Вы тут

У сталіцы Палесся ў самым разгары ягадны сезон


На цэнтральным рынку Пінска прадаецца ўсё, у тым ліку агародніна, ягады. Але карэнныя пінчукі ўжо шмат гадоў ездзяць па ягады на рынак, які яшчэ называюць «44-ы мерыдыян», бо знаходзіцца ён акурат насупраць крамы з такой назвай. Тут можна купіць сезонную прадукцыю танней, выбар яе надзвычай вялікі.


Таісія Басавец.

І калі клубнічныя рады ўжо даволі працяглыя, радуюць сваёй разнастайнасцю, то чарэшні, вішні толькі-толькі пачынаюць выносіць на рынак. Гэтыя ягады таксама паспяваюць у Пінску на некалькі тыдняў раней, чым у сярэдняй паласе Беларусі. Як высветлілася, з ранку і чарніцы былі на рынку, а каля адзінаццаці гадзін, калі наведалася сюды аўтар гэтых радкоў, гандляры чарніцамі паспяхова рэалізавалі сваю прадукцыю і падаліся дадому, аб чым расказаў прыветлівы прадавец агародніны, што адрэкамендаваўся «Станіслававіч»: «Доўга спіш, гаспадынька. А яны ўчора ў лесе былі, сёння з самай раніцы прадалі ягаду і зноў у лес падаліся».

Пенсіянер сказаў яшчэ, што ён не профі, а хутчэй аматар, таму і адмовіўся фатаграфавацца. На рынак прынёс некалькі пучкоў маладзенькіх морквы, буракоў, зяленіва: «Прыязджайце да нас пазней, у нас такія перцы будуць, якіх вы ва ўсёй Беларусі не знойдзеце! А памідоры пінскія нічым не ўступаюць памідорам з паўднёвых краін. Ды і клубніцы ў нас смачнейшыя за іншых. Паглядзіце, якія прыгожанькія трускалкі дзяўчаты прадаюць, толькі на глянцавыя часопісы карцінкі змяшчаць!» Вось гэта рэклама, «дзяўчаты» — як выглядае, даплачваць павінны такому суседу.

Але ж Станіслававіч ніколькі не зманіў. Ягадкі на яго радзе былі сапраўды адна ў адну, на такія любавацца можна. Вось як у Таісіі Басавец. Таісія Паўлаўна расказала, што вырошчвае іх на бацькоўскай сядзібе ў вёсцы Цвярдоўка:

— Адпрацавала ў горадзе, выйшла на заслужаны адпачынак і занялася агародніцтвам. Вядома, гэтая ягада паклоны любіць. Напрыклад, сёлета да цвіцення шэсць разоў свае клубніцы палола. А яшчэ я ніякай хіміі не ўжываю для падкормкі, ніякіх угнаенняў, акрамя арганічных. Мае памочнікі — сонца і дождж. У нас зямля балоцістая, вільгаці хапае. Таму і выраслі ягадкі крамяныя, салодкія. Прадаю я па 5-6 рублёў за кілаграм, танней за іншых. Сама расціла, сама стаўлю кошт. Гэта першая прадукцыя. А ў мінулыя гады да 40 вёдзер вырошчвала. Пэўная падтрымка да пенсіі. Сёлета пакуль прагнозы рабіць рана, але ж нешта вырасла, будзе яшчэ паспяваць. Так што на рынку пастаяць давядзецца.

«А яшчэ я каліну вырошчваю, — працягвае Таісія Паўлаўна. — Маю пастаянных кліентаў. Хто ведае лекавыя якасці каліны для нармалізацыі ціску, бярэ ў мяне па некалькі вёдзер адразу гэтай асенняй ягады».

Як відаць, на рынку не толькі ідзе купля-продаж, але і завязваюцца знаёмствы, у гандляроў паяўляюцца пастаянныя кліенты. Ёсць такія і ў Марыі Рапецкай. Яе клубніцы памерам з невялікі яблык — сорту «Агнія» — выбіраюць гурманы. Кошт адборнай ягады тут 8 рублёў за кіло, але ж такую ягаду не ўсюды сустрэнеш: тры штукі хопіць, каб пад'есці. Марыя Сцяпанаўна вырошчвае сваю салодкую прадукцыю ў вёсцы Ахова, як яна сказала, у экалагічна чыстай зоне. І ўжо не першы год прадае на рынку.

Першыя пінскія чарэшні прапануюць па 10 рублёў за кілаграм. Марыя Пятроўна, якая прынесла чарэшні, расказала, што вырошчвае іх на ўскраіне горада, у прыватным сектары, наводдаль ад дарог, таму чысціню прадукцыі гарантуе. Вішні ў нешматлікіх гандляроў былі па 7 рублёў. А выбар клубніц сапраўды вялікі: цалкам добрую, прыгожую, але не адборную ягаду можна было набыць і па 4 рублі. Многія гараджане куплялі вёдрамі на джэмы, мусы, кампоты.

Гараджанка Валянціна Саўчук сказала, што ўжо шмат гадоў яны з мужам прыязджаюць на гэты рынак і нарыхтоўваюць ягады, фрукты, агародніну ў сезон. Вось і цяпер купілі два вядры клубніц па вельмі дэмакратычнай цане. Яна робіць свой фірменны джэм, які з блінчыкамі любяць дзеці і ўнукі. Заадно прыхапілі маладой бульбы і зяленіва.

Мой самы першы суразмоўнік Станіслававіч не зманіў, цэны тут сапраўды выгадна адрозніваюцца ад брэсцкіх. Маладая бульба прадаецца па 2,5 рубля. Буракі і морква — па такой жа цане.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота аўтара

г. Пінск

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.