Вы тут

Усе рызыкі пры пераходзе ІП у ранг юрыдычных асоб будуць улічаны


На пасяджэнні дзявятай сесіі Палаты прадстаўнікоў сёмага склікання дэпутаты прынялі ў першым чытанні законапраект «Аб змяненні законаў па пытаннях прадпрымальніцкай дзейнасці». Цяпер гэты дакумент рыхтуецца да другога чытання, і таму ён актыўна абмяркоўваўся ў рэгіёнах з прадстаўнікамі рэспубліканскіх і мясцовых органаў улады, суб'ектамі гаспадарання і іншымі зацікаўленымі асобамі.


Фота Віктара Іванчыкава.

Два ключавыя прынцыпы — прастата і справядлівасць

Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзімір Андрэйчанка на семінары-нарадзе на тэму «Прававыя і практычныя аспекты рэфармавання прадпрымальніцкай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь» распавёў, што чакае прадпрымальнікаў Беларусі пасля дадзенага рэфармавання. Па яго словах, правядзенне семінараў-нарад па найбольш актуальных законапраектах стала важнай формай работы, якая актыўна выкарыстоўваецца дэпутацкім корпусам: «Практыка паказала, што такі падыход дазваляе на аснове дыялогу выпрацаваць узважаныя заканадаўчыя рашэнні».

Тэматыка семінара была вызначана невыпадкова. Бо, як вядома, кіраўніком дзяржавы пастаўлена задача мадэрнізаваць фармат работы дадзенага сегмента эканомікі, абапіраючыся на два ключавыя прынцыпы — прастату і справядлівасць. Праектам Закона «Аб змяненні законаў па пытаннях прадпрымальніцкай дзейнасці» шмат у чым змяняюцца ўмовы ажыццяўлення грамадзянамі індывідуальнай камерцыйнай дзейнасці, а таксама правілы вядзення бізнесу суб'ектамі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. Відавочна, што гэта закране інтарэсы вялікай колькасці грамадзян краіны.

Паколькі законапраект мае вялікае сацыяльнае і эканамічнае значэнне, па ініцыятыве парламентарыяў ён абмяркоўваўся ў рэгіёнах з прадстаўнікамі рэспубліканскіх і мясцовых органаў улады, суб'ектаў гаспадарання. Дыялогавыя пляцоўкі прайшлі практычна ва ўсіх абласцях краіны. Іх мэтай было даведацца, якія пытанні хвалююць наш бізнес у кантэксце прапанаванай рэформы, на якія аспекты неабходна звярнуць дадатковую ўвагу, каб пераўтварэнні прайшлі максімальна эфектыўна. Па выніках праведзенай работы ў Палату прадстаўнікоў паступіла вялікая колькасць канструктыўных прапаноў, яны старанна прапрацоўваюцца.

Якімі павінны быць вынікі згаданай рэформы? На думку Уладзіміра Андрэйчанкі, яны маюць тры галоўныя аспекты. Па-першае, стварэнне выразных і зразумелых умоў вядзення справы суб'ектамі малога прадпрымальніцтва, у тым ліку спрашчэнне адміністравання бізнес-працэсаў. Па-другое, забеспячэнне магчымасці справядлівай канкурэнцыі для ўсіх арганізацыйна-прававых формаў бізнесу. А па-трэцяе, павышэнне ролі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў сацыяльна-эканамічным развіцці краіны. Гэта дазволіць стварыць прадпрымальніцкае асяроддзе, якое будзе адказваць патрэбам беларускага грамадства і ўсіх грамадзян краіны.

Усё па палічках ад міністра эканомікі

Міністр эканомікі краіны Аляксандр Чарвякоў разгледзеў канцэптуальныя палажэнні новага законапраекта аб прадпрымальніках. Ён адзначыў, што першае канцэптуальнае палажэнне законапраекта заключаецца ў тым, якім чынам заканадаўча замацоўваецца новая структура бізнесу, якая складаецца з дзвюх катэгорый. Паводле слоў Аляксандра Чарвякова, дакумент накіраваны на ўпарадкаванне дзейнасці суб'ектаў гаспадарання, стварэнне зразумелых умоў для вядзення бізнесу, стварэнне стымулаў для арганізацый і маштабавання сваёй справы. «Гэты дакумент ужо глыбока вывучаны грамадскасцю», — дадаў ён.

Цяпер да першай катэгорыі адносяцца юрыдычныя асобы, у структуры якіх вылучаюцца малыя (з колькасцю працуючых да ста чалавек) і сярэднія (з колькасцю да 250 чалавек) камерцыйныя арганізацыі. «Адмова ад катэгарыравання мікраарганізацый не азначае страту прадугледжаных прэферэнцый. Наадварот, законапраектам прапануецца стварыць асаблівы рэжым дзейнасці для больш шырокай катэгорыі суб'ектаў з колькасцю рабочых да 50 чалавек з умовамі не горшымі, чым для індывідуальных прадпрымальнікаў альбо мікраарганізацый. Такім чынам мы павышаем прывабнасць бізнес-асяроддзя. У тым ліку ў параўнанні з Расійскай Федэрацыяй, дзе парог гарантаванага дзяржавай асаблівага рэжыму застаецца ранейшы — 15 працуючых», — растлумачыў міністр.

Другая катэгорыя — тыя фізічныя асобы, якія маюць права ажыццяўляць прадпрымальніцкую дзейнасць у якасці індывідуальных прадпрымальнікаў, рамеснікаў, уладальнікаў аграсядзіб і самазанятых. «Гэтыя напрамкі ўжо сёння існуюць у грамадстве і з'яўляюцца простымі для разумення нашых грамадзян», — адзначыў Аляксандр Чарвякоў.

Паўнамоцтвы па вызначэнні відаў дзейнасці, дазволеных для фізічных асоб, якія ажыццяўляюць індывідуальную прадпрымальніцкую дзейнасць, акрамя аграэкатурызму, дэлегаваны ўраду. Гэта дазволіць аператыўна рэагаваць на дынаміку змяненняў эканамічных працэсаў, запыты рынку і грамадства, упэўнены кіраўнік эканамведамства.

Пасля прыняцця законапраекта ў першым чытанні ўрад даручыў усім органам-рэгулятарам адпрацаваць спісы відаў дзейнасці і ўнесці абгрунтаваныя прапановы. «Калі казаць аб прынцыпах фарміравання спісаў, то, па-першае, гэта — стварэнне роўнага канкурэнтнага асяроддзя паміж фізічнымі асобамі, у першую чаргу — ІП, і кампаніямі. Па-другое — захаванне сацыяльнай стабільнасці, гэта значыць стварэнне інфраструктуры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, і эканамічных інтарэсаў грамадства (працоўныя месцы, узровень даходаў і гэтак далей).

Таксама ў мэтах абароны жыцця і здароўя пакупнікоў тавараў законапраектам прадугледжана карэкціроўка закона аб абароне правоў спажыўцоў. На фізічных асоб, якія ажыццяўляюць самастойную прафесійную дзейнасць, будзе распаўсюджвацца адказнасць за якасць і бяспеку тавараў, якія яны вырабляюць, работ і паслуг», — распавёў міністр эканомікі.

Фота Маргарыты Палюховіч

Пераходны перыяд

Другое канцэптуальнае палажэнне закона з'яўляецца ключавым, лічыць міністр. Гаворка ідзе пра фарміраванне сістэмы стымулаў для кіраванага пераходу грамадзян у фармат юрыдычнай асобы і ўзбуйнення бізнесу. «Менавіта на гэта накіраваны наш закон. Для гэтага ўводзіцца асаблівы парадак «дзень у дзень» для пераходу індывідуальных прадпрымальнікаў у камерцыйную арганізацыю з пераемнасцю па ўсіх правах і абавязках перад бюджэтам і контрагентамі», — адзначыў Аляксандр Чарвякоў.

Каб трансфармацыйныя працэсы для суб'ектаў прадпрымальніцтва праходзілі максімальна бясшвова і без сацыяльных узрушэнняў, праектам закона прапануецца ўстанавіць пераходны перыяд для вызначэння індывідуальнымі прадпрымальнікамі, дзейнасць якіх не ўвойдзе ў дазвольны пералік, свайго юрыдычнага статусу. «Такі перыяд будзе доўжыцца да 31 снежня 2025 года. Гэта цалкам дастатковы час, каб вызначыцца, куды і ў якім кірунку рухацца. Такім чынам, нават пры ўмове ўступлення закона ў сілу з 1 студзеня 2024 года на асэнсаванне і прыняцце рашэнняў у індывідуальных прадпрымальнікаў будзе практычна два поўныя каляндарныя гады», — запэўніў міністр.

Дзяржаўная фінансавая падтрымка і гранты

Трэцяе канцэптуальнае палажэнне таксама з'яўляецца важным і заключаецца ў развіцці інстытута дзяржаўнай падтрымкі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва.

У прыватнасці, у мэтах пашырэння доступу бізнесу да фінансавых рэсурсаў прадугледжана магчымасць распаўсюджвання інструментаў дзяржаўнай фінансавай падтрымкі на суб'екты сярэдняга прадпрымальніцтва. «Сёння яны даступныя толькі для малога бізнесу. Такім чынам, замацоўваецца на прававым узроўні механізм аказання Беларускім фондам фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў паручыцельства па абавязацельствах суб'ектаў гаспадарання. Таксама ўводзіцца магчымасць выдзялення суб'ектам малога і сярэдняга прадпрымальніцтва сродкаў на бязвыплатнай аснове — так званыя гранты», — расказаў Аляксандр Чарвякоў.

Устанаўленне парадку і ўмоў аказання дзяржаўнай фінансавай падтрымкі прапануецца аднесці да кампетэнцыі Савета Міністраў. Права на вызначэнне кірункаў і мэт дзяржпадтрымкі, якая аказваецца за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў, дэлегуецца абласным і Мінскаму гарадскому выканаўчым камітэтам. Такі падыход дазволіць магчымасць надаць дзяржаўнай падтрымцы прадпрымальніцтва неабходную гнуткасць і павысіць эфектыўнасць яе прымянення, упэўнены міністр.

Надзённыя пытанні ад прадпрымальнікаў

Старшыня Пастаяннай камісіі па эканамічнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Леанід Брыч распавёў аб самых папулярных пытаннях прадпрымальнікаў на дыялогавых пляцоўках. Як вядома, дыскусія па абмеркаванні палажэнняў законапраекта «Аб змяненні законаў па пытаннях прадпрымальніцкай дзейнасці» пачалася на рэгіянальным узроўні. «Па выніках мерапрыемстваў, якія прайшлі ў канструктыўным ключы, можна сфарміраваць некалькі блокаў пытанняў, што найбольш хвалююць нашых прадпрымальнікаў», — адзначыў Леанід Брыч.

Істотныя апасенні ў прадпрымальніцкім асяроддзі выклікаюць рызыкі па магчымых расходах на ажыццяўленне трансфармацыі індывідуальных прадпрымальнікаў у юрыдычных асоб. Гэта пераафармленне розных дазвольных дакументаў, рахункаў у банку, разнастайных сертыфікатаў і дэкларацый аб адпаведнасці, ключоў ЭЛП і гэтак далей.

Акрамя фінансавага боку, прадпрымальнікаў таксама хвалюе, ці ўсе дзяржаўныя рэгулятары будуць гатовыя забяспечыць неабходнае пераафармленне ў прадугледжаныя тэрміны. «Ад разумення гэтага залежыць вельмі многае, бо неажыццяўленне неабходных тэхнічных дзеянняў, звязаных з належным пераафармленнем дазвольных дакументаў, на практыцы можа прывесці да зрыву выканання, напрыклад, бягучых дагаворных абавязацельстваў, што пацягне за сабой штрафныя санкцыі. Можа скласціся сітуацыя, калі суб'екты гаспадарання будуць вымушаныя зусім прыпыніць сваю дзейнасць да завяршэння працэсу пераафармлення», — растлумачыў ён.

У прадпрымальніцкім асяроддзі таксама ёсць пытанні да працэсу работы кантралюючых органаў па фіксацыі і прыцягненні да адказнасці за магчымыя парушэнні, звязаныя з пераафармленнем дазвольных і іншых дакументаў. «Акрамя таго, ёсць пытанне па парушэннях, што вынікаюць з неабходнасці змянення парадку адміністравання бягучай дзейнасці, якія могуць дапусціць зноў створаныя юрыдычныя асобы з прычыны адсутнасці адпаведнага вопыту», — дадаў Леанід Брыч.

Камунальныя плацяжы не вырастуць?

Паводле яго слоў, дыскусійным застаецца пытанне па збіранні камунальных плацяжоў за жылыя памяшканні, у якіх рэгіструецца юрыдычны адрас, што ствараецца індывідуальным прадпрымальнікам. «Дадзенае пытанне ўзнімалася практычна на ўсіх дыялогавых пляцоўках», — падкрэсліў старшыня камісіі.

Акрамя таго, да канца не ўрэгуляваны банкаўскія праваадносіны. «У прыватнасці, пытанні пераводу сродкаў з рахункаў індывідуальнага прадпрымальніка на рахунак створанай ім камерцыйнай арганізацыі і правядзення аперацый па знешнегандлёвых здзелках. Дакладнае разуменне механізма ажыццяўлення гэтых працэдур крытычна важнае для забеспячэння беспраблемнай трансфармацыі індывідуальных прадпрымальнікаў у юрыдычных асоб, — упэўнены Леанід Брыч. — Таксама не сакрэт, што маштаб рэформы так ці інакш закранае розныя сферы грамадскіх адносін. Найважнейшая задача дапрацоўкі законапраекта — недапушчэнне канкурэнцыі прававых нормаў законапраекта і нормаў, замацаваных у іншых дзеючых заканадаўчых актах. Ад забеспячэння ўзгодненасці ў прыведзеным пытанні будзе залежаць будучая практыка прымянення і зладжанасць работы ўсіх зацікаўленых дзяржаўных органаў».

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.

Здароўе

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Па статыстыцы на пяць хворых дзяўчынак прыходзіцца толькі адзін хлопчык.

Рэгіёны

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

Подзвіг ваенурачоў адлюстроўвае выстава Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі.