Вы тут

Качанава: Некаторыя праблемы могуць патрабаваць змен у заканадаўстве


На мінулым тыдні Старшыня Савета Рэспублікі правяла выязны асабісты прыём грамадзян у Паставах Віцебскай вобласці. Адкрыты дыялог з уладай доўжыўся восем гадзін, на Віцебшчыну прыехалі людзі з усіх абласцей краіны. Запісалм самыя цікавыя моманты.


Першай са сваёй праблемай, якая цягнецца не адзін год, да Наталлі Іванаўны звярнулася жанчына з Гомельскага раёна. Пенсіянерку ў садовым таварыстве, дзе ў яе знаходзіцца дача, з 2016 года пераследуюць нядобразычлівыя суседзі. Па словах заяўніцы, справа не адзін раз даходзіла да бойкі, спрабавалі рабіць замах і на яе жыццё. У 2018 годзе яе дачу, дзе спаў маленькі ўнук, падпалілі. Саветам таварыства з дадзенай праблемай разабрацца не могуць. Наталля Качанава даручыла органам аховы правапарадку і мясцовым органам улады звярнуць на гэту сітуацыю пільную ўвагу.

Сям'я з Гродзенскай вобласці ў снежні мінулага года страціла 66-гадовую маці па прычыне памылкі ўрачоў. Жанчына паступіла ў Ваўкавыскую ЦРБ з моцным болем у жываце і тэмпературай. Абследаванне паставіла дыягназ — камяні ў жаўцяку, на працягу 10 дзён урачы лячылі пацыентку адпаведнымі прэпаратамі, не зважаючы ўвагу на тое, што боль не праходзіў, а тэмпература трымалася. Лячылі ад камянёў, але не заўважылі, што разам з гэтым развівалася складаная форма апендыцыту. Калі пачалі праводзіць больш дэталёвае даследаванне, было занадта позна — жанчына памерла ад перытаніту. Сям'я настойвае на вывучэнні правільнасці дзеянняў медыкаў. Старшыня Савета Рэспублікі даручыла адказным органам разабрацца ў гэтым выпадку і ўзяла пытанне на асабісты кантроль.

Тэму аховы здароўя працягнуў і малады ўрач-гігіеніст з Дзяржынска: ён узняў на прыёме два пытанні. Першае тычылася дыспансерызацыі насельніцтва, а канкрэтна — як аптымальна ахапіць ёй усе катэгорыі насельніцтва. «Цяпер на медыцынскі агляд на працоўным месцы выдзяляюць адзін вольны дзень, аптымальна сумясціць яго і з дыспансерызацыяй. Гэта дазволіць своечасова дыягнаставаць захворванні», — агучыў ідэю малады чалавек. «Гэта прапанова лагічная і рацыянальная. Аднак пытанне ў іншым: ці хопіць у нашай сістэмы аховы здароўя рэсурсаў на ўсіх узроўнях (пачынаючы ад раённых і да абласных устаноў), каб грамадзянін за адзін дзень мог наведаць усіх спецыялістаў? І не менш важна, каб агляд быў не дзеля «птушачкі» ў даведцы, а на якасным прафесійным узроўні, каб чалавек сапраўды быў запэўнены, што яго здароўе ў выдатным стане», — звярнула ўвагу Наталля Іванаўна.

Урач таксама выказаў думку, што медыкам сёння неабходна ўмець карыстацца сучаснымі тэхналогіямі, магчыма, у вышэйшых навучальных установах трэба ўводзіць дадатковыя дысцыпліны. А з мэтай інфармацыйнага забеспячэння сістэмы аховы здароўя над распрацоўкай прадукту павінны працаваць не толькі спецыялісты Міністэрства аховы здароўя, але і найлепшыя прадстаўнікі ІT-сферы нашай краіны. «Гэта пытанне таксама вельмі важнае для нашых грамадзян, над ім ужо працуюць — Міністэрству аховы здароўя і Парку высокіх тэхналогій дадзена даручэнне», — зазначыла спікер верхняй палаты парламента. Яна падзякавала маладому чалавеку за клопат не толькі пра сябе, але і пра ўсю сістэму аховы здароўя дзеля нашага насельніцтва.

Мужчына папрасіў дапамогі ў рамонце паловы дома, дзе за доўгія гады столь і драўляныя вокны прыйшлі ў нездавальняльны стан. Па словах заяўніка, пасля звароту ў суд мясцовыя органы ЖКГ сталі выконваць магчымыя бягучыя рамонтныя работы, аднак яны не выправяць сітуацыю. Прадстаўнікі ўпраўлення ЖКГ Мінскага аблвыканкама падкрэслілі, што ў наступным годзе будзе праводзіцца абследаванне на неабходнасць капітальнага рамонту. «Калі будынак сапраўды ў крытычным стане, правядзіце экспертызу ў найбліжэйшы час і накіроўвайце сілы і сродкі адразу на капітальны рамонт. Гэта рацыянальны і гаспадарскі падыход», — дала распараджэнне Наталля Іванаўна.

