Вы тут

Гісторыя «Вянка». Як спрабавалі знайсці першага ўладальніка кнігі


Выставачны праект «Вянок “Вянкоў”», прысвечаны 110-годдзю выхаду ў свет кнігі вершаў Максіма Багдановіча, будзе дзейнічаць на працягу 2023 года. Праект дае магчымасць убачыць арыгінальныя кнігі з розных устаноў і з рознымі лёсамі, часам надзвычай цяжкімі і пакручастымі. У маі прэзентаваўся «Вянок» 1913 года з фондаў Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь. Гісторыя гэтай кнігі захоўвае шмат таямніц, некаторыя з іх паспрабуем раскрыць сёння, іншыя будуць чакаць свайго даследчыка.


Мікола Аляхновіч.

Наогул, трэба адзначыць, што Прэзідэнцкая бібліятэка на сёння займае другое месца па колькасці арыгінальных «Вянкоў», якія ў ёй захоўваюцца, — чатыры асобнікі. Першае месца за мінскім музеем, які з’яўляецца цэнтрам па зборы, захаванні і прэзентацыі асабістай і творчай спадчыны беларускага генія. Але бібліятэка, якая знаходзіцца ў Доме ўрада, па праве ганарыцца сваімі каштоўнымі кнігамі, у тым ліку і «Вянкамі», за кожным з якіх хаваецца свая гісторыя, вартая асобнага артыкула. Дзве кнігі, напрыклад, паступілі ў фонды бібліятэкі ў сакавіку і красавіку 1945 года, калі яшчэ ішла Вялікая Айчынная вайна. Беларусь была ўжо вызвалена, мінчане вярталіся да мірнага жыцця, а кнігі, знойдзеныя ў разбураным горадзе, неслі ў бібліятэкі, каб як мага больш чытачоў змаглі дакрануцца да сапраўднай літаратуры.

Яшчэ адзін арыгінальны зборнік М. Багдановіча «Вянок» са збораў Прэзідэнцкай бібліятэкі першапачаткова захоўваўся ў іншай, не менш важнай культурнай установе. На тытульным лісце, старонцы 17 і на апошняй старонцы маецца трохвугольны штамп «Літ. музей Я. Купалы. Інв. № 9». Па інвентарным нумары відаць, што гэтая кніга ў ліку найбольш ранніх паступленняў у фонды музея, установа створана ў 1944 годзе. Нельга сказаць дакладна, чаму зборнік Максіма Багдановіча аддалі ва Урадавую бібліятэку імя М. Горкага (такую назву раней мела Прэзідэнцкая бібліятэка). Як версія — ён знаходзіўся ў складзе абменнага фонду музея і такім чынам змяніў адрас захоўвання.

«Вянок» Міколы Аляхновіча.

Цікавы лёс мае чацвёрты «Вянок» з Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь, і менавіта яго было вырашана прэзентаваць у музеі паэта падчас выставачнага праекта. Вядома, што выдавалася кніга з мяккай вокладкай, тут яна аказалася значна пашкоджанай, таму ўладальнікі, хутчэй за ўсё, гэта былі супрацоўнікі бібліятэкі, «пераапранулі» яе. Першапачатковая вокладка захавана, краі яе абрэзаны, а сама яна наклеена на кардон. Тое самае бачым і ў канцы кнігі, апошнія старонкі і вокладка адсутнічаюць, змест дапісаны сінім чарнілам — указаны кожны твор і старонка, на якой ён змешчаны ў кнізе. Ёсць пазнакі і штампы, якія распавядаюць пра гісто­рыю самой бібліятэкі: надпіс чарнілам «Библ. СНК» — Бібліятэка Савета народных камісараў, штамп «Урадавая бібліятэка імя А. М. Горкага», адзнакі аб інвентарызацыі ў 1948 і 1954 гг.

Ва ўліковых дакументах захавалася дата паступлення кнігі ў фонды бібліятэкі — 17 кастрычніка 1944 года. Акрамя таго, была зроблена пазнака «Книга бесплатно из фонда НКВД». Мы разумеем: за гісторыяй кнігі хаваецца жыццёвая трагедыя яе першага ўладальніка, імя якога магло б так і застацца невядомым. На тытульным лісце злева ўверсе ён напісаў сваё прозвішча, яно было зацёрта лязом так, што стала амаль нечытэльным. Супрацоўнікі бібліятэкі змаглі расчытаць — Аляхновіч, але заставалася пытанне, якому канкрэтна Аляхновічу магла належаць кніга. Прозвішча даволі распаўсюджанае.

Падказкай для высвятлення асобы ўладальніка сталі пазнакі, зробленыя ім у тэксце. Самая першая на тытульным лісце, пад кніжным знакам з выявай лебедзя — «1892—1917», гады жыцця Максіма Багдановіча, прычым з памылкай: ён нарадзіўся на год раней. Але менавіта 1892-і, як год нараджэння беларускага генія, стаяў у кнізе Максіма Гарэцкага «Гісторыя беларускае літэратуры» (Вільня, 1921), якая была важнай крыніцай ведаў для чытачоў і даследчыкаў у 1920—1930-я гг. Далей у «Вянку» крыжыкамі чарнілам пазначаны вершы «Прывет табе, жыццё на волі…», «Ўстань, навальніца, мкні нанова…», «Калі ў ракавіну цёмную жамчужніцы…», «Была калісь пара…», «Трыялет» («Калісь глядзеў на сонца я…»), паэма «Вераніка». Магчыма, уладальнік кнігі адзначыў творы, што адпа­вядалі яго ўнутранаму стану.

Ёсць запіс простым алоўкам каля верша М. Багдановіча «Зімой» — «Пушкін. Как легкий бег саней. “Осень”». Гэта паказвае на ўважлівасць прачытання верша, знаходжанне цытат, перакліканняў і алюзій з творамі іншых аўтараў. У дадзеным выпадку ўдакладняецца, які радок з верша генія рускай літаратуры перафразаваў беларускі паэт:

Суровою зимой я более доволен,

Люблю ее снега; в присутствии луны

Как легкий бег саней с подругой

быстр и волен…

(А. С. Пушкін «Восень», 1833)

Найбольшая колькасць уладальніцкіх пазнак у «Вянку» М. Багдановіча звязана з вершаванай паэмай «Вераніка». Пасля друку высветлілася, што пераблытаны парадак строф, выдаўцы на ўклейцы пазначылі, што «пасля 5 страфы трэба паставіць 9—11 строфы», што і было зроблена ў гэтым асобніку. Алоўкам пазначана замена слова «прыкра» на «больна», якая адбылася пры публікацыі паэмы ў першым поўным зборы твораў М. Багдановіча (1927—1928 гг.), радкі ў «Вянку» гучаць так: «Ласкавы шэпт: Мо’ прыкра вам?», «Не, зорка, мне было не прыкра».

І, напэўна, самыя важныя пазнакі ўладальніка, якія падказваюць яго імя, звязаны з эпіграфам да паэмы «Вераніка», у якасці якога ўзяты радок з твора італьянскага паэта. Пастаўлены сінім алоўкам пытальнік і падкрэсленае імя пісьменніка «Джіованьні» (так у «Вянку»), ніжэй простым алоўкам дапісана прозвішча — «Прати». Менавіта гэтыя пазнакі дазваляюць раскрыць імя ўла­дальніка — беларускі крытык Мікола Аляхновіч (Мікалай Мікалаевіч Аляхновіч, 1903—1959). У біябібліяграфічным слоўніку «Беларускія пісьменнікі» адзначаецца, што літаратурнай дзейнасцю М. Аляхновіч пачаў займацца з 1918 года, першыя выяўленыя публікацыі — у 1919-м, уваходзіў у склад «Маладняка», дзе быў у ліку найбольш актыўных крытыкаў, акцэнтаваў увагу на розных пытаннях беларускай літара­туры, пісаў рэцэнзіі.

«Вянок», паэма «Вераніка».

У часопісе «Маладняк (сакавік, 1928 год) Мікола Аляхновіч апублікаваў рэцэнзію на І том збору твораў М. Багдановіча, падрыхтаваны Літаратурнай камісіяй Інбелкульта. Рэцэнзент ад­значаў, што «кніга з’яўляецца каштоўным падарункам для ўсіх прыхільнікаў беларускай літаратуры» і важным пачаткам акадэмічнага выдання твораў беларускіх пісьменнікаў. М. Аляхновіч указваў на памылкі, напрыклад, што верш «Астры» аднесены да ўласных вершаў М. Багдановіча, у той час як, гэта пераклад аднайменнага верша ўкраінскага паэта Алеся (сапр. Аляксандр Кандыба (1878—1944)), прывёў спасылкі на дзве крыніцы. Важная заўвага рэцэнзента тычылася іншых каментарыяў Літкамісіі да перакладаў М. Багдановіча на ўкраінскую мову, а менавіта адсутнасць указанняў на першакрыніцы, «на твор ці кнігу, з якой яны перакладзены».

Важнае месца ў рэцэнзіі займала даследаванне пытання, якое тычылася аўтара эпіграфа да паэмы «Вераніка». Па-першае, рэцэнзент заўважыў, што Літаратурная камісія і папярэднія даследчыкі не звярнулі ўвагі на гэты факт, па-другое, назваў пяць італьянскіх пісьменнікаў з імем Джавані і гады жыцця. Далей працытаваў фрагмент артыкула нямецкага даследчыка літаратуры, прафесара Шэра «Allgemeine Geschichte der Litteratur», прысвечаны біяграфіі Джавані Праці і яго паэме «Armоnd», радок з якой і стаў эпіграфам да паэмы «Вераніка». М. Аляхновіч — першы даследчык, які назваў імя Джавані Праці, дзякуючы яму гэты факт указваўся ва ўсіх наступных зборах твораў М. Багдановіча.

Арыгінальны зборнік вершаў Максіма Багдановіча «Вянок» з фондаў Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь стаў часткаю выставачнага праекта, арганізаванага супрацоўнікамі мінскага музея паэта і прысвечанага юбілею. Вывучэнне гэтага асобніка, знакаў і надпісаў у ім дазволіла высветліць імя першага ўладальніка кнігі. Мікалай Мікалаевіч Аляхновіч — беларускі даследчык, крытык і рэцэнзент, які прайшоў праз цяжкія выпрабаванні, турмы, лагер і высылку. Пасля рэабілітацыі жыў у Ленінградзе, але літаратурнай дзейнасцю, на жаль, ужо не займаўся. Рэцэнзія М. Аляхновіча і суаднясенне яе з пазнакамі, зробленымі на старонках кнігі «Вянок», дазволілі адкрыць імя першаўладальніка. «Зведаюць усе патомкі праз паперу…» — калісьці пісаў Максім Багдановіч.

Ірына МЫШКАВЕЦ, вядучы навуковы супрацоўнік Літаратурнага музея  Максіма Багдановіча

Фота даслана аўтарам

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.