Вы тут

Разам з пракуратурай наведалі масавыя пахаванні ахвяр нацызму, размешчаныя ў сталіцы


Шматпакутны Мінск за тры гады акупацыі зведаў нямала гора. Жыхароў горада знішчалі ў вялікай колькасці — самымі рознымі спосабамі. Нацысты не шкадавалі нікога: ні старых, ні малых, ні хворых, ні зняволеных... Найбольш масавае месца знішчэння людзей на тэрыторыі беларускай сталіцы ў гады нямецка-фашысцкай акупацыі знаходзілася ў цяперашнім мікрараёне Масюкоўшчына. Аб тым, што з ліпеня 1941 да чэрвеня 1944 года тут размяшчаўся лагер для ваеннапалонных («Шталаг-352»), дзе нацысты пазбавілі жыцця звыш 80 тысяч чалавек, сёння нагадвае мемарыяльны комплекс. Каля падножжа манумента гарыць Вечны агонь, які сведчыць аб тым, што сучаснае пакаленне беларусаў памятае аб гэтых людзях, якія заўчасна сышлі ў іншы свет.


Брацкая магіла ў раёне вуліц Бялінскага — Калініна.

Мала хто ведае, што «Шталаг-352» складаўся з дзвюх частак. Каля тагачаснай вёскі Масюкоўшчына (там, дзе сёння знаходзіцца мемарыяльны комплекс) размяшчаўся «Лясны лагер». Аднак быў яшчэ і «Гарадскі лагер» — цяпер гэта тэрыторыя ў раёне вуліц Коласа, Бялінскага і Калініна. Гуляючы па старой частцы Першамайскага раёна, многія мінчане, а тым больш госці сталіцы, нават не падазраюць, што восем дзесяцігоддзяў таму на месцы ўтульных сёння вуліц і паркаў у нечалавечых умовах утрымліваліся савецкія ваеннапалонныя. Складана ўявіць і тое, што там, дзе кожны дзень жыхары крочаць на работу або дахаты, дзе адпачываюць сем'ямі і атрымліваюць асалоду ад птушыных спеваў, вечным сном спяць людзі, вялікая колькасць людзей...

Разам з кіраўніцтвам пракуратуры Першамайскага раёна Мінска карэспандэнты «Звязды» наведалі брацкія магілы «Гарадскога лагера» і ўсклалі да помнікаў кветкі. Гісторыя гэтых месцаў — у нашай публікацыі.

Лагер у пушкінскіх казармах

У першыя месяцы акупацыі Мінска на месцы «Гарадскога лагера» размяшчаўся часовы перасыльны — «Дулаг № 126». Па тым часе фактычна гэта была ўскраіна сталіцы. Пушкінскі пасёлак — менавіта так тагачасныя жыхары называлі тэрыторыю, праз якую праходзяць сучасныя вуліцы Сурганава, Коласа, Калініна і Чорнага. Сваю назву пасёлак атрымаў у гонар стагоддзя з дня гібелі вядомага рускага паэта.

Да вайны на тэрыторыі Пушкінскага пасёлка размяшчаўся артылерыйскі полк. У трох цагляных трохпавярховых будынках, якія дагэтуль захаваліся, знаходзіліся казармы. Асобна быў пабудаваны дом для афіцэрскага складу, у спецыяльным ангары захоўвалася ўзбраенне і аўтатрактарная тэхніка. Акупаваўшы Мінск, нацысты ўтрымлівалі тут ваеннапалонных. Абнеслі тэрыторыю лагера плотам з калючым дротам, дадаткова ўзмацніліся высокай драўлянай агароджай. Праз кожныя сто метраў стаялі вышкі,
дзе за становішчам у лагеры сачылі часавыя. Ахоўвалі лагер дзве роты нямецкага 332-га батальёна апалчэння.

7 лістапада 1942-га часовы лагер «Дулаг № 126» перайменавалі ў стацыянарны лагер «Гарадскі лагер «Шталаг 352», і ён стаў гарадскім аддзяленнем галоўнага лагера «Шталаг 352» у Масюкоўшчыне. Зняволеныя пушкінскіх казармаў паміралі ад ран, хвароб, знясілення і холаду — гэтаму садзейнічалі ўмовы, у якіх яны знаходзіліся, а таксама мізэрнае харчаванне. На суткі вязням выдавалі па 80—100 грамаў эрзац-хлеба (сурагат хлеба з пілавіннем), поліўку з гнілой бульбы і саломы, часам з дабаўленнем тухлага конскага мяса. Тыя, хто правініўся, паёк атрымлівалі раз у тры дні.

Акрамя голаду, людзі паміралі ад тыфу. Немцы нават ставілі эксперыменты па лячэнні захворвання. Аднак усё было дарэмна: з тыфознага барака, дзе ўтрымліваліся хворыя, быў толькі адзін шлях — на могілкі. У першы год існавання лагера каля 70 % ваеннапалонных памерла ад знясілення, 30 % — ад тыфу і іншых захворванняў. Некаторыя вар'яцелі і заканчвалі сваё жыццё самагубствам.

Многіх зняволеных хавалі непасрэдна на тэрыторыі лагера. У брацкай магіле, побач з пушкінскімі казармамі, вечным сном спачывае больш як паўтысячы ваеннапалонных. У памяць аб іх устаноўлены абеліск, на якім пазначана, што «тут пахаваны ахвяры фашызму, закатаваныя ў канцэнтрацыйным лагеры ў гады акупацыі Беларусі». Вядома, што лагер функцыянаваў да вясны 1943 года. Потым на гэтым месцы размяшчалася гестапа.

Пахаванне знаходзіцца на тэрыторыі камандавання Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны. Ваеннаслужачыя ўтрымліваюць яго ў ідэальным стане. Яны добра ведаюць гісторыю гэтага месца і перадаюць яе з пакалення ў пакаленне. У 2016 годзе на тэрыторыі воінскага злучэння працаваў пошукавы батальён. Былі знойдзены астанкі ахвяр фашызму. Экспертыза пацвердзіла, што яны належаць ваеннапалонным таго перыяду. Мірных жыхароў сярод іх выяўлена не было.

Як расказвае старшы афіцэр упраўлення ідэалагічнай работы камандавання Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны Яўген Вальчэўскі, лагер быў моцна перапоўнены. «Для ўзвядзення новых будынкаў для ваеннапалонных патрабаваўся будаўнічы матэрыял, — заўважае падпалкоўнік. — Па цэглу ваеннапалонных накіроўвалі на чыгуначны вакзал, куды яны хадзілі пешшу. Ваеннапалонны браў па дзве-тры цагліны (шмат не возьмеш) і ішоў у лагер — а гэта прыкладна 30 кіламетраў. Многія не адольвалі гэты шлях і паміралі па дарозе. Тых, хто не змог дабрацца да лагера з-за свайго фізічнага стану, расстрэльвалі. Хавалі людзей там, дзе яны падалі. Па маршруце ад сучаснай вуліцы Якуба Коласа да чыгуначнага вакзала праходзіла алея смерці».

Аб барацьбе савецкіх воінаў, якія пасля цяжкіх баёў у акружэнні апынуліся ў фашысцкай няволі, у 1962 годзе Сцяпан Злобін напісаў кнігу «Зніклыя без вестак». У гады акупацыі ён быў санітарам у лагерным шпіталі, які размяшчаўся на тэрыторыі «Гарадскога лагера». У сваім рамане літаратар падрабязна расказаў аб жахах, якія тут адбываліся. Пісьменнік апісаў, як мужна зняволеныя пераносілі складаныя ўмовы фашысцкага палону, як, нягледзячы на гэта, знайшлі ў сабе сілы супраціўляцца ворагу і стварылі падпольную антыфашысцкую арганізацыю.

Для падняцця духу ваеннапалонных Сцяпан Злобін нелегальна выпускаў падпольную газету «Пленная правда». Выйшлі ўсяго тры экзэмпляры выдання, але, улічваючы ўмовы, у якіх гэта адбывалася, выпуск газеты стаў сапраўдным подзвігам! Адзіны газетны нумар, які захаваўся, знаходзіцца ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Рукапіснае выданне ў 1949 годзе знайшоў савецкі школьнік Іосіф Валюкевіч, які праходзіў праз тэрыторыю будынкаў шпіталя і знайшоў пакет: у ім ляжаў складзены ў некалькі разоў ліст паперы. Гэта быў адзін з нумароў «Пленной правды».

Дзякуючы газеце, стала вядома, што некаторым ваеннапалонным удавалася ўцякаць з лагера. Вось што паведамляецца ў адным з артыкулаў: «З лагера пры шпіталі ... сышлі двое: кухар — вясёлы жыццярадасны гарманіст і маленькая, як дзяўчынка, сястра Воля. Рэдакцыя ад душы жадае ім поспеху. Паведамляюць, што з гарадской пастаяннай каманды ў 30 чалавек збеглі 26. Засталіся 4».

Сцяпан Злобін таксама рыхтаваўся да ўцёкаў, але па даносе галоўнага ўрача быў накіраваны ў канцлагер Цайтхайн у Германіі, дзе знаходзіўся да кастрычніка 1944 года. Там ён таксама ўзначальваў падполле, але зноў знайшоўся здраднік. Затым Злобіна накіравалі ў польскі лагер, адкуль ён быў вызвалены ў студзені 1945 года.

З 10 тысяч — 245 вядомых імён

Яшчэ адно буйное пахаванне сталіцы знаходзіцца ў скверы па вуліцы Талбухіна, акурат насупраць Мінскага гадзіннікавага завода. У брацкай магіле пахавана звыш дзесяці тысяч савецкіх воінаў, партызан і мірных жыхароў, закатаваных або расстраляных нямецка-фашысцкімі захопнікамі з 1941 да 1944 года.

Масавае пахаванне па вуліцы Талбухіна.

— Восенню 1939-га на сучасным праспекце Незалежнасці, паміж вуліцамі Калініна і Талбухіна, пачалі будаваць два шматпавярховыя жылыя дамы для каманднага складу Беларускай асобай ваеннай акругі (захаваліся да нашых дзён), — расказвае пракурор Першамайскага раёна Мінска Віктар Праневіч. — Да пачатку вайны поўнасцю ўзвесці дамы не паспелі. У адным з дамоў акупанты размясцілі воінскія часці, а ў «каробцы» другога шматпавярховіка ўтрымлівалі савецкіх ваеннапалонных. Акрамя таго, у 1941 годзе там працаваў лазарэт лагера. Другая частка ваеннапалонных утрымлівалася ў павільёнах былой Усебеларускай сельскагаспадарчай выставы. Пазней на гэтым месцы ўзвялі цэхі гадзіннікавага завода.

У першую акупацыйную зіму ваеннапалонныя масава хварэлі на сыпны тыф. Тых, хто паміраў у лазарэце, на тэрыторыі сельскагаспадарчай выставы, а таксама ў пушкінскіх казармах, хавалі ў брацкіх магілах па вуліцы Талбухіна і ў парку імя Чалюскінцаў. У пачатку 1950-х сюды, на цяперашні бульвар Талбухіна, перанеслі астанкі савецкіх воінаў, якія пасля вызвалення сталіцы памерлі ад ран у Клінічным гарадку, а таксама тых, каго там хавалі падчас акупацыі: ваеннапалонных, партызан, падпольшчыкаў, воінаў Чырвонай Арміі з розных раёнаў горада і прыгарадных вёсак. У 1955 годзе на гэтым месцы ўтварылася вялізная брацкая магіла. Сёння тут заўсёды жывыя кветкі. Надмагільная пліта з чорнага граніту паведамляе жыхарам і гасцям сталіцы: «Тут пахавана больш за 10 тысяч савецкіх воінаў, партызан і мірных грамадзян, закатаваных і расстраляных нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў 1941—1944 гг.». Удалося ўстанавіць імёны толькі 245 загінулых...

Месца смутку ў парку Чалюскінцаў

Ці многія, хто бывае ў аблюбаваным мінчанамі і гасцямі сталіцы парку культуры і адпачынку імя Чалюскінцаў, звярталі ўвагу на тое, што ў паўночна-ўсходняй яго частцы знаходзіцца брацкая магіла? Тут, у баку ад атракцыёнаў і алей, па якіх звычайна гуляе вялікая колькасць людзей, вечным сном спяць воіны Чырвонай Арміі, падпольшчыкі і мірныя жыхары, знішчаныя нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў 1941—1944 гадах.

Помнік ахвярам генацыду ў парку імя Чалюскінцаў.

— У свой час на невялікім пятачку была выяўлена 41 яма-магіла, — расказвае гісторыю гэтага месца намеснік пракурора Першамайскага раёна Мінска Уладзіслаў Валуевіч. — Тут, як і ў іншых месцах, пра якія вялася размова вышэй, хавалі загінулых ваеннапалонных, якіх акупанты ўтрымлівалі ў пушкінскіх казармах і на тэрыторыі сельгасвыставы. Целы зняволеных вазілі ў парк Чалюскінцаў на колах і закопвалі ў магілах-траншэях. Пасля вызвалення Мінска Надзвычайная камісія палічыла, што тут пахавана каля дзесяці тысяч чалавек.

Як высветлілася, астанкі належалі не толькі былым ваеннаслужачым, але і мірным жыхарам. Устаноўлены імёны толькі дваіх ахвяр фашызму — тых, хто памёр ад ран у 1944 годзе, калі Мінск ужо быў вызвалены. Пасля вайны месца масавага пахавання агарадзілі. Былі пракладзены дарожкі, аформлены індывідуальныя надмагільныя пліты. У 1955 годзе тут усталявалі помнік. Бетонная фігура маці, якая смуткуе, заклікае падарожных спыніцца, задумацца аб тым, які крывавы след на нашай зямлі пакінула вайна.

У 2005 годзе пачалася рэканструкцыя, і парк Чалюскінцаў, у тым ліку скульптура «Тужлівая маці», былі ўключаны ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.

Могілкі на дзявятым кіламетры

Яшчэ адно месца ў Першамайскім раёне сталіцы маўкліва захоўвае памяць аб знішчаных у перыяд нямецка-фашысцкай акупацыі грамадзянах нашай краіны. У раёне былой вёскі Уручча, дзе цяпер размясціўся сучасны сталічны мікрараён, на дзявятым кіламетры па Маскоўскай шашы, насупраць Ваеннай акадэміі, у густой зеляніне навакольных дрэў стаіць абеліск загінулым ваеннапалонным, савецкім воінам, партызанам і мірным людзям. Мемарыял у памяць аб 30 тысячах расстраляных і пахаваных там грамадзян тут з'явіўся ў 1959-м.

Аднак людзей, якія спяць вечным сном у гэтым прыдарожным лесе, можа аказацца значна больш. У ходзе расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд, распачатага Генеральнай пракуратурай больш як два гады таму, выяўлена, што на тэрыторыі, якая прылягае да ўрочышча Уручча, знаходзіцца не менш як 10 месцаў масавага пахавання. Па папярэдніх падліках, колькасць пахаваных у іх можа дасягаць да 57 тысяч чалавек.

Абеліск на 9-м кіламетры Маскоўскай шашы, у ваколіцах якога, па папярэдніх падліках, пахавана каля 57 тысяч чалавек.

Як заўважае Віктар Праневіч, выяўлены і выкрыты тры ўчасткі, у якіх, паводле архіўных звестак, можа быць пахавана больш за восем тысяч чалавек. «Канфіскаваныя прадметы дазваляюць сцвярджаць, што гэта былі мірныя грамадзяне: іх расстралялі, — удакладняе пракурор Першамайскага раёна сталіцы. — Раскопкі на гэтым месцы будуць працягнуты».

Колькі яшчэ невядомых месцаў пахавання ахвяр нацыстаў захоўвае беларуская зямля? На гэтае пытанне не адкажа ні адзін гісторык. Галоўнае на дадзены момант — разабрацца з вядомымі пахаваннямі. Калі трэба — перапахаваць астанкі ў годнае месца, увекавечыць імёны (калі іх магчыма ўстанавіць) для нашчадкаў і свята берагчы памяць — як аб тых жудасных падзеях, якія выпалі на лёс беларускага народа, так і аб людзях, якія заплацілі за сённяшні мірны дзень самым галоўным — уласным жыццём.

Вераніка КАНЮТА

Фота Лізаветы ГОЛАД

Публікацыя падрыхтавана па матэрыялах Генеральнай пракуратуры


Праект створаны пры фінансавай падтрымцы ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта № 131 ад 31 сакавіка 2022 года. 

Выбар рэдакцыі

Культура

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Юная артыстка, якая арганічна падае сябе ў розных вобразах і жанрах. 

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.