»: мастак «суровага стылю» паказаў Мінск моцным і сучасным, у якім ідзе будаўніцтва. І ў гэтым таксама ёсць пэўная паэтыка, што выклікае захапленне дагэтуль — у гэтым могуць упэўніцца гледачы, якія наведаюць Нацыянальны мастацкі да 23 ліпеня. 

Насамрэч выстаўка паказальная натхненнем, падобным агеньчыку ў цемры, энергіяй, якая ўласцівая чалавеку і прымушае яго адваёўваць, вяртаць сваё і ствараць. І нават колерамі: жыццясцвярджальнасць мастацтва робіць сваю справу ў любы час. Нездарма ж асобную частку выстаўкі займаюць творы пасляваеннага перыяду: Беларусь аказалася здольнай перажыць жорсткі час акупацыі і вайны, выжыла. І ўмацоўваецца дзеля будучыні. 

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.