Мінчанін звярнуўся з праблемай нявыплаты зарплаты ў адной з будаўнічых кампаній. З красавіка мінулага года маладому чалавеку не выплацілі каля 26 тысяч рублёў, у падобнай сітуацыі аказаліся і больш за 100 іншых работнікаў фірмы, нават судовыя звароты не вырашылі сітуацыю. Падчас дыялогу высветлілася, што і дом, у якім мінчанін купіў кватэру, павінен быў быць здадзеным у эксплуатацыю ў снежні 2022-га. Палова сумы за запаветныя метры была выплачана, а вось на месцы, дзе ўжо павінна была стаяць шматпавярхоўка, і дагэтуль — катлаван. Пытанне ўзялі на кантроль, раздадзены адпаведныя даручэнні адказным асобам. Спікер асабліва падкрэсліла важнасць вырашэння падобных праблем, якім не павінна быць месца ў грамадстве: «Зарплату неабходна выплаціць, чаго б гэта ні каштавала».

Шматдзетны бацька з Мінска, які выхоўвае 5 дзяцей, папрасіў дапамогі ў выкарыстанні мацярынскага капіталу датэрмінова з мэтай паляпшэння жыллёвых умоў. Па законе 82 квадратных метраў кватэры цяпер хапае на семярых чалавек, аднак па факце будучым школьнікам няма дзе паставіць пісьмовыя сталы. Выключэнняў у заканадаўстве на такія выпадкі няма. Наталля Іванаўна выслухала мужчыну і паабяцала вывучыць гэта пытанне, каб дапамагчы.

Адразу траіх старшынь мінскіх таварыстваў уласнікаў хвалявалі змены ў Жыллёвым кодэксе, над праектам якога актыўна працуюць парламентарыі. З некаторымі пытаннямі яны згаджаліся, з іншымі — не. Напрыклад, прапанову «аднаму старшыні — адзін дом абслугоўвання» яны лічаць некарэктнай, бо цяпер, на думку заяўнікаў, яны і іх калегі выдатна спраўляюцца з некалькімі дамамі адначасова. Між тым яны падзякавалі Наталлі Качанавай за садзейнічанне ў праблеме ўсталявання шлагбаумаў, з якой звярталіся да старшыні верхняй палаты парламента падчас мінулых прыёмаў грамадзян.

Жыхарка Віцебска жыла з мужам і двума дзецьмі ў двухпакаёвай кватэры. Пасля разводу мужчына адсудзіў большы з двух пакояў, пакінуўшы жонку і дзяцей на малых метрах. У кватэры ён цяпер не пражывае, пакой мае намер прадаць. Заяўніца падала сустрэчны іск, прэтэндуючы на вялікі пакой з умовай таго, што агульны крэдыт і паслугі ЖКГ яна плаціць адна. Адказу пакуль няма. З падобнай праблемай звярнулася і шматдзетная маці з Пастаў: пасля разводу муж займае частку іх агульнага жылля, яна вымушана жыць у бацькоў. Па яе словах, у судзе не ўлічваліся інтарэсы дзяцей і з кім яны застаюцца, а яшчэ жанчыну абавязалі выплаціць мужу значную грашовую кампенсацыю. Старшыня Савета Рэспублікі даручыла органам сацабароны разабрацца ў гэтай справе і ўрэгуляваць жыллёвае пытанне з улікам інтарэсаў дзяцей. «Гэта не першы зварот, такіх выпадкаў даволі многа. Некаторыя праблемы могуць патрабаваць змен у заканадаўстве. Неабходна пры раздзеле маёмасці ўлічваць, з кім застаюцца дзеці», — падкрэсліла Наталля Качанава.

Таксама на прыёме ўзнімаліся пытанні электразабеспячэння для ацяплення дамоў і рамонту электрасетак, якія не вытрымліваюць узрослай запатрабаванасці ў жыльцоў, паляпшэння жыллёвых умоў у рэгіёне і іншыя праблемы. Па ўсіх зваротах Наталля Іванаўна дала адпаведныя даручэнні і ўзяла пытанні на свой кантроль.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Для непаседаў і іх бацькоў

Для непаседаў і іх бацькоў

Пабывалі ў першай дзіцячай мультыбрэндавай краме «Світанак Непаседа» і даведаліся, што пачым.