Вы тут

Са Ждановічаў праз Віцебск ва Ушачы...


Не ўсе ведаюць, што ў народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава — дзве магілы...

Першая з'явілася так... У студзені 1944 года ў баях пад Кіраваградам Быкава параніла ў нагу. А тут якраз — варожы танк! У апошні момант будучы класік падарваў яго гранатай. Танк спыніўся, але нават палы шыняля аказаліся прыціснутыя гусеніцамі. Відаць, збоку гэта выглядала як верная смерць. Таму што сваякам Быкава прыйшла «пахаванка», дзе гаварылася, што той загінуў 10 студзеня 1944 года і пахаваны ў брацкай магіле савецкіх воінаў у сяле Вялікая Севярынаўка. На тым надмагіллі і праўда значылася яго імя.

На шчасце для ўсіх нас, той мемарыяльны знак па будучым класіку аказаўся заўчасным. Але сёння такіх знакаў шмат, і трэба ведаць, куды падацца, каб ушанаваць памяць аўтара «Альпійскай балады» і «Знака бяды».


Музей-дача Васіля Быкава

У 2014-м у Беларусі з'явіўся новы музей — да 90-годдзя Васіля Быкава была адкрытая экспазіцыя ў будынку лецішча пісьменніка. Знаходзіцца ён у дачным пасёлку Ждановічы-6, на вуліцы Вінаградная, 62. Гэта філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Музей яшчэ пры жыцці Быкава атрымаў ад яго ў падарунак 1000 адзінак матэрыялаў. А на лецішчы ўвогуле ўсё засталося, як пры гаспадары — так што гарантавана поўнае паглыбленне ў побыт і атмасферу. Каля лецішча растуць бярозкі — Быкаў іх вельмі любіў. Калі падчас рамонту адну бярозку скалечылі, уласнаручна і доўга яе лекаваў. У праектаванні лецішча браў удзел сам — урэшце, ён жа вучыўся ў Віцебскай мастацкай вучэльні. На лецішчы можна паглядзець ягоныя малюнкі — сярод іх жартоўная хроніка пабудовы гэтага лецішча. Праўда, скардзіўся: «Не пісалася мне на дачы, усё тут шкодзіла, — размовы суседак побач, брэх сабак, дзіцячая гамана з піскам і крыкам...» Але ўсё-ткі пісаў, а да таго ж шмат маляваў. Увогуле тут вельмі ўтульна, па-новаму адкрываецца асоба класіка: вось, напрыклад, на кухні, даволі сціплай, намаляваная ім садавіна-гародніна, яркія, наіўныя малюнкі... На лецішча Быкаў звычайна ездзіў на машыне — быў зацятым кіроўцам, машыны любіў, мог адрамантаваць — пра што сведчаць інструменты ў гаражы. І заўсёды, калі збіраўся вяртацца з лецішча ў горад, пытаўся ў суседзяў, ці не трэба каго падвезці.

Дача-музей знаходзіцца непадалёк ад Мінска, можна даехаць ад станцыі метро «Пушкінская» да прыпынку «Рэспубліканскі інтэрнат ветэранаў вайны і працы». Ідуць аўтобусы № 219, № 419, маршрутка № 1419. Музей працуе сезонна з мая да верасня штодня з 12 да 18 гадзін, акрамя панядзелка, аўторка і святочных дзён.

Апошняя серада кожнага месяца — дзень ільготнага наведвання.

Музей-сядзіба Васіля Быкава

«Наш падворак у вёсцы быў крайні, далей — поле і парослы алешнікам ды ляшчыннікам роў. З тым ровам найперш звязанае маё маленства; у ім, асабліва ўлетку, было безліч зманлівага і цікавага. Там зліваліся дзве ручаіны, утвараючы вадзяныя запруды на камянях, сцежку заўсёды перакопвалі кратовыя норы, крыху далей, на схіле, зеўрала барсукова нара, а ўнізе, пад абрывам, бруіла з-пад камянёў крынічка» — так успамінаў Быкаў у мемуарах «Доўгая дарога дадому» родны дом у вёсцы Бычкі Ушацкага раёна. Той дом у 1933 годзе збудаваў бацька будучага пісьменніка, Уладзімір Хведаравіч Быкаў. Першыя гады падлога была земляная, потым — вымашчаная спецыяльнай чырвонай цэглай.

Але той, аўтэнтычны, дом вы не пабачыце — яго знеслі, нібыта з-за старасці. На тым месцы сёння стаіць мемарыяльны камень з шыльдай. А насупраць па ўспамінах і здымках аднавілі сядзібу сям'і Быкавых — дакладную копію дома і два гаспадарчыя збудаванні. З 2004 года там дзейнічае музей, які з'яўляецца філіялам Ушацкага музея народнай славы імя Героя Савецкага Саюза В. Лабанка. У сядзібе-музеі пастараліся аднавіць побыт сям'і Быкавых, напрыклад, фіранкі-выцінанкі рабіла сястра Быкава Валянціна Уладзіміраўна. Ёсць рэчы, якія помняць класіка — дзве табурэткі, начоўкі, заслонка для печы, ручкі ў дзвярах, качарга, абраз Божай Маці, жорны, калаўрот. Ёсць цікавыя дакументы, фотаздымкі, рукапісы, лісты, якія Быкаў пісаў з фронту.

Бычкі знаходзяцца за 220 км ад Мінска, за 20 км ад Ушач, адкуль у Бычкі двойчы на дзень ходзіць аўтобус. Дамаўляцца на экскурсію трэба ва Ушацкім музеі народнай славы.

Дарога да Кубліч

Васілю Быкаву даводзілася хадзіць у школу ў Кублічах, што знаходзіліся за тры кіламетры ад дому: «Калі замярзала балота, у школу хадзілі наўпрасткі — па алешніку, цераз пагорак і далей на балота. Там трэба было абысці хамлачок алешніку з дрыгвяністай асакой, перабрацца цераз зарослую аерам рачулку і ўскараскацца на крутаваты схіл перад Кублічамі. Шлях быў цяжкі, але цікавы: на балоце трапляліся зайцы, можна было спугнуць курапатак у асацэ. Аднойчы ў зімовых прыцемках мне трапіўся воўк, нейкі час мы з ім ішлі ў адным накірунку, я — па сцежцы, а ён зводдаль па цаліку. Пасля разышліся — кожны сваёй дарогай».

Калі Быкаў быў дэпутатам, ён дамогся, каб заасфальтавалі адрэзак дарогі ад Кубліч да Бычкоў.

У Кублічах у Быкава мелася шмат сяброў, асабліва сярод яўрэяў, якіх там тады жыло шмат. Падчас вайны ягонага сябра Лейбу, якога Быкаў зваў Лёвам, разам з іншымі кубліцкімі яўрэямі пагналі ва Ушачы і там расстралялі.

Быкаў любіў гэтае мястэчка, ужо вядомым пісьменнікам адправіўся туды па слядах маленства: «мала што засталося ад Кублічаў — усё пабамбілі, папалілі, панішчылі ў вайну... А колісь гэта было слаўнае старажытнае мястэчка, пазначанае на картах XVІ стагоддзя, з праваслаўнай царквой (былой уніяцкай), у якой мяне хрысцілі і дзе я пазнаў першае прычасце».

Кубліцкая бібліятэка-філіял Ушацкай цэнтралізаванай сістэмы носіць імя Васіля Быкава, там ёсць экспазіцыя, прысвечаная знакамітаму земляку, захоўваецца яго ліставанне з вучнямі мясцовай школы. У аграгарадку пастаўлены памятны знак па яўрэях Кубліч. Можна праехацца па «Васілёвай дарозе» ў Бычкі.

Мемарыяльная дошка ў Віцебску

Калі Быкаў вучыўся ў школе, у вёсцы была нястача. А тут сусед паступіў у Віцебскае мастацкае вучылішча, а як прыехаў на вакацыі ў вёску, пахваліўся, як там добра, нават стыпендыю плацяць 60 рублёў.

Чаму б не паступіць туды ж? Бацька падтрымаў Васіля: «Едзь куды-небудзь, бо тут ад галадухі зачахнеш».

Гэта быў першы выезд юнага Васіля ў вялікі горад, дзе яго асабліва ўразілі... трамваі. Пачалася вучоба... Праз нейкі час у вучэльні, дырэктарам якой быў Іван Ахрэмчык, арганізавалася скульптурнае аддзяленне, і Быкаў перайшоў туды. Але голадна было і ў Віцебску: «У асноўным харчаваліся хлебам з кіпнем — па бохану на дзень. Тое каштавала 1 рубель. Аднойчы, як жылі на Смаленскім базары, падрабілі пару рублёў: намалявалі акварэллю, добра пацерлі (бы старая паперка), і прадаўшчыца не заўважыла. Але толькі аднойчы. Болей не адважыліся, дый хутка атрымалі стыпендыю». А ўвосень 1940 года — гора: стыпендыі адмянілі. Паспрабаваў падзарабляць, але дарэмна... Прадаў сарочку, купіў білет на цягнік... Так і скончылася ягоная вучоба на мастака.

Сёння ў Віцебску па вуліцы Суворава, 15, на будынку дзіцячай мастацкай школы № 1, дзе з 1923 да 1941 года знаходзілася Віцебская мастацкая вучэльня, знаходзіцца мемарыяльная дошка: «У гэтым будынку з 1939 па 1940 год вучыўся народны пісьменнік Беларусі Васіль Быкаў». На дошцы, якую зрабілі віцебскія скульптары Валерый Магучы і Аляксандр Гвоздзікаў, лятуць жураўлі, задуменна паглядае класік...

Бюст ва Ушачах

З суседнімі Ушачамі ў Быкава было звязана шмат... Туды іх, школьнікаў, вазілі на важныя мерапрыемствы, там ляжаў у бальніцы бацька, калі захварэў на тыф. З-пад Ушач быў блізкі сябар Васіля Быкава, паэт Рыгор Барадулін: «Добра пасядзелі веснавым адвячоркам над ушацкім прыгажуном Вечаллем, якое годна апяяў Рыгор Барадулін». А калі Быкаў стаў народным дэпутатам на другі тэрмін, «На гэты раз быў прызначаны ў родныя мясціны — у Ушачу. Тут давялося паездзіць, і пасустракацца, і папіць гарэлкі з не меней гасціннымі гаспадарамі раёну, землякамі і прысланымі невядома адкуль. Клопату было ў кожным калгасе, у кожным паселішчы і найперш у райцэнтры. Дарогі, школы, майстэрні, кароўнікі і свінарнікі, угнаенні і будматэрыялы. Усяго не хапала, усё трэба было прабіць, дастаць, выбіць». Быкаў у мемуарах бядуе, што не змог дамагчыся, каб ва Ушачах заасфальтавалі цэнтральную вуліцу.

Сёння яна заасфальтаваная, а на цэнтральным пляцы стаяць два бюсты — Рыгора Барадуліна і Васіля Быкава, іх стварылі скульптары Ігар Засімовіч і Аляксей Сарокін ды архітэктар Віктар Карака.

Дом на Танкавай

«Вельмі шкада было пакідаць Горадню, якая стала для мяне роднай, але мусіў перабрацца ў Мінск. Нейкі час жыў у гатэлях, ды тое было не надта зручна ва ўсіх адносінах. Тады Андрэй Макаёнак, з якім я неяк па-добраму зблізіўся, пазваніў у ЦК Кузьміну. Той адразу зрэагаваў — паклікаў мяне да сябе, распытаў, што і як. Пачуўшы, што мне трэба жытло, прыпамятаў, як колісь таксама агітаваў мяне на пераезд у Мінск, дзе я меў магчымасць выйсці з-пад гнятлівай увагі абласных босаў. У Мінску, казаў, усё ж лягчэй будзе дыхаць. Тады я адмовіўся, а цяпер сам прашуся. Аляксандр Трыфанавіч павёў мяне на іншы паверх — да Аксёнава, які без даўгіх размоваў зняў тэлефонную трубку і кудысь пазваніў. Праз дзень я атрымаў ордэр на недабудаваную, праўда, кватэру па Танкавай, дзе і жыву дасюль» — успамінаў Васіль Быкаў. Так, з 1978-га і да самага канца Быкаў жыў у Мінску, у доме на вуліцы Танкавай, якая пасля стала называцца ў гонар яшчэ аднаго жыхара гэтага дома, паэта Максіма Танка. Менавіта ў гэтай кватэры напісана шмат твораў, якія сталі класікай. «Дапісваў аповесць у Мінску, на Танкавай, — усю восень і пачатак зімы. Не сказаць, каб яна давалася мне цяжка — матэрыял быў знаёмы, нейкаю часткай перажыты самім», — адзначаў Васіль Быкаў пра сваю знакамітую аповесць «Знак бяды».

9 верасня 2020 года на доме ўстаноўлена мемарыяльная дошка. На ёй — скульптурны партрэт пісьменніка, адліты ў бронзе, аўтограф Васіля Быкава і ўрывак з яго аповесці «Атака». Аўтар мемарыяльнага знака — скульптар Ігар Засімовіч.

Магіла на Усходніх могілках

А вось і другая, сапраўдная, магіла беларускага класіка... Васіля Быкава пахавалі на Усходніх могілках Мінска. Надмагілле — проста вялізны камень-валун. І надпіс лаканічны — «Васіль Быкаў» і даты жыцця і смерці. Быкаў не любіў пафасу, таму гэты помнік яму пасуе. У апавяданні «Доўжык», дзеянне якога адбываецца на могілках, ён гаварыў: «Усё ж пакуль жывы, на могілкі, як і ў царкву, трэба хадзіць часцей і зусім не дзеля нябожчыкаў ці Госпада Бога — дзеля сябе. Па сутнасці, як і нябожчыкі, ты таксама ў значнай ступені належыш мінуламу, куды табе наканавана рана ці позна вярнуцца ад сваёй мітуслівай, няўлоўнай сучаснасці, якой, вельмі магчыма, і не існуе. Замест яе — суцэльныя ілюзіі, гэтыя імклівыя ластаўкі, што бясконца праносяцца ў змрочным патоку свядомасці. Зусім іншая справа — тваё добрае ці кепскае мінулае, яно ляжыць у душы валуном, і ніхто не ў стане зрушыць яго. Ні прырода, ні закон, ні начальства».

Знайсці Усходнія могілкі няцяжка — яны на праспекце Незалежнасці, непадалёк ад станцыі метро «Барысаўскі тракт».

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.

Здароўе

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Па статыстыцы на пяць хворых дзяўчынак прыходзіцца толькі адзін хлопчык.

Рэгіёны

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

Подзвіг ваенурачоў адлюстроўвае выстава Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі.