Вы тут

Авантурна-прыгодніцкая сага сабрала прыхільнікаў


Пранціш Вырвіч і Баўтрамей Лёднік — гэтыя героі гісторыка-прыгодніцкай сагі Людмілы Рублеўскай сталі ўжо пазнавальнымі і любімымі чытачамі, і не толькі Беларусі. Не дзіва, што на прэзентацыю сёмай кнігі серыі, якая, як і папярэднія, выйшла ў Выдавецкім доме «Звязда», у Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа сабраліся зацікаўленыя, якія добра ведалі ўсю серыю і мелі шмат пытанняў да аўтара.


«Авантуры Пранціша Вырвіча, маршалка менскага» — так называецца новая кніга Людмілы Рублеўскай. Дзеянне першага раману серыі, «Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега», пачыналася ў 1759-м годзе, сюжэт сёмай часткі — гэта ўжо канец 1780-х. Такім чынам ахоплены амаль тры дзесяцігоддзі беларускай гісторыі, а гістарычны фон, на якім адбываюцца захапляльныя падзеі, заснаваны на факталагічнай аснове, што не аднойчы падкрэслівала аўтарка. Фантазія, на яе думку, павінна спалучацца з гістарычнай праўдай, а забаўляльная абалонка, згодна рэцэпту Уладзіміра Караткевіча, мусіць утрымліваць сур’ёзны выхаваўчы, патрыятычны змест. Таму падчас прэзентацыі прагучала шмат цікавага з гісторыі Беларусі, расповеды пра рэальных персон XVIII ст., якія таксама паралельна з выдуманымі задзейнічаныя ў раманах серыі. 

Выявілася, што ў публікі назапасілася шмат пытанняў пра любімых герояў, Напрыклад, адкуль аўтарка ўзяла іх дзіўныя імёны? Бо тыя імёны ўжо даўно «пайшлі ў народ», ёсць выпадкі, калі бацькі хацелі назваць сваіх дзяцей у гонар персанажаў авантурнай эпапеі, Паланэяй ці Бутрымам, а той-сёй выкарыстоўваў імёны герояў у якасці ніка ў сацсетках. Таксама прысутныя даведаліся, як насамрэч выглядаюць полацкія сутарэнні, у якіх героі шукаюць дзіду святога Маўрыкія, і ці ёсць нешта агульнае ў раманаў Рублеўскай з «Лабірынтамі» Вацлава Ластоўскага, дзе таксама апісаныя тыя ж полацкія сутарэнні. Асабліва адзначылі сакавітую мову твораў, яе меладычнасць, напоўненасць прыказкамі, прымаўкамі, каларытнымі выразамі, якія, як высветлілася, аўтарка бярэ з самых розных крыніц — фальклорных зборнікаў, навуковых даследванняў, хронікаў, мемуараў, летапісаў, уласных назіранняў, а часам і прыдумляе. Яшчэ адно, за што чытачы дзякавалі пісьменніцы — дзякуючы кнігам пра Вырвіча многія па-новаму адкрылі для сябе гісторыю Беларусі, беларускую мову і культуру. 

Зразумела, некаторыя выказвалі свой сум з нагоды таго, што кніга пра маршалка менскага Пранціша Вырвіча, па словах аўтаркі, завяршальная, а сачыць за ўлюбёнымі героямі хочацца і надалей. 

Тыя, хто патрапіў на прэзентацыю, мелі магчымасць набыць кнігі і атрымаць аўтограф. 

Людміла ІВАНОВА

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

«Малако — паўнавартасны прадукт харчавання, а не напой, гэта важна ўлічваць».

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.