Вы тут

Як удзельнікі праграмы «Настаўнік для Беларусі» становяцца «батарэйкамі» для школы


Прафесія настаўніка падобная ігры на скрыпцы: можна проста прайграваць гамы, а можна, як Паганіні, лёгка дакранаючыся смыкам да струн, здабываць з яе боскія гукі, пакідаючы глыбокі след у душы кожнага дзіцяці. Але за ўяўнай лёгкасцю стаіць нябачная вучням тытанічная праца, вечныя сумненні і пачуццё незадаволенасці. Кожнаму педагогу патрабуюцца падтрымка калег, узаемадапамога і пастаяннае самаразвіццё. Падзяліцца адзін з адным сваімі прафесійнымі знаходкамі і метадычнымі «фішкамі» настаўнікі мелі магчымасць на Фестывалі эфектыўных педагагічных практык, які арганізавала каманда праграмы «Настаўнік для Беларусі» пры падтрымцы Міністэрства адукацыі. Фестываль невыпадкова прайшоў у сценах Акадэміі паслядыпломнай адукацыі — установе, галоўная функцыя якой — якраз павышэнне майстэрства педагогаў.


— Ад настаўніка сёння залежыць вельмі многае: ад абстаноўкі ў сям’і, школе, класе да абстаноўкі ў краіне ўвогуле, — падкрэсліў у сваёй прамове рэктар Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Алег Дзьячэнка. — Выяўленне таленавітых і інцытыўных на ўсіх узроўнях — агульнадзяржаўная задача, як і падтрымка ў грамадстве прэстыжу настаўніцкай прафесіі. Нам усім патрабуецца прызнанне. Спецыялісты ў сферы адукацыі вельмі хутка выгараюць, а фестываль — своеасаблівы энерджайзер, здольны зноў «запаліць» педагогаў, «падсілкаваць» іх прафесійны аптымізм. На адной пляцоўцы тут сабраліся і зусім маладыя, і вопытныя педагогі. Ім ёсць што сказаць адзін аднаму. Будучыню мы ствараем разам…

Фестываль прайшоў пад дэвізам «Больш чым настаўнік». Адной з яго задач было пазнаёміць удзельнікаў з праграмай «Настаўнік для Беларусі» і садзейнічаць пашырэнню прагрэсіўнай настаўніцкай супольнасці нашай краіны.

«Каб кожнае дзіця ў кожнай школе мела магчымасць раскрыць свой патэнцыял» — місія ўнікальнага рэспубліканскага праекта «Настаўнік для Беларусі», які рэалізоўваецца мясцовым фондам «Новая школа» пры падтрымцы Міністэрства адукацыі і Ашчадбанка. Банк стаў стратэгічным партнёрам і ключавым донарам праграмы. Яе мэта — прыцягнуць у школы ў невялікіх гарадах і населеных пунктах крэатыўных і неабыякавых настаўнікаў, якія хочуць і могуць прыўнесці ў сваю прафесію новыя цікавыя ідэі, умеюць спраўляцца з цяжкасцямі, захоўваючы аптымізм, імкнуцца да самаразвіцця, гатовыя да змен (у тым ліку і да пераезду на новае месца) і вераць у свае сілы.

Праграма разлічана на людзей, якія хочуць змяняцца і змяняць свет вакол сябе. На тых, хто не баіцца новага. На працягу двух гадоў удзельнікі вучаць і натхняюць, рэалізоўваюць праекты для мясцовай супольнасці, адкрываюць новыя напрамкі і вераць у патэнцыял кожнага дзіцяці, у магчымасці яго росту і развіцця.

За мінулы час было ўжо два выпускі з праграмы. Вось-вось адбудзецца трэці.

— Існуе шмат міфаў вакол нашай праграмы. Так, ёсць памылковае меркаванне, што «Настаўнік для Беларусі» — праект для маладых, — расказвае спецыяліст па рэкруцінгу Таццяна Крапіневіч. — Насамрэч гэты праект — для ўсіх. Самаму маладому нашаму ўдзельніку чацвёртага набору Мікіту Велігуру толькі споўнілася 20 гадоў, а самым вопытным удзельнікам — ужо за 50 і іх прафесійны стаж перавышае 25 гадоў. Самае галоўнае для будучага «настаўніка для Беларусі» — высокая і ўсвядомленая матывацыя, разуменне каштоўнасцяў праграмы і сваіх мэт на тэрмін яе рэалізацыі, актыўная лідарская пазіцыя, шчыры інтарэс да ўнутранага свету дзіцяці, камунікатыўныя навыкі, прыняцце індыівідуальнасці кожнага чалавека, пастаяннае імкненне да самаразвіцця і самаўдасканалення. Настаўнік павінен натхняць сваім прыкладам вучняў.

Усе, хто хоча далучыцца да «Настаўніка для Беларусі», запаўняюць анкету на сайце, затым іх чакае дыстанцыйнае інтэрв’ю. Трэці этап — групавы анлайн-тур працягласцю 4-5 гадзін. Падчас яго кандыдаты выконваюць цікавыя практыкаванні, якія дапамагаюць выявіць і ацаніць іх моцныя і слабыя бакі як настаўніка, пазіцыі і ўстаноўкі ў пытаннях адукацыі, гнуткасць і камунікабельнасць. Пры паспяховым праходжанні трох этапаў адбору будучыя ўдзельнікі атрымліваюць запрашэнне на Летні інтэнсіў — фінальны этап, дзе адбываецца напрацоўка педагагічных (і не толькі) навыкаў. Гэта этап максімальнага паглыблення ў педагогіку і сябе ў ёй, у праграму і яе каштоўнасці.

«Летні інтэнсіў яшчэ называюць лагерам для дарослых. Там амаль кругласутачна з настаўнікамі працуюць эксперты ў розных абласцях, а потым ужо самі настаўнікі арганізоўваюць цікавую праграму для дзяцей у рамках летняга лагера. Пра Летні інтэнсіў ужо ходзяць легенды, — усміхаецца Таццяна Крапіневіч. — Але менавіта па яго выніках прымаецца рашэнне аб далейшым удзеле ў праграме».

Цікава, што сама Таццяна — выпускніца праграмы другога набору. З Мінска яна паехала працаваць настаўнікам матэматыкі ў Ляхавічы і там засталася.

Дадатковы імпульс і шанц для ўсіх!

Трэба мець на ўвазе, што арганізатары аказваюць дапамогу ахвотным далучыцца да праграмы ў падборы школы, але можна застацца працаваць і ў сваёй. «Галоўнае, каб школа, у якой працуе кандыдат, падала заяўку на ўдзел у праграме, бо калі кандыдат пройдзе ўсе этапы адбору, але школа, у якой ён працуе, заяўку не дашле, мы, на жаль, не зможам узяць яго ў праграму», — канстатуе Алена Озерава, якая адказвае за камунікацыю са школамі. Яна таксама выпускніца другога набору праграмы, пераехала ў Чэрвеньскі раён з Бабруйска і цяпер узначальвае там школу ў аграгарадку Ляды.

На сёння ў праграме «Настаўнік для Беларусі» — 23 партнёрскія школы ў 19 раёнах, дзе працуюць удзельнікі трэцяга і чацвёртага набораў. А ўсяго за чатыры гады ўдзел у праграме прынялі ўжо 39 школ.

— Зразумела, што ў вялікім горадзе кіраўнікам устаноў адукацыі прасцей закрыць кадравыя вакансіі, чым у сельскай школе. Але для невялікіх школ удзел у праграме — гэта не проста магчымасць вырашыць праблему з кадрамі, але і шанц атрымаць дадатковы імпульс для развіцця ўстановы, — тлумачыць Алена Озерава. — У школ з’яўляюцца дадатковыя магчымасці для абмену вопытам і ведамі, павышэння кваліфікацыі калектыву. Мы арганізоўваем метадычныя выезды, сумесныя творчыя педсаветы, педагагічныя (не)канферэнцыі Edu-challenge, дзе адбываецца «пераапыленне» новымі ідэямі. Члены адміністрацыі школы становяцца ўдзельнікамі «Клуба дырэктараў», мы збіраемся разам і вырашаем надзённыя пытанні і праблемы, абменьваемся досведам.

Да таго ж кожны, хто стаў удзельнікам праграмы, павінен прыдумаць і рэалізаваць праект, які ўпішацца ў мясцовы кантэкст і зробіць школу цэнтрам лакальнай супольнасці. Гэта можа быць класны ці агульнашкольны праект, у які будуць уцягнуты і бацькі школьнікаў, і педагогі, і жыхары навакольных населеных пунктаў. Тэматыка можа быць шырокай: ад стварэння школьнага тэатра, музея да адкрыцця курсаў па праграмаванні і вырашэння экалагічных задач. Таму праграма стварае новыя магчымасці не толькі для дзяцей. Адзінае патрабаванне да школы: нам важна, каб яе калектыў падзяляў місію праграмы «Настаўнік для Беларусі». Каб усе гатовы былі змяняцца і імкнуцца да лепшага…

Цяпер пра падтрымку педагогаў, якія ўдзельнічаюць у праграме. Калі педагог пераязджае на новае месца, у школу, якая мае вострую патрэбу ў кадрах, яму кампенсуюць выдаткі на жыллё. Акрамя заработнай платы, удзельнікі праграмы атрымліваюць таксама стыпендыю за дадатковую нагрузку па рэалізацыі праектаў плюс кожны з іх забяспечваецца для зручнасці работы ноўтбукам. Праграма аказвае ўдзельнікам куратарскую, метадычную і праектную падтрымку, фарміруе актыўную супольнасць настаўнікаў-лідараў, дапамагае рэалізоўваць адукацыйныя спецпраекты.

Дарэчы, на працягу навучальнага года ў краіне праходзілі адборачныя туры Рэспубліканскага конкурсу «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь — 2023». Пераможцамі раённага этапа сталі сем удзельнікаў і чатыры выпускнікі праграмы «Настаўнік для Беларусі», у абласным этапе сваё прафесійнае майстэрства дэманстравалі чатыры ўдзельнікі праграмы і два выпускнікі. А Таццяна Крапіневіч, настаўніца матэматыкі Ляхавіцкай гімназіі, выпускніца другога набору праграмы, і Аксана Шукаловіч, настаўніца пачатковых класаў аршанскай гімназіі № 1, удзельніца чацвёртага набору, атрымалі перамогу ў абласным этапе і выйшлі, так бы мовіць, у фінал — заключны рэспубліканскі этап, які адбудзецца ў верасні гэтага года. Трэба заўважыць, што на ўсіх этапах удзельнікаў конкурсу прафмайстэрства падтрымлівалі іх метадысты і куратары з каманды «Настаўнік для Беларусі».

Вольга Ткачук і Ірына Адамовіч адказваюць у праекце «Настаўнік для Беларусі» за куратарскую і метадычную падтрымку яго ўдзельнікаў

— Я шчыра веру, што самы галоўны інструмент настаўніка — яго асоба. А куратары дапамагаюць пражываць свой шлях у прафесіі ўсвядомлена, — тлумачыць каардынатар куратарскай падтрымкі ў праграме «Настаўнік для Беларусі» Вольга Ткачук. — У фокусе нашай увагі — надпрафесійныя навыкі (Soft Skіlls) і асобаснае равіццё педагога. Мы ўпэўнены, што выдаткі часу, грошай і энергіі на сябе — гэта не выдаткі, а інвестыцыі. Мы падтрымліваем настаўнікаў, калі ў тых узнікаюць складаныя сітуацыі ў камунікацыі з вучнямі, калегамі, адміністрацыяй. Калі сілы зусім пакідаюць, яны могуць пачуць ад нас вельмі важныя і своечасовыя словы падтрымкі, мы заўсёды гатовы падставіць ім сваё плячо.

Асабістая эфектыўнасць: місія выканальная

У рамках фестывалю была арганізавана работа пляцовак, тэматыка якіх адпавядала відам падтрымкі ўдзельнікаў праграмы: так, дзейнічалі метадычныя пляцоўкі «Больш, чым методыка», «Больш, чым урок» і «Больш, чым супрацоўніцтва», праектныя пляцоўкі «Больш натхнення» і «Больш ідэй» і куратарская пляцоўка «Больш рэсурсаў».

— Час — адзін з самых каштоўных рэсурсаў, прычым рэсурс — неаднаўляльны. Ён імчыць наперад, і нам усё больш складана за ім паспець. Як жа навучыцца кіраваць рэсурсам? Калі ж мы не ўмеем гэта рабіць, не ўмеем знаходзіць час не толькі для працы, але і для сям’і, любімых заняткаў, мы вельмі хутка выгараем. Для педагога важна не толькі захаваць сябе, але і аддаваць энергію іншым. А што, на вашу думку, значыць — быць эфектыўным? — звярнулася да педагогаў настаўнік фізікі, куратар праграмы, адукатар і коўч Таццяна Багдановіч. — Я, як настаўнік, прызвычаілася вельмі шмат працаваць, ахвяраваць сном дзеля работы. Але насамрэч 20 працэнтаў намаганняў даюць 80 працэнтаў выніку і наадварот. Не трэба ўсё рабіць на «выдатна» — дастаткова зрабіць проста добра. Калі мы вельмі шмат сіл аддаём, гэта зусім не гарантыя, што на выхадзе атрымаем той вынік, на які разлічвалі. А нам, настаўнікам, нельга прыходзіць да дзяцей у безрэсурсным стане. Трэба дакрануцца да вучняў і іх «падзарадзіць».

Таццяна Багдановіч: «Педагогі скажуць, што ў школе ўсё вельмі важна і вельмі тэрмінова...»

А як вы думаеце, ці можа прыжыцца ў настаўніцкім асяроддзі тайм-менеджмент? Гэта тэхналогія кіравання часам прыйшла з бізнесу. Нам, творчым людзям, складана кіраваць часам, бо мы пастаянна адхіляемся ад курсу, але гэтаму можна навучыцца. Усе задачы падзяляюцца на тэрміновыя і важныя. Добры тайм-менеджмент — гэта не паспяваць рабіць усё, а рэгулярна паспяваць рабіць тое, што важна. Ён дапамагае расстаўляць прыярытэты…

Вядома, педагогі скажуць, што ў школе ўсё вельмі важна і вельмі тэрмінова. Між іншым, большасць людзей выбіраюць тэрміновыя, а не важныя справы. Навукоўцы прапанавалі ўдзельнікам эксперыменту выбраць, што рабіць у першую чаргу. Тэрміновыя справы выбіралі людзі, якія апісвалі сябе як «занятыя». Затое калі іх папрасілі абдумаць наступствы выбару той ці іншай задачы, яны аддавалі прыярытэт важным справам.

Прынцыпы тайм-менджменту — не распыляйцеся, разбярыцеся, куды сыходзіць час, плануйце, расстаўляйце прыярытэты, аўтаматызуйце руцінныя задачы, дэлегуйце частку сваіх задач дзецям.

Як не разрадзіцца ў нуль

Наталля Цецярук: «Як настаўніку не разрадзіцца ў нуль?»

Настаўнік беларускай мовы і літаратуры Павіцьеўскай сярэдняй школы Кобрынскага раёна, выпускніца першага набору і куратар праграмы «Настаўнік для Беларусі» Наталля Цецярук падзялілася сваімі лайфхакамі псіхалагічнага «выжывання»: «Першае правіла — ачысціце сваё працоўнае месца. У большасці людзей дамінуе левае паўшар’е, бо яно развіта больш. Асаблівасць дзейнасці левага паўшар’я заключаецца ў паслядоўнай, паэтапнай апрацоўцы інфармацыі. Пры гэтым ёмістасць „аператыўнай памяці“ левага паўшар’я складае ўсяго сем інфармацыйных адзінак. Псіхолагі кажуць, што калі ў вас будзе больш за сем прадметаў на стале, то ваш мозг будзе марнаваць занадта шмат энергіі».

Яшчэ адзін лайфхак ад Наталлі — вядзенне дзённіка асабістых дасягненняў. «Навукоўцамі ўстаноўлена, што, успамінаючы шчаслівыя моманты, мы быццам зноў пражываем тыя ж эмоцыі і наш стан мяняецца ў лепшы бок, — тлумачыць яна. — Дзённік матывуе на поспех, павышае настрой, бо часцей за ўсё карысныя справы, зробленыя за дзень, да вечара проста забываюцца. Дзённік умацоўвае веру ў сябе. Галоўнае правіла — запісваць дасягненні штодня! Давайце вучыцца гэтаму ў нашых дзяцей, якія любое сваё дзеянне могуць пераўтварыць у дасягненне. „Я намалявала карціны, я знайшла лядзяш, я размаўляла на „вы“ з настаўніцай па маляванні, я спала днём і я дала ледзяшу імя“ — вось які топ-5 сваіх дасягненняў за дзень склала мая вучаніца...»


Як стаць школай-партнёрам праграмы «Настаўнік для Беларусі»?

Трэба спампаваць і запоўніць заяўку на сайце і адправіць яе на адрас schools@teach4.by. На гэтай жа старонцы можна знайсці падрабязныя ўмовы ўдзелу школ-партнёраў. Калі вы ведаеце школы, якія маглі б прыняць удзел у праграме, раскажыце ім пра «Настаўніка для Беларусі».

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як ідзе галасаванне ў самым маладым раёне сталіцы?

Як ідзе галасаванне ў самым маладым раёне сталіцы?

«Абавязак кожнага беларуса — прагаласаваць за сваю будучыню».

Эканоміка

Эксперт: «Выкананне прагнозных паказчыкаў — задача складаная, але рэальная»

Эксперт: «Выкананне прагнозных паказчыкаў — задача складаная, але рэальная»

Мы змаглі пераадолець наступствы заходняга санкцыйнага ціску.

Палітыка

 «Якасць павінна стаць  рухавіком усіх працэсаў»

«Якасць павінна стаць рухавіком усіх працэсаў»

Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.