Вы тут

У ВД «Звязда» выйшла кніга, прысвечаная пісьменніку Ігару Хадановічу


У «Выдавецкім доме «Звязда» выйшла кніга, прысвечаная пісьменніку 1960-х — Ігару Хадановічу. Асабіста для мяне гэтая падзея надзвычайная. З маленства Ігар, мой зямляк, прысутнічае ў маім уяўленні як нешта дарагое і страчанае. Хаця ведаю пра яго толькі ад дарослых.


Кажуць, час усё расстаўляе па сваіх месцах. А я дадала б: і людзі, тыя, хто не раўнадушны да мінулага, хто вяртае да нас незаслужана забытыя імёны. Вацлаў Матусевіч, таксама мой зямляк па Дзяржыншчыне, робіць гэта самааддана. Выхад кнігі абудзіў і мае ўспаміны…

Не страчваецца дарагое…

Напэўна, у кожнага ў душы ёсць куточкі, дзе захоўваецца самае патаемнае, якое стала з гадамі асабліва каштоўным і дарагім. Тое, пра што хачу згадаць, датычыць майго юнага ўзросту і звязана з нявыказанай журбой і светлым сумам…

Месца майго нараджэння — вёска Навасады Дзяржынскага раёна, дзе гадавалася да школы пад наглядам любай  бабулькі Марыі Піліпаўны Сантаровіч.

Яна, школьная настаўніца, адкрыла перада мной дзіўны свет жыцця ва ўсіх яго радасных і гаротных праявах.

Бабулю, пасля заканчэння ў 1936 годзе педагагічнага вучылішча накіравалі ў незнаёмую вёску, дзе, па яе перакананні, павінна было быць шмат садоў (нездарма ж назва вёскі такая!). Так было насамрэч, і не адно дрэва, цэлы сад, пасля пасадзіць мая бабуля. І каля хаты, і каля школы з’явяцца пахучы бэз, беластволыя бярозкі. Маладзенькай настаўніцы, якая апынулася ў чужых людзях (у вёсцы, як вядома, кожны навідавоку), трэба было абжывацца, а галоўнае — заваяваць давер у дзяцей, іх бацькоў.

На той час, як вядома, у сельскай мясцовасці жыло шмат людзей, у сем’ях — не менш за пяць дзяцей. Таму і пачатковыя школы працавалі амаль у кожнай вёсцы. Настаўнікі вялі паміж сабой сяброўства. Я гэта добра ведаю, бо бабуля нярэдка называла імёны сваіх калег з вёсак Крыштафова, Пяніна (Корань), Дзямідавічы (Чэрнікава). Іх амаль кожны тыдзень выклікалі на нарады ў райцэнтр, дабірацца да якога пехатой даводзілася па 15—18 кіламетраў у адзін бок. Таму часцяком ішлі разам, гаманілі пра ўсё, чым займаліся на працы, як жылі, што хвалявала, дзяліліся сваім, асабістым. Яшчэ важна было трымацца ў дарозе адно аднаго, бо пасля вайны па ваколіцах блукалі незнаёмыя людзі (хто ведае, які ў каго намер). Больш за тое, у тутэйшых лясах развялося шмат ваўкоў, сустрэча з якімі не абяцала нічога прыемнага. Аднаго разу перад бабуляй паўстаў такі начны вандроўнік. Яго вочы свяціліся злавеснымі агеньчыкамі. У мяне і цяпер па скуры бягуць мурашкі, калі згадваю гэтую гісторыю, расказаную бабуляй падчас баўлення аднаго з вечароў на нашай любімай печы.

Першай кнігай, якая пакінула ў мяне незабыўныя ўражанні, стаў раман І. Шамякіна «Крыніцы», знойдзены на паліцы вытанчанай этажэркі, дзе бабуля захоўвала самыя каштоўныя для яе рэчы. Прысвечаны вясковай інтэлігенцыі, па-грамадзянску смелы і праблемны, твор знайшоў шырокі водгук у настаўніцтва. Думаю, была гэтая кніга і ў бабуліных калег, і яны не абышлі ў размовах вобразы кніжных герояў, прымяраючы іх супярэчлівыя характары на сябе.

Хадановічыха (менавіта так мае родныя называлі Марыю Ігнатаўну Хадановіч) — настаўніца з вёскі Шпількі — мела ў нашай сям’і асаблівую павагу. Не прыпомню, каб гэтая жанчына калісьці наведвала нас, а вось я аднаго разу дакладна пабывала ў яе хаце ў Шпільках, пабачыла гаспадыню ўжывую.

Бабуля некалькі разоў наважвалася на сустрэчу, ды ўсё не выпадала. (Вядома, колькі клопатаў улетку ў вёсцы.) І вось настаў той цудоўны ранак, калі мы выправіліся ў дарогу, ведаючы, што яна няблізкая (кіламетраў восем ад Навасад да Шпілек). Але бабулі, відаць, так карцела пабачыцца, што мы не сталі шкадаваць сваіх ног. Мне, сямігадовай чамучцы, хацелася новых, нязведаных уражанняў. Такі дальні паход за ваколіцы нашай вёскі мне здаўся чароўным падарожжам, якое і сапраўды яскрава запомнілася на ўсё жыццё. Не скажу, каб мы тады стаміліся.

Няхай і цьмяна, але ўяўляю сабе Хадановічыху: яе невысокага росту постаць, добразычлівы адкрыты твар — тыповы для жанчыны беларускай вёскі. Але яго адрознівалі і рысачкі адухоўленасці, высакароднасці, уласцівыя інтэлігентнаму чалавеку. Так было ў кожнага настаўніка, галоўнага на той час мясцовага асветніка. Гэтыя людзі, адукаваныя, дасведчаныя, неслі святло ў юныя душы. Настаўнік у пэўнай ступені спраўджваў запаветную мару сялян: даць дзецям адукацыю, каб тыя змаглі «выбіцца ў людзі». Нездарма ў вёсцы маю бабулю ўсё яе жыццё паважліва называлі Настаўніцай. Яно і не дзіўна, што і ў самой Марыі Ігнатаўны Хадановіч сын пайшоў па шляху творчасці. Атмасфера ў сям’і спрыяла яго духоўнаму росту.

Больш за ўсё мне запомніліся вочы Хадановічыхі. Яны засвяціліся, калі на парозе сустракала гасцей, але глыбокі смутак залёг на іх самае блакітна-шэрае дно і не даваў вырвацца на волю пявучай радасці. Яна адразу пасадзіла нас за стол, частавала свойскімі прысмакамі. Жанчыны слухалі ўважліва адна адну, часам глыбока ўздыхалі, прымаўкалі… Я, нягледзячы на свой малы ўзрост, суперажывала ім, часам, можа, і не разумеючы душэўны стан дарослых.

Маю бабулю з гэтай жанчынай зблізіла не толькі педагогіка, але і трагічнасць лёсаў. У студзені 1966 года загінуў Ігар Хадановіч. Як гэта было, тады, у сілу свайго ўзросту, не ўсвядоміла, з цягам часу мне стала зразумела — бессэнсоўна, па-дурному, ад рукі бандыта.

У сакавіку 1967 года памёр мой дзед Віталь, якому б жыць ды жыць. Для бабулі гэтая страта ператварылася ў бясконцы боль — так моцна яна кахала мужа. Бабуля па-мацярынску спачувала сяброўцы — Ігар нарадзіўся ў 1940 годзе, быў равеснікам яе дачкі, маёй маці Валі.

Крыўда не пакідала і ад таго, што вайну перажылі — ліхадзейны час, бяда магла напаткаць у любую хвіліну. Выжылі, акрыялі. Мужчыны пакінулі белы свет, калі жыццё наладзілася і абяцала светлую будучыню. Як вядома, у сярэдзіне 1960-х так і было: час рамантыкаў і здзяйсненняў у савецкім грамадстве.

Тады ў маю свядомасць увайшло невядомае датуль слова «пісьменнік». Пра Ігара мае блізкія казалі як пра вельмі таленавітага чалавека, і шкадаванне ўзрастала ад таго, што абарваўся яго лёс з ненапісаным, недагавораным, няствораным… Чытаючы яго творы, упэўніваешся ў вялікім творчым патэнцыяле аўтара.

З вышыні пражытых гадоў, з вопытам працяглай повязі з пісьменніцкай арганізацыяй бачу яго, Ігара Хадановіча, не занятае месца ў літаратуры — такіх апантаных, няўрымслівых, з нястомным пошукам уласнага адметнага светапогляду сярод нас, сучасных творцаў (няхай мне прабачаць калегі па пяры), не так і многа.

Жанчыны, страціўшы дарагіх людзей, як ніхто іншы, разумелі адна адну, роднасныя душы шукалі сустрэч. Тады своеасаблівым лекаваннем для маёй бабулі было маё нараджэнне, а для Хадановічыхі, па ўсім відаць, нараджэнне старэйшай дачкой Людмілай сына Юрыя. Бабулю, безумоўна, цешыў унук. Новае жыццё давала спадзеў на працяг роду.

Не ведаю, якім чынам, але ў нас у тыя гады з’явілася фота чарнявага хлопчыка ў зялёным касцюмчыку і чорных валёначках. Фатограф зняў малога ў крэсле, у поўны рост. На адваротным баку фотаздымка напісана прыгожым почыркам: «На добрую память Леночке от Юры. (В залог будущего знакомства). Январь 1969 г., г. Минск». З Юрыем мы так ніколі і не пабачыліся. А раптам мае прыязныя бацькі зрабілі ўзаемны крок і мой здымак адрасавалі хлопчыку?

Шмат прамільгнула гадоў. Час ад часу ў пісьменніцкіх колах добрым словам згадваецца імя майго земляка Ігара Хадановіча. Калі чую такое, ахоплівае хваляванне — не страчваецца дарагое.

Алена СТЭЛЬМАХ

Выбар рэдакцыі

Спорт

Фантастычнае шоу прайшло ў «Мінск-арэне»

Фантастычнае шоу прайшло ў «Мінск-арэне»

Час любіць, памятаць, ствараць і... перамагаць.

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.