Вы тут

«Дзіцячая Хатынь» у Красным Беразе


Ёсць у Беларусі месца, вядомае, як «Дзіцячая Хатынь» — гэта мемарыяльны комплекс, размешчаны на месцы былога канцлагера ў вёсцы Красны Бераг Жлобінскага раёна.


Калісьці на гэтым месцы быў своеасаблівы зборны пункт, дзе адбіралі здаровых дзяцей, якія маглі б стаць донарамі для нямецкіх салдат. Асобай папулярнасцю ў той час карысталася першая станоўчая група крыві. Праз гэты лагер прайшлі каля 12 тысяч дзяцей з Беларусі і СССР. Каля 2 тысяч з Рагачоўскага, Добрушскага і Жлобінскага раёнаў былі адпраўлены ў Германію ў якасці донараў. Збор крыві праводзілі і на тэрыторыі самога лагера. За ўвесь час яго існаванне тут загінула больш за 5 тысяч чалавек.

Унікальны мемарыял, які не мае аналагаў ва ўсім свеце, быў створаны заслужаным архітэктарам Беларусі Леанідам Левіным. Наведвальнікаў «Дзіцячай Хатыні» сустракае скульптура дзяўчынкі. Знясіленае дзіця, быццам у спробе абараніцца ўздымае свае тоненькія рукі. Далей ідзе кампазіцыя «Белы клас». Такое адчуванне, што вось-вось скончыўся ўрок і ўсе ўцяклі на перамену. Але, на жаль, гэтыя дзеці ніколі больш не сядуць за школьныя парты. Перад імі стаіць чорная дошка, на якой размешчаны сапраўдны тэкст ліста 15-гадовай Каці Сусанінай да свайго бацькі-франтавіка — своеасаблівае завяшчанне дзяўчынкі. Яна напісала яго перад тым, як здзейсніць самагубства. Толькі гэта змагло зберагчы яе ад пераправы ў Германію. Далей ідзе самая светлая частка мемарыяла з караблікам Надзеі і мноствам дзіцячых малюнкаў. Здавалася б, добрыя светлыя малюнкі… Аднак пасля скульптуры дзяўчынкі, «Белага класа» і ліста Каці Сусанінай усё гэта ўспрымаецца зусім у іншым кантэксце. Варта абавязкова наведваць такія месцы, каб узгадаць для сябе сапраўдныя чалавечыя каштоўнасці.

Лізавета ГОЛАД

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі?