Вы тут

Ангеліна Ярашчук: «Заўсёды бяруся за нялёгкія задачы»


Нашай гераіні 16 гадоў, а яе дзень распісаны па хвілінах. У яе досыць работы ў шматлікіх праектах, перамог у конкурсах і цікавага досведу. Мы пагаварылі з дзяўчынай і даведаліся, як ёй удаецца пераадольваць страхі і ўвасабляць у жыццё самыя смелыя мары.


Па словах гераіні, з дзяцінства яна была суперактыўнай. Мама старалася пазнаёміць яе з рознымі захапленнямі, якія толькі існуюць. Ангеліна займалася і спевамі, і гімнастыкай. Пачынаючы з пяці гадоў дзяўчынка наведвала шмат гурткоў, а вось уласна спевы ўзніклі выпадкова.

— У мяне не было асаблівых вакальных даных: калі прыйшла праслухоўвацца, сказалі, што я наўрад ці даб’юся значных поспехаў, — згадвае дзяўчына. — Але, як той казаў, я вельмі ўпартая і працалюбівая. Толькі ўпартасць і праца з педагогамі, а галоўнае — жаданне, і дапамагаюць дамагацца таго, чаго сапраўды хочацца.

У Ангеліны большасць аўтарскіх песень, але ёсць і творы з рэпертуару іншых спявачак:

— Я супрацоўнічаю з таленавітым кампазітарам Аляксандрам Сухаравым, таму ў мяне шыкоўныя, прыгожыя, лірычныя і рытмічныя мелодыі «Мова», «Загадай жаданне», «Пульс», ёсць таксама і іншыя аўтарскія песні — «Feelіng good», «Толькі трымайся», «Балет», «Я беларуска». Лічу сябе ўніверсальнай вакалісткай, таму песню падбіраю пад пэўнае мерапрыемства. Заўсёды бяруся за нялёгкія задачы, якія, здавалася б, немагчыма выканаць, і скажу, што заўсёды атрымліваецца.

Ангеліна шмат за што ўдзячная маці. Найперш, за тую падтрымку і дапамогу, якую яна пастаянна аказвае. Наталля Яўгенаўна не прапускае ні адно выступленне дачкі, заўсёды побач за кулісамі.

— Мама — незаменная частка майго жыцця, — кажа наша гераіня. — Яна дапамагае з пераапрананнем, хвалюецца, вырашае праблемы, адвозіць і забірае мяне пасля канцэртаў, заняткаў. Без яе было б усё складана.

— У вас прыгожыя вобразы падчас выступленняў. Раіцеся з матуляю наконт гэтага?

— Сцэнічныя сукенкі, як правіла, — ідэя мамы. Яна вельмі часта бывае на рэпетыцыях, уяўляе вобраз, натхняецца песняй і сама пачынае распрацоўваць касцюмы. Пасля знаходзіць людзей, якія могуць стварыць такую прыгажосць.

Маці нашай гераіні не звязана са светам музыкі — яна настаўніца англійскай мовы. Аднак, па словах Ангеліны, заўсёды была актыўнай і за столькі гадоў знаходжання ў творчым асяроддзі вельмі добра разбіраецца ў музыцы. Наталля Яўгенаўна не толькі дарадца дачкі, але і строгі настаўнік, які працуе з ёй у адной камандзе. Тата, Яўген Варфаламеевіч, таксама заўсёды на сувязі, падтрымлівае маральна, глядзіць канцэрты з удзелам дачкі па тэлебачанні.

Мінулы год для спявачкі быў багаты на падзеі. Шмат выступленняў: «Славянскі базар», «Александрыя збірае сяброў», фестываль «Лістапад», падчас якога для Ангеліны было вялікім гонарам прайсці па чырвонай дарожцы ў прыгожай вячэрняй сукенцы. Маладая артыстка кожны год бярэ ўдзел у зімовых святах — у традыцыйным навагоднім балі ў Вялікім тэатры оперы і балета і навагодніх казках, у акцыі «Нашы дзеці». Выступае ў тэатры эстрады. А сёлета яна запланавала шмат новых праектаў. Аднак вучоба таксама стаіць не на апошнім месцы.

— Для мяне было важна з першага класа вучыцца «на выдатна», хоць бацькі і не настойвалі. Так склалася, што я не магу інакш (смяецца). Цяпер у маім жыцці вельмі адказны этап, складаны і хвалюючы, як і для кожнага выпускніка. Вырашаецца далейшы лёс, але мы ўпарта ідзём да мэты (усміхаецца), хоць складана сумяшчаць творчую дзейнасць і вучобу ў гімназіі, — расказвае Ангеліна.

Пасля школы маладая артыстка наведвае балетную студыю. Яна ўспамінае, як першы раз бацькі адвялі яе на спектакль «Прыгажуня, якая спіць». Ёй было шэсць гадоў. Маленькая Ангеліна была пад уражаннем — сказала маме, што хоча паспрабаваць. Бацькі былі супраць балета, бо ведалі, як гэта складана. Аддалі яе на бальныя танцы. Аднак дачка запратэставала — гэта не балет! Прыйшлося змірыцца з жаданнем дачкі і запісаць яе ў прафесійную балетную студыю.

— Балет — як спорт, — дзеліцца Ангеліна, — патрабуе шмат сіл і часу. У маім графіку ён займаў вялікую частку і быў у большым прыярытэце за вакал. Марай было паступіць на харэаграфічны. Але гэтаму, на жаль, не паспрыялі абставіны. Сёння я працягваю займацца ім у якасці хобі і разгрузкі пасля канцэртаў (усміхаецца). А яшчэ балет — цудоўная альтэрнатыва трэнажорнай зале, — гаворыць спявачка. — Ён уключае і расцяжку, і фізічныя нагрузкі і цудоўна падтрымлівае паставу.

У Ангеліны шмат захапленняў, аднак гэтага ёй недастаткова. Яна хоча іх спіс яшчэ пашырыць. Вось, напрыклад, дайвінг — яе даўняя мара, дакладней, мэта, якую сабе ўжо паставіла.

— Я пачынала вельмі ўпарта, аднак захварэла, і мне не хапіла крыху заняткаў, каб атрымаць сертыфікат. Але я не прывыкла кідаць справу напаўшляху і ведаю, што гэтым летам абавязкова дасягну мэту.

А пакуль наша гераіня трэніруецца, хоць, як яна прызналася, апусканне пад ваду — адна з яе фобій.

— Мне заўсёды было крыху страшна, як і з верхавой яздой: я вельмі баюся коней (смяецца). Аднак імкнуся пераадолець свае страхі. Лічу, што ў жыцці трэба ўмець рабіць усё, — пераканана Ангеліна. — Калі мне кажуць: «А вось так зможаш?» Я адказваю сцвярджальна. (Усміхаецца.)

Кожны раз, калі дзяўчына чымсьці ў сваім жыцці займаецца, ёй хочацца рабіць гэта па-новаму. Мадэлінг не стаў выключэннем. Летась Ангеліна атрымала сертыфікат нацыянальнай школы прыгажосці. Дзяўчына прайшла падрыхтоўку і цяпер можа выходзіць на подыум у якасці прафесійнай мадэлі.

— Гэта была цудоўная падзея і адзін з пунктаў маіх жаданняў, які я выканала (смяецца). Мне заўсёды хацелася паспрабаваць сябе ў гэтай якасці, бо я высокая — 178 см, — расказвае Ангеліна.

Яшчэ адно захапленне, якое прымушае трымаць у тонусе мазгавую актыўнасць, — вывучэнне замежных моў.

— У школе вывучаю англійскую. З мовамі я на «ты». Вывучэнне новай мовы, бывае, атрымліваецца неспланавана: неабходна песня на пэўнай замежнай мове, вось і пачынаю цікавіцца. Так атрымалася і з турэцкай. Дарэчы, я нядрэнна размаўляю, чытаю на турэцкай, нямецкай, польскай і з нядаўняга часу на французскай. Вывучаць мовы было важна і актуальна, калі ездзіла на міжнародныя конкурсы...

...А іх хапае. У сваім юным узросце Ангеліна паспела пабываць на міжнародных фестывалях у Аўстраліі, Бельгіі, Амерыцы. У 2018-м, падчас творчай паездкі разам з дзецьмі з 17 краін, Ангеліна спявала на гарадскіх плошчах Нью-Джэрсі, дзе збіралася каля сямі тысяч гледачоў. Разам з такімі ж маладымі і амбіцыйнымі наша гераіня пабывала ў Доме ўрада, Белым доме.

— Гэта быў інтэрнацыянальны фестываль, — прыгадвае спявачка, — дзе дзеці, прадстаўнікі розных краін, дзяліліся культурай сваёй радзімы і спявалі на роднай мове. Я тады прадстаўляла Беларусь, і, ведаеце, гэта была адказная місія, хвалюючая. Заўсёды ганаруся, калі на сцэне трымаю сцяг сваёй краіны і прадстаўляю родную Беларусь! — дзеліцца Ангеліна.

У Нью-Джэрсі на конкурсе, які праходзіў у тры этапы, яна заняла другое месца. І, па словах дзяўчыны, гэта адзін з самых маштабных конкурсаў у яе жыцці.

Не менш дзівосных успамінаў у суразмоўніцы пакінуў вядомы лагер «Артэк».

— Трапіць туды — мара не толькі цяперашняга пакалення дзяцей, але і маіх бацькоў, — гаворыць Ангеліна. — У «Артэк» немагчыма паехаць проста так, нельга ўзяць і набыць пуцёўку. У гэты летнік на дадзены момант (і гэта цудоўна) трапляюць адораныя дзеці, тыя, якія заслужылі гэта права, дзякуючы сваім дасягненням. Таму я не стала выключэннем і пабывала ў «Артэку» тройчы. Апынулася там за выдатную вучобу, а таксама за мае вакальныя поспехі.

На песенным конкурсе ў лагеры падчас дзён славянскай культуры Ангеліна выконвала «Касіў Ясь канюшыну».

— Я спявала пад дзіцячы аркестр, які складаўся з тых, хто таксама выйграў пуцёўку. І магу сказаць, што «Артэк» — гэта краіна дзяцінства. Адзін з найлепшых лагераў, у якіх я была.

Як толькі Ангеліна даведалася, што ёсць адмысловая прэмія «Зорка Артэка», дзе выбіраюць найлепшых сярод лепшых, дзяўчына вырашыла абавязкова яе атрымаць. І не здрадзіла свайму абяцанню (дарэчы, як заўсёды) — у 2019-м ганаровы знак «Зорка Артэка» быў у яе руках.

Акрамя ўсяго пералічанага, Ангеліна яшчэ паспявае выступаць на сцэне Маладзёжнага тэатра эстрады. Пачынаючая артыстка гаворыць, што ў будучыні хацела б стаць салісткай тэатра. Гэта яе маленькая мара, якая, як яна спадзяецца, хутка спраўдзіцца. А пакуль наперадзе яе чакаюць экзамены і паступленне ў ВНУ. Наконт абранай спецыяльнасці гаварыць не спяшаецца. Ангеліна ўпэўнена заяўляе, што даўно вызначылася, аднак падзеліцца сваім выбарам толькі ўвосень, калі ўсё ажыццявіцца.

— Якога ж графіку прытрымлівацца, каб усё паспяваць, як вы, Ангеліна? — пытаюся я.

— Мой дзень пачынаецца, як і ў любога школьніка, у 6.50. Першае па раскладзе — сняданак. Я лічу, што паўнавартаснае, збалансаванае харчаванне таксама важна пры маёй штодзённай нагрузцы. Да гэтага мяне прывучылі бацькі. І гэта не проста кубачак кавы раніцай (я не люблю каву). П’ю какаву — энергетык, які дапамагае. Ну і, канешне, які сняданак без яечні альбо аўсянай кашы. Гэта страва добра зараджае на вучобу.

— Пасля школы, — расказвае дзяўчына, — трэба паспець на дадатковыя заняткі: мяне забірае матуля. Яна прывозіць гарачую ежу, каб я магла добра падсілкавацца для спраў, якія чакаюць наперадзе. Пасля мы едзем на заняткі — па вакале альбо мовах, на балет альбо выступленні.

Дзень Ангеліны завяршаецца выкананнем «дамашкі».

— Я прыязджаю дадому не раней за шэсць-сем вечара. Як правіла, пасля канцэртаў, у восем—дзесяць гадзін. Гэта, вядома, складана, і, каб усё паспець, урокі пачынаю рабіць у дарозе альбо ў грымёрцы.

Аднак пры гэтым дзяўчына стараецца прытрымлівацца рэжыму, тым больш гэта кантралююць і бацькі.

— Неабходна як след высыпацца, таму што ад гэтага церпіць і здароўе, і твае сілы, — пераканана Ангеліна.

У выхадныя дні гімназістка можа дазволіць сабе пачытаць ці паглядзець фільм. Менавіта ў гэты час бацькі стараюцца разгрузіць актыўную школьніцу ад спраў і бавяць час разам, звычайна на прыродзе альбо ў падарожжах.

Дзяўчына лічыць, што вельмі важна памятаць, адкуль твае карані і клапаціцца пра свой любімы горад. Нягледзячы на тое, што Ангеліна аб’ездзіла шмат краін, Беларусь для яе застаецца самай прыгожай і любімай. І хоць нарадзілася наша гераіня ў сталіцы, аднак сваёй малой радзімай лічыць радзіму бацькоў — Слонім.

— У ім я адчуваю сябе вельмі шчаслівай і спакойнай, — гаворыць Ангеліна, — там узнаўляюся пасля канцэртнага жыцця, урокаў, сустракаюся са сваімі бабулямі.

Важна таксама мець сувязь са старэйшым пакаленнем свайго роду, мяркуе суразмоўніца. Таму, прыязджаючы да бабуль, яны разам чаруюць на кухні ці ідуць на шпацыр у слонімскі парк, за размоваю любяць бавіць час каля ракі Шчары.

— А яшчэ ў нас у сям’і ёсць традыцыя, — гаворыць Ангеліна, — я вельмі люблю пячы торцікі. Люблю песціць імі сваіх родных.

На развітанне я не магла не спытаць у Ангеліны, як жа ёй удаецца ажыццяўляць свае мары?

— Можна выканаць усё, нават калі здаецца, што гэта немагчыма, — упэўнена адказвае Ангеліна. — Галоўнае — мець жаданне і настойлівасць. І ўсе мары рэалізуюцца, нават самыя неардынарныя і, здавалася б, непадуладныя табе.

Надзея ЗУЕВА

Фота з архіва гераіні

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.