Вы тут

«Шталаг-324» — месца жаху і памяці


У Гродне на месцы былога лагера смерці у 60-я гады мінулага стагоддзя была ўстаноўлена высокая бетонная стэла. У памятныя даты тут праходзяць масавыя мерапрыемствы, да стэлы ўскладаюць кветкі і вянкі. На тэрыторыі заўсёды парадак. Але пакуль тут не вызначаны брацкія магілы, няма спіса загінулых вязняў. Работа над новым манументам распачыналася, але канцэпцыю не зацвердзілі. Ёсць прапанова надаць комплексу статус гісторыка-мемарыяльнага месца.


Аляксандр Сявенка каля стэлы на месцы «Шталага-324».

Летам 41-га года...

Ад цэнтра горада да тэрыторыі былога шталага — 15—20 хвілін язды. Цяпер гэта месца атачае гарадскі мікрараён Фолюш. Пры павароце да помніка стаіць указальнік. У сонечны чэрвеньскі дзень нават складана ўявіць, якія жудасныя падзеі разгортваліся на гэтым месцы 82 гады таму, летам 1941-га.

Па тэрыторыі былога шталага ідзём са старшынёй камісіі па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр вайны Гродзенскага абласнога Савета ветэранаў Аляксандрам Сявенкам.

— Тэрыторыя лагера займала 50 гектараў, — кажа мой спадарожнік. — Сёння тут гарадскі мікрараён, а ў 1941 годзе лагер знаходзіўся за пяць кіламетраў ад Гродна. З паўночнага боку лагер быў абмежаваны лесам і абрывам ракі Ласасянкі, з захаду — палатном вузкакалейкі, на ўсходнім баку размяшчалася адміністрацыя і ахова, а вось з паўднёвага боку лагер быў абмежаваны прасёлачнай дарогай, дзе цяпер праходзіць гарадская вуліца. І гэта толькі асноўная частка «Шталага-324», яго філіялы былі яшчэ ў некалькіх месцах горада.

Пасля праведзенага вясной суботніка тут даволі чыста, ужо другі год запар на гэтай тэрыторыі працуе абласная адміністрацыя. Аб'ект — адно з важных памятных месцаў рэгіёна. Тэрыторыя былога шталага нагадвае парк. Дрэвы, цяпер даволі магутныя, пасаджаны пасля вайны: магчыма, калі закладваўся помнік. На некаторых дрэвах поўнасцю спілаваныя галіны. Цяпер яны падобны на слупы і нагадваюць пра абарваныя жыцці.

...Ужо ў першыя дні вайны жыхары Гродзеншчыны зведалі страшныя рэаліі нямецка-фашысцкай акупацыі. На тэрыторыі сучаснага мікрараёна Фолюш захопнікі пакінулі асабліва крывавыя сляды. Тут з ліпеня 1941 года да восені 1942-га быў лагер для ваеннапалонных чырвонаармейцаў, а затым перасыльны лагер для яўрэйскага насельніцтва. Па загадзе нямецкага камандавання ваеннапалонныя вырылі на гэтай тэрыторыі каля сотні зямлянак памерам 6х25 метраў, з двайнымі нарамі. Там знаходзіліся як ваеннапалонныя, так і мірнае насельніцтва. Усяго тут утрымлівалі каля 36 тысяч чалавек. Многія паміралі ад голаду, раненняў і хвароб. Іх масава хавалі на ўскрайку ваеннага гарадка Фолюш.

Маштабы трагедыі

Гісторыя «Шталага-324» у розных крыніцах адрозніваецца з-за прывязкі да мясцовасці, расказвае прафесар кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы, доктар гістарычных навук Эдмунд Ярмусік. У сувязі з гэтым у літаратуры сустракаецца агульная назва «Лагер смерці ў раёне Фолюш-6». «Шталаг-324» знаходзіўся таксама ў Польшчы. Там пахавана больш за 40 тысяч савецкіх ваеннапалонных. Філіялы шталага знаходзіліся ў былых царскіх казармах у Гродне. Большая частка палонных лагера загінула. Відавочцы сведчылі, што са шталага няспынна ішлі павозкі з трупамі, іх хавалі за варотамі лагера, метраў за 200. Напачатку хавалі па пяць-дзесяць чалавек у адну магілу, а калі смяротнасць ад катаванняў і голаду вырасла, вывозілі па 200—300 памерлых і закопвалі ў адзін глыбокі роў 33х6 метраў і глыбінёй два метры. Пасля вайны было выяўлена каля 70  акіх магіл.

Вязень «Шталага-324» чырвонаармеец Павел Рабінін.

Вядома, што частка пахаванняў была знішчана фашыстамі пры адступленні, каб схаваць жудасныя злачынствы: на Фолюшы і ў іншых месцах раўнялі надмагільныя пагоркі, маскіравалі масавыя пахаванні, спальвалі астанкі.

Месца расстрэлаў вязняў лагера знаходзілася каля форта № 2 Гродзенскай крэпасці, якая будавалася падчас Першай сусветнай вайны. Тут расстрэльвалі мірных жыхароў і актывістаў супраціўлення. Потым іх закопвалі ў фартовых равах. Цяпер на гэтым месцы стаяць помнікі-крыжы.

У «Шталагу-324», дарэчы, знаходзіўся генерал-лейтэнант інжынерных войскаў Дзмітрый Карбышаў, які перад пачаткам вайны інспектаваў ход будаўніцтва фартыфікацыйных збудаванняў пад Гроднам. У ліпені ў складзе арміі ён апынуўся ў акружэнні, быў кантужаны падчас бою і трапіў у палон у непрытомным стане. Немцы прапанавалі яму супрацоўніцтва, але генерал адмовіўся і застаўся верны сваёй Айчыне. У хуткім часе яго адправілі ў канцлагер у Аўстрыі. Усім вядомы яго подзвіг: немцы аблівалі Дзмітрыя Карбышава вадой на марозе, ён пераўтварыўся ў ледзяны слуп, але не скарыўся ворагу. І такіх непакораных было нямала. Яны не пайшлі на супрацоўніцтва з фашыстамі, выбралі смерць замест здрады.

Аб чым расказалі раскопкі

Птушыны гоман вяртае нас у сучаснасць. Разам з Аляксандрам Сявенкам падыходзім да галоўнага манумента, які ўстаноўлены ў памяць вязняў шталага. Гэта стэла вышынёй у дзясятак метраў. Непадалёку — тры доўгія насыпы, парослыя травой. Гэта і ёсць пахаванні вязняў. Сюды прывозілі астанкі з розных раскопак.

Тут праводзіліся чатыры перапахаванні, кажа Сявенка. Цяпер тут спачывае каля пяці тысяч чалавек, на гарадскіх могілках — яшчэ чатыры тысячы. Каля васьмі тысяч пахаваны на ваенных могілках. Падлікі вяліся адразу пасля заканчэння вайны — былі створаны спецыяльныя камісіі. Але і сёння ў гісторыі лагера застаецца нямала белых плям.

Жэтон ваеннапалоннага.

— Пошукавая работа актывізавалася напрыканцы 2007 года, калі падчас будаўнічых работ па пракладцы камунікацый у ваенным гарадку Фолюш былі знойдзены астанкі ваеннапалонных «Шталага-324». Работы тады спынілі, прыйшлі пошукавікі — 52-і асобны батальён Міністэрства абароны Беларусі. Яны знайшлі астанкі 361 савецкага воіна, шэсць салдацкіх медальёнаў і шмат фрагментаў абмундзіравання. Летам 2008 года, падчас другога этапу, былі знойдзены астанкі яшчэ 1333 чырвонаармейцаў. Усіх перапахавалі на гарадскіх могілках, — расказвае Аляксандр Сявенка.

Там жа быў устаноўлены часовы абеліск, які ў хуткім часе быў заменены памятным знакам у выглядзе глыбы з чырвонага граніту, з'явіліся пліты з імёнамі загінулых, якія ўдалося ўстанавіць у ходзе пошуку.

Патрэбны новы мемарыял

У 1946 годзе Гродзенскія абласныя ўлады прынялі пастанову аб увекавечанні памяці воінаў Чырвонай Арміі і партызан, загінулых за Радзіму ў Вялікай Айчыннай вайне. Згодна з гэтым дакументам, было вырашана ўстанавіць помнік у раёне Фолюш, дзе размяшчаўся шталаг. Напачатку помнік уяўляў сабой невялікі пафарбаваны фанерны абеліск з чырвонай зоркай. Знаходзіўся ён у цэнтры брацкіх магіл, якія былі агароджаны невялікім драўляным плотам.

Урачыстае перапахаванне ахвяр «Шталага-324».

З цягам часу і плот, і абеліск прыйшлі ў заняпад, іх прыбралі, а тэрыторыя шталага і пахаванняў зарасла лесам. На гэта месца звярнулі ўвагу амаль праз 20 гадоў. Такім чынам, у сярэдзіне 1960-х на месцы фанернага помніка быў узведзены трывалы мемарыял, дзе цэнтральнае месца займае стэла з надпісам: «У гэтым раёне пахавана больш чым 14 тысяч савецкіх грамадзян, закатаваных і расстраляных нямецка-фашысцкімі акупантамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны». Стэлу ўстанавілі работнікі завода карданных валоў пры ўдзеле ваеннаслужачых.

За стэлай знаходзіцца бетонная сцяна з барэльефнай выявай тужлівай маці, факела і воіна. Па абодвух баках ад дарожкі ўстаноўлены пілоны з барэльефамі савецкіх воінаў і партызан. Тут зроблены кветнікі, высаджаны алеі кустоўя.

Разам з тым звяртаюць на сябе ўвагу брацкія магілы ў выглядзе земляных насыпаў. Каля адной з іх стаіць невялікі помнік з чорнага граніту.

— Гэтыя насыпы трэба спарадкаваць, надаць ім годны выгляд, — пагаджаецца Аляксандр Сявенка. — У некаторых месцах яны праселі, ніяк не ўказана, хто тут пахаваны. Пасля апошняга перапахавання прайшло нямала гадоў, таму мы ў Савеце ветэранаў Гродзенскай вобласці выступаем з ініцыятывай добраўпарадкаваць памятнае месца.

Вярнуць з небыцця

Па матэрыялах мемуараў былых вязняў устаноўлена, што ў шталагу размяшчэнне і пастраенне адбывалася ў адпаведнасці з нацыянальнасцю. Частку вязняў складалі беларусы і ваеннапалонныя іншых нацыянальнасцяў родам з Беларусі, а таксама мясцовыя жыхары, якія былі затрыманы на тэрыторыі Гродзенскага раёна. Праз лагер прайшлі і былі знішчаны каля 30 тысяч яўрэяў. Гэтыя звесткі дазваляюць аднесці тэрыторыю шталага да месца генацыду беларускага народа.

Салдацкі медальён з укладышам, знойдзены пры раскопках.

Яшчэ некалькі гадоў назад Савет Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў выйшаў з прапановай стварыць на месцы былога «Шталага-324» мемарыял. Сваю прапанову ініцыятары праекта звязваюць з тым, што побач знаходзіцца 6-я асобная механізаваная брыгада і ваенны факультэт ГрДУ імя Я. Купалы. Ужо стала традыцыяй праводзіць тут масавыя патрыятычныя і памятныя мерапрыемствы з удзелам моладзі, ветэранаў, прадстаўнікоў грамадскасці і працоўных калектываў, жыхароў горада. Але месца для ўсіх удзельнікаў не хапае, таму ўрачыстасці праходзяць на дарозе, адкуль потым усе ідуць да стэлы для ўскладання кветак. Пры новым праекце важна прадугледзець пляцоўку для масавых мерапрыемстваў.

Новы комплекс можа стаць важным турыстычным аб'ектам Беларусі, бо тут ушаноўваецца памяць аб удзельніках першых абарончых баёў чэрвеня 1941 года, якія тут адбываліся, і мірных ахвярах той страшнай вайны.

— Думаю, варта ўнесці гэты комплекс у спіс гісторыка-мемарыяльных месцаў. З гэтай мэтай мы падрыхтавалі даведку і аддалі ў гарвыканкам. Неабходна, каб гэта тэрыторыя была пад аховай дзяржавы, — заўважае Аляксандр Сявенка.

Спробы па стварэнні новага мемарыяла прымаліся і раней, цяпер канцэпцыя пераглядаецца, многае змянілася, тут пачалі будаваць царкву. Між тым ідэя аднаўлення помніка не адышла ў нябыт. Ёсць прапанова азнаёміцца з іншымі помнікамі, якія ўстаноўлены на месцы былых шталагаў.

У першую чаргу трэба звярнуць увагу на брацкія пахаванні і назваць пайменна тых, чые прозвішчы ўдалося вызначыць падчас пошукавых раскопак.

Па словах Аляксандра Сявенкі, вядома каля 1600 прозвішчаў. Усе яны павінны быць адлюстраваны на гранітных плітах. Пакуль многія з гэтых імёнаў нідзе не ўвекавечаны. Сюды маглі б прыязджаць нашчадкі тых, хто тут загінуў, ушаноўваць іх памяць, пакідаць кветкі і запальваць лампадку каля прозвішча продка.

Укладыш у медальён чырвонаармейца Паўла Рабініна.

— Яны аддалі сваё жыццё за будучыню і павінны быць названы пайменна, — упэўнены Аляксандр Сявенка. — Гэтыя людзі гераічна змагаліся з ворагам у першыя дні і месяцы вайны. Значная частка вязняў шталага — людзі знясіленыя, параненыя, якіх немцы бралі ў палон на полі бою. Яны не здаваліся да апошняга. Іх прывозілі ў таварных вагонах і выносілі на насілках. Сотні палонных так і не даехалі да лагера.

У сувязі з гэтым Аляксандр Сявенка, які дакладна ведае гісторыю шталага, прыгадаў расповед былога ваеннапалоннага, які знаходзіўся ў лагеры зімой 1941—1942 года. У студзені ў шталаг прыбыў эшалон з Бабруйска, у якім было 1200 ваеннапалонных. Калі вагон адчынілі, аказалася, што 800 чалавек у дарозе змерзлі і задыхнуліся. Праз паўгода з гэтага эшалона ў жывых засталіся толькі 60 чалавек.

Пакуль невядома канкрэтная колькасць загінулых. Па адных звестках называецца 14 тысяч, па іншых — ад 18 да 33 тысяч. Магчыма, гэта звязана з не зусім дакладнымі назвамі шталага і яго філіялаў, да таго ж не ўсе мемуарныя звесткі адпавядалі рэальнасці.

Канцэпцыю будучага мемарыяла ўзяліся распрацаваць студэнты факультэта мастацтва і дызайну ГрДУ імя Я. Купалы. Дарэчы, і папярэдні эскіз таксама быў прапанаваны гэтай вучэбнай установай. Праўда, цяпер будзе разглядацца іншая канцэпцыя. Умоўная назва мемарыяла «Каб помнілі». Як паведамілі ў Гродзенскім гарвыканкаме, пытанне знаходзіцца пад кантролем, ім актыўна займаюцца, вядзецца падрыхтоўка неабходных дакументаў для прысваення тэрыторыі «Шталага-324» статусу гісторыка-мемарыяльнага месца.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота Аляксандра СЯВЕНКІ


Праект створаны пры фінансавай падтрымцы ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта  № 131 ад 31 сакавіка 2022 года.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Прычына — даступныя крэдыты і ажыятажны попыт.

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.