Вы тут

На Аршаншчыне ў трэці раз прайшло брэндавае раённае свята «ИзумЛЁНный край»


На Аршаншчыне ў трэці раз прайшло брэндавае раённае свята «ИзумЛЁНный край». Карэспандэнт «Звязды» завітала ў тэкстыльную сталіцу і даведалася, што цікавага падрыхтавалі для гасцей і жыхароў горада арганізатары.


Лён нездарма называюць беларускім золатам, гэта першая культура, якую нашы продкі навучыліся апрацоўваць і выкарыстоўваць. А горад Орша, што ў паўночным рэгіёне, вядомы не толькі сваёй гераічнай гісторыяй, але і адным з самых буйных на тэрыторыі краін СНД прадпрыемствам па вытворчасці тканін з ільну і вырабаў з яго — Аршанскім ільнокамбінатам. За слаўную, амаль векавую, гісторыю дзейнасці камбіната праз яго цэхі прайшло не адно пакаленне аршанцаў, таму Дзень работнікаў лёгкай прамысловасці ў раёне заўсёды адзначалі на высокім узроўні. Вось і сёлета фестываль «ИзумЛЁНный край» быў прымеркаваны да гэтага прафесійнага свята.

Уверцюрай да фестывалю стала адкрыццё выставы «Ільняная палітра», дзе мясцовыя мастакі прадставілі свае карціны з пейзажамі Аршаншчыны. Супрацоўнікі раённага аддзела загса правялі льняное вяселле: гэты сімвалічны абрад стаў на фестывалі ўжо традыцыйным. Праз чатыры гады сямейнага жыцця — менавіта чацвёртая гадавіна называецца льняной — зноў «пажаніліся» Міхаіл і Анастасія Ларанковы. Маладая пара пазнаёмілася, як гэта сёння часта бывае, у інтэрнэце, хоць заўсёды жылі побач у адным горадзе. Разам сужэнцы ўжо сем гадоў, чатыры з якіх — у афіцыйным шлюбе. Міхаіл працуе дзяжурным па парку на чыгуначнай станцыі «Орша-Усходняя», Анастасія — у аддзеле прымусовага выканання судовым выканаўцам, іх аб'ядноўвае любоў да падарожжаў і, вядома ж, каханне. Праз чатыры гады Ларанковы зноў увайшлі ва ўрачыстую залу. Разам з парай былі бацькі, блізкія і калегі. Маладым завязалі ручніком рукі, запалілі сямейны ачаг і ўручылі льняныя падарункі.

Афіцыйнае адкрыццё фестывалю пачалося з урачыстага шэсця, у якім узяла ўдзел звыш 500 чалавек з 20 творчых калектываў вобласці. Сёлета ў раённым фестывалі ўдзельнічала і дэлегацыя з Магілёўшчыны, таму, магчыма, хутка свята набудзе статус абласнога.

Старт святочным мерапрыемствам на галоўнай сцэне перад гарадскім Домам культуры «Орша» даў начальнік аддзела культуры Сяргей Гарбачоў. Ён зачытаў жыхарам і гасцям горада прывітальны адрас старшыні Аршанскага райвыканкама Ігара Мароза: «Ідэя стварэння такога фестывалю ўзнікла некалькі гадоў таму і за гэты час змагла згуртаваць вакол сябе сапраўдных аднадумцаў. Мерапрыемства становіцца традыцыйным у жыцці Оршы, бо менавіта гэты горад называюць калыскай беларускага льну. Невыпадкова мерапрыемства прымеркавана да важнага свята — Дня работнікаў лёгкай прамысловасці Рэспублікі Беларусь. Наш фестываль — гэта садзейнічанне стварэнню новых брэндаў у галіне лёгкай прамысловасці з выкарыстаннем гісторыка-культурнай спадчыны, крэатыўных тэхналогій, наяўнага эканамічнага, вытворчага, адукацыйнага патэнцыялу».

У зале Дома культуры прайшоў конкурс Fashіon-2023, у межах якога 11 калектываў-тэатраў мод Віцебшчыны прадставілі свае калекцыі з ільну. Тэкстыльнае спаборніцтва праходзіла ў трох узроставых катэгорыях, журы ацэньвала і самых маленькіх модніц, і прадстаўніц паважнага ўзросту. Розныя колеры, формы, стылі, музыка — відовішча атрымалася захапляльным. Пераможцамі ў катэгорыі 6-12 гадоў сталі дзяўчаты з узорнага тэатра моды «Дзіва» Віцебскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі; «золата» ў катэгорыі 13-18 гадоў атрымалі адразу два калектывы — дубровенскі ўзорны тэатр моды «Шанц» і глыбоцкі «Аліса». У змешанай катэгорыі на першую ступень п'едэстала падняліся калектывы Цэнтра культуры «Віцебск».

На пляцоўцы каля ГДК разгарнуліся гандлёвыя і рамесныя рады: тут праходзілі майстар-класы па апрацоўцы дрэва, ганчарстве, любы ахвотны мог набыць памятныя сувеніры і ўпрыгажэнні. «Разыначкай» фестывалю стаў майстар-клас па апрацоўцы льну, дзе быў паказаны ўвесь шлях яго вытворчага працэсу — ад зярнятка да палатна. Запрашалі на свае падворкі і харчовыя прадпрыемствы Аршанчыны ў межах гастрашоу па прыгатаванні страў і напояў з дабаўленнем ільну. Журы і госці змаглі пачаставацца льняным кісялём, печывам з семечкамі і мяснымі вырабамі.

На працягу дня калектывы Віцебскай вобласці дарылі музычныя падарункі гораду. А вечарам на галоўнай сцэне фестывалю прайшло ўшанаванне найлепшых тэкстыльшчыкаў Аршаншчыны. З віншавальным словам да работнікаў лёгкай прамысловасці звярнуўся намеснік старшыні Аршанскага райвыканкама Віктар Калачоў: «Аршаншчына па праву носіць званне калыскі беларускага льну. Прадпрыемствы лёгкай прамысловасці ўносяць значны ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёна. Сёння Аршанскі льнокамбінат з'яўляецца флагманам ільняной галіны, а тавары пад брэндам «беларускі лён» ведаюць і любяць больш чым у 40 краінах свету. Прамыслова-гандлёвая фірма «Світанак» — адно з вядучых прадпрыемстваў па вытворчасці дзіцячай вопраткі. Яна, як і камбінат, заслужана занесена на Дошку гонару Аршанскага раёна па выніках 2022 года. У раёне вялікая ўвага аддаецца падрыхтоўцы кадраў: Аршанскі дзяржаўны каледж тэкстыльшчыкаў імя Сямёнава рыхтуе высокакваліфікаваных спецыялістаў для прадпрыемстваў не толькі раёна, але і краіны».

У гэты вечар было шмат віншаванняў і ўзнагарод ад імя райвыканкама, раённага аб'яднання прафсаюзаў, кіраўніцтва Аршанскага льнокамбіната. У ліку ўзнагароджаных — выкладчыкі і майстры каледжа тэкстыльшчыкаў, швачкі, эканамісты, фарбавальшчыкі, раскройшчыкі, краўцы, прыбіральшчыкі. Гэта тыя людзі, на якіх трымаецца льняная галіна Беларусі. Свае ўзнагароды атрымалі і маладыя спецыялісты льнокамбіната — пераможцы традыцыйнага конкурсу прафесійнага майстэрства.

У падарунак спецыялістам і гораду вечарам на галоўнай сцэне выступіла група «Аўра». Фінальнымі святочнымі акордамі фестывалю сталі дыскатэка і салют.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота «Віцебскія весці»

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.