Вы тут

Скрыпач і удзельнік ансамбля салістаў «Класік-Авангард» Юрый Каліноўскі аб прафесіяным і асабістым


Юрый Каліноўскі — скрыпач, лаўрэат міжнародных конкурсаў, удзельнік ансамбля салістаў «Класік-Авангард», прафесіянал сваёй справы. Ён з самага дзяцінства займаецца творчасцю і паспрабаваў сябе ў розных музычных напрамках. Наш герой перапыняў сваю дзейнасць на некалькі гадоў, але не змог жыць без музыкі, бо яна робіць яго па-сапраўднаму шчаслівым.


Струнны квартэт Максіма Яршова.

Стаўленне да прафесіі

— Вы пачалі свой творчы шлях у 5 гадоў. Адчувае­це, што гэта ваша прызначэнне?

— Музыка — маё прызванне. Без сумнення, гэта тое, чым я хачу і гатовы займацца ўсё жыццё.

— Вы таксама выкладаеце ігру на скрыпцы і сальфеджыа. Кім былі вашы першыя вучні?

— Выкладаю няшмат. Першым маім вучнем быў хлопец, старэйшы за мяне гадоў на 7. Ён не збіраўся займацца прафесійна, а хацеў зрабіць каханай дзяўчыне падарунак і сыграць на скрыпцы мелодыю з фільма «Тытанік». Нам спатрэбіўся месяц заняткаў па два разы на тыдзень, каб ашчаслівіць яго дзяўчыну.

Мне здаецца, выкладаць у мяне добра атрымліваецца, і гэта цікава. Перакананы, што настаўнік — самая важная, патрэбная і складаная прафесія з усіх, што існуюць. Асабіста я выкладаю з вялікай адказнасцю, таму вельмі стамляюся. Пару заняткаў на дзень прыраўноўваюцца для мяне да 10-гадзіннай рэпетыцыі. Я спрабую ўявіць адчуванні вучня, паглыбіцца ў яго праблему. Тады сам пачынаю іграць па-іншаму.

— Якой узнагародай даражыце больш за ўсё?

— Я лаўрэат некалькіх міжнародных конкурсаў, але гадоў у 20 у мяне адбыўся нейкі надлом. Я зразумеў, што не люблю конкурсы: як быццам займаешся не мастацтвам, а спортам. Не можа быць спаборніцтваў у творчасці.

Пасля кансерваторыі я 5 гадоў працаваў у маскоўскім аркестры. І гэта зусім не маё. Я не адчуваў сябе на сваім месцы, сваю прысутнасць у працэсе. Справа не ў канкрэтным аркестры, я б адчуваў так сябе ў любым з іх. І з часам перагарэў. Зусім закінуў музыку, думаў атрымаць іншую прафесію. Але мае сябры з каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, які закончыў у 2010 годзе, таксама вучыліся ў розных краінах і, вярнуўшыся ў Мінск, запрасілі мяне ў ансамбль «Класік-Авангард». І я прыехаў. Мне падабаецца, чым цяпер займаецца ансамбль, і спадзяюся, ён будзе працягваць развівацца.

Цяпер не разумею, чым наогул думаў? Каб аднавіцца, мне спатрэбіўся час. Давялося пачынаць свой музычны шлях наноў. Для мяне гэта галоўнае дасягненне і ўзнагарода, я змог адрадзіцца і цяпер па-сапраўднаму шчаслівы.

Юрый Каліноўскі падчас выступлення.

— Які выкладчык паўплываў на вас найбольш?

— Аляксандр Барысавіч Трасцянскі — па-за канкурэнцыяй. Калі з’язджаў вучыцца ў Маскву, думаў, што ў кансерваторыі не давучуся. Або пасля вучобы паеду падарожнічаць, каб пераняць вопыт розных настаўнікаў. Але праз год навучання ў Аляксандра Барысавіча зразумеў, што не хачу. Гэта настолькі мой педагог… Яго стаўленне да мяне як да калегі або т­варыша ўражвала. Бывала, нават ён прасіў парады, як сыграць тое ці іншае месца, дапамагаў мне ва ўсім. Галоўнае — гэта сапраўдныя творчыя, сяброўскія зносіны. Ён ніколі не навязваў свой пункт гледжання, але быў кампетэнтным і аўтарытэтным выкладчыкам. Ад яго ўпершыню пачуў думку, што галоўная задача педагога не ў тым, каб навучыць іграць на скрыпцы, а падказаць, як вучыцца самастойна.

Тое, што натхняе

— Вас хвалююць творы падчас выканання?

— Такое адбываецца заўсёды. Часам больш, часам менш, а часам нават фізічна цяжка. Апошнія некалькі гадоў, калі я аднавіў свае заняткі на скрыпцы, у мяне ёсць з гэтым пэўныя праблемы. За час перапынку адбыліся змены з рукамі, з пальцамі. Даводзіцца больш канцэнтравацца на тым, што раблю, і на выступленнях гэта перыядычна адцягвае. Працую над гэтым і думаю, што ўжо недалёка той момант, калі яно перастане мяне турбаваць.

— Можаце ўспомніць першае выступленне? Што адчувалі?

— Першае, якое памятаю, было ў касцёле святога Роха. Там раней праходзілі абанементныя канцэрты ад філармоніі. Гэта такія выступленні, на якіх навучэнцы музычнага каледжа ігралі разам з аркестрам. Мне было 8–9 гадоў. Не было хвалявання ці страху. Я проста радаваўся, усміхаўся, смяяўся. Я быў шчаслівы. Страх сцэны — гэта велізарная праблема. Я пісаў даследчую працу аб прычынах страху сцэны. Мы пераймаем яго ў старэйшых. Мне здаецца, калі гадаваць дзіця так, каб ніхто яму не казаў, што сцэна — гэта страшна, ён ніколі не будзе яе баяцца.

— Як цяпер праходзяць канцэрты? З якімі пачуццямі выходзіце на сцэну?

— Сцэнічнае хваляванне — штука як вельмі складаная, так і дагэтуль не раскрытая. Я думаю, яно ёсць ва ўсіх, але ў кожнага свае прычыны і праявы. Маё сцэнічнае хваляванне трансфармавалася ў хваляванне перад самім сабой, у адказнасць за ўласную працу. На маё хваляванне не ўплывае ні памер залы, ні аўтарытэт публікі. Я магу хвалявацца і перад выступленнем у велізарнай зале, і іграючы перад двума таварышамі ў класе. Для мяне справа ва ўласнай упэўненасці. Цяпер, бывае, перажываю перад выхадам на сцэну, але ў працэсе ўсё праходзіць.

— Як ставіцеся да імправізацый у музыцы? Захапляецеся самі?

— Выдатна стаўлюся і захапляюся. У Маскве я падпрацоўваў у драматычным тэатры, і музыку для спектакляў часцяком мы пісалі самі. Падчас выканання гэтай музыкі была магчымасць эксперыментаваць. Я вельмі люблю джаз, але з ім у мяне пакуль не складваецца. Люблю імправізаваць сам сабе, але няма тэарэтычнай базы.

Юрый Каліноўскі.

— Вы выступаеце і з камернай музыкай. Што асаблівага ў такім фармаце?

— Гэта маё захапленне, мая любоў нумар адзін. Першая прычына — шмат неверагоднай музыкі напісана ў гэтым жанры. Вялікая колькасць кампазітараў прысвяціла сваю творчасць камернай музыцы. Другая прычына — сам рэпетыцыйны працэс. Я люблю, калі людзі спрачаюцца, часам сварацца, але застаюцца адзіным арганізмам. Усё гэта творчы парыў, які не кантралюецца. У гэтым вышэйшая асалода выканальніцтва. Вы можаце не быць сябрамі па-за сцэнай, але ў момант выканання вы адно цэлае. Мой любімы від дзейнасці. Сольныя выступленні таксама люблю, але з камернай музыкай не параўнаць!

— Каго з кампазітараў больш за ўсё любіце выконваць?

— Магу сказаць, што ў падлеткавым узросце маім любімым кампазітарам быў Іаганес Брамс. Пазней — Шастаковіч і Пракоф’еў. Але з гадамі адпадае патрэба ў вылучэнні фаварытаў. Існуе мноства кампазітараў, чыя творчасць узрушвае. Нешта мне падабаецца ў аднаго, нешта ў іншага. Пералічваць магу бясконца: Бах, Мо­царт, Бетховен, Брамс, Малер, Шастаковіч, Пракоф’еў, Стравінскі...

— Падзеліцеся гісторыяй вашай скрыпкі?

— Мой інструмент 1809 года вырабу — рукі нямецкага майстра. Мне заўсёды падабалася думаць, што ў гэты час у Германіі жыў, напрыклад, Брамс. А што, калі ён гэтую скрыпку чуў? Нядаўна ёй спатрэбілася рэстаўрацыя, і я вазіў яе ў Маскву да майстра Сяргея Ноздрына. Ён мяняў спружыну (унутраная драўляная дэталь інструмента). Дык вось, у малой зале кансерваторыі не так даўно быў рамонт, і з рэштак старога памяшкання майстры здабываюць патрэбную драўніну. Сяргей знайшоў там брусок, з дапамогай якога зрабіў спружыну. Верагодней за ўсё, на іншы інструмент ужо не хапіла б. А я цяпер заўсёды нашу з сабой часцінку кансерваторыі.

На перспектыву

— Вы лічыце сябе прафесіяналам?

— Так, з маральнага пункту гледжання, я прафесіянал, бо не дапускаю халтуры. Я вельмі ўважліва і адказна стаўлюся да сваёй дзейнасці. Таму што мне гэта важна. Я сапраўды люблю тое, чым займаюся.

— Чым бы цяпер займаліся, калі б не музыка?

— У параўнанні з музыкай усё, што пры­ходзіла мне ў галаву, — глупства. Хутчэй за ўсё гэта была б IT-сфера. У дзяцінстве я захапляўся камп’ютарамі, тэхналогіямі. І нядрэнна разбіраюся, мне магло быць такое цікава. У дзяцінстве таксама стаяў выбар паміж футболам і музыкай. Я сам выбраў музыку і ніколі не шкадаваў. Бо такі выбар не перашкаджае мне любіць футбол і гуляць у яго. Лічу, калі ёсць сумневы паміж музыкай і чымсьці іншым, лепш выбраць іншае.

— Якія прафесійныя мэты ставіце перад сабой?

— У мяне няма мэт як такіх. Даўно зразумеў, што важны працэс. Мне не патрэбны нейкія матывацыі або заахвочванні. Я займаюся музыкай, таму што мне гэта падабаецца. Усе мае жаданні і мэты наўпрост цяпер звязаны з ансамблем «Класік-Авангард» і накіраваны на тое, каб ён развіваўся. Каб мы працягвалі рабіць якасныя праграмы. Галоўная мэта — заставацца ў працэсе творчасці, у музыцы.

— Што для вас азначае сапраўдная рэалізацыя ў прафесіі?

— Тут для мяне няма канчатковай кропкі. Я займаюся любімай справай і дасягаю прымальнага для мяне выніку. Гэта і ёсць найлепшая рэалізацыя ў маім жыцці.

Гутарыла Ксенія МОЖАР

Фота з асабістага архіва Юрыя КАЛІНОЎСКАГА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.