Вы тут

Пра каханне, развод ды «шлюбных аферыстаў» новай фармацыі


Не, гаворка пойдзе не пра скасаванне шлюбу і не пра тое, «чаму памірае каханне». Наадварот, размова пра тых, хто гэтае каханне хоча знайсці. Сёння людзі амаль не знаёмяцца на вуліцах, у кіно і парках. Магчымасць наладзіць асабістае жыццё (асабліва калі маюцца на ўвазе не «юныя сэрцы», а людзі ва ўзросце 30+) у трэцім тысячагоддзі практычна цалкам сышла ў анлайн.

І ў гэтым ёсць як станоўчыя бакі, так і значныя мінусы. Бо незразумела, хто насамрэч знаходзіцца па той бок манітора. А значыць, у пошуках асабістага шчасця можна стаць ахвярай махляра.


У сетках хлусні

Нядаўна здабыткам грамадскасці стала гісторыя, якая, мяркуючы па каментарыях, моцна павесяліла некаторых чытачоў парталаў навін. Хоць насамрэч гісторыя сумная. Жыхарка Баранавічаў, дама сярэдняга ўзросту, пазнаёмілася ў сацыяльных сетках з мужчынам. Той адрэкамендаваўся ёй прынцам з Арабскіх Эміратаў. Зразумела, «прынц» неўзабаве «закахаўся» ў сваю «выпадковую знаёмую» з далёкай Беларусі і з усходнім запалам хутка прыняў рашэнне ажаніцца з ёй. Але, каб выйсці замуж за прынца, жанчыне спачатку трэба было «набыць каралеўскую карту ААЭ для пражывання ў краіне і карыстання выгодамі каралеўскай сям'і». Каштавала гэта крыху больш за 6500 беларускіх рублёў. Але што такое грошы ў параўнанні з той чароўнай будучыняй, якая адкрывалася перад ёй! Далей спатрэбіліся сродкі на атрыманне дазволу на пералёт асабістага самалёта арабскага прынца ў Мінск, а таксама на падарункі ад нявесты старэйшынам прынцавага роду. Агулам жанчына пералічыла каханаму каля 192 000 рублёў — яна прадала свой дом. У рэшце рэшт, пераканаўшыся, што ў «каханай» больш нічога няма, «прынц» папросту знік у невядомым напрамку. Нейкі час жанчына беспаспяхова спрабавала з ім звязацца, а потым нарэшце зразумела, што стала ахвярай «разводу». Звярнулася ў міліцыю. І высветлілася, што каханага яна не толькі ніколі не бачыла нават на відэа, але і голасу яго не чула — ні разу не размаўляла з «прынцам» нават па аўдыясувязі.

Каментарыі навіны розныя. Шмат насмешлівых. Хоць смяяцца на самай справе няма з чаго — варта задумацца аб адзіноце і асабістай неўладкаванасці многіх нашых жанчын. Бо гераіні гэтай гісторыі настолькі не хапае душэўнай цеплыні, што яна гатовая паверыць нават «арабскаму прынцу» з сацсетак і яго немудрагелістай хлусні.

Яшчэ больш свежая і вельмі падобная гісторыя. Праўда, грошы там больш сціплыя, ды і ў галоўнай ролі — мужчына, а не жанчына. Саракавасьмігадовы жыхар сталіцы сустрэў на сайце знаёмстваў маладую прыгожую дзяўчыну. Навошта жанаты чалавек (як высветлілася пазней, пацярпелы — муж і бацька сямейства) рэгістраваўся на сайце знаёмстваў, пакінем за дужкамі. Дзяўчына, дарэчы, таксама мае траіх дзяцей і ў момант «віртуальнага рамана» знаходзілася ў адпачынку па доглядзе свайго малодшага, якому яшчэ не споўнілася трох гадоў. Зразумела, на свой сапраўдны статус і абставіны жыцця абое фігуранты адно аднаму вочы не адкрылі. Яны фліртавалі і размаўлялі, дзяўчына прасіла невялікія сумы на розныя дробязі, мужчына з задавальненнем праяўляў шчодрасць. Ну, а потым яна, як водзіцца, захацела прыехаць у Мінск для асабістай сустрэчы і папрасіла аплаціць дарогу. Ехаць дзяўчына са свайго аграгарадка ў сталіцу вырашыла, верагодна, на таксі, таму што папрасіла ў каханага 400 рублёў. Той зрабіў шырокі жэст і перавёў ёй грошы. Чакаў-чакаў прыезду каханай, але не дачакаўся. Дзяўчына ж не губляла часу дарма. З чужога акаўнта яна зайшла ў сацсеткі, дзе па фота знайшла мужчыну і даведалася, што ў яго ёсць законная жонка і дзеці. Далей у ход пайшоў шантаж. Словам, у фінале гэтай гісторыі пацярпелы таксама адправіўся ў міліцыю. Калі махлярку затрымалі, яна сказала, што хацела такім чынам паправіць сваё матэрыяльнае становішча.

Па той бок манітора

Ахвярамі «марадзёраў любоўнага фронту» становяцца і мужчыны, і жанчыны. Хоць менавіта жанчыны (як правіла, сярэдніх гадоў, якія часта раней былі ў няўдалым шлюбе і павінны былі, здавалася б, ужо набрацца жыццёвага вопыту) часцей трапляюцца на хітрыкі шлюбных аферыстаў ў сацсетках, каментуе сямейны псіхолаг Кацярына АЛЁХІНА. Але — цікавая дэталь: нават пасля таго, як іх абабралі да ніткі, здараецца, пацярпелыя ўздыхаюць: «А ўсё ж такі гэты віртуальны раман быў найлепшым у маім жыцці!».

Шлюбныя аферысты нашых дзён не заўсёды «працуюць» у адзіночку: цалкам можа быць, што любоўныя пасланні даверлівай «Джульеце» складае цэлая каманда — па зменах. Сакрэт іх абаяння — у веданні псіхалогіі. Хоць сцэнарыяў спакушэння не надта шмат, ашуканцы вар'іруюць іх, адаптуючы пад кожную патэнцыяльную «нявесту»: улічваецца ўзрост, захапленні і хобі, прафесійныя інтарэсы і тыя звесткі пра мінулае жыццё жанчыны, якія атрымліваецца сабраць у сацсетках. Калі жанчына адна выхоўвае дзіця, мужчына паўстане верным, надзейным, забяспечаным і схільным да таго, каб стаць добрым сем'янінам — «гатовы бацька» для яе малога. Калі паненка паспяховая ў прафесіі — ашуканец раскажа пра свае бізнес-поспехі, а таксама пра нерухомасць у яго ўласнасці і нядаўні адпачынак на Багамах. Адзінокім жанчынам, якія адчуваюць патрэбу падарыць камусьці сваё цяпло, прадставяць вобраз кранальна закаханага ў яе юнака, а тым, хто шукае заступніцтва, чакае «моцнае плячо» і «каменную сцяну», пакажуць маску «сапраўднага палкоўніка».

Насамрэч, распавядаюць псіхолагі, «масак» не так і шмат, але ж і сюжэтаў ва ўсёй сусветнай літаратуры ўсяго некалькі дзясяткаў. Ашуканцы, як правіла, абыходзяцца некалькімі «вобразамі». «Рамантычны герой» гадзінамі гутарыць з жанчынай пра яе саму — яе непаўторную прыгажосць і багаты ўнутраны свет. А таксама пра тое, як доўга ён яе шукаў і якім нялёгкім і поўным расчараванняў быў яго шлях, але яна вярнула яму веру ў чалавецтва. «Слаўны хлопец» эксплуатуе гісторыю, як сумленнаму, працавітаму і вельмі добраму чалавеку проста не шанцуе ў жыцці. Тут, як правіла, фігуруюць хворая мама, дзіця-інвалід ад першага шлюбу і іншыя цяжкасці, з якімі мужчына спраўляецца сам, сціснуўшы зубы і не скардзячыся. Але цяпер яго новая знаёмая асвятліла нарэшце яго нялёгкае жыццё промнем кахання... «Сапраўдны палкоўнік», супермен і бэтмен у адной асобе — таксама распаўсюджаная маска шлюбнага аферыста. Лётчык, герой-падводнік, капітан далёкага плавання — словам, мужчына з вялікай літары, сур'ёзны і мужны. Ён «не ведае слоў любові», але за яго скупымі пасланнямі можна разгледзець сэрца, поўнае кахання. І, зразумела, лідзіруе «прынц на белым кані» — арабскі ці яшчэ які-небудзь. Бо гісторыя пра Папялушку і сёння самая запатрабаваная і ў аўтараў «жаночых раманаў», і ў стваральнікаў рамантычных серыялаў.

Дзеля справядлівасці дададзім, што анлайн-аферысткі, якія вымагаюць грошы ў мужчын, наогул абыходзяцца, як правіла, усяго адным «вобразам» — вясёлая шукальніца прыгод, згодная на ўсё без якіх-небудзь абавязацельстваў: з ёй дакладна не будзе сумна. Яна абяцае зрабіць жыццё мужчыны непаўторнай прыгодай — і сапраўды, прыгоды для яго неўзабаве пачнуцца. Толькі ён наўрад ці ім узрадуецца.

Ад флірту да шантажу

Калі вас здзівіла, што са сваім арабскім венцаносцам «будучая прынцэса» ніколі нават не размаўляла, толькі перапісвалася — не здзіўляйцеся. Распаўсюджаная стратэгія ашуканцаў у інтэрнэце — заставацца максімальна «віртуальнымі»: гэта дазваляе кожнай ахвяры дадаць у вобраз каханага патрэбныя ёй дэталі і ўскладняе ў далейшым пошук махляра праваахоўнікамі. На піку бурнага віртуальнага рамана ў выбранніка непазбежна «ўзнікаюць праблемы», і жанчына, што падсвядома ўжо лічыць гэтага мужчыну блізкім чалавекам, зразумела, працягвае руку дапамогі. Матэрыяльнай. Прадстаўнікі праваахоўных органаў могуць расказаць нямала такіх «гісторый кахання» і іх зусім не рамантычнага працягу.

Акрамя прамых просьбаў да»каханай»/»каханага» аб матэрыяльнай дапамозе — на лячэнне раптоўнай хваробы, на тое, каб прыехаць да яе/яго і, нарэшце, уз'яднацца і г. д. — ашуканцы выкарыстоўваюць яшчэ цэлы шэраг распаўсюджаных схем. І хоць пра схемы гэтыя пісалі ўжо не раз і не два, людзі працягваюць «заглынаць прынаду». Напрыклад, становяцца ахвярамі банальнага шантажу. Махляр, увайшоўшы ў давер, прапануе абмяняцца фота рознай ступені інтымнасці — у залежнасці ад ступені разняволенасці ахвяры. Або, размаўляючы па відэасувязі (яго камера, хутчэй за ўсё, «выпадкова» аказваецца зламанай), просіць зняць вопратку. Пасля гэтага паведамляе, што фота і відэа трапяць у інтэрнэт, калі не адправіць на яго рахунак пэўную суму. І пацярпелыя плацяць, а ашуканцы працягваюць «даіць» іх яшчэ доўгі час — пакуль ахвяра махлярства не вырашыцца ўсё ж (нягледзячы на тое, што распавядаць каму б там ні было пра падобныя эпізоды сорамна і цяжка) напісаць заяву ў міліцыю.

Яшчэ адна схема мае на ўвазе перадачу «каханаму» кода з смс або нават банкаўскіх рэквізітаў вашай карты. З серыі «Замовіў табе падарунак, але не прыходзіць код. Напэўна, назваў выпадкова твой нумар замест свайго — я ж увесь час пра цябе думаю. Прадыктуеш код?». Далей вашы грошы сплываюць у рукі ашуканцаў.

А здараецца, з якой-небудзь падобнай нагоды людзі паведамляюць «віртуальным умілаваным» рэквізіты сваіх банкаўскіх карт. Дарэчы, існуюць яшчэ і падробныя сайты знаёмстваў, якія выкарыстоўваюцца для збору інфармацыі аб зарэгістраваных на іх людзях. Пры рэгістрацыі на такіх сайтах можа быць прапанавана запоўніць анкету з пытаннямі, аналагічнымі тым, што выкарыстоўваюцца для банкаўскіх аперацый.

Меры засцярогі

Дык што рабіць? Бегчы ад сайтаў знаёмстваў як ад агню?

У першую чаргу — уключыце здаровы сэнс. Нядобрыя «званочкі», якія павінны вас насцярожыць:

  • Калі ваш новы знаёмы (знаёмая) занадта настойлівы і напорыста імкнецца зблізіцца з вамі. Пра сябе не распавядае нічога — уключаючы адрас і тэлефон, а вось вас распытвае вельмі падрабязна.
  • Праз некалькі дзён пасля знаёмства клянецца ў каханні і збіраецца давесці справу да шлюбу. Пры гэтым адмаўляецца ад тэлефонных размоў і зносін па відэасувязі.
  • Зразумела, насцярожыцца трэба, калі віртуальны знаёмы просіць у вас грошы: маўляў, прадавай машыну/кватэру/дом, у нашай агульнай будучыні купім лепшыя.
  • Калі абяцае зорку з неба і горы золата, але вось няўдача — толькі што ён згубіў сваю банкаўскую карту, трапіў у аварыю або паўсталі іншыя праблемы. І, само сабой, ён разлічвае на вашу матэрыяльную дапамогу.

І яшчэ некалькі парад:

  • Памятайце, што вашы фотаздымкі (прычым не толькі тыя, што маюць нейкі інтымны змест) — гэта асабістая інфармацыя, да якой варта ставіцца беражліва. Рассылаць яе выпадковым знаёмым нельга.
  • Рэгіструючыся на сайтах знаёмстваў, падключыце для гэтага асобную сім-карту. Яна не будзе прывязаная да вашай банкаўскай карты.
  • І самае галоўнае: нікому не паведамляйце інфармацыю, якую можна выкарыстоўваць для доступу да вашых фінансавых і асабістых даных. І не спяшайцеся адкрываць свой кашалёк, якім бы закаханым ні здаваўся «арабскі прынц».

Дзіяна РОНІНА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Вучэбны год завяршаецца для 1,1 мільёна беларускіх школьнікаў, з іх 107,8 тысячы заканчваюць 9-я класы і 57,5 тысячы — 11-я.

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».