З якіх кампанентаў складаецца імідж педагога? Як вы разумееце тэзіс пра тое, што педагог — гэта лідар? Назавіце якасці, якія перашкаджаюць эфектыўнай прафесійнай дзейнасці педагога... Да якіх наступстваў могуць прыводзіць яго памылкі? Назавіце плюсы і мінусы педагагічнай прафесіі. Што цікавага вы можаце расказаць іншаземцу пра сістэму адукацыі ў нашай краіне? Адказаць на гэтыя і многія іншыя пытанні было прапанавана выпускнікам профільных педагагічных класаў, якія пажадалі стаць студэнтамі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта і навучацца там на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі. У першы дзень лета па ўсёй краіне стартаваў надзвычай важны этап уступнай кампаніі — прыёмныя камісіі пачалі прыём дакументаў на мэтавыя месцы, які прадоўжыцца да 5 чэрвеня. У БДПУ, напрыклад, пад мэтавую падрыхтоўку выдзелена сёлета 293 месцы — на трэць больш, чым летась.
У адрозненне ад звычайных мэтавікаў, выпускнікам профільных педкласаў не трэба здаваць унутрыўніверсітэцкі экзамен. Яны праходзяць толькі сумоўе па змесце факультатыву «Уводзіны ў педагагічную прафесію» (цягнуць білет з двума пытаннямі) і прыносяць партфоліа «Я — педагог». У ім яны назапашваюць усе свае дасягненні, фіксуюць свае першыя педагагічныя пробы. Партфоліа дапамагае правесці самадыягностыку ўласных педагагічных здольнасцяў, адрэфлексаваць сваю педагагічную дзейнасць. Члены прыёмнай камісіі падкрэсліваюць: гэта менавіта сумоўе, а не экзамен. Яго галоўная мэта — убачыць матывацыйны складнік хлопцаў і дзяўчат... Трэба своечасова ставіць перад сабой пытанні «Ці магу я?», «Ці хачу я?» і шчыра на іх адказваць, бо педагогіка — гэта прызванне.
«Прафесія настаўніка — не для раўнадушных людзей, паколькі патрабуе шмат душэўных і эмацыянальных выдаткаў. Быць настаўнікам — значыць пастаянна задаваць сабе пытанні і шукаць на іх адказы кожны дзень, — напісала ў сваім эсэ выпускніца смалявіцкай сярэдняй школы № 1 Крысціна Сухаверхая. — Быць педагогам у сучаснай школе — гэта мастацтва, гатоўнасць на ўроках і ў стасунках прымераць на сябе дзясяткі сацыяльных роляў і прафесій. Дзіця — гэта адкрытая кніга. І толькі ад дарослых залежыць, што будзе напісана на яе старонках». Педагагічнае крэда дзяўчыны — словы Мікалая Гогаля: «Каб выхаваць іншага, мы павінны выхаваць найперш самога сабе». Дзяўчына хоча быць лагапедам, і, відаць па ўсім, у яе гэта атрымаецца.
У гонар пачатку прыёмнай кампаніі рэктар Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта Аляксандр Жук падарыў першым тром абітурыентам-мэтавікам сувеніры з сімволікай універсітэта. Сярод іх быў і Данііл Красноўскі з Кальчунскай сярэдняй школы Ашмянскага раёна. На выбар прафесіі яго натхніў школьны настаўнік гісторыі. Нядзіўна, што і Данііл вырашыў абраць той жа шлях — паступае на гістарычны факультэт. Узяў мэтавае накіраванне, каб вярнуцца ў свой раён. Спадзяецца, што ў недалёкім часе ён і яго любімы настаўнік стануць калегамі. Дарэчы, з чатырнаццаці вучняў профільнага класа восем абралі менавіта педагагічны шлях і сем з іх паступаюць у БДПУ: аднакласнікі Данііла плануюць стаць настаўнікамі біялогіі, геаграфіі, матэматыкі, фізікі, беларускай і англійскай мовы і фізічнай культуры...
Ніколькі не сумняваецца ў здзейсненым выбары і выпускніца сярэдняй школы № 14 з Маладзечна Ганна Грыдзюшка. Яна — прадстаўніца педагагічнай дынастыі, якая вядзе адлік аж з 1906 года і налічвае ўжо сем пакаленняў. Ганна таксама вырашыла не здраджваць сямейнай традыцыі — хоча стаць настаўніцай пачатковых класаў. Прызнаецца, што падчас вывучэння факультатыву самым цікавым раздзелам для яе была дзіцячая псіхалогія.
Ксенія Гардзіеўская — выпускніца 20-й сталічнай гімназіі, з якой у 2014 годзе і пачыналася адраджэнне ў краіне профільных педагагічных класаў. Сёння гімназія мае статус школы-лабараторыі вучэбна-навукова-інавацыйнага кластара бесперапыннай педагагічнай адукацыі. Ксенія прызнаецца, што, калі даводзілася назіраць за людзьмі з праблемамі з маўленнем, вельмі хацелася ім дапамагчы, зрабіць так, каб яны адчувалі сябе ў жыцці больш упэўненымі. Таму яе выбар — інклюзіўная адукацыя. Важна, што Ксенію чакаюць у роднай гімназіі, куды яна вернецца праз чатыры гады ўжо ў якасці педагога. Такая ўпэўненасць у дзяўчыны ёсць дзякуючы мэтавай падрыхтоўцы.
Рэктар БДПУ Аляксандр Жук канстатуе: «Колькасць педкласаў у краіне за апошні год істотна вырасла. Раней іх было 556, а цяпер — 756. Больш за 7,1 тысячы дзяцей навучаюцца сёння па гэтай прафілізацыі. Такія класы і групы запатрабаваныя. Больш за тое, беларускі досвед падрыхтоўкі будучых педагогаў праз сістэму профільнай падрыхтоўкі ў старшых класах школ вывучаецца і ў іншых краінах. Так, Расія, напрыклад, плануе стварыць у гэтым годзе 5 тысяч педагагічных класаў. Казахстан таксама вывучае наш досвед, і ў Алматы ўжо адкрыта 300 педагагічных класаў, гэта значыць, сістэма спрацоўвае. Мы з радасцю канстатуем, што сярод мэтавікаў у нас шмат выпускнікоў педагагічных класаў. З гэтага года навучэнцы педкласаў атрымалі магчымасць заключаць мэтавыя дагаворы на падрыхтоўку, пры гэтым за імі захоўваецца льгота на паступленне па выніках сумоўя. Гэта вельмі правільна, таму што ўжо сёння абітурыенты будуць ведаць пра свае прафесійныя перспектывы, куды яны пойдуць працаваць, бо многія вяртаюцца ў свае школы. Нам вельмі прыемна, што сярод абітурыентаў ёсць прадстаўнікі педагагічных дынастый не ў першым пакаленні. Гэта значыць, што хлопцы і дзяўчаты робяць усвядомлены выбар».
Аляксандр Жук дае выпускнікам профільных педкласаў, якія ўжо навучаюцца ва ўніверсітэце, вельмі высокую ацэнку: «Яны акадэмічна не менш паспяховыя, чым медалісты, пры гэтым, што вельмі важна для нас, сацыяльна актыўныя. Практычна ўсе займаюцца валанцёрскай работай, з’яўляюцца членамі грамадскіх аб’яднанняў, старастамі груп, уключаюцца ў рэалізацыю адукацыйных і сацыяльных праектаў, становяцца ўдзельнікамі студэнцкіх навукова-даследчых лабараторый, узначальваюць педагагічныя атрады. Яны складаюць касцяк студэнцкіх актываў факультэтаў і інстытутаў. Па іх ініцыятыве ва ўніверсітэце быў створаны клуб «ПРОфіль+».
У бягучым годзе на дзённую бюджэтную форму ў БДПУ плануюць залічыць амаль 900 чалавек, а мэтавікі складуць трэць ад гэтага набору. На ўмовах мэтавай падрыхтоўкі можна паступіць на 14 спецыяльнасцяў. Найбольшая колькасць заявак — на спецыяльнасцях «Пачатковая адукацыя» (52), «Спецыяльная і інклюзіўная адукацыя» (44) і «Філалагічная адукацыя» (35). Што датычыцца рэгіянальнага прадстаўніцтва, тут лідзіруе Мінская вобласць: мэтавікі з гэтага рэгіёна зоймуць 150 месцаў або палову з усіх наяўных. Мінск заказаў 74 мэтавікі, Гродзенская вобласць — 24.
Для абітурыентаў, якія паступаюць на мэтавыя месцы, але не навучаліся ў профільных педкласах, прадугледжаны ўнутрыўніверсітэцкі экзамен. «Як правіла, ён праходзіць у вуснай форме. Падчас экзамену будзе весціся аўдыя- і відэазапіс, усё будзе абсалютна празрыста, — заспакоіў Аляксандр Жук. — Да таго ж у складзе прыёмных камісій будуць працаваць і прадстаўнікі школ. Усё гэта дазволіць максімальна аб’ектыўна ацаніць узровень падрыхтоўкі абітурыентаў».
Надзея НІКАЛАЕВА
Фота аўтара
«Наш слоган — „У нагу з часам“».
«Я натхнялася творчасцю беларускіх бабуль...»
Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.