Вы тут

Бальнічныя будуць лічыць па-новаму. Як зменяцца іх памеры?


З будучага года змяняецца парадак налічэння бальнічных. І тут ёсць некалькі істотных змяненняў. Найперш мінімальная выплата па бальнічным вырасце ў тры разы. Гэта актуальна для тых работнікаў, якія выплачвалі ўзносы ў ФСАН менш за шэсць месяцаў, бо ў іх асобны парадак падліку дапамогі па часовай непрацаздольнасці. Для тых, у каго стаж работы складае дзесяць і больш гадоў, 100 % сярэднядзённага заробку будзе налічвацца з першага дня бальнічнага. Для астатніх — 80 %. А перыяд для падліку сярэднядзённага заробку вырасце з шасці да 18 месяцаў.


2,2 мільярда на выплату

Як адзначыла кіраўнік Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Юлія БЕРДНІКАВА, з 1 студзеня 2024 года чакаецца шэраг навацый па пытаннях прызначэння і выплаты дапамог па часовай непрацаздольнасці, цяжарнасці і родах. У 2022 годзе на выплату ўсіх відаў дапамог з бюджэту фонду было накіравана 4,4 мільярда рублёў, што складае каля 21 % у расходнай частцы бюджэту фонду.

У структуры расходаў на ўсе віды дапамог бальнічныя складаюць каля 40 %, або 1,8 мільярда рублёў. Менавіта столькі было накіравана з ФСАН на фінансаванне бальнічных у 2022 годзе. Сёлета з улікам росту заработных плат на выплату згаданых відаў дапамог запланавана каля 2,2 мільярда рублёў.

— З 1 студзеня 2024 года рашэннем Урада № 945 павысіцца ўзровень сацыяльных гарантый грамадзян па выплаце дапамог па часовай непрацаздольнасці і па цяжарнасці ды родах, — падкрэсліла Юлія Берднікава.

Утрая вырасце мінімальны памер дапамогі

Дадзеная навацыя актуальная для людзей, якія ўладкаваліся на работу нядаўна, скажам, пасля заканчэння навучальнай установы (акрамя маладых спецыялістаў), і калі перыяд выплаты ўзносаў у ФСАН складае ў іх менш за шэсць месяцаў.

Для іх з будучага года павысіцца мінімальны памер бальнічных і ён будзе вылічвацца з памеру мінімальнай заработнай платы, якая на сёння складае 554 рублі. Цяпер мінімальны памер дапамогі па часовай непрацаздольнасці вылічваецца ў памеры 50 % бюджэту пражытковага мінімуму, а гэта 176 рублёў.

— Калі чалавек, які працуе менш за шэсць месяцаў, захварэў і яго хвароба доўжылася 30 дзён, то ён атрымае дапамогу па непрацаздольнасці ў памеры 554 рублі. Сёння гэтая сума складае 176 рублёў, — прыводзіць прыклад Юлія Берднікава. — Такім чынам мінімальны памер аплаты часовай непрацаздольнасці вырасце фактычна ў тры разы.

Для каго павялічацца?

Ён вырасце для работнікаў, якія працуюць дзесяць і больш гадоў.

— Для грамадзян, якія выплачваюць узносы ў ФСАН дзесяць і больш гадоў, памер дапамогі па часовай непрацаздольнасці будзе вылічвацца з першага дня ў памеры 100 % сярэднядзённага заробку. У тых грамадзян, у якіх працягласць выплаты ўзносаў у бюджэт фонду меншая за дзесяць гадоў, бальнічны будзе вылічвацца ў памеры 80 % сярэднядзённага заробку для ўсёй працягласці выпадку непрацаздольнасці, — тлумачыць кіраўнік фонду.

Нагадаем, што сёння формула разліку іншая. Яна не залежыць ад працягласці выплаты ўзносаў у ФСАН і адзіная для ўсіх катэгорый грамадзян. Цяпер кампенсуецца 80 % сярэднядзённага заробку з 1 да 12 дня хваробы, а далей, з 13-га дня, — 100 %.

У разлік возьмуць усё

Павялічыцца памер сярэднядзённага заробку, які прымяняецца для разліку бальнічных. У новых умовах у яго будуць уключацца ўсе налічэнні і выплаты, на якія разлічваюцца ўзносы ў ФСАН. Нагадаем, што ў бюджэт фонду на сацыяльнае страхаванне выплачваецца 6 %, і ўсе выплаты, на якія яны налічаюцца, будуць удзельнічаць у формуле разліку сярэднядзённага заробку. Пакуль жа пры вылічэнні сярэднядзённага заробку не ўлічваюцца такія разавыя выплаты, не звязаныя з выкананнем працоўных абавязкаў, як матэрыяльная дапамога і дапамога на аздараўленне.

Не аплацяць, калі працавалі па сумяшчальніцтве

Наступная навацыя — бальнічныя будуць выплачвацца толькі па асноўным месцы работы, але з улікам заробку ва ўсіх наймальнікаў, у тым ліку і былых.

— Калі чалавек хварэў, ён прадстаўляе лісток непрацаздольнасці па асноўным месцы работы і асноўны работадавец прызначае бальнічны. Пры гэтым фонд работадаўцу дасць два параметры: працягласць выплаты ўзносаў у бюджэт фонду і памер сярэднядзённага заробку, бо функцыю вылічэння дапамогі ў новых умовах са студзеня 2024-га на сябе бярэ Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, — тлумачыць Юлія Берднікава. — І разлік будзе весціся не толькі па асноўным месцы работы, але і па ўсіх іншых дзеючых месцах работы, а таксама папярэдніх, калі яны трапляюць у разліковы перыяд.

Акрамя таго, у новых умовах права на бальнічны будзе вызначацца па ўсіх месцах работы. Калі ў вас некалькі месцаў работы, неабходна, каб перыяд непрацаздольнасці быў адлюстраваны па кожным з іх — як па асноўным, так і па сумяшчальніцтве. Калі атрымаецца так, што па асноўным месцы работы вы знаходзіліся на бальнічным, але па сумяшчальніцтве выконвалі працоўныя функцыі, дапамога па часовай непрацаздольнасці не будзе выплачана, бо ў гэты перыяд вы не страцілі заробак цалкам.

18 месяцаў замест шасці

Будзе пашыраны разліковы перыяд сярэднядзённага заробку. Цяпер бальнічны вылічваецца толькі па дзеючым месцы работы і ў разліковы перыяд сярэднядзённага заробку ўваходзіць заробак за шэсць каляндарных месяцаў. У новых умовах разліковы перыяд пашырыцца да 18 каляндарных месяцаў, што будуць папярэднічаць кварталу, у якім наступіў выпадак часовай непрацаздольнасці. І ў гэтых 18 месяцах будзе ўлічаны заробак па ўсіх месцах работы грамадзяніна.

— Дадзеныя змяненні абумоўленыя тым, што мы хацелі знізіць нагрузку на бізнес па адміністраванні і вылічэнні дапамог па часовай непрацаздольнасці і перш за ўсё выключыць тое мноства памылак, якія дапускаюць бухгалтарскія службы, — кажа кіраўнік фонду.

З будучага года кожны работадавец будзе абазначаць перад фондам выпадак часовай непрацаздольнасці свайго работніка і запытваць інфармацыю па двух параметрах. Першы — памер сярэднядзённага заробку, які будзе вылічаны ў аўтаматызаваным рэжыме на падставе даных персаніфікаванага ўліку (а ён вядзецца па кожным працуючым грамадзяніне з 1 студзеня 2003 года). Другі — працягласць выплаты ўзносаў у бюджэт фонду. Калі ён большы за дзесяць гадоў, работніку кампенсуецца 100 % страчанага заробку, калі меншы — 80 % страчанага заробку.

— Формула спрасцілася, разлік будзе адбывацца з боку Фонду сацыяльнай абароны, а значыць, выключаецца памылка, бо мы стаім на варце абароны правоў грамадзян, — падкрэсліла Юлія Берднікава.

Вылічыць праз мабільны дадатак

У мабільным дадатку фонду, што даступны з лютага бягучага года, можна атрымаць інфармацыю пра выплаты, на якія былі налічаны ўзносы ў бюджэт фонду. Такім чынам можна паглядзець усе выплаты за 18 месяцаў, адлюстраваныя ў асабовым рахунку, і самастойна разлічыць памер дапамогі. А з 2024 года можна будзе праз дадатак самастойна разлічыць сярэднядзённы заробак. А таксама даведацца і пра другі складнік для разліку бальнічнага — працягласць выплаты ўзносаў у бюджэт фонду на дзяржаўнае сацыяльнае страхаванне.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

 Для чаго Аляксей Хомчык стаў урачом?

Для чаго Аляксей Хомчык стаў урачом?

«Дзядзька Васіль загінуў, ты павінен працягнуць яго справу. Ты добра вучышся, павінен стаць доктарам».

Грамадства

Буякі, суніцы і лісічкі — прыцэньваемся да падарункаў чэрвеня

Буякі, суніцы і лісічкі — прыцэньваемся да падарункаў чэрвеня

«Ёсць і імпартныя, іспанскія — яны па-ранейшаму ў раёне 70 рублёў за кіло, 30 рублёў — кантэйнер».

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.