Вы тут

У Гродне дэпутаты разгледзелі праблему падрыхтоўкі кадраў


Падчас пасяджэння прэзідыума абласнога Савета размова ішла аб кірунках работы сістэмы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі па забеспячэнні галін эканомікі кваліфікаванымі спецыялістамі. Быў зроблены акцэнт на тым, якія меры прымаюцца органамі дзяржаўнага кіравання і самакіравання па выдзяленні першага працоўнага месца і што залежыць ад дэпутацкага корпуса ў вырашэнні гэтых праблем.


Стратэгія на якасць навучання

Па словах старшыні Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алены Пасюты, дзяржава робіць многае для падрыхтоўкі спецыялістаў, але кадравы голад існуе. У асноўным з-за недахопу спецыялістаў рабочых прафесій. У той жа час многія выпускнікі ВНУ з юрыдычнай і эканамічнай спецыяльнасцямі аказваюцца незапатрабаванымі на рынку працы. Маладым людзям важна ўсвядоміць, што няма асаблівай патрэбы ў тым, каб атрымаць вышэйшую адукацыю і потым шукаць сабе працу. А многія яшчэ і не працуюць па спецыяльнасці. А вось рабочая прафесія — надзейны фундамент для будучыні. У гэтым плане больш шанцаў маюць якраз спецыялісты, якія атрымалі рабочыя прафесіі. Яны, як правіла, заўсёды запатрабаваныя. Вось толькі прэстыж рабочых прафесій не на высокім узроўні. Па-ранейшаму захоўваецца трэнд на вышэйшую адукацыю, у той час як атрыманне рабочых прафесій адышло на другі план. І гэты перакос якраз і варта мяняць у сучасных эканамічных умовах.

— Для паскоранага развіцця краіны неабходны кадры, у значнай ступені рабочых прафесій, спецыялісты для прамысловасці і сельскай гаспадаркі, — падкрэсліла Алена Пасюта. — Задача нумар адзін у дэпутатаў — гэта паглядзець, як узаемадзейнічаюць заказчыкі кадраў і тыя выканаўцы, якія іх рыхтуюць. Сёння прадпрыемствы хочуць атрымаць падрыхтаванага спецыяліста. Таму выпускнікі сярэдніх спецыяльных і прафесійна-тэхнічных устаноў павінны быць гатовы да першага працоўнага месца, а пры атрыманні вышэйшай ступені адукацыі маглі разумець усе працэсы і прымаць правільныя рашэнні пры кіраванні імі. У сваю чаргу, заканадаўцы павінны звярнуць увагу на тое, якім чынам актывізаваць працэсы якаснага навучання і развіць гэта паўсюдна па краіне.

Перад каледжамі стаіць задача не проста падрыхтаваць работніка, а выпусціць кваліфікаванага спецыяліста высокага прафесійнага ўзроўню. На гэта скіраваны і самі ўстановы адукацыі. А тыя, што працуюць неэфектыўна, будуць закрывацца, папярэдзіла Алена Пасюта. Такое рашэнне будзе прымацца на сесіі аблсавета.

Старшыня абласнога Савета дэпутатаў таксама звярнула ўвагу на неабходнасць узаемадзеяння навучальных устаноў з прадпрыемствамі. Пакуль у гэтым плане больш актыўна вядзе работу прыватны бізнес, дзе ёсць пэўныя прэферэнцыі для маладых спецыялістаў і адбор маладых кадраў вядзецца даволі дасканала. А вось дзяржаўныя структуры ў гэтым плане адстаюць, зазначыла кіраўнік дэпутацкага корпуса рэгіёна.

— Кадры трэба купляць, — справядліва лічыць Алена Пасюта. — Не толькі зарплатай, але і ўмовамі працы і быту, магчымасцю росту маладых спецыялістаў. У сваю чаргу, і спецыялісты павінны адпавядаць тым запытам, якія патрабуе работадаўца.

Інавацыі — адзін з «кітоў» сучаснай падрыхтоўкі кадраў. Адны толькі лекцыі і падручнікі — гэта пазаўчарашні дзень. Сёння на першы план выходзіць інавацыйны падыход, у прыватнасці стварэнне цэнтраў кампетэнцый, дзе навучэнцы адпрацоўваюць свае тэарэтычныя веды на тых вузлах і агрэгатах, якія ёсць у прамысловасці і сельскай гаспадарцы. У сувязі з гэтым дэпутаты бачаць сваю задачу у тым, каб выходзіць на ведамствы і профільныя міністэрствы з прапановай больш шырока прадстаўляць навучэнцам тыя навінкі, якія з'яўляюцца на вытворчасці.

У топе — рабочыя спецыяльнасці

Што такое прэстыж прафесіі, добра ведаюць у Гродзенскім дзяржаўным электратэхнічным каледжы. Тут прадстаўнікі дэпутацкага корпуса азнаёміліся з навучальнай базай установы адукацыі. Штогод адсюль выходзіць каля 250 спецыялістаў электратэхнічнага і аўтамеханічнага профіляў, усе размяркоўваюцца на прадпрыемствы краіны згодна з заяўкамі. Расце попыт на выпускнікоў каледжа ў будаўнічых арганізацыях.

Каледж мае вялікі вопыт падрыхтоўкі кадраў, яго гісторыя пачынаецца з 1939 года. Гэта адна з самых буйных і папулярных навучальных сярэдніх спецыяльных прафесійных устаноў рэгіёна. Былыя традыцыі падмацоўваюцца новымі тэхналогіямі. Для падрыхтоўкі выкарыстоўваецца даволі багатая база: 17 майстэрань, свой аўтадром, аўташкола, шынамантаж, станцыя электраабслугоўвання, вучэбны палігон, сваё праграмнае забеспячэнне для дыягностыкі аўтамабіля. Усё гэта дазваляе наблізіць падрыхтоўку да рэальных умоў працы.

Дэпутатам прадставілі абсталяванне, якім тут карыстаюцца ў навучальным працэсе. Выклікаў цікавасць рэальны стэнд па вывучэнні асвятлення з рознымі рэжымамі ў розныя гадзіны сутак. Некаторыя праграмы з усімі вытворчымі лініямі рыхтуюцца нават для прадпрыемстваў. Па словах выкладчыка Ігара Сталярова, адна з апошніх распрацовак — лінія аўтаматычнага ўключэння рэзерву. Яна запрацуе, калі нейкая частка электрычнай сеткі раптам спынілася. Рэзервовая лінія запраграмавана ў электронным блоку на самых апошніх элементах. Прычым усё абсталяванне — гэта творчасць саміх вучняў і педагогаў.

Для асваення альтэрнатыўнай энергетыкі створана панэль сонечных батарэй, якая таксама рэальна працуе. Гэтая распрацоўка высока ацэнена нават на ўзроўні краіны. Макет ветраўстаноўкі створаны па аналогіі з дзеючымі ветракамі.

Аўтаслесары і механікі трэніруюцца на сапраўдных аўтамабілях, якія стаяць у майстэрні і гаражы. Некалькі гадоў таму ў каледжы ўвялі новую спецыяльнасць — «тэхнік-электронік», якая адразу стала вельмі папулярнай. Як расказаў майстар вытворчага навучання Данііл Крыніцкі, летась конкурс на гэту спецыяльнасць пачынаўся з 8 балаў. Праблемы з працаўладкаваннем няма. У каледжы праходзяць конкурсы з удзелам незалежных экспертаў з СТА. Некаторыя прадстаўнікі станцый тэхабслугоўвання прапаноўваюць навучэнцам практыку, а таксама працоўныя месцы. Праўда, паколькі спецыяльнасць новая, у рэестры многіх прадпрыемстваў пакуль няма такой пасады, патлумачыў Данііл. Гэта значыць, што навучальны працэс працуе на апярэджанне попыту.

Іван Каратаеў з Навагрудка і Марк Казіміровіч з Гродна — будучыя аўтаслесары. Выбар зрабілі з-за таго, што любяць займацца аўтамабілямі. Іван рамантаваў і машыну бацькоў. Атрыманых ведаў, кажуць хлопцы, хапае нават з лішкам дзякуючы вытворчай базе. Можна адразу ісці працаваць пасля трох гадоў навучання альбо пайсці на вышэйшую ступень вучобы.

Як запэўніў дырэктар каледжа электратэхнікі Алег Рахунок, праблем з наборам няма. Каледж — адна з тых навучальных устаноў, дзе працуе цэнтр кампетэнцыі, ці, як іх раней называлі, рэсурсны цэнтр. Тут маюць магчымасць прайсці навучанне прадстаўнікі ўсяго рэгіёна па розных тэрмінах: ад некалькіх тыдняў да некалькіх месяцаў. Па словах дырэктара, праект рэсурснага цэнтра прайшоў абарону ў Міністэрстве адукацыі. Атрыманы першы транш у памеры 700 рублёў, што дае магчымасць закупіць абсталяванне для электра- і аўтамайстэрань. Наступны транш тут плануюць патраціць на электрамабіль, зарадную ўстаноўку і іншае.

Калі ёсць кантакт

Пры добрым узаемадзеянні навучальнай установы і прадпрыемства кадравая праблема паспяхова вырашаецца. Аб гэтым дэпутатам расказаў першы намеснік дырэктара — галоўны інжынер філіяла «Гродзенскія электрасеткі» РУП «Гроднаэнерга» Алег Ляпеша. Па яго словах, за апошнія пяць гадоў толькі ў філіял было прынята каля 20 маладых спецыялістаў, выпускнікоў каледжа. Сёлета працоўныя месцы атрымаюць яшчэ 6 чалавек.

Асноўным кірункам па ўзаемадзеянні з'яўляецца правядзенне як вытворчых практык, так і стажыроўкі выкладчыкаў навучальнай установы. На прадпрыемства пастаянна паступае новае абсталяванне, з якім знаёмяцца прадстаўнікі каледжа.

У сваю чаргу, кіраўнікі філіялаў сістэматычна запрашаюцца ў каледж для ўдзелу ў экзаменацыйных камісіях і абароне дыпломаў. Сёлета паміж электратэхнічным каледжам і філіялам «Гродзенскія электрасеткі» быў падпісаны дагавор аб узаемадзеянні.

— Мы свае дамовы паклалі на паперу, — канстатаваў Алег Ляпеша. — Правялі круглы стол з прадстаўнікамі каледжа, дзе ўзнімаліся пытанні як дзелавога супрацоўніцтва, так і праблемныя моманты па ўзроўні тэарэтычнай і практычнай падрыхтоўкі. Акрэслілі сумесныя мерапрыемствы, у тым ліку рэгулярныя экскурсіі навучэнцаў каледжа на прадпрыемства. У сувязі з павышанай бяспекай прымаюцца адпаведныя меры аховы працы. Таму мы выйшлі з прапановай чытаць у каледжы лекцыі па бяспецы на вытворчасці.

Павялічыць колькасць мэтавікаў

Мэтавая падрыхтоўка — найбольш перспектыўны варыянт замацавання кадраў, лічаць прадстаўнікі адукацыі. У Гродзенскай вобласці штогод выпускаецца звыш 5 тысяч кваліфікаваных рабочых спецыялістаў.

— На працягу апошніх гадоў павялічваецца план прыёму навучэнцаў ва ўмовах мэтавай падрыхтоўкі. З боку сістэмы адукацыі вядзецца накіраваная работа па падборы абітурыентаў для паступлення ў каледжы на аснове мэтавых дагавораў, — зазначыў начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Руслан Абрамчык. — Некаторыя сельгасарганізацыі ўстанаўліваюць стыпендыі для сваіх мэтавікаў на ўвесь перыяд навучання — тры ці дзве базавыя велічыні.

Па словах кіраўніка абласной адукацыі, каледжы зацікаўлены ва ўзаемадзеянні з базавымі арганізацыямі. Наладжана супрацоўніцтва з больш чым 900 заказчыкамі кадраў. Заключана звыш 200 дагавораў аб узаемадзеянні. Для навучэнца складаецца індывідуальна адукацыйны маршрут, ён праходзіць усе віды практыкі на базе замацаванага прадпрыемства.

Як падкрэсліў Руслан Абрамчык, сістэма адукацыі адгукаецца на новыя запыты заказчыкаў кадраў. За апошнія пяць гадоў у рэгіёне адкрыта сем новых спецыяльнасцяў сярэдняй спецыяльнай адукацыі і 15 кваліфікацый прафесійна-тэхнічнага профілю. На базе цэнтраў кампетэнцыі рыхтуюць кваліфікаваных работнікаў і спецыялістаў праз сеткавае навучанне профільных устаноў адукацыі. Для высокатэхналагічных вытворчасцяў вядзецца падрыхтоўка рабочых з высокім узроўнем кваліфікацыі. У 16 навучальных установах ажыццяўляецца эксперыментальна-інавацыйная дзейнасць.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Па статыстыцы на пяць хворых дзяўчынак прыходзіцца толькі адзін хлопчык.

Рэгіёны

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

Подзвіг ваенурачоў адлюстроўвае выстава Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі.