Вы тут

Для палешука характэрна быць у сэрцы з Богам


У пачатку чэрвеня споўніўся год, як уладыка Георгій (Вайтовіч) узначаліў Пінскую епархію. Гэта і стала нагодай для размовы. Карэспандэнт «Звязды» на мінулым тыдні сустрэлася з епіскапам. Фрагменты гутаркі прапануюцца да ўвагі чытача.


— Вось ужо год вы, уладыка, з’яўляецеся правячым архіерэем Пінскай епархіі, епархіі са шматвяковай гісторыяй. Якія, на ваш погляд, старонкі гэтай гісторыі даюць нагоду для аптымізму сёння? Якія традыцыі прадаўжаюцца?

— Гэтая старадаўняя традыцыя быць заўсёды ў сэрцы з Богам застаецца асаблівасцю большасці жыхароў Палескага краю. Шматвяковая гісторыя праваслаўя на Палессі і, як сведчанне, цудоўнае з’яўленне ў 1182 годзе іконы Прасвятой Багародзіцы «Купяціцкая», несумненна, звязаная з уплывам хрысціянскай культуры на лад жыцця палешука і яго адносіны да выпрабаванняў, да розных хвароб, якія насілі масавы характар, да прыродных з’яў.

Усё пералічанае вернік перажываў у малітве да Бога і Яго Прачыстай Маці, шчырай Заступніцы за ўвесь род хрысціянскі. І ў наш час у сэрцы веруючага чалавека не змаўкае просьба да Бога аб дараванні міру на беларускай зямлі, аб пазбаўленні яе ад усіх бед і ўзрушэнняў. За гэта таксама шчыра моляцца людзі каля палескай святыні.

Ікона Прасвятой Багародзіцы «Купяціцкая» з’явілася менавіта тут, на адным з дрэў у лесе, каля берага ракі Ясельда, побач з Пінскам. Яна служыць крыніцай ласкі Божай многім і многім пакаленням тутэйшых людзей. Нават цяжка ўявіць сабе: колькі было выказана ёй просьбаў і смутку за стагоддзі, колькі слёз побач праліта! І колькі людзей радавалася, дзякавала за дапамогу Багародзіцы!

У інтэрнэце можна паглядзець фільм пра гісторыю нашай святыні. Там прыводзяцца выпадкі цудоўнай дапамогі як даўнейшым людзям, так і сучаснікам. І нездарма ж яна паявілася тут. Гэты край багаты духоўным жыццём, а таксама яго высокімі прыкладамі. Так што адраджаць епархію 30 гадоў таму выпала на спрыяльнай глебе, што і зрабіў незабыўны ўладыка Сцяфан. Яго вопыт, яго любоў да гэтага краю дазволілі плаўна перайсці ад часу, калі епархія была адроджана, да цяперашняга стану.

— Згадваю сваю сустрэчу з уладыкам Сцяфанам дзесяцігадовай даўнасці. Ён прыемна здзівіў мяне цудоўнай беларускай мовай, веданнем беларускай літаратуры, асаблівай любоўю да творчасці Якуба Коласа. Тады ён гаварыў аб намеры ўстанавіць памятную дошку на званіцы Варварынскага сабора ў гонар вянчання будучага класіка і яго жонкі Марыі Дзмітрыеўны…

— Ужо амаль восем гадоў як устаноўлена дошка з лаканічным надпісам на роднай мове аб згаданай падзеі. Ініцыятарам добрай справы сапраўды выступіў уладыка Сцяфан. Я маю гонар лічыць сябе яго духоўным вучнем. Мы вучыліся ў яго таксама асабліваму шанаванню ўсяго роднага, у тым ліку мовы. Мова нашая — лёгкая ў вымаўленні, пявучая, а яшчэ прыгожая, яна не мае ў сабе аніякай агрэсіі. Калі беларускамоўны чалавек злуецца, то яму, згадзіцеся, цяжкавата даводзіцца, каб выказаць сваю злосць на роднай мове.

Не так даўно наведваў прастольнае свята ў храме вёскі Калоднае пад Пінскам. Тамтэйшыя прыхаджане мяне сустракалі даволі доўгай прамовай па-беларуску. Дык ведаеце, так прыемна і радасна было, нібы бальзам на сэрцы: слухаў бы і слухаў. У мяне ёсць знаёмыя, выхадцы з Гродзеншчыны, якія гавораць на чыста беларускай мове, з задавальненнем з імі камунікую.

У нас, на Палессі, свая гаворка, яна адрозніваецца ад мовы беларусаў сярэдняй паласы. Яна не мае афіцыйнага статусу, хоць пра гэта раней вяліся навуковыя і грамадскія дыскусіі... Але ж, вядома, самае галоўнае, каб да дабра, міласэрнасці, Боскай любові было адкрытае сэрца. Калі гэтага няма, то не падыдзе ніякая мова.

— Літаральна некалькі мінут таму прыходзіла бібліятэкар па блаславенне на правядзенне сумеснага з епархіяй мерапрыемства. А што яшчэ цікавага робіцца ў плане сацыяльнага, асветніцкага служэння?

— Так, пры Пінскай цэнтральнай гарадской бібліятэцы створаны духоўна-асветны цэнтр «Вытокі». Яны штогод праводзяць урокі духоўнасці, круглыя сталы, іншыя мерапрыемствы, у якіх удзельнічаюць бібліятэкары, навукоўцы, святары. Вось і цяпер цэнтр падрыхтаваў канферэнцыю «Праваслаўна-педагагічныя чытанні», дарэчы, восьмую па ліку.

Такіх і падобных мерапрыемстваў праводзіцца нямала. Напрыклад, вясной школьнікі, вучні нядзельных школ бралі ўдзел у абласным конкурсе малюнка «Спадчына-23». Заваявалі папулярнасць песенныя фестывалі «Год Гасподні», «Пакроўскі кімвал», нашы самадзейныя артысты там паспяхова выступаюць. Можна згадаць дабрачынныя кірмашы, святочныя канцэрты. Скажам, маладзёжны цэнтр прыхода храма Пятра і Фяўронні, што ў Пінску, да дня Святой Тройцы зладзіў Траецкі баль. Баль сабраў каля 200 удзельнікаў і паўтары тысячы гледачоў. Гэта было свята прыгажосці і духоўнасці, накіраванае на захаванне сям’і як найважнейшай каштоўнасці.

Можна згадаць штогадовы ваенна-патрыятычны злёт, звязаны з датай пачатку Вялікай Айчыннай вайны... Пералічанае, несумненна, накіравана на захаванне і развіццё тых духоўных традыцый, якія жывуць у нашым народзе, якія не ўдалося пераадолець барацьбітам з рэлігійнасцю ў савецкія гады.

— Вы лічыце, што пакаленні ваяўнічых атэістаў усё ж пацярпелі паражэнне на нашай зямлі?

— Несумненна, тое асабліва добра відаць у нас, у Заходняй Беларусі, на Палессі. Ва ўсходняй частцы нашай краіны храмы ў большасці сваёй былі разбураны за 1920–1930-я гады, і ўсё рэлігійнае жыццё аказалася пад забаронай. Наш край у гэты час знаходзіўся пад Польшчай, праваслаўным было няпроста, але цэрквы не закрывалі. Потым вайна, якая прынесла столькі бяды і няшчасця, гора незваротных страт. Не дзіва, што пасля яе заканчэння ні ў каго не паднімалася рука пазбаўляць людзей магчымасці суцяшэння. Сітуацыя памянялася да горшага ў час праўлення Мікіты Хрушчова, калі Беларусь стала пляцоўкай для эксперыменту па атэізацыі, калі з дзясятка пакідалі адзін храм. Такім чынам хацелі зрабіць цалкам атэістычную рэспубліку. На шчасце, перыяд з пункту гледжання гісторыі аказаўся непрацяглы. Пры Брэжневе зноў націск барацьбы з рэлігійным жыццём аслаб. Ну а далей, мы ведаем, эпоха дзяржаўнага атэізму скончылася.

І ў храмы адразу пайшлі людзі. Яны не асабліва мелі патрэбу ў нейкай падрыхтоўцы накшталт паўтарэння пройдзенага. Як высветлілася, важная духоўная нітачка сувязі пакаленняў не абрывалася. Усё гэта заставалася не толькі на нейкім генным узроўні, але і ў памяці чалавека. Дарослыя людзі 1990-х, 2000-х гадоў яшчэ памяталі, як бабулі-дзядулі хадзілі ў царкву, адзначалі святы, шанавалі і захоўвалі абразы. Вось і цяпер у асяродку святароў мы адзначаем шматлюднасць у храмах заходняй часткі Беларусі, асабліва на Палессі.

Многія ведаюць такі цікавы факт, што ў нашай краіне шмат маладых святароў — выхадцаў са Століншчыны. Я не раз задумваўся над гэтым і прыйшоў да высновы, што прычына ў сямейным выхаванні. Традыцыі шанавання Бога перадаюцца ў паляшуцкіх сем’ях з пакалення ў пакаленне. І калі раней тое нямногія адважваліся адкрыта дэманстраваць, то цяпер яно стала магчыма, вось і маем такі добры вынік.

— А што непакоіць у кантэксце духоўнага стану сённяшняга маладога пакалення?

— Выклікае занепакоенасць уплыў інтэрнэт-прасторы на свядомасць сучаснага чалавека. Як вядома, не ўсё, што прапануецца сецівам, носіць павучальны характар і пазітыўны сэнс. А дома, на жаль, не ўсе маюць перад сабой добры прыклад. І тады ўжо пытанні трэба ставіць не перад юным, а перад дарослым пакаленнем. Небяспечна выступаць у якасці выхавальніка таму, хто сам не мае дакладнай духоўнай апоры. Менавіта тыя, хто выхоўвае, адказныя і за духоўнасць, і за маральнасць маладых.

— У тым ліку і за сямейныя ўзаемаадносіны, якія дэманструюць хлопец і дзяўчына пасля ўступлення ў шлюб. Сёння мы ўсё часцей гаворым пра крызіс сям’і. Многія інстытуты грамадства займаюцца дадзенай праблемай, але зрухі ў лепшы бок альбо нябачныя, альбо зусім невялікія. Застаюцца актуальнымі праблемы п’янства, сямейнага гвалту. І, падобна на тое, што ні ў каго няма адказу, як пераадолець гэтыя заганныя з’явы?

— Калі разглядаць сям’ю як сумеснае пражыванне двух і больш чалавек, то ў гэтым выпадку цяжка пазбегнуць чалавечых заган, якія і ўплываюць на жыццё сям’і. Трэба звярнуцца да Бога, Які сказаў, што нядобра быць чалавеку аднаму. Калі мы зможам зразумець глыбінны сэнс гэтых слоў, мы зможам памяняць сітуацыю да лепшага.

— Сучасны чалавек нярэдка праяўляе жорсткасць, не любіць і не разумее прыроду, не паважае навакольных. У такіх выпадках мы гаворым: сумленне маўчыць. А як абудзіць сумленне?

— Такі чалавек не меў і не мае станоўчага прыкладу ў сваім жыцці, і праяўленне зла натуральнае для яго. Каб у чалавеку абудзілася сумленне, яму трэба адчуць на сабе праяўленне хрысціянскай любові і клопат навакольных.

Калі ж гаварыць у шырокім сэнсе, то хрысціянства мяняе свет да лепшага. Людзі сталі называць зло злом, лічыць злом вайну, агрэсію, жорсткасць, гэта ўжо сведчанні абуджэння чалавека, яго выздараўлення. Вось, скажам, у старажытнасці гладыятарскія баі ўспрымаліся ўсяго толькі як спорт, нават не выклікалі агіды, непрыязнасці да факта забойства чалавека ў такім спаборніцтве. З часам чалавецтва ўсё ж прыйшло да разумення непрымальнасці забойства дзеля забавы. Сёння чалавек думае, разважае, аналізуе, спрабуе даць ацэнку любым праявам зла. Апошняе дае падставу гаварыць, што свет рухаецца ў правільным кірунку. Іншая справа, што шлях перамен да лепшага вельмі доўгі і складаны. Зноў жа з-за недасканаласці чалавека. Арыенцір у нас ёсць — здавалася б, што прасцей: выконвай запаведзі, жыві, як сказаў Гасподзь: «Па любові паміж вамі ўсе даведаюцца, што вы мае вучні». Але ж чалавек вельмі пакручастымі сцяжынамі ідзе да гэтай любові, якая здольная і выратаваць, і горы звярнуць. Вызваліць прастору для дабра можа толькі малітва, звернутая да Бога.

— Адзін мудры чалавек сказаў: «Не той хрысціянін, хто на Вялікдзень яйкі фарбуе». Як вы ставіцеся да тых людзей, якія наведваюцца ў царкву, нібы на ўсякі выпадак? На Вялікдзень альбо Раство заходзяць у храм, хрысцяць дзяцей, могуць запрасіць святара асвяціць дом, і не больш за тое. Лепей так, чым ніяк?

— Усё пералічанае добра перад Богам. Мера ўдзелу ў богаслужэбным жыцці Царквы ў кожнага свая. Прычыны бываюць самыя розныя, таму працэс перамены жыцця чалавека да лепшага ў кожнага асаблівы.

— Што б Вы сказалі зусім маладому чалавеку, які першы раз зайшоў у храм, магчыма, з цікаўнасці?

— Прыход чалавека ў Царкву — гэта вялікая радасць на Небе і шчасце для сям’і.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.