Вы тут

У беларускіх ВНУ падводзяць вынікі мэтавага набору


Сёлета для тых, хто прэтэндаваў на мэтавыя месцы, была створана асаблівая траекторыя паступлення. Па-першае, яны здавалі толькі адзін іспыт па профільным прадмеце ў вуснай форме прыёмнай камісіі, створанай у ВНУ, а па-другое, тэрміны прыёмнай кампаніі для іх былі выдзелены ў асобны этап. Дакументы гэта катэгорыя абітурыентаў падавала ў прыёмныя камісіі ВНУ яшчэ да атрымання школьнага атэстата — з 1 па 5 чэрвеня.


Да таго ж, цяпер знятыя ўсе абмежаванні па мэтавай падрыхтоўцы: скарыстацца гэтай формай падрыхтоўкі кадраў пад свае патрэбы можа любое прадпрыемства і любая арганізацыя, размешчаныя ў любым населеным пункце, у тым ліку і ў сталіцы. Па медыцынскіх спецыяльнасцях дазваляецца набіраць на мэтавую падрыхтоўку да 80 працэнтаў ад агульнай колькасці бюджэтных месцаў, у аграпрамысловым комплексе — да 70 працэнтаў, па шэрагу іншых спецыяльнасцяў — да 60 працэнтаў ад кантрольных лічбаў прыёму.

Залічэнне ў большасці ВНУ на мэтавыя месцы завяршылася 16 чэрвеня.

Для прыкладу, у Беларускім дзяржаўным універсітэце на мэтавую форму навучання былі залічаны 102 абітурыенты: 98 з іх прынятыя па мэтаваму конкурсу, а чатыры выпускнікі педагагічных класаў — па выніках сумоўя. Хлопцаў і дзяўчат залічылі на 22 спецыяльнасці. Найбольшая колькасць абітурыентаў прынятыя на «Правазнаўства» (29 чалавек), «Мытную справу» (12), «Псіхалогію» (8) і «Дзяржаўны аўдыт» (7).

Агулам у БДУ на мэтавую падрыхтоўку было пададзена 148 заяў. Заказчыкамі выступілі каля 40 ведамстваў і арганізацый, уключаючы ўпраўленне СК Беларусі па Мінскай вобласці, камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама, Дзяржаўны мытны камітэт, галоўныя ўпраўленні адукацыі Гродзенскага і Мінскага аблвыканкамаў і іншыя.

У Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт былі залічаны 272 абітурыенты з усіх рэгіёнаў краіны і жыхары сталіцы, якія выказалі жаданне атрымліваць вышэйшую адукацыю на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі. 49 абітурыентаў былі залічаны без іспытаў, з іх 46 выпускнікоў педагагічных класаў.

Найбольшы конкурс склаўся на спецыяльнасцях «Гістарычная адукацыя», «Фізічная культура» і «Псіхалогія» — каля 1,3 чалавека на месца.

У БДПУ канстатуюць, што ў апошнія гады расце папулярнасць педагагічнай прафесіі сярод юнакоў. Не стала выключэннем і сёлетняя прыёмная кампанія, бо з тых, хто паступіў на гістарычны факультэт на мэтавыя месцы, хлопцаў — 67 %, а на факультэце фізічнага выхавання іх 41 %.

У Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце ў лік студэнтаў першага курсу для навучання на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі па спецыяльнасці «Сучасныя замежныя мовы» залічана 39 абітурыентаў. Заказчыкамі кадраў выступаюць установы адукацыі Гомельскага, Гродзенскага, Мінскага аблвыканкамаў, Камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама і Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі.

У Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце для атрымання вышэйшай адукацыі на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі залічана 29 чалавек. Заказчыкамі выступілі 16 прадпрыемстваў, уключаючы ААТ «Савушкін прадукт», СП «Санта Брэмар», ААТ «Брэстмаш», «Брэстаблгаз», «Інстытут Брэстбудпраект» і іншыя.

Без уступных іспытаў у шэрагі студэнтаў залічаны два пераможцы ўніверсітэцкіх алімпіяд.

У Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт імя Еўфрасінні Полацкай падалі дакументы для паступлення на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі 26 абітурыентаў, сярод якіх адзін абітурыент таксама з’яўляецца і пераможцам універсітэцкай алімпіяды.
13 чэрвеня адбыліся ўступныя іспыты ў форме вуснага экзамену па першым профільным прадмеце па шасці спецыяльнасцях мэтавага набору. Рашэннем прыёмнай камісіі 21 абітурыент з найбольшай сумай сярэдняга бала атэстата і ацэнкі, атрыманай на ўступным іспыце, сталі першакурснікамі Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта.

У БДУІР на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі будуць навучацца 40 першакурснікаў. Мэтавы набор праходзіў па дзевяці спецыяльнасцях. Самы высокі прахадны бал зафіксаваны на спецыяльнасці «Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі». Колькасць пададзеных заяў часам у два-тры разы перавышала колькасць мэтавых месцаў.

Заказчыкамі кадраў выступілі 15 арганізацый рознай формы ўласнасці, уключаючы буйныя айчынныя прадпрыемствы: ЗАТ «Атлант», ААТ «Керамін», ААТ «Мінскі аўтамабільны завод», ААТ «Інтэграл».

У лік студэнтаў першага курсу Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы залічаны 163 абітурыенты — мэтавікі і пераможцы ўніверсітэцкай алімпіяды. Скарысталіся новаўвядзеннем прыёмнай кампаніі бягучага года — магчымасцю паступіць па выніках універсітэцкай алімпіяды — 35 маладых людзей. Гэта прызёры алімпіяды, якім для паступлення ў ВНУ не трэба было здаваць уступныя іспыты і ЦТ.

У Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце план прыёму для навучання на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі склаў сёлета 320 чалавек. Усяго ад абітурыентаў паступілі 474 заявы.

Рэктар Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Ігар Жук адзначыў, што за час работы прыёмнай камісіі ад абітурыентаў і іх бацькоў не паступіла ніводнай апеляцыі па ўнутраным экзамене. Гэта сведчыць аб тым, што іспыты ацэньваліся максімальна аб’ектыўна.

На спецыяльнасці «Лячэбная справа» план мэтавага набору быў 138 чалавек. У прыёмную камісію паступілі 219 заяў ад абітурыентаў. Такім чынам, конкурс на адно месца склаў 1,6 чалавекі.

На спецыяльнасці «Педыятрыя» былі зарэзерваваныя пад мэтавы набор 104 месцы, на якія прэтэндавалі 113 чалавек. Конкурс на адно месца — 1,1 чалавека.

На спецыяльнасці «Медыка-псіхалагічная справа» план прыёму быў 36 чалавек, усяго дапушчаны да конкурсу 44 абітурыенты. Конкурс — 1,2 чалавека на месца.

На спецыяльнасці «Медыка-дыягнастычная справа» на 42 месцы прэтэндавалі 67 чалавек. Конкурс — 1,6 чалавека на месца.

Таксама адбылося залічэнне абітурыентаў, якія перамаглі па выніках алімпіяды, праведзенай у Гродзенскім медуніверсітэце. Уладальнікі дыпломаў І, ІІ і ІІІ ступені мелі права падаць дакументы на любы факультэт медуніверсітэта. Усяго былі рэкамендаваныя да залічэння 16 такіх абітурыентаў.

Нагадаем, што асноўны этап прыёмнай кампаніі стартуе ў ВНУ 17 ліпеня. Гэтымі днямі беларускія абітурыенты здаюць ЦТ, якое завершыцца 4 ліпеня. Для тых, хто не змог па ўважлівых прычынах прайсці ЦТ у асноўны тэрмін, устаноўлены рэзервовыя дні правядзення выпрабавання.

11 ліпеня можна будзе прайсці тэст па ўсіх прадметах. 13 ліпеня — дадатковая дата праходжання тэсту па рускай і беларускай мовах. А 15 ліпеня можна будзе здаць тэст па астатніх прадметах, якія ўваходзяць у спіс навучальных прадметаў для правядзення ЦТ.

Тэрміны рэгістрацыі абітурыентаў для праходжання цэнтралізаванага тэсціравання 2023 года ў рэзервовыя дні — з 1 ліпеня па 6 ліпеня.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Стыхія нарабіла бяды

Стыхія нарабіла бяды

Энергетыкі працягваюць аднаўленчыя работы пасля разгулу стыхіі ў 1,2 тысячы населеных пунктаў.

Адукацыя

Прыёмная кампанія: фініш блізка

Прыёмная кампанія: фініш блізка

17 ліпеня — апошні дзень, калі ў абітурыентаў прымаюць дакументы на бюджэтную форму навучання.  

Тэатр

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Артыст Купалаўскага тэатра —  пра дзяцінства, шлях да сцэны і вывучэнне беларускай мовы.