Вы тут

З якімі пытаннямі прыходзілі людзі на прыём да сенатара Сяргея Сіўца


Неабходна прывучыць людзей жыць па законе, і гэта датычыцца як асоб, так і арганізацый. Калі дакладна разумець зону адказнасці кожнага ў жыцці, яго кампетэнцыі і механізм рэалізацыі паўнамоцтваў, людзі будуць ведаць, у які орган звяртацца, калі ў іх узнікла пэўная жыццёвая сітуацыя, упэўнены Сяргей Сівец, старшыня пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве, які правёў у Мінску чарговы прыём грамадзян.


Непамытая столь

Таццяна прыйшла прасіць дапамагчы ёй працаўладкавацца на папярэдняе месца ў РУП ЖКГ Навагрудскага раёна, адкуль, на думку жанчыны, яе звольнілі несправядліва, бо яна не памыла столь у басейне. Афіцыйна ж скончыўся тэрмін кантракта, які не падоўжылі.

— Як я магла памыць столь, калі там глыбокі басейн і вада не спушчана? У мяне за час працы ніводнага наракання не было, на ўсе ўмовы пагаджалася, а цяпер тры гады работу знайсці не магу, — паскардзілася яна. — Пэўна, трэба было сваіх людзей на работу ўзяць, вось мне і адмовілі.

Адносна прэтэнзій жанчыны да былога кіраўніцтва па парушэнні заканадаўства і злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі сенатар параіў ёй звяртацца з заявай у пракуратуру і ўказваць, якія былі парушэнні:

— Мы не можам прымусіць наймальніка прыняць вас назад, бо гэта будзе парушэннем закона. Аднак на падставе вашага звароту ў Савет Рэспублікі падрыхтуем ліст, дзе папросім работадаўцу ўказаць прычыны непрадаўжэння кантракта, у тым ліку ўкажам вашы думкі на гэты конт (што вы фізічна не маглі памыць столь) і папросім даць інфармацыю пра магчымае прадаўжэнне кантракта з вамі ці альтэрнатыўныя спосабы вашага працаўладкавання. Яшчэ адзін запыт накіруем у райвыканкам, адзін з абавязкаў якога — арганізоўваць занятасць насельніцтва на сваёй тэрыторыі, — паабяцаў Сяргей Сівец.

Даплаціць за ўжо аплачанае…

Трымальнікі жыллёвых аблігацый «Жылбудкамплект» Марына і Іна ў 2017 годзе заключылі дагавор на будаўніцтва і аплацілі будучую кватэру на 100%. Цяпер ад іх патрабуюць даплаціць яшчэ амаль па дзве тысячы рублёў за м2. Дольшчыкі задаюцца пытаннем, чым кіруецца ўпраўленне капітальнага будаўніцтва (УКБ) «Захад» пры калькуляцыі цэн.

— Калі я цягам 60 дзён не заключу дагавор з УКБ «Захад», маю кватэру прададуць іншым. Аднак выканаць яго кабальныя ўмовы (плаціць па 17 тысяч штомесяц і яшчэ 0,02% пені штодня УКБ, калі не ўнясу патрэбныя грошы) я не ў стане. У мяне ёсць сумнеў у праве ўвогуле патрабаваць з нас такія даплаты, — акрэсліла сітуацыю Марына.

Сяргей Сівец падказаў, што, магчыма, трэба праводзіць экспертызу разлікаў, каб зразумець, ці правамоцная яна, а таксама патлумачыў сітуацыю з пункту гледжання права:

— Вас ніхто не можа прымусіць падпісаць дагавор. У вас ёсць дакументы, якія пацвярджаюць, што вы аплацілі Жылбудкамплекту грошы за аб’ект, незавершаны будаўніцтвам. Арганізацыя не выканала свае абавязкі перад вамі. Існуе такое паняцце, як віндыкацыйны іск на ўстанаўленне права ўласнасці, то-бок іск ад уласніка, які не валодае маёмасцю, да неўласніка, які маёмасцю валодае, аб вяртанні гэтай маёмасці. У дадзеным выпадку гэта будуць будаўнічыя матэрыялы, бо будаўніцтва незавершанае і дом не ўведзены ў эксплуатацыю. І вы — саўладальнікі часткі гэтых будаўнічых матэрыялаў.

Змова са сведкамі і хата без святла

Асобная катэгорыя — людзі, якія прайшлі ўжо ўсе этапы судовых цяжбаў па разглядзе спрэчак. У іх выпадках можа дзейнічаць толькі механізм абскарджвання судовых рашэнняў пракуратурай або вышэйстаячымі судовымі органамі, заўважыў Сяргей Сівец:

— Аднак людзі прыходзяць і да нас у надзеі, што статус органа дазволіць пад іншым ракурсам паглядзець на судовую справу. Не заўжды гэта магчыма, аднак у нас ёсць права на зварот, у тым ліку ў Генпракуратуру, каб прасігналізаваць, што ў чалавека праблема. Гэта дадатковы фільтр абароны маёмасных правоў і свабод нашых грамадзян, і скарыстацца такім правам я і мае калегі прапаноўваем на кожным прыёме.

Вось і наступныя наведвальнікі (муж і жонка) прыйшлі са скаргай на карупцыю (набыццё тэхнікі па завышаных цэнах, раздзяленне рахункаў на больш дробныя, каб не выходзіць на тэндар, і іншыя праявы) у арганізацыі «Агат-сістэм», дзе яны працавалі. Падставай для звальнення Лізаветы стала вымова за ўварванне ў кабінет да дырэктара падчас нібыта відэаканферэнцсувязі. Сужэнцы даказваюць, што такога мерапрыемства не было, а ёсць змова са сведкамі, падробка дакументаў, даванне несапраўдных сведчанняў.

— Жонка стала запісваць праявы карупцыі ў штотыднёвік, а я з гэтай інфармацыяй выступіў на нарадзе. Дырэктар даў даручэнне кіраўніку разабрацца з сітуацыяй, аднак замест гэтага пачаліся ганенні на Лізавету. Апошняй кропляй стала тое, што 21 снежня 2022 года яна разам з механікам выявіла, што для машын прадпрыемства запчасткі купляюцца ўдвая даражэйшыя. Пасля гэтага жонку адхілілі ад закупак, а механік звольніўся, — расказаў Ігар. — Яна напісала службовую запіску з просьбай патлумачыць, на падставе чаго яе адхілілі ад службовых абавязкаў. Праз два дні паступіла распараджэнне ёй напісаць тлумачальную пра ўварванне ў кабінет дырэктара падчас відэаканферэнцыі.

Сужэнцы звярнуліся ў Федэрацыю прафсаюзаў, адстойваючы свае правы. Суд яны прайгралі, бо сведкі паказалі, што мерапрыемства было. Ігар і Лізавета падалі апеляцыйную скаргу, указалі, што подпісы на дакументах адрозніваюцца, і ў Дзяржкамітэце судовых экспертыз гэта пацвердзілі. Аднак хадайніцтва на апеляцыйным судзе адхілілі. Пацвярджэнне таго, што сеанса відэасувязі ў той дзень не было, сужэнцам дапамог атрымаць пасля разбору Дзмітрый Пантус, першы намеснік старшыні Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта. Аднак і з гэтымі паперамі даказаць сваю правату яны ніяк не могуць.

Сенатар паабяцаў звярнуцца ў адпаведныя органы, у тым ліку праваахоўныя і судовыя, з просьбай праверыць прадстаўленыя матэрыялы па супрацьпраўных дзеяннях. Калі факты пацвердзяцца, будзе распачата расследаванне…

Вадзім у 2016 годзе атрымаў зямельны ўчастак у Валожынскім раёне як асоба, якая мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў і дагэтуль не можа правесці электрычнасць у доме. Пытанне — у некалькіх слупах, якія яго мясцовыя ўлады вымушаюць паставіць за свой кошт.

— З выканкама прыйшоў ліст, што ў выпадку адсутнасці капітальнага збудавання ўчастак мой будзе адабраны. У выніку я ўзвёў дом пад дах (без электрычнасці), аднак здаць яго ў эксплуатацыю не магу, бо не праведзена святло, так што пакуль прыпыніў будаўніцтва, — кажа мужчына. — Мне прама кажуць, што слупы павінен я ставіць за свой кошт.

Сяргей Сівец папрасіў мужчыну пакінуць заяву, якую пераадрасуюць у Валожынскі райвыканкам, каб там разабраліся, чыя гэта зона адказнасці — ставіць слупы пад электрычнасць на грамадскай зямлі.

— Калі людзі ідуць у такія высокія інстанцыі, значыць, фармальна і раўнадушна да іх падышлі недзе ў мясцовых органах, — рэзюмаваў сенатар. — Так, у іх шмат працы, не хапае часу і рэсурсаў, аднак за кожным зваротам — лёс чалавека, на які можа паўплываць любая дробязь.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Фінансы

Як банкі абараняюць ад махляроў грашовыя пераводы

Як банкі абараняюць ад махляроў грашовыя пераводы

За чатыры месяцы 2024 года раскрывальнасць цяжкіх кіберзлачынстваў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года павысілася на 19%. 

Спорт

Настасся Касцючкова: Чалавек у калясцы не павінен быць зачынены ў чатырох сценах

Настасся Касцючкова: Чалавек у калясцы не павінен быць зачынены ў чатырох сценах

Фехтаваць наша гераіня ўмее трыма відамі зброі: шабляй, шпагай і рапірай. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.