Вы тут

У Беларусі сёння ўшаноўваюць памяць Еўфрасінні Полацкай


5 чэрвеня, у Дзень памяці прападобнай Еўфрасінні Полацкай, Сінод Беларускай Праваслаўнай царквы звярнуўся з пасланнем да паствы.


Фота: БелТА

Сёння 850 гадоў як святая Еўфрасіння Полацкая адышла ў лепшы свет. Святая лічыцца нябёснай апякункай зямлі беларускай. Князёўна Прадслава, унучка легендарнага полацкага князя Усяслава абрала шлях служэння Госпаду. Беларуская Праваслаўная царква ўзгадвае пра гэта і шануе памяць святой. З гэтай нагоды Сінод Беларускай праваслаўнай царквы накіраваў пасланне вернікам нашай краіны, у якім адзначаецца: 

«Сёння, у дзень Святога Духа, уся паўната Беларускай Праваслаўнай Царквы шануе памяць прападобнай маці нашай Еўфрасіні, ігуменні Полацкай: вялікай падзвіжніцы, асветніцы і малітоўніцы за беларускі народ.

Восем з паловай стагоддзяў споўнілася з таго дня, калі падчас свайго паломніцтва на Святую Зямлю прападобная Еўфрасіня перайшла з часовага жыцця ў вечнасць. „У Іерусаліме плоццю перастаўшыся, у Іерусалім горні духам перасяліся і тамо заўсёды за нас моліцца“, — спяваецца ў акафісце святой. Удалечыні ад родных мясцін, на зямной радзіме Збавіцеля свету, вымавіла прападобная свае апошнія малітвы. У „бачанні анёльскім“ было дадзена ёй даведацца аб надыходзячай смерці. Здзейсніўшы подзвіг узыходжання да духоўных вышыняў і прычасціўшыся Святых Хрыстовых Таямніц, аддала святая сваю несмяротную душу ў рукі Госпада. Па сконе ёй было дадзена вялікае права і магчымасць хадайнічаць у прастола Божага за сваіх нашчадкаў і ўсіх, хто шануе яе памяць.

Жыццё прападобнай Еўфрасіні Полацкай — яскравае сведчанне глыбокай веры і падзвіжніцкіх прац, нястомнай барацьбы са старым чалавекам у сабе і ўзрастання ў дабрадзейнасцях, узор мудрага духоўнага кіраўніцтва і дзейнага стварэння, і перш за ўсё, прыклад няспыннай гарачай малітвы. „Без Мяне не можаце рабіць нічога“ (Ін. 15, 5), — кажа Збавіцель. Так і прападобная Еўфрасіня, як добрая галіна, прывітая да Хрыста, лічыла, што ўсё яе спадзяванне ў Богу, а таму ўбачыла плады сваіх малітваў яшчэ пры зямным жыцці».

У пасланні гаворыцца, што Ігумення Полацкая жыла ў няпросты час міжусобных войнаў і няладу. Як сведчыць Жыццё святой, «яна скіроўвала ўсе свае сілы, каб прымірыць варагуючых: „Не бо жадаеш бачыць каго варагуючых, ні князя са князем, ні балярына з балярынам, ні ад простых каго са сваім сябрам, але ўсіх жадай меці, як адзіную душу“». Слова Еўфрасіні Полацкай мела такую сілу, у ім гучала такая ахвярная матчына любоў да ўсіх і кожнага, што яе слухаліся і князі, і ваяры, і простыя людзі.

Прападобная назаўжды ўвайшла ў памяць народную як асветніца. Яна не проста выказвала спагаду кніжнаму мастацтву, але перапісвала кнігі сваімі рукамі, а ўсе сродкі, атрыманыя ад іх продажу, раздавала жабракам. Праз яе апеку быў узведзены каменны Спаса-Праабражэнскі храм, упрыгожаны адухоўленымі роспісамі. Цудам Божым гэты храм дайшоў да нашых дзён як знак нятленнай прыгажосці Праваслаўя, радасць і суцяшэнне для паломнікаў з Беларусі і замежжа.

Па благаславенні прападобнай Еўфрасіні быў выраблены напрастольны крыж-каўчэг з часціцай Дрэва Крыжа Гасподняга і кропляй Крыві Збавіцеля, часціцамі камянёў ад Труны Гасподняй і Труны Божай Маці, мошчаў многіх святых угоднікаў Божых. «Чэснае дрэва неацэнна», — абвяшчаў зроблены на ім надпіс. Гэты крыж стаў духоўным сімвалам Беларусі, выявай хроснага лёсу і хроснай славы нашага шматпакутнага набожнага народа. У 1997 годзе Крыж прападобнай быў узноўлены, і сёння мы з глыбокай павагай пакланяемся гэтай вялікай святыні.

Усім сваім жыццём, ад юных гадоў і да апошняга ўздыху, выканала прападобная Еўфрасіня запаведзь Збавіцеля аб любові да Бога і блізкіх. Была яна «памагатай пакрыўджаным, смуткуючым — суцяшэннем, голым — адзеннем, хворым — наведваннем і, проста сказаць, для ўсіх была ўсім».

Як пры жыцці святая Еўфрасіня з кожным годам узрастала ў дабрадзейнасцях, так узрасталі слава і шанаванне прападобнай, якія рушылі ў след за яе блажэннай смерцю. Сведчанні мы знаходзім у стыхіры XII стагоддзя, прысвечанай «усячэснай Еўфрасіне», дзе яна характарызуецца як «дрэва, што асяняе, і некапанае карэнне Русцей зямлі». Жыццё святой Еўфрасіні Полацкай стараннем Наўгародскага архіепіскапа Макарыя, які пазней стаў Мітрапалітам Маскоўскім, было ўключана ў склад Вялікіх Чацьіх-Міняў.

Некаторы час мошчы угодніцы Хрыстовай знаходзіліся на Святой Зямлі, затым яе чэстнае цела перанеслі ў пячоры Кіева-Пячэрскай Лаўры. У 1910 годзе мошчы прападобнай былі ўрачыста перанесены з Кіева ў Полацк, дзе за выключэннем трагічных падзей ХХ стагоддзя, знаходзіліся і знаходзяцца дагэтуль.

Так, праз стагоддзі, вярнуўшыся ў свой зямны надзел, прападобная Еўфрасіня пацвердзіла прарочыя словы, вымаўленыя ёю на парозе апошняга падарожжа ў Святую Зямлю: «Не пакінуць я хачу вас, а памаліцца за сябе і за вас на тых святых месцах...».

У самыя страшныя багаборчыя часы, сярод ваеннага ліхалецця, у гады рэпрэсій і запусцення Полацкая падзвіжніца была разам з нашым народам. І зараз, калі ў адроджанай Спаса-Еўфрасіннеўскай абіцелі працягваецца манаскае жыццё, святая Еўфрасіня не пакідае нас сваім міласэрным заступніцтвам і малітоўнай дапамогай.

«Жыццёвы шлях вялікай Полацкай ігуменні — яскравы прыклад таго, што Праваслаўная Царква моцная не чалавечай, але Божай сілай. Сёння многія сцвярджаюць, што рытм сучаснага жыцця не пакідае сіл для глыбокай духоўнай працы. Аднак прыклад прападобнай сведчыць, што кожны час, у які Гасподзь дае нарадзіцца чалавеку, зручны для яго збаўлення. Сапраўдны хрысціянін заўсёды можа быць верным Хрысту і Яго запаведзям насуперак усім цяжкасцям і спакусам,» — гаворыцца ў пасланні.

«Сёння мы малітоўна шануем памяць вялікай святой беларускай зямлі — прападобнай Еўфрасіні, ігуменні Полацкай, і просім яе хадайніцтва ў прастола Божага за ўвесь наш народ, каб Бог дараваў нам Сваю дапамогу і стараннасць да духоўнага жыцця. Няхай па малітвах прападобнай Еўфрасіні Гасподзь захавае мір на нашай зямлі, даруе мір і згоду братнім народам, дапаможа кожнаму з нас імкнуцца да чысціні ўласнага сэрца і маральнай вышыні жыцця.

Прападобная і памятная, усіхвальная маці наша, Еўфрасіня, малі Бога за нас, грэшных!» — звяртаецца да вернікаў нашай краіны Сінод Беларускай Праваслаўнай царквы.

Выбар рэдакцыі

Адукацыя

Ірына Старавойтава: За гады суверэнітэту ў Беларусі сфарміравалася свая школа стварэння падручнікаў

Ірына Старавойтава: За гады суверэнітэту ў Беларусі сфарміравалася свая школа стварэння падручнікаў

«Для таго, каб стаць падручнікам, матэрыялы, падрыхтаваныя аўтарамі, праходзяць шмат этапаў экспертызы, абмеркаванняў на дыялогавых пляцоўках з педагогамі, узгадненняў, апрабацыю ва ўстановах адукацыі». 

Рэгіёны

З чым едзе Брэстчына на сёлетні Форум рэгіёнаў

З чым едзе Брэстчына на сёлетні Форум рэгіёнаў

Вобласць падрыхтавала ладны пакет прапаноў удзельнікам форуму.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